Павал, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, і Цімафей, брат, — тым, што ў Калосах, сьвятым і верным братам у Хрысьце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся пра вас, пачуўшы пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых, дзеля надзеі, якая вызначана вам у небе, пра што вы раней чулі ў слове праўды Эвангельля, якое ёсьць у вас, як і ў-ва ўсім сьвеце, і дае плод, як і між вамі, з таго дня, калі вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе, як і навучыліся ад Эпафраса, улюбёнага таварыша нашага, які ёсьць верным за вас служыцелем Хрыста, які і паведаміў нам пра вашую любоў у духу. Дзеля гэтага і мы з таго дня, як пачулі, не перастаем маліцца за вас і прасіць, каб вы былі напоўненыя пазнаньнем волі Яго ў-ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным, каб вы хадзілі дастойна Госпада, у-ва ўсім дагаджаючы [Яму], даючы плод у кожнай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога, дужэючы ўсякаю сілаю паводле магутнасьці славы Яго на ўсякую цярплівасьць і доўгацярплівасьць з радасьцю, дзякуючы Айцу, Які даў нам здольнасьць удзельнічаць у спадчыне сьвятых у сьвятле, Які выбавіў нас ад улады цемры і перамясьціў у Валадарства Сына любові Сваёй, у Якім мы маем адкупленьне праз кроў Ягоную і адпушчэньне грахоў. Ён ёсьць вобраз Бога нябачнага, Першародны ўсякага стварэньня; бо ў Ім створана ўсё, што ў небе і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то пасады, ці то панаваньні, ці то начальствы, ці то ўлады, — усё праз Яго і для Яго створана; і Ён ёсьць перад усім, і ўсё ў Ім стаіць. І Ён ёсьць галава Цела — Царквы; Ён — Пачатак, Першародны з мёртвых, каб быць Яму ў-ва ўсім першым, бо было даспадобы, каб у Ім жыла ўсякая поўня і каб праз Яго пагадзіць з Сабою ўсё, учыніўшы праз Яго, праз кроў крыжа Ягонага мір і з тым, што на зямлі, і з тым, што ў небе. І вас, якія былі некалі адлучаныя і ворагі, разуменьнем [зьвернутыя] да злых справаў, цяпер пагадзіў ва ўласным целе Яго праз сьмерць, каб паставіць вас сьвятымі, і беззаганнымі, і бездакорнымі перад Сабою, калі толькі застаецеся ў веры цьвёрда і непарушна, і не адпадаеце ад надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвешчана ўсяму стварэньню пад небам, якога я, Павал, стаўся служыцелем. Цяпер я радуюся ў пакутах маіх за вас і дапаўняю нястачу ў целе маім прыгнётаў Хрыстовых за Цела Ягонае, якое ёсьць Царква, якой я стаўся служыцелем паводле распарадкаваньня Божага, дадзенага мне дзеля вас, каб споўніць слова Божае, тайну, схаваную ад вякоў і ад пакаленьняў, а цяпер выяўленую сьвятым Ягоным, якім захацеў Бог паведаміць, якое багацьце славы тайны гэтай сярод паганаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы, Якога мы прапаведуем, настаўляючы ўсякага чалавека і вучачы ўсякага чалавека ўсякае мудрасьці, каб нам паставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе, дзеля чаго я і працую, змагаючыся паводле дзеяньня Яго, якое дзейнічае ў-ва мне магутна.
Бо хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я маю дзеля вас і дзеля тых, што ў Ляадыкеі, і дзеля ўсіх, якія ня бачылі аблічча майго ў целе, каб суцешыліся сэрцы іхнія, злучаныя ў любові і дзеля ўсякага багацьця пэўнага разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога — і Айца, і Хрыста, у Якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваныя. А кажу гэта, каб хто ня ўвёў вас у зман пераканаўчымі словамі. Бо хоць я і адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы ваш парадак і ўмацаванасьць веры вашае ў Хрыста. Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, так хадзіце ў Ім, укарэненыя і збудаваныя ў Ім, і сьцьверджаныя ў веры, як вы былі навучаныя, багацеючы ў ёй з падзякаю. Глядзіце, каб хто не збаламуціў вас філасофіяй і пустым падманам паводле традыцыі чалавечай, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста. Бо ў Ім жыве ўся поўня Боства цялесна, і вы напоўненыя ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады. У Ім і вы абрэзаныя абразаньнем, не рукою зробленым, якое зьняла цела грахоў цялесных, абразаньнем Хрыстовым. Пахаваныя з Ім у хрышчэньні, у Ім вы і ўваскрэсьлі праз веру ў дзеяньне Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых, і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і неабразаньні цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі, сьцёршы рукапіс пастановаў, што былі супраць нас; і забраў яго спасярод, прыбіўшы да крыжа, распрануўшы начальствы і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, трыюмфуючы над імі ў Ім. Дык няхай ніхто ня судзіць вас за ежу, ці за пітво, ці за ўдзел у сьвяце, ці маладзіку, ці субоце. Гэта ёсьць цень таго, што мае быць, а цела — Хрыстовае. Няхай ніхто не пазбавіць вас нагароды праз самавольнае ўпакорваньне і набажэнства анёлам, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, дарэмна ўзганарыўшыся розумам цела свайго і не трымаючыся Галавы, ад якое ўсё цела, вязямі і вузламі змацаванае і злучанае, расьце ўзрастаньнем Божым. Дык калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў сьвету, чаго ж