Библия › Клышка › Да Эфесянаў

Да Эфесянаў

Павел, з волі Божай Апостал [Госпада] Хрыста Ісуса, — святым, што знаходзяцца ў Эфесе і верным у Хрысце Ісусе: ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста. Добраславёны Бог і Бацька нашага Госпада Ісуса Хрыста, Які добраславіў нас у нябёсах усякім духоўным добраславеннем у Хрысце. як і выбраў ён нас у Ім да заснавання свету, каб быць нам святымі і беззаганнымі перад Ім у любові, вызначыўшы наперад нас для ўсынаўлення Сабе праз Ісуса Хрыста паводле добрага намеру Сваёй волі на хвалу славы Сваёй ласкі, якою Ён абдарыў нас ва Ўлюбёным, у Якім мы маем выкуп праз Яго Кроў, дараванне грахоў паводле багацця Яголаскі, якую Ён шчодра падараваў нам ва ўсялякай мудрасці і разуменні, даўшы пазнаць нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго добрага намеру, які Ён наперад увасобіў у Ім для домаўладкавання паўнаты часоў, каб узначалілася ўсё ў Хрысце: тое, што на нябёсах, і тое, што на зямлі, — у Ім. У Ім мы і былі прызначаны ў спадчыну, будучы вызначанымі наперад паводле задумы Таго, Хто робіць усё паводле рашэння Сваёй волі, каб мы былі на хвалу Яго славы — тыя, хто першымі ўсклалі надзею на Хрыста. У Ім і вы, пачуўшы словы праўды, дабравесце вашага выратавання, — у Ім, паверыўшы, таксама былі адзначаны пячаткаю абяцанага вам Святога Духа, Які ёсць зарука нашай спадчыны для выкупу набытку, у хвалу Яго славы. Таму і я, пачуўшы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і пра любоў да ўсіх святых, не перастаю дзякаваць за вас, упамінаючы вас у маіх малітвах, каб Бог нашага Госпада Ісуса Хрыста, Бацька славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго, прасвятліў вочы вашага сэрца, каб вы ведалі, што ёсць надзея Яго паклікання і што — багацце славы Яго спадчыны ў святых, і што — бязмерная веліч Яго сілы да нас, тых, хто верыць праз дзеянне магутнасці Яго, якую Ён выявіў у Хрысце, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах вышэй за ўсялякае начальства, і ўлады, і сілы, і панаванні, і кожнае імя, названага не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым; і Ён усё падпарадкаваў пад Яго ногі, і даў Яму быць вышэй за ўсё, Галавою Царквы, якая ёсць Яго цела, паўната Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.

І вас, мёртвых у вашых правінах і грахах, у якіх вы некалі жылі паводле звычаю гэтага свету, паводле князя ўлады ў паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорлівасці, між якіх і мы ўсе некалі жылі ў пажадлівасцях нашага цела, выконваючы жаданні цела і думак, і былі з прыроды дзецьмі гневу, як і астатнія, — але Бог, багаты на міласэрнасць, з-за Сваёй вялікай любові, якою Ён палюбіў нас, і нас, мёртвых ад грахоў, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкаю вы ўратаваны — і ўзнёс з Ім і пасадзіў з Ім у нябёсах у Хрысце Ісусе, каб выявіць у наступных вяках бязмернае багацце Сваёй ласкі ў дабрыні да нас у Хрысце Ісусе. Бо ласкаю вы ўратаваны праз веру, і гэта не ад вас — гэта дар Божы, не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся. Бо мы Яго тварэнне, створанае ў Хрысце Ісусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы іх выконвалі. Таму памятайце, што вы, некалі язычнікі целам, якіх называюць неабрэзанымі так званыя абрэзаныя на целе абразаннем рукатворным, — што вы былі ў той час без Хрыста, адчужаныя ад грамадства Ізраіля і чужыя для запаветаў абяцання, не мелі надзеі і былі бязбожнікі ў свеце. Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што некалі былі далёка, сталі блізкімі крывёю Хрыстоваю. Бо Ён ёсць наша прымірэнне, Той, Хто абодвух зрабіў адным і разбурыў Сваім целам сцяну перагародкі, што стаяла між імі — варажнечу, скасаваўшы закон запаведзяў з пастановамі, каб з двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, усталяваўшы мір, і прымірыць з Богам абодвух у адным Целе праз крыж, забіўшы на ім варажнечу. І, прыйшоўшы, Ён дабравесціў мір вам — тым, хто быў далёка, і мір тым, хто быў блізка; таму што праз Яго мы — і тыя і другія — маем доступ у адным Духу да Бацькі. Дык вы ўжо не чужыя і не прышэльцы, а суграмадзяне святым і дамашнія для Бога, угрунтаваныя на падмурку Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым каменем — Сам Хрыстос Ісус, на Якім уся пабудова, складаючыся, вырастае ў святы храм у Госпадзе, у Якім і вы ўладкоўваецеся разам у жыллё Божае Духам.

