Библия › Клышка › 2-ы да Фесаланікійцаў

2 да Фесаланікійцаў

Павел, і Сілуан, і Цімафей — царкве фесаланікійцаў у Богу, нашым Бацьку, і Госпадзе Ісусе Хрысце: Ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста. Мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, браты, як і належыць, бо надзвычайна ўзрастае ваша вера і павялічваецца любоў кожнага з вас адзін да аднаго. Так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых вашай вытрываласцю і вераю ва ўсіх ганеннях і бедах, якія вы пераносіце. І гэта ж знак справядлівага суда Божага, каб вы сталі вартымі Царства Божага, за якое вы і пакутуеце; бо справядліва ў Бога — аддаць уціскам тым, хто вас уціскае. А вам, — што церпіце ўціскі, — адпачынак з намі, калі з’явіцца з нябёсаў Госпад Ісус з Анёламі Яго сілы, у палымяным агні аддаючы помсту тым, хто Бога не знае і не слухаецца дабравешчання нашага Госпада Ісуса Хрыста. Яны прымуць кару — вечную пагібель ад аблічча Гасподняга і ад славы Яго магутнасці, калі Ён прыйдзе, каб праславіцца ў Сваіх святых і стаць дзівосным у той дзень ва ўсіх верніках, бо вы паверылі нашаму сведчанню. Дзеля гэтага і молімся заўсёды аб вас, каб наш Бог зрабіў вас годнымі паклікання і здзейсніў усялякую добрую волю шчодрасці і справу веры ў сіле, каб імя нашага Госпада Ісуса Хрыста праславілася ў вас, а вы ў Ім праз ласку нашага Бога і Госпада Ісуса Хрыста.

Просім вас, браты, аб прышэсці нашага Госпада Ісуса Хрыста і нашым зборы да Яго, каб вы не былі хутка пахіснуты ў розуме і не палохаліся ні ад духа, ні ад слова, ні ад ліста, які быццам ад нас, — што нібы настаў дзень Гасподні. Няхай ніхто ніякім спосабам вас не ашукае, бо гэты дзень не настане, пакуль спярша не прыйдзе раней адступніцтва і не адкрыецца чалавек беззаконня, сын пагібелі, які супроцьстаіць і ўзвышае сябе над усім, што завецца Богам альбо святыняю, так што сядзе ў Божым храме, удаючы сябе нібы ён Бог. Хіба не памятаеце, што, яшчэ будучы ў вас, я казаў вам гэта? І цяпер вы ведаеце тое, што стрымлівае, каб яму адкрыцца ў свой час. Бо ўжо дзейнічае таямніца беззаконня, але толькі пакуль той, хто стрымлівае цяпер, не будзе ўзяты з асяроддзя. І тады адкрыецца беззаконнік, якога Госпад Ісус заб’е дыханнем Сваіх вуснаў і знішчыць з’яўленнем Свайго прышэсця, таго, прысутнасць якога згодна з дзеянем сатаны будзе ва ўсялякай сіле, і знаках, і цудах ілжы, і ва ўсялякім ашуканстве няправеднасці між тымі, хто гіне, за тое, што яны не прынялі любові ісціны, каб ім быць уратаванымі. І за гэта Бог пасылае1 ім дзеянне ашуканства, каб яны паверылі хлусні, каб былі асуджаны ўсе, хто не паверыў ісціне, а знайшоў задавальненне ў няправеднасці. А мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, улюбёныя Госпадам, таму што Бог выбраў вас пачаткам выратавання ў асвячэнні Духа і веры ў ісціну, да чаго Ён і паклікаў вас праз наша дабравешчанне, каб атрымаць славу нашага Ісуса Хрыста. Дык, браты, цвёрда стойце і трымайцеся паданняў, якім вы былі навучаны — ці праз слова, ці праз нашы лісты. Сам жа наш Госпад Ісус Хрыстос і Бог, наш Бацька, што палюбіў нас і даў у ласцы вечнае суцяшэнне і добрую надзею, няхай суцешыць вашы сэрцы, і няхай умацуе вас ва ўсялякай добрай справе і слове.

На-астатку, маліцеся, браты, аб нас, каб слова Гасподняе пашыралася і праслаўлялася, як і ў вас. І каб мы былі пазбаўлены ад нягодных і ліхіх людзей, бо вера — не ва ўсіх. Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і засцеражэ ад ліхога. Што да вас — мы ўпэўнены ў Госпадзе, што тое, што мы загадваем, вы і робіце, і будзеце рабіць. А Госпад няхай скіруе вашы сэрцы да Божай любові і вытрываласці Хрыстовай. А мы загадваем вам, браты, імем [нашага] Госпада Ісуса Хрыста, каб вы ўхіляліся ад кожнага брата, які ходзіць гультаём, а не паводле падання, якое вы прынялі ад нас, бо вы самі ведаеце, як вам належыць наследаваць нам. Бо мы не марнавалі часу між вас і хлеба мы ні ў кога не елі дарэмна, але нястомна і напружана ўдзень і ўначы працавалі, каб не абцяжарваць каго-небудзь з вас; не таму, што мы не маем улады, а каб даць вам сябе як узор для пераймання. Бо калі мы былі ў вас, то гэта загадвалі вам: што калі хтосьці не хоча працаваць — няхай і не есць! Бо мы чуем, што некаторыя між вас жывуць бясчынна, нічога не робяць, а толькі ўдаюць, што робяць. А такім мы загадваем і заклікаем [нашым] Госпадам Ісусам Хрыстом, каб яны моўчкі працавалі і елі ўласны хлеб. А вы, браты, не маркоццеся, робячы дабро. Калі ж хто не паслухаецца нашага слова з гэтага ліста, таго адзначайце, каб не сходзіцца з ім, каб ён быў пасаромлены; ды не лічыце яго за ворага, а навучайце, як брата. А Сам Госпад міру няхай дае вам мір заўсёды і ва ўсялякі спосаб. Госпад няхай будзе з усімі вамі. Вітанне — маёю ўласнай рукою, Паўлаваю; гэта знак у кожным лісце; так я пішу. Ласка нашага Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з усімі вамі. [Амін.]


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.