Библия › Клышка › Да Галатаў
Павел, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, а праз Ісуса Хрыста і Бога Бацькі, Які ўваскрэсіў Яго з мёртвых і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галатыі: ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста, Які аддаў Самога Сябе за нашы грахі, каб выбавіць нас з цяперашняга ліхога веку паводле волі нашага Бога і Бацькі, Якому слава на векі вякоў, амін. Дзіўлюся, што вы так хутка перабягаеце ад Таго, Хто паклікаў вас у ласцы Хрыстовай, да іншага дабравесця, якое не ёсць іншае дабравесце, а ёсць толькі некаторыя людзі, што бударажаць вас і хочуць перавярнуць дабравесце Хрыстова. Але нават калі б мы ці Анёл з неба дабравесціў вам насуперак таму, што мы дабравесцілі вам, — няхай будзе анафема. Як мы раней казалі, і цяпер я зноў кажу: калі хто вам дабравесціць насуперак таму, што вы прынялі, — няхай будзе анафема. Бо цяпер ці ў людзей я шукаю прыхільнасці ці ў Бога? Ці людзям імкнуся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ дагаджаў людзям, я не быў бы слугою1 Хрыстовым. Бо аб’яўляю вам, браты: Дабравесце, якое я дабравесціў, яно не паводле чалавека; бо і я не ад чалавека прыняў яго і навучыўся яму, а праз адкрыццё Ісуса Хрыста. Бо вы чулі пра мае паводзіны некалі ў іудзействе, што я нястрымна гнаў Царкву Божую і вынішчаў яе, і апярэджваў у іудзействе шмат каго з аднагодкаў у маім родзе, будучы празмерным рупліўцам паданняў маіх бацькоў. Калі ж Богу, Які абраў мяне ад улоння маёй маці і паклікаў Сваёю ласкаю, было даспадобы адкрыць ува мне Свайго Сына, каб я дабравесціў Яго між язычнікаў, я не стаў зараз жа раіцца з целам і крывёю, і не ўзышоў у Іерусалім да тых, хто былі Апосталамі да мяне, а пайшоў у Аравію і зноў вярнуўся ў Дамаск. Потым, праз тры гады, я ўзышоў у Іерусалім пазнаёміцца з Кіфам2 і заставаўся ў яго пятнаццаць дзён; але нікога другога з Апосталаў я не бачыў, акрамя Іякава, брата Гасподняга. А ў тым, што пішу вам, — вось, кажу перад Богам: не хлушу. Потым я прыйшоў у краіны Сірыі і Кілікіі; але мяне не ведалі ў твар цэрквы Іудзеі, якія ў Хрысце, а толькі чулі яны: «Той, хто некалі нас гнаў, цяпер дабравесціць веру, якую некалі вынішчаў», і славілі Бога за мяне.
Пасля, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў узышоў у Іерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта. Хадзіў жа згодна з адкрыццём і выклаў ім дабравесце, якое я прапаведую між язычнікаў, але асобна ад іншых тым, якія былі асабліва ўшанаваныя, каб сцвердзілі, ці я не марна бягу ці бег. Але яны нават Ціта, які быў са мною, хоць ён і элін, не прымушалі абразацца. А гэта з-за патаемна ўведзеных ілжэбратоў, якія праніклі падгледзець нашу свабоду, што мы маем у Хрысце Ісусе, каб абярнуць нас у рабства. Ім мы ні на гадзіну не ўступілі і не пакарыліся, каб праўда дабравесця засталася ў вас. Што ж да тых, каго ўшаноўвалі, што яны штосьці ёсць, якімі б яны некалі ні былі, для мяне ўсё адно: Бог не ўзіраецца на асобу чалавека; мне тыя ўшанаваныя нічога не дадалі. Але наадварот, убачыўшы, што мне даручана дабравесце неабрэзаным, як Пятру — абрэзаным, бо Той, Хто садзейнічаў Пятру для апостальства ў абрэзаных, садзейнічаў і мне для язычнікаў, і зразумеўшы дадзеную мне ласку, Іякаў, Кіфа і Іаан, якіх ушаноўвалі як стаўпоў, падалі мне і Варнаву правую руку еднасці, каб мы ішлі да язычнікаў, а яны — да абрэзаных; толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што я якраз і стараўся рабіць. А калі Кіфа3 прыйшоў у Антыёхію, я выступіў супроць яго твар у твар, бо ён заслужыў ушчування. Бо да таго, як прыйшлі некаторыя ад Іякава, ён еў разам з язычнікамі; але, калі яны прыйшлі, ён пачаў адступаць і аддзяляцца, баючыся тых, хто з абрэзаных. А разам з ім крывадушнічалі і астатнія іудзеі, так што нават Варнава паддаўся іх крывадушнасці. Але, калі я ўбачыў, што яны не проста