Библия › Клышка › 1-ы Цімафею

1 да Цімафея

Павел, Апостал Хрыста Ісуса паводле наказу Бога, нашага Збаўцы, і Хрыста Ісуса, нашай надзеі, — Цімафею, сапраўднаму сыну ў веры: Ласка, міласць, мір ад Бога, [нашага] Бацькі і Хрыста Ісуса, нашага Госпада. Як я папрасіў цябе, калі выпраўляўся ў Македонію, застацца ў Эфесе, каб ты загадаў некаторым не вучыць іншаму і не займацца байкамі і бясконцымі радаводамі, якія больш выклікаюць спрэчкі, а не Божае домаўладкаванне, якое ў веры. А мэта наказу — любоў ад чыстага і добрага сумлення і некрывадушнай веры, ад чаго некаторыя, збочыўшы, кінуліся ў пустаслоўе, хочучы быць настаўнікамі закона, хоць яны не разумеюць ні таго, што кажуць, ні таго, што ўпэўнена сцвярждаюць. А мы ведаем, што закон — добры, калі хто яго законна ўжывае і ведае тое, што закон прызначаны не для праведнага, а для беззаконных і непакорлівых, для бязбожных і грэшнікаў, для нячыстых і паганых, для збойцаў бацькоў і мацярок, для чалавеказабойцаў, распуснікаў, мужаложнікаў, гандляроў людзьмі, клятвапарушальнікаў і ўсяго іншага, што супроцьстаіць здароваму вучэнню, паводле дабравесця славы шчаслівага Бога, якое было даручана мне Я складаю падзяку Таму, Хто ўмацаваў мяне, Хрысту Ісусу, нашаму Госпаду, што прызнаў мяне верным і паставіў на служэнне, [мяне], які раней быў блюзнерцам, ганіцелем, зневажальнікам, але памілаваны, бо рабіў гэта, не разумеючы, у нявер’і, і без меры памножылася ласка нашага Госпада з вераю і любоўю ў Хрысце Ісусе. Слушнае гэта слова і вартае ўсялякага прыняцця, што Хрыстос Ісус прыйшоў у свет выратаваць грэшных, з якіх першы — я. Але я таму быў памілаваны, каб Ісус Хрыстос на мне першым паказаў усю доўгацярплівасць у прыклад тым, што павераць у Яго для вечнага жыцця. А Цару вякоў, нятленнаму, нябачнаму, адзінаму Богу — гонар і хвала векі вечныя. Амін. Гэты наказ я даручаю табе, сыне мой Цімафей, згодна з раней зробленымі аб табе прароцтвамі, каб ты з іх дапамогаю ваяваў добраю вайной, маючы веру і добрае сумленне, адкінуўшы якія некаторыя пацярпелі крушэнне ўверы. Між іх Гіменей і Аляксандр, якіх я перадаў сатане, каб яны навучыліся не зневажаць Бога.

Дык перш за ўсё я прашу тварыць малітвы, просьбы, заступніцтвы, падзякі за ўсіх людзей, за цароў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі праводзіць ціхае і спакойнае жыццё ва ўсялякай набожнасці і годнасці. [Бо] гэта добра і прыемна ў вачах нашага Збаўцы Бога, Які хоча, каб усе людзі выратаваліся і дайшлі спазнання ісціны. Бо адзіны Бог, адзін і Пасрэднік між Богам і людзьмі — чалавек Хрыстос Ісус, Які аддаў Сябе Самога як выкуп за ўсіх — такое было сведчанне ў свій час. Для гэтага я быў пастаўлены звестуном і Апосталам (праўду кажу, не лгу) настаўнікам язычнікаў у веры і праўдзе. Дык я хачу, каб мужчыны маліліся ў кожным месцы, узносячы святыя рукі, без гневу і спрэчак. Таксама [і] каб жанчыны ўпрыгожвалі сябе прыстойным убраннем з сарамлівасцю і разважлівасцю, не пляценнем валасоў і золатам, ці перламі, ці дарагімі ўборамі, а — як належыць жанчынам, якія вызнаюць, што шануюць Бога, — добрымі ўчынкамі. Жанчына няхай вучыцца ў цішыні, з усялякаю пакораю. А жанчыне вучыць я не дазваляю і верхаводзіць над мужчынам, а быць у цішыні. Адам жа быў створаны першым, а Ева потым. І не Адам быў ашуканы, а жанчына, будучы ашуканаю, упала ў злачынства. Да будзе выратавана праз нараджэнне дзяцей, калі яны застануцца ў веры, і любові, і святасці з цнатлівасцю.