Таму я, Павел, вязень Хрыста Ісуса дзеля вас, язычнікаў — калі сапраўды вы чулі аб домаўладкаванні ласкі Божай, дадзенай мне для вас, што праз адкрыццё мне была паведамлена таямніца, як я раней напісаў коратка, адкуль вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменне таямніцы Хрыстовай, якая ў іншых пакаленнях не была абвешчана сынам чалавечым, як цяпер яна адкрыта Яго святым Апосталам і прарокам у Духу, што язычнікі — супольныя спадчыннікі і члены таго ж Цела і саўдзельнікі абяцання ў Хрысце Ісусе праз Дабравесце, служкам якога я стаў паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне згодна з дзеяннем Яго сілы. Мне, найменшаму з усіх святых, была дадзена гэтая ласка: дабравесціць язычнікам недаследнае багацце Хрыстова і ўсім адкрыць, што ёсць домаўладкаванне таямніцы, схаванай адвеку ў Богу, Які стварыў усё [праз Ісуса Хрыста], каб цяпер сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах праз Царкву шматгранная мудрасць Божая, паводле спрадвечнага намеру, які Ён выканаў у Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе, у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ ва ўпэўненасці праз веру ў Яго. Таму прашу вас не падаць духам з-за маіх пакутаў дзеля вас, бо яны — ваша слава. Таму схіляю мае калені да Бацькі, [нашага Госпада Ісуса Хрыста], ад Якога атрымлівае імя кожнае бацькоўства ў нябёсах і на зямлі, каб даў Ён вам паводле багацця Сваёй славы ўмацавацца сілаю праз Яго Духа ва ўнутраным чалавеку, каб Хрыстос праз веру пасяліўся ў вашых сэрцах, каб вы, укаранёныя і ўмацаваныя ў любові, маглі зразумець з усімі святымі, што ёсць шырыня, даўжыня, вышыня і глыбіня, і пазнаць любоў Божую, якая пераўзыходзіць веды, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю. А Таму, Хто можа зрабіць невымерна больш за ўсё тое, аб чым мы просім ці думаем, згодна з сілаю, што дзейнічае ў нас, — Яму слава ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя, амін.