ходзяць паводле праўды Дабравесця, я сказаў Кіфу перад усімі: Калі ты, будучы іудзеем, жывеш па-язычніцку, а не па-іудзейску, як жа ты язычнікаў прымушаеш жыць па-іудзейску? Мы з прыроды іудзеі, а не грэшнікі з язычнікаў; і, ведаючы, што чалавек апраўдваецца не ўчынкамі закона, а вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб быць апраўданымі вераю ў Хрыста, а не ўчынкамі закона, бо ўчынкамі закона не будзе апраўдана ніякае цела. Калі ж, шукаючы апраўдання ў Хрысце, мы і самі аказаліся грэшнікамі, — дык ці ж Хрыстос — служка граху? Вядома ж не. Бо, калі я зноў будую тое, што разбурыў, я самога сябе выстаўляю злачынцам. Бо я праз закон памёр для закона, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом; І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос; а што я цяпер жыву ў целе, то жыву ў веры ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне. Не адкідаю ласкі Божай: бо калі праз закон — праведнасць, то Хрыстос дарэмна памёр.
О неразумныя галаты, хто вас зачараваў, [каб не слухаліся праўды], вас, у якіх перад вачыма Ісус Хрыстос быў накрэслены як бы [між вас] укрыжаваны? Толькі гэта хачу даведацца ў вас: ці праз учынкі закона вы атрымалі Духа ці праз пропаведзь веры? Ці вы такія неразумныя, што, пачаўшы духам, цяпер заканчваеце целам? Гэтулькі вы пацярпелі дарэмна? Калі гэта сапраўды дарэмна? Дык Той, Хто дае вам Духа і робіць між вас цуды, ці праз учынкі закона гэта робіць, ці праз пропаведзь веры? Як і Аўраам паверыў Богу, і гэта залічана было яму ў праведнасць. Дык ведайце, што тыя, хто ад веры, — тыя сыны Аўраамавы. І Пісанне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, загадзя дабравесціла Аўрааму: «Дабраславяцца ў табе ўсе народы». Так што тыя, хто ад веры, добраслаўляюцца з верным Аўраамам. Бо ўсе тыя, хто ад учынкаў закона, знаходзяцца пад праклёнам: бо напісана: «Пракляты кожны, хто не застаецца ва ўсім, што напісана ў кнізе закона, каб усё гэта выканаць». А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, відавочна, таму што праведны вераю будзе жыць. Закон жа не ад веры, але хто выканае гэта, будзе жыць у гэтым. Хрыстос выкупіў нас ад пракляцця закона, зрабіўшыся пракляццем за нас, таму што напісана: «Пракляты кожны павешаны на дрэве», каб дабраславенне Аўраамава прыйшло да язычнікаў у Хрысце Ісусе, каб мы атрымалі абяцанага Духа праз веру. Браты, кажу па-чалавечы: нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае і не дапаўняе. Але абяцанні былі Аўрааму выказаны і яго патомку. Ён не кажа: «І патомкам», як пра многіх, а як аб адным: «І твайму патомку», Які ёсць Хрыстос. І вось што я кажу: запавету, які зацверджаны Богам раней, закон, што прыйшоў праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе, так каб было скасавана абяцанне. Бо калі спадчына — ад закону, то ўжо не ад абяцання: але Аўрааму Бог дараваў яе праз абяцанне. Дык навошта закон? Ён быў дададзены з-за злачынстваў, пакуль не прыйдзе патомак, якому было дадзена абяцанне, і перададзены ён быў праз Анёлаў рукою пасрэдніка. Але пасрэднік пры адным не бывае, а Бог — адзін. Дык закон супроць абяцанняў Божых? Зусім не. Бо, калі б быў дадзены закон, які можа ажывіць, то праведнасць была б сапраўды ад закона; але Пісанне замкнула ўсё пад грэх, каб абяцанае было дадзена вераю Ісуса Хрыста вернікам. А раней, чым прыйшла вера, мы былі замкнёныя пад вартаю закона для веры, якая павінна была адкрыцца. Так што закон стаў нашым першаправадніком да Хрыста, каб мы былі апраўданы вераю, а калі прыйшла вера, мы ўжо не пад уладаю першаправадніка. Бо ўсе вы праз веру сыны Божыя — у Хрысце Ісусе. Бо ўсе вы, што былі хрышчаны ў Хрыста, у Хрыста апрануліся. Няма іудзея, ні эліна, няма раба, ні вольнага, няма мужчыны, ні жанчыны; бо ўсе вы — адно ў Хрысце Ісусе. Калі ж вы Хрыстовы, значыць, вы патомства Аўраамава, нашчадкі паводле абяцання.