Слушнае слова: калі хто імкнецца да епіскапства — добрай працы ён прагне. Дык біскуп павінен быць беззаганным, мужам адной жонкі, цвярозым, разважлівым, сумленным, гасцінным, здольным навучаць; не п’яніцам, не забіякам, а прыязным, несварлівым, не срэбралюбцам; каб добра кіраваў домам, трымаў дзяцей у паслухмянасці з усёй годнасцю (А алі хто ўласным домам кіраваць не ўмее, як ён будзе клапаціцца пра Божую царкву?); не новадалучаным, каб ён, надзьмуўшыся пыхаю, не падпаў пад суд, што і д’ябал. Трэба, каб ён меў і добрае сведчанне ад тых, хто звонку царквы, каб яму не ўпасці ў ганьбу і пастку д’ябла. Таксама дыяканы павінны быць паважныя, не двудушныя, якія не надужываюць віна, не хцівыя, тыя, што маюць таямніцу веры ў чыстым сумленні. Няхай жа і яны спярша будуць выпрабаваны, а пасля хай служаць, калі яны бездакорныя. Таксама жанчыны павінны быць паважаныя, не паклёпніцы, цвярозыя, верныя ва ўсім. Дыяканы няхай будуць мужамі адной жонкі, якія добра кіруюць сваімі дзецьмі і ўласнымі дамамі. Бо тыя, хто добра паслужыў, набываюць сабе добрае становішча і вялікую адвагу ў веры, якая ў Хрысце Ісусе. Гэта пішу табе, спадзеючыся хутка прыйсці да цябе. А калі я запазнюся, каб ты ведаў, як трэба паводзіць сябе ў Божым доме, які ёсць Царква жывога Бога — слуп і падпора праўды. І агульнапрызнана, вялікая таямніца пабожнасці: Хто1 з’явіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, стаў бачны Анёлам, пра Яго абвясцілі народам, у Яго ўверавалі ў свеце і Ён быў узнесены ў славе.

А Дух выразна кажа, што ў пазнейшыя часы некаторыя адступяць ад веры, прытрымліваючыся духай ашуканцаў і вучэнняў дэманаў, у крывадушнасці людзей, якія кажуць няпраўду, — людзей з заклеймаваным сумленнем, хто забараняе жаніцца, вучыць устрымлівацца ад рознай яды, якую стварыў Бог, каб яе з удзячнасцю спажывалі тыя, хто верыць і спазнаў ісціну. Таму што кожнае стварэнне Божае — добрае, і нішто не павінна адкідацца, калі прымаецца з падзякаю, бо яно асвячаецца словам Божым і малітваю. Калі будзеш гэта падаваць сваім братам, то будзеш добры слуга Хрыста Ісуса, узгадаваны словамі веры і добрай навукі, услед за якой ты пайшоў. А нячыстых і бабскіх баек цурайся і практыкуй сябе ў набожнасці. Бо цялеснае практыкаванне карыснае для нямногага, а набожнасць для ўсяго карысная, маючы абяцанне жыцця цяперашняга і будучага. Слушнае гэта слова і годнае ўсялякага прыняцця. Бо для гэтага мы працуем і змагаемся2, таму што ўсклалі надзею на жывога Бога, Які ёсць Збаўца ўсіх людзей, асабліва вернікаў. Загадвай гэта і вучы гэтаму. Няхай ніхто не пагарджае тваёю маладосцю, але будзь узорам для вернікаў у слове, у паводзінах, у любові, [у духу], у веры, у чысціні. Да таго, як я прыйду, займайся чытаннем, настаўленнем, вучэннем. Не занядбай у сабе дар, які быў дадзены табе праз прароцтва і ўскладанне рук старэйшынамі. Пра гэта дбай, будзь у гэтым, каб твой поспех стаў відочны для ўсіх. Глядзі за сабою і за сваім настаўніцтвам; заставайся ва ўсім гэтым; бо робячы гэта, ты выратуеш і самога сябе, і тых, хто слухае цябе.

