Библия › Бокун › Філіпянам

Філіпянам

Павал і Цімафей, слугі Ісуса Хрыста, — усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, якія ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне пра вас, заўсёды ў кожнай просьбе маёй за ўсіх вас просячы з радасьцю, за вашую супольнасьць у Эвангельлі ад першага дня аж да цяперашняга, маючы пэўнасьць у тым, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, будзе зьдзяйсьняць [яе] аж да дня Ісуса Хрыста, як справядліва мне думаць адносна ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы як у путах маіх, так і ў абароне, і ў сьцьвярджэньні Эвангельля, вас, якія ўсе — удзельнікі са мною ў ласцы. Бо Бог мне сьведка, як я прагну [агарнуць] усіх вас сэрцам Ісуса Хрыста; і малюся пра тое, каб любоў вашая яшчэ больш і больш памнажалася ў пазнаньні і ўсякім разуменьні, каб, выпрабоўваючы, што лепшае, вы былі чыстымі і без спатыкненьня ў дзень Хрыстовы, напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу і пахвалу Божую. Хачу, браты, каб вы даведаліся, што тое, што са мной [сталася], выйшла больш на посьпех Эвангельля, так што путы мае ў Хрысьце сталіся яўнымі ў-ва ўсёй прэторыі і ўсім іншым, і многія з братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ больш адважыліся бяз страху гаварыць Слова. Некаторыя, праўда, — з зайздрасьці і сваркі, а некаторыя — з упадабаньня абвяшчаюць Хрыста. Тыя, што ў сварлівасьці, — прапаведуюць Хрыста ня чыста, мяркуючы павялічыць прыгнёт путаў маіх, а тыя, што ў любові, — ведаючы, што дзеля абароны Эвангельля я пастаўлены. Бо што з гэтага? Усякім чынам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос прапаведуецца, і я з гэтага радуюся і буду радавацца. Бо я ведаю, што гэта станецца мне на збаўленьне праз вашыя просьбы і дапамогу Духа Ісуса Хрыста, паводле спадзяваньня і надзеі маёй, што я ні ў чым ня буду асаромлены, але з усёй адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпер, будзе ўзьвялічаны Хрыстос у целе маім, ці то жыцьцём, ці то сьмерцю. Бо для мяне жыцьцё — Хрыстос, і сьмерць — набытак. А як жыцьцё ў целе [дае] плод маёй справе, ня ведаю, што і выбраць. Бо цягне адно і другое. Маю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, і гэта нашмат лепш, а заставацца ў целе больш патрэбна дзеля вас. І я напэўна ведаю, што застануся і затрымаюся з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці веры, каб пахвала вашая ў Хрысьце Ісусе памнажалася ў-ва мне, калі зноў прыйду да вас. Толькі жывіце дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб мне, ці як прыйду і ўбачу вас, ці адсутны, чуць пра вас, што вы стаіцё ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Эвангельскую і ані ў чым не палохаючыся супраціўнікаў. Гэта для іх ёсьць доказ загубы, а для вас — збаўленьня, і гэта ад Бога, бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але і цярпець дзеля Яго, маючы такое самае змаганьне, якое вы бачылі ў-ва мне і цяпер чуеце пра мяне.

Дык калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць якая сардэчнасьць і міласэрнасьць, дапоўніце маю радасьць, каб вы тое самае думалі, тую самую любоў мелі, былі аднадушныя і аднадумныя, нічога ня [робячы] дзеля сварлівасьці ці дзеля пустое пахвальбы, але ў пакоры розуму шануючы адзін аднога як вышэйшых за сябе. Не на сваё [толькі] няхай кожны зважае, але і на тое, што іншых. Бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце Ісусе, Які, маючы постаць Бога, не лічыў захопам быць роўным Богу, але прынізіў Сябе, прыняўшы постаць слугі, стаўшыся на падабенства людзей і знойдзены выглядам, як чалавек, панізіў Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да сьмерці, і сьмерці крыжовай. Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя, каб у імя Ісуса схілілася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад Ісус Хрыстос у славу Бога Айца. Так што, улюбёныя мае, як вы заўсёды слухаліся, ня толькі, калі я прыходзіў, але шмат больш цяпер, у адсутнасьць маю, са страхам і трымценьнем зьдзяйсьняйце збаўленьне сваё, бо Бог ёсьць Той, Які дзейнічае ў вас паводле ўпадабаньня [Свайго], каб вы і хацелі, і дзейнічалі. Усё рабіце без нараканьняў і хістаньняў, каб вы былі беззаганнымі і шчырымі дзецьмі Божымі, беззаганнымі сярод пакаленьня скрыўленага і сапсаванага, у якім вы сьвеціце, як сьвятло ў сьвеце, захоўваючы слова жыцьця, на пахвалу маю ў дзень Хрыстовы, што я не надарма бег і не надарма працаваў. Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і служэньне веры вашай, я радуюся, і радуюся разам з усімі вамі. З гэтага самага і вы радуйцеся, і радуйцеся разам са мною. А я спадзяюся ў Госпадзе Ісусе хутка паслаць да вас Цімафея, каб і я ўсьцешыўся, даведаўшыся пра вас. Бо ня маю нікога роўнага душою, хто б гэтак шчыра пра вас клапаціўся. Бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што Хрыста Ісуса. А яго выпрабаванасьць вы ведаеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне дзеля Эвангельля. Дык я спадзяюся паслаць яго неадкладна, як толькі даведаюся адносна сябе. Бо я пэўны ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду. Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і таварыша майго, а вашага пасланца і служыцеля ў патрэбе маёй, бо ён жадаў [бачыць] усіх вас і тужыў, што вы пачулі пра нядужасьць ягоную. Бо ён быў хворы амаль сьмяротна; але Бог зьлітаваўся над ім, дый не над ім толькі, але і нада мною, каб ня меў я смутку да смутку. Дык я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго ізноў, узрадаваліся, і каб я ня быў засмучаны. Дык прыйміце яго ў Госпадзе з усякай радасьцю і гэтакіх мейце ў паважаньні, бо ён за справу Хрыстовую быў блізкі да сьмерці, ня дбаючы пра душу [сваю], каб дапоўніць нястачу служэньня вашага мне.

Нарэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам гэта для мяне ня цяжка, а для вас карысна. Зважайце на сабак, зважайце на благіх работнікаў, зважайце на нібыта абрэзаных, бо абрэзаныя — гэта мы, якія служым Богу духам, і хвалімся ў Хрысьце Ісусе, і ня ў целе маем спадзяваньне; хоць я маю пэўнасьць і ў целе. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык я больш, абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраіля, з калена Бэн’яміна, Гебрай з Гебраяў, паводле Закону — фарысэй, які праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, паводле праведнасьці, якая з Закону, — беззаганны. Але тое, што для мяне было набыткам, дзеля Хрыста я палічыў за страту. І больш таго, усё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за гной, каб Хрыста здабыць і апынуцца ў Ім, маючы не маю праведнасьць, якая праз Закон, але тую, якая праз веру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога праз веру, каб пазнаць Яго, і сілу ўваскрасеньня Яго, і супольнасьць пакутаў Яго, прыпадабняючыся сьмерці Яго, каб толькі дасягнуць паўстаньня з мёртвых. Не таму, што я ўжо атрымаў ці ўжо споўніў [усё], але імкнуся, ці не дасягну і я таго, як мяне дасягнуў Хрыстос Ісус. Браты, я не лічу сябе, што дасягнуў, а толькі, забываючыся пра тое, што ззаду, і імкнучыся да таго, што наперадзе, імчу да мэты, да ўзнагароды пакліканьня Божага, якое з гары ў Хрысьце Ісусе. Дык усе, хто дасканалыя, будзем думаць гэтак. А калі вы што іначай думаеце, і гэтае Бог вам адкрые. Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, паводле гэтага правіла будзем хадзіць і гэтак думаць. Будзьце падобнымі, браты, да мяне, і зважайце на тых, хто гэтак ходзіць, паводле ўзору, які маеце ў нас. Бо многія, пра якіх я часта казаў вам, а цяпер і са сьлязьмі кажу, ходзяць як ворагі крыжа Хрыстовага. Іхні канец — загуба, іхні бог — чэрава, і слава [іхняя] ў сораме іх, яны думаюць пра зямное. А нашае грамадзянства — у небе, адкуль мы і чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, Які зьменіць выгляд цела паніжэньня нашага, каб яно сталася падобным да цела славы Яго, дзеяньнем, якім Ён дзейнічае і падпарадкоўвае Сабе ўсё.

Так што, браты мае ўлюбёныя і пажаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя. Эўводзію прашу і Сынтыхею прашу думаць гэтаксама ў Госпадзе. Прашу і цябе, шчыры памочніку, дапамагай тым, якія змагаліся дзеля Эвангельля разам са мною, і з Клемэнтам, і з іншымі супрацоўнікамі маімі, імёны якіх у кнізе жыцьця. Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе. Ізноў кажу: радуйцеся. Спагаднасьць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка! Не турбуйцеся ні пра што, але ў-ва ўсякай малітве і просьбе з падзякай няхай адкрываюцца жаданьні вашыя перад Богам, і супакой Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе. Нарэшце, браты, што ёсьць праўдзівае, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што вартае любові, што добрай славы, калі ёсьць якая цнота і якая пахвала, — пра тое думайце. І чаго вы навучыліся, і што прынялі, і чулі, і бачылі ў-ва мне, тое рабіце, і Бог супакою будзе з вамі. Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў ажывіліся, каб думаць пра мяне, як і раней думалі, ды ня мелі нагоды. Ня дзеля таго, што я ў нястачы, кажу, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсьць. Ведаю, як у паніжэньні быць, і ведаю, як у дастатку; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім: і насычацца, і галадаваць, мець і дастатак, і нястачу. Усё магу ў Хрысьце, Які ўмацоўвае мяне. Па-за гэтым, вы добра зрабілі, што ўдзельнічалі ў маім прыгнёце. Вы ж ведаеце, Філіпяне, што на пачатку [абвяшчэньня] Эвангельля, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не далучылася да мяне праз дораньне і прыняцьцё, акрамя вас адных. Вы і ў Тэсалоніку і раз, і два пасылалі паводле патрэбы маёй. Ня тое, каб я шукаў дару, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць. Я маю ўсё і маю дастатак; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадыта тое, што ад вас, водар салодкі, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу. А Бог мой няхай напоўніць усякую патрэбу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце Ісусе. Богу ж і Айцу нашаму слава на вякі вякоў. Амэн. Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною. Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.