Але я кажу: спадкаемец, пакуль ён непаўналетні, нічым не адрозніваецца ад раба, хоць ён і гаспадар усяго, але знаходзіцца пад апекунамі і домакіраўнікамі да часу, вызначанага бацькам. Так і мы, калі былі дзецьмі, былі ў нявольніцтве ў стыхій свету; але прыйшла паўната часу, Бог паслаў Свайго Сына, Які нарадзіўся ад жанчыны, нарадзіўся пад законам, каб Ён выкупіў падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўленне. А таму што вы — сыны, то Бог паслаў у нашы4 сэрцы Духа Свайго Сына, які ўсклікае: Авва, Татухна! Так што ты ўжо не раб, а сын; а калі сын, то і нашчадак праз Бога5. Але тады, не ведаючы Бога, вы былі ў рабстве ў тых, хто з прыроды не багі. Цяпер жа, пазнаўшы Бога, ці хутчэй, пазнаныя Богам, як жа вы зноў вяртаецеся да слабых і бедных стыхій, якім зноў нанова хочаце аддацца ў рабства? Вы прытрымліваецеся дзён, месяцаў, пораў і гадоў. Баюся за вас, ці не марна я працаваў у вас. Будзьце як я; бо і я, як вы; браты, малю вас; вы мяне нічым не пакрыўдзілі; і вы ведаеце, што я ў немачы цела добравесціў вам першы раз; і тым, што было ў маім целе выпрабаваннем для вас, вы не пагарджалі і не адкінулі з грэбаваннем, а як Анёла Божага прынялі мяне, як Хрыста Ісуса. Дык дзе ж тое шчасце ваша? Бо я сведчу вам, што, калі б было можна, вы вырвалі б вочы свае і далі б мне. Так ці зрабіўся я вашым ворагам, кажучы вам праўду? Тыя рупяцца пра вас не з добрых намераў, а хочуць вас адлучыць, каб вы рупіліся аб іх. Добра ж рупіцца аб добрым заўсёды, а не толькі тады, калі я знаходжуся ў вас. Дзеці мае, якіх я зноў у пакутах нараджаю, пакуль не выявіцца ў вас Хрыстос; я хацеў бы цяпер быць у вас і змяніць мой голас, таму што я не магу зразумець вас. Скажыце мне тыя, хто хоча быць пад законам, ці ж вы не чуеце закона? Бо напісана, што ў Аўраама было два сыны: адзін ад служанкі і адзін ад вольнай. Але той, што ад служанкі, быў народжаны паводле цела, а той, што ад вольнай, — праз абяцанне. У гэтым ёсць іншасказанне: бо гэта два запаветы, адзін — ад гары Сінай, што нараджае дзяцей для рабства, гэта Гагар. Гагар жа ёсць гара Сінай у Аравіі; і адпавядае яна цяперашняму Іерусаліму, бо ён у рабстве са сваімі дзецьмі. А вышні Іерусалім вольны, гэта наша6 маці; бо напісана: «Узвесяліся, бясплодная, якая не нараджала, усклікні і закрычы, якая не пакутавала родамі, бо шмат дзяцей у адзінокай, а не ў той, якая мае мужа». Вы ж, браты, — дзеці абяцання, як Ісаак. Але як тады народжаны паводле цела гнаў таго, хто ад Духу, так і цяпер. Але што кажа Пісанне?: «Выгані служанку і яе сына; бо ў ніякім разе сын служанкі не будзе спадкаемцам разам з сынам вольнай». Таму, браты, мы дзеці не служанкі, а вольнай.