Дык малю вас я, вязень у Госпадзе, жыць годна паклікання, якім вы былі пакліканы, з усёю пакорамудрасцю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, падтрымліваючы адзін аднаго ў любові, стараючыся захоўваць адзінства Духу ў саюзе міру: адно Цела і адзін Дух, як вы і былі закліканы ў адной надзеі вашага паклікання; адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэнне; адзін Бог і Бацька ўсіх, Які над усімі і праз усіх і ва ўсіх [нас]. Кожнаму ж з нас была дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага. Таму Пісанне кажа: «Узышоўшы на вышыню, Ён павёў у палон палонных і даў дары людзям». А «ўзышоў» — што значыць, як не тое, што Ён і зышоў [спярша] у прадонныя часткі зямлі? Той, Хто зышоў, ёсць і Тым, Хто ўзышоў найвышэй над усе нябёсы, каб напоўніць усё. І Ён Сам паставіў каго Апосталамі, каго прарокамі, каго дабравеснікамі, каго пастырамі і настаўнікамі дзеля ўдасканалення святых на патрэбы служэння, на будову Цела Хрыстова, пакуль мы ўсе не прыйдзем да адзінства веры і пазнання Сына Божага, у чалавека дасканалага, у меру ўзросту паўнаты Хрыстовай, каб мы ўжо не былі малымі дзецьмі, якіх кідае хвалямі і носіць па крузе ўсялякім ветрам вучэння ў чалавечым жульніцтве, у падступстве, каб звесці ў зман, але, трымаючыся праўды ў любові, ва ўсім узрасталі ў Таго, Хто ёсць Галава, Хрыстос; з Якога ўсё Цела, злучанае і звязанае кожным суставам праз дзейнасць у сваю меру кожнай часткі, здзяйсняе рост Цела для стварэння самога сябе ў любові. Дык гэта кажу і сведчу ў Госпадзе: каб вы ўжо не хадзілі, як і язычнікі ходзяць у марнасці свайго розуму, будучы запамарочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцця Божага з-за ўласцівага ім няведання, з-за акамянеласці іх сэрца; яны, зрабіўшыся нячулымі, аддаліся распусце, каб рабіць у прагнасці ўсялякую нечысціню. Але вы не так навучыліся Хрысту, калі сапраўды вы чулі Яго і ў Ім былі навучаны, — бо праўда ў Ісусе, — зняць з сябе ранейшыя паводзіны старога чалавека, які псуецца ад пажадлівасцяў падману, і абнаўляцца духам вашага розуму, і апрануцца ў новага чалавека, які створаны паводле Бога ў праведнасці і святасці праўды. Таму, адкінуўшы хлусню, кажыце праўду кожны свайму блізкаму, бо мы члены адзін аднаму. Гневайцеся, але не грашыце: няхай не заходзіць сонца пры вашай разгневанасці, і не давайце месца д’яблу1. Хто крадзе, няхай больш не крадзе, а лепш хай працуе, зарабляючы сваімі рукамі дабро, каб мог успамагчы таму, хто мае патрэбу. Ніякае гнілое слова няхай не зыходзіць з вашых вуснаў, а толькі добрае для ўладкавання патрэбы [веры], каб яно давала ласку [Божую] тым, хто слухае. І не засмучайце Святога Духа Божага, Якім вы былі адзначаны пячаткаю на дзень выкупу. Усялякая горыч, лютасць, гнеў, крык і лаянка няхай будуць узяты ад вас разам з усялякай злосцю. [І] будзьце адзінда аднаго добрымі, міласэрнымі, даруючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.

Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як улюбёныя дзеці, і жывіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас як прынашэнне і ахвяру Богу ў духмяны пах. А распуста і ўсялякая нячысціня ці сквапнасць няхай і не ўспамінаюцца між вас, як належыць святым, і непрыстойныя паводзіны, і дурная гаворка, але лепей — падзяка. Бо вы гэта ведайце, што ніякі распуснік, ці нячысты, ці хцівец, які ёсць ідаласлужка, — не мае спадчыны ў царстве Хрыста і Бога. Няхай ніхто вас не зводзіць у зман пустымі словамі, бо з-за гэтага прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорлівасці. Дык не рабіцеся іх супольнікамі; бо некалі вы былі цемраю, а цяпер — святло ў Госпадзе; як дзеці Святла — жывіце, бо плод Святла2 ва ўсялякай дабрыні, праведнасці і праўдзе, — правяраючы, што да спадобы Госпаду [Богу], і не ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры. А лепей нават выкрывайце іх. Бо пра тое, што робіцца імі патаемна, сорамна і казаць, але ўсё, што выкрываецца, выяўляецца святлом, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсць святло. Таму Ён кажа: «Уставай, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асвеціць цябе Хрыстос». Дык глядзіце ўважліва, як вы жывяце, — не як нямудрыя, а як мудрыя, выкарыстоўваючы кожную хвіліну3, Таму не будзьце неразумнымі, але пазнавайце, што ёсць воля Гасподняя4. І не напівайцеся віном, у якім распуста, а напаўняйцеся Духам, размаўляючы між сабою псалмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, сэрцам сваім спяваючы і іграючы псалмы Госпаду, дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Бацьку ў імя нашага Госпада Ісуса Хрыста, падпарадкуючыся адзін аднаму ў страху перад Хрыстом5: жонкі — сваім мужам, як Госпаду, бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, Ён Збаўца цела. Але, як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі няхай падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім. Мужы, любіце [сваіх] жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе, каб асвяціць яе, ачысціўшы праз абмыванне вадою ў слове, каб Яму паставіць перад Сабою Царкву слаўнай, якая не мае ні плямы, ні зморшчыны, ні чаго-небудзь падобнага, а каб яна была святая і беззаганная. Так і мужы павінны любіць сваіх жонак, як свае целы. Той, хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, а кожны корміць і грэе яго, як і Хрыстос Царкву, таму што мы члены Яго цела, [ад Яго цела і ад Яго касцей]. Таму чалавек пакіне [свайго] бацьку і маці і прылепіцца да сваёй жонкі, і будуць двое адным целам. Таямніца гэта вялікая, але я кажу пра Хрыста і пра Царкву. Аднак і вы — кожны з вас няхай любіць так сваю жонку, як самога сябе, а жонка няхай баіцца мужа.

Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэта справядліва. «Паважай свайго бацьку і маці» — гэта першая запаведзь з абяцаннем, — «каб табе было добра і ты быў даўгавечны на зямлі». А бацькі — не раздражняйце сваіх дзяцей, а ўзгадоўвайце іх у навучанні і настаўленні Гасподнім. Рабы, слухайцеся сваіх зямных гаспадароў са страхам і трымценнем у прастаце свайго сэрца, як Хрыста, не з паказною паслужлівасцю, як тыя, хто дагаджае людзям, а як рабы Хрыстовы, выконваючы волю Божую ад душы, служачы з дабразычлівасцю, як Госпаду, а не людзям, ведаючы, што кожны, калі зробіць што добрае, тое самае атрымае ад Госпада, ці ён раб, ці вольны. І вы, гаспадары, рабіце тое самае з імі, сцішаючы пагрозы, ведаючы, што і іх, і ваш Госпад — у нябёсах і ў Яго няма аглядкі на асобы. У астатнім, [браты мае], узмацняйцеся ў Госпадзе і магутнасці Яго сілы. Апраніцеся ў поўную зброю Божую, каб вы маглі ўстаяць супроць д’яблавых падкопаў, бо барацьба ў нас не супроць крыві і цела, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць уладароў гэтага свету цемры6, супроць нябесных духаў зла. Таму вазьміце поўную зброю Божую, каб вы змаглі ў ліхі дзень супроцьстаяць і, усё зрабіўшы, устаяць. Дык стойце, падперазаўшы вашы паясніцы праўдаю і надзеўшы панцыр праведнасці і абуўшы ногі ў гатоўнасць дабравесціць мір; і да ўсяго гэтага ўзяўшы шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе агнявыя стрэлы ліхога; і прыміце шлем выратавання і меч Духа, які ёсць слова Божае. Кожнай малітвай і прашэннем молячыся ва ўсякі час у духу і для гэтага будзьце пільнымі з усякаю настойлівасцю і просьбаю за ўсіх святых і за мяне, каб мне было дадзена слова пры адкрыванні маіх вуснаў, каб адважна абвяшчаць таямніцу Дабравесця, дзеля якой я пасол у кайданах, каб у ёй я казаў адважна, як належыць мне казаць. А каб і вы ведалі пра мае абставіны, што раблю, — усё раскажа вам Тыхік, улюбёны брат і верны служка ў Госпадзе, якога я паслаў да вас якраз для гэтага, каб вы даведаліся, што ў нас робіцца, і каб ён суцешыў вашы сэрцы. Мір братам і любоў з вераю ад Бога Бацькі і Госпада Ісуса Хрыста. Ласка няхай будзе з усімі, хто любіць нашага Госпада Ісуса Хрыста вечнай любоўю7. [Амін].


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.