Старца не дакарай, а ўгаворвай, як бацьку, а маладых — як братоў, старых жанчын — як мацярок, маладзейшых — як сясцёр, ва ўсёй чысціні. Удоваў шануй — тых, хто сапраўды ўдовы. А калі якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, няхай яны найперш вучацца шанаваць свій дом і аддаваць належнае продкам; бо гэта даспадобы Богу. Тая ж, што сапраўды ўдава і засталася адна, усклала надзеб на Бога і трывае ў просьбах і малітвах уночы і ўдзень. А тая, што аддаецца раскошы, жывою памерла. І гэта патрабуй, каб яны былі беззаганнымі. Калі ж хто пра сваіх, і асабліва пра хатніх не рупіцца, той ён адрокся ад веры і горшы за няверніка. Няхай уносіцца ў спіс удава не менш за шасьцідзесят гадоў, якая была жонкай аднаго мужа, якая засведчана добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, калі была гасцінна да падарожных, калі абмывала ногі святым, калі падтрымлівала абяздоленых, старанна рупілася пра кожную добрую справу. А ўдовам маладзейшым адмаўляй, бо, калі насуперак Хрысту аддаюцца сваёй пажадлівасці, яны хочуць выйсці замуж, паглядаючы асуджэнню, таму што адкінулі першы зарок. І ў той жа час яны таксама прывучаюцца гультайнічаць, ходзячы ад дому да дому і не толькі гультайнічаць, але і пляткарыць і ўменшвацца не ў сваё, кажучы тое, чаго не след. Дык я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, гаспадарылі ў доме, не давалі праціўніку ніякай зачэпкі для ганьбавання; бо ўжо некаторыя пайшлі ўслед за сатаною. Калі які [вернік або] верніца мае сваячак ўдоў, няхай падтрымлівае іх, а Царква няхай не обцяжарваецца, каб яна падтрымлівала сапраўдных ўдоў. Прэсвітэры, якія добра кіруюць, няхай будуць удастоены падвойнай пашаны, асабліва тыя, хто працуе ў слове і навучэнні. Бо Пісанне кажа: «Валу, які малоціць, не закрывай рота», і: «Годны работнік сваёй платы». На прэсвітара абвінавачвання не прымай, акрамя як пры двух або трох сведках. Тых, хто грашыць, выкрывай перад усімі, каб і астатнія мелі страх. Заклінаю цябе перад Богам і Хрыстом Ісусам і выбранымі Анёламі, каб ты захоўваў гэта без прадузятасці, нічога ня робячы наўмысна. Рук ні на кога хутка не ўскладай і не ўдзельнічай у чужых грахах; захоўвай сябе чыстым. Не пі болей адну ваду, а ўжывай крыху віна дзеля страўніка і твайіх частых недамаганняў. Грахі некаторых людзей адкрыта яўныя і наперад вядуць у суд, а ў іншых ідуць і ўслед; Гэтак жа і добрыя ўчынкі адкрыта яўныя, а тыя, што іншага роду, не могуць быць схаваны.

Усе тыя, хто рабы пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў за годных усялякай пашаны, каб не зневажалася імя Божае і вучэнне. А тыя, хто маюць гаспадароў вернікаў, няхай не пагарджаюць імі, таму што яны браты, а няхай ім болей служаць, таму што яны ёсць вернікі і ўмілаванымі як удзельнікі дабрадзейства. Гэтаму вучы і пераконвай у гэтым. Калі хто вучыць іншаму і не згаджаецца са здаровымі словамі нашага Госпада Ісуса Хрыста і вучэннем, якое згодна з набожнасцю, ён надзьмуўся ў гордасці, нічога не ведае, але захварэў на звадкі і слоўныя бітвы, з якіх паўстаюць зайдрасць, сваркі, блюзнерствы, зласлівыя падазрэнні, сутыкненні між людзьмі з папсаваным розумам і пазбаўленых праўды, якія думаюць, што набожнасць — гэта сродак для атрымання выгады. Але набожнасць з задавальненнем — вялікая выгада; бо мы нічога не прынеслі ў свет; так што і вынесці нічога не можам. Але маючы харч і пакровы, задаволімся гэтым. А хто хоча ўзбагаціцца, упадзе ў спакусу, і пастку, і ў многія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія прыводзяць людзей да знішчэння і гібелі. Бо корань усялякага зла — срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя адбіліся ад веры і працялі саміх сябе многімі пакутамі. Ты ж, чалавеча Божы, уцякай ад гэтага, а дасягай праведнасці, набожнасці, веры, любові, стойкасці, лагоднасці. Змагайся добрым змаганнем веры, ухапіся за вечнае жыццё, да якога ты быў пакліканы і вызнаў добрае вызнанне перад многімі сведкамі. Загадваю табе перад Богам, які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, які засведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнанне, каб ты захаваў запаведзь бездакорна і беззаганна да з’яўлення нашага Госпада Ісуса Хрыста, якое ў свой час пакажа дабраславёны і адзіны Ўладар, Цар цароў і Госпад гаспадароў, Адзіны, Хто мае бяссмерце, Які жыве ў непрыступным свеце, Каго не бачыў ніхто з людзей і ўбачыць не можа; Каму гонар і вечная ўлада, амін. Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб не несліся высока і каб не ўскладалі надзеі на нетрываласць багацця, але на [жывога] Бога, Які дае нам багата ўсё дзеля асалоды; каб яны рабілі добрае, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, таварыскімі, збіраючы сабе скарб, добрую аснову для будучыні, каб яны ўхапіліся за тое, што сапраўды ёсць3 жыццё. О Цімафей, зберажы даручанае табе, ухіляючыся ад агіднага, пустаслоўя і супрацьстаўленняў таго, што хлусліва называюцца ведамі, прапаведуючы якія некаторыя адступілі ад веры. Ласка Божая няхай будзе з вамі4.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.