Для свабоды Хрыстос вызваліў нас; дык стойце і не паддавайцеся зноў пад ярмо рабства. Вось я, Павел, кажу вам, што калі вы будзеце абрэзвацца, то Хрыстос не прынясе вам ніякай карысці. І зноў сведчу кожнаму чалавеку, які абрэзваецца, што ён павінен выканаць увесь закон. Вы, што апраўдваеце сябе законам, аддзеленыя ад Хрыста; вы адпалі ад ласкі. Бо мы духам, ад веры, чакаем надзею праведнасці. Бо ў Хрысце Ісусе не мае ніякай сілы ні абразанне, ні неабразанне, а вера, якая дзейнічае праз любоў. Вы добра беглі: хто вас спыніў, каб вы не падпарадкоўваліся праўдзе? Гэтае перакананне не ад Таго, Хто кліча вас. Малая рошчына заквашвае ўсё цеста. Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што вы не будзеце думаць нічога іншага, а той, хто трывожыць вас, будзе асуджаны, хто б ён ні быў. А я, браты, калі яшчэ прапаведую абразанне, то за што ж яшчэ мяне гоняць? Тады скасавалася б спакуса крыжа. О, калі б вылегчылі сябе тыя, хто бунтуе вас! Бо вы да свабоды пакліканы, браты, толькі не ператварайце гэтую свабоду ў падставу для задавальнення цела, а любоўю служыце адзін аднаму. Бо ўвесь закон у адным сказе ўкладваецца, — у гэтым: «Любі свайго блізкага, як самога сябе». Калі ж вы адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, глядзіце, каб вы не былі знішчаны адзін адным. Але я кажу: жывіце па духу і вы ні ў якім разе не будзеце выконваць пажадлівасці цела. Бо цела хоча супраціўнага духу, а дух — супраціўнага целу; яны адзін аднаму супрацівяцца, каб вы не рабілі тое, што хочаце. Калі ж вас водзіць дух, вы не пад законам. А ўчынкі цела вядомыя: гэта — чужаложства, нечысціня, распуста, ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, сваркі, рэўнасць, гнеў, звады, разлады, ерасі, зайздрасць7, п’янства, гулянкі і да таго падобнае, аб чым я кажу вам загадзя, як і казаў раней, што тыя, хто робяць такое, Царства Божага ў спадчыну не атрымаюць. Плод жа духа — гэта: любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, міласэрнасць, дабрыня, вера, лагоднасць, устрыманне; супраць гэтага няма закона. Але тыя, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з неўтаймаванасцю і пажадлівасцю. Калі мы жывём духам, то будзем і рабіць паводле духу. Не будзем славалюбцамі, адзін аднаго дразнячы, адзін аднаму зайздросцячы.
Браты, нават калі чалавек будзе схопленым у якой-небудзь правіннасці, — вы, духоўныя, выпраўляйце такога ў духу лагоднасці, наглядаючы за сабою, каб і табе не быць спакушаным. Насіце цяжары адзін аднаго, і так выканаеце закон Хрыстоў. Бо, калі хто думае, што ён нешта, калі ён нішто, то ашуквае самога сябе. Але кожны няхай правярае сваю дзейнасць і тады будзе мець хвалу толькі ў сабе, а не ў іншым; бо кожны панясе ўласны цяжар. А той, хто навучаецца ў слове, няхай дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае. Не ашуквайцеся: з Бога не пасмяешся. Бо што пасее чалавек, тое і пажне; бо той, хто сее дзеля свайго цела, пажне ад цела тленне; а той, хто сее дзеля духа, пажне ад духа жыццё вечнае. І, робячы дабро, не будзем журыцца, бо ў свой час пажнём, калі не аслабеем. Дык пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры. Паглядзіце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам сваёю рукой. Усе тыя, хто хоча пакрасавацца целам, прымушаюць вас абразацца, толькі каб не быць ім гнаным за крыж Хрыстоў. Бо тыя, хто абрэзваецца, і самі не пільнуюць закона, але хочуць, каб вы абрэзаліся, каб пахваліцца вашым целам. Няхай не будзе таго, каб я хваліўся чым-небудзь, хіба толькі крыжам нашага Госпада Ісуса Хрыста, Якім для мяне свет укрыжаваны, і я — для свету. Бо [ў Хрысце Ісусе] нічога не значыць ні абразанне, ні неабразанне, а новае стварэнне. І на ўсіх, хто будзе рабіць паводле гэтага правіла, — мір на іх і міласэрнасць, і на Ізраіля Божага! У далейшым няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на маім целе раны [Госпада] Ісуса. Ласка нашага Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з вашым духам, браты; амін.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014