Библия › Клышка › Да Філіпійцаў

Да Філіпійцаў

Павел і Цімафей, рабы1 Хрыста Ісуса, — усім святым у Хрысце Ісусе, што знаходзяцца ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі: ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякую майму Богу пры кожным успаміне пра вас, заўсёды, у кожным маім маленні за ўсіх вас, з радасцю творачы малітву, за ваш удзел у дабравешчанні з першага дня аж да гэтага часу, будучы ўпэўнены якраз у гэтым, што Той, Хто пачаў у вас добрую справу, закончыць яе да дня Хрыста Ісуса, як і справядліва мне гэта думаць пра ўсіх вас, таму што я маю вас у сэрцы і ў маіх кайданах, і ў абароне, і ў сцверджанні Дабравесця, усе вы саўдзельнікі ласкі са мною. Бо сведка мне Бог, як я тужу па ўсіх вас у сардэчнай любові Хрыста Ісуса. І аб тым я малюся, каб ваша любоў усё болей і болей прымнажалася ў пазнанні і ўсякім пачуцці, каб вы распазнавалі тое, што лепшае, каб вы былі чыстыя і беззаганныя ў дзень Хрыстоў, напоўненыя пладамі праведнасці, якія праз Ісуса Хрыста, у славу і хвалу Божую. Хачу ж, каб вы ведалі, браты, што мае абставіны спрычыніліся больш да поспеху Дабравесця, так што мае кайданы ў Хрысце сталі вядомыя ўсёй прэторыі і ўсім астатнім; і большасць братоў, упэўненыя ў Госпадзе праз мае кайданы, яшчэ больш бясстрашна адважыліся казаць слова Божае. Некаторыя нават з зайздрасці і спрэчкі, а некаторыя — з добрай волі прапаведуюць Хрыста; адны з любові, ведаючы, што я пастаўлены на абарону Дабравесця, другія ж з-за своекарыслівасці абвяшчаюць Хрыста няшчыра, думаючы, што дадуць цяжару да маіх кайданоў. Так што ж? Толькі тое, што ў кожным разе ці прытворна, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца, і гэтаму я радуюся. Так і буду радавацца, бо я ведаю, што гэта паслужыць мне на выратаванне праз ваша маленне і падтрымку Духа Ісуса Хрыста, паводле майго чакання і надзеі, што я ні ў чым не буду пасаромлены, а з усёю адвагай, як заўсёды, так і цяпер будзе ўзвялічаны Хрыстос у маім целе, ці то праз жыццё, ці праз смерць. Бо для мяне жыць — гэта Хрыстос, і памерці — набытак. А калі жыць у целе — гэта для мяне плод дзейнасці, то я не ведаю, што выберу. Цягне мяне і тое, і другое: мне хочацца адысці і быць з Хрыстом, бо гэта нашмат лепш; а заставацца ў целе — неабходней дзеля вас. І, упэўнены ў гэтым, я ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага поспеху і радасці веры, каб ваша пахвала прымножылася ў Хрысце Ісусе праз мяне пры новым маім прыходзе да вас. Толькі жывіце годна Дабравесця Хрыстовага, каб я, ці прыйшоўшы і ўбачыўшы вас, ці не быўшы, — чуў пра вас, што вы стаіце ў адным духу, аднадушна змагаючыся ўсе разам за евангельскую веру і ні ў чым не баючыся праціўнікаў; гэта для іх ёсць доказ іх пагібелі, а для вас выратавання, і гэта ад Бога; таму што вам было даравана дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і пакутаваць дзеля Яго, маючы такое самае змаганне, якое вы бачылі ўва мне, і пра якое цяпер чуеце, што яно ўва мне.

Дык калі ёсць якое заахвочванне ў Хрысце, калі ёсць якая ўцеха любові, калі ёсць якая супольнасць духу, калі ёсць якая міласэрнасць і спагада, дапоўніце маю радасць, каб вы думалі тое самае, маючы тую самую любоў, будучы аднадушнымі і аднадумнымі, нічога не робячы са своекарыслівасці, ні са славалюбства, а ў пакорамудрасці, лічачы адзін аднаго вышэйшым за сябе, кожны дбаючы не пра сябе толькі, але кожны і пра іншых. Няхай будзе ў вас гэтая думка, якая была і ў Хрыста Ісуса, Які, будучы ў вобразе Божым, не палічыў рабункам быць роўным Богу, але апустошыў Самога Сябе, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным да людзей; і звыгляду стаўшы як чалавек; Ён прынізіў Сябе, стаўшыся паслухмяным аж да смерці, і смерці на крыжы. Таму і Бог вельмі ўзвысіў Яго і дараваў Яму імя, якое вышэйшае за кожнае імя, каб перад імем Ісуса схілілася кожнае калена тых, хто на небе, і на зямлі, і пад зямлёю, і кожны язык вызнаваў, што Ісус Хрыстос — Госпад, у славу Бога Бацькі. Так што, улюбёныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя, не толькі ў маёй прысутнасці, але тым болей цяпер, у маю адсутнасць, — завяршайце сваё выратаванне са страхам і трымценнем; бо гэта Бог дзейнічае ў вас, выклікаючы і хаценне, і дзеянне дзеля добрага намеру. Усё рабіце без наракання і сумнення, каб быць вам бездакорнымі і бясхітраснымі, беззаганнымі дзецьмі Божымі сярод сапсаванага і распуснага пакалення, у якім вы ззяеце як зоркі ў сусвеце, маючы слова жыцця мне ў пахвалу ў дзень Хрыстоў — што я не марна бег і не марна працаваў. Але нават калі я ўзліваюся, як узліванне на ахвяру і служэнне вашай веры, я радуюся — і радуюся разам з усімі вамі; і вы радуйцеся таму ж і радуйцеся разам са мною. Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я ўзрадаваўся, даведаўшыся, што робіцца ў вас. Бо ў мяне няма нікога, роўнага душою рупліўца, хто шчыра падбае пра вас: бо ўсе шукаюць свайго, не таго, што належыць Хрысту Ісусу. А яго выпрабаванасць вы ведаеце, таму што як сын пры бацьку, ён служыў са мною ў Дабравешчанні. Дык яго я спадзяюся паслаць зараз жа, як толькі пабачу, што будзе са мною; але я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыйду. Але я палічыў неабходным паслаць да вас і Эпафрадыта, майго брата і супрацоўніка і паплечніка, вашага пасланца і служку ў маёй патрэбе, бо ён прагнуў [убачыць] усіх вас і тужыў з-за таго, што вы пачулі, што ён захварэў; бо ён сапраўды захварэў, быў блізка да смерці; але Бог злітаваўся над ім, і не толькі над ім, але і нада мною, каб не дадалося мне смутку да смутку. Дык я паспешней паслаў яго, каб вы, зноў убачыўшы яго, усцешыліся, ды і я быў менш сумны. Дык прыміце яго ў Госпадзе з усёй радасцю і такіх майце ў пашане, таму што ён за работу Хрыстову быў блізкі да смерці, рызыкуючы жыццём, каб дапоўніць мне нястачу вашых паслуг.

Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае для мяне не цяжка, а вас засцеражэ ад небяспекі. асцерагайцеся сабак2, асцерагайцеся ліхіх работнікаў, асцерагайцеся абразання. Бо мы — абразанне, тыя, хто служыць духу Бога3 і хваліцца Ісусам Хрыстом, а не на цела мае надзею, хоць я маю упэўненасць і ў целе. Калі хто іншы думае, што ён упэўнены ў целе, то я — тым болей: абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраілевага, племя Веніямінавага, яўрэй, народжаны ад яўрэяў, паводле закона — фарысей, праз запал свой — гнаў Царкву [Бога], што да праведнасці паводле закона — стаў беззаганны. Але тое, што было для мяне набыткам, гэта палічыў марнасцю дзеля Хрыста. І, вядома, я лічу, што ўсё ёсць марнасць і перавышаецца пазнаннем Хрыста Ісуса, майго Госпада, дзеля Якога я ва ўсім пацярпеў страту і ўсё лічу за смецце, толькі б здабыць Хрыста і быць знойдзеным у Ім, маючы не сваю праведнасць, якая ад закона, а тую, якая праз веру ў Хрыста, праведнасць, якая ад Бога на падставе веры, каб пазнаць Яго, і сілу Яго ўваскрэсення, і ўдзел у Яго пакутах, прыпадабняючыся да Яго смерці, ці не дасягну як-небудзь уваскрэсення з мёртвых. Не таму, што я ўжо дасягнуў, ці ўжо ўдасканаліўся, але я імкнуся, ці яшчэ не авалодаю тым, чым і авалодаў мною Хрыстос Ісус. Браты, я не лічу, што сам я авалодаў; але адно раблю: забываючы тое, што ззаду і парываючыся да таго, што наперадзе, імкнуся да мэты па ўзнагароду, да якой Бог у Хрысце Ісусе паклікаў мяне ўгару. Дык усе тыя, хто дасканалы, давайце будзем думаць так; а калі вы ў нечым думаеце інакш, то і гэта Бог вам адкрые. Але чаго мы дасягнулі, так і павінны думаць і паводле таго правіла жыць. Пераймайце, браты, мяне і глядзіце на тых, хто жыве паводле ўзору, які вы маеце ў нас. Бо многія, пра якіх я часта казаў вам, а цяпер і, плачучы, кажу, жывуць як ворагі крыжа Хрыстовага; іх канец — пагібель, іх бог — чэрава, а іх слава — у іх ганьбе; яны думаюць толькі пра зямное. Бо наша жыхарства ў нябёсах, адкуль і чакаем мы Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, Які ператворыць цела нашага прыніжэння, каб яно прыпадобнілася да цела Яго Славы, тою дзейнай сілаю, якою Ён адолеў і падпарадкаваў Сабе ўсё.

Так што, браты мае ўлюбёныя і жаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя. Эводыю прашу і Сінтыхію прашу думаць адно і тое самае ў Госпадзе. Так, прашу і цябе, праўдзівы супрацоўнік, дапамагай ім, тым, што змагаліся ў дабравешчанні разам са мною, і з Кліментам і з астатнімі маімі супрацоўнікамі, імёны якіх — у кнізе жыцця. Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды, яшчэ скажу: радуйцеся. Ваша лагоднасць, няхай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка. Ні пра што не турбуйцеся, а няхай ва ўсім малітваю і мальбою з падзякаю вашы просьбы робяцца вядомыя Богу. І мір Божы, які пераўзыходзіць усякі розум, будзе ахоўваць вашы сэрцы і вашы думкі ў Хрысце Ісусе. Урэшце, браты, усё, што праўдзівае, усё, што годнае, усё, што праведнае, усё, што чыстае, усё, што любае, усё, што ўхвальнае, — калі ёсць якая дабрачыннасць і калі ёсць якая хвала, — пра гэта думайце. Чаму вы навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, — рабіце гэта; і Бог міру будзе з вамі. Я ж вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што цяпер нарэшце вы далі зноў расквітнець вашым думкам пра мяне; пра гэта вы і думалі, але не мелі нагоды. Кажу гэта не таму, што маю патрэбу, бо я навучыўся быць самадастатковым. Я ўмею і ў прыніжэнні быць, умею быць і ў багацці; ва ўсім і ўсюды я прывучыўся: і наталяцца і галадаць, і быць у багацці і быць у нястачы; усё магу ў Тым, Хто мяне ўмацоўвае — [у Хрысце]. Аднак вы добра зрабілі, успамагаючы мне ў бядзе. Але і вы, філіпійцы, ведаеце, што ў пачатку дабравешчання, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не ўдзяліла мне ні дару, ні прыняцця, акрамя вас адных; бо і ў Фесалоніку вы і раз і два прыслалі мне на патрэбу. Гэта не значыць, што я шукаю дару, але я шукаю плода, што прымнажаецца на карысць вам. А я маю ўсё і ўдосталь; я напоўнены ўсім, атрымаўшы ад Эпафрадыта тое, што прыйшло ад вас, — духмяны пах, прыемную ахвяру, любую Богу. І мой Бог [няхай] папоўніць кожную вашу патрэбу паводле Свайго багацця ў славе ў Хрысце Ісусе. А нашаму Богу і Бацьку слава на векі вякоў, амін. Вітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною. Вітаюць вас усе святыя, асабліва з дома кесаравага. Ласка Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з вашым духам4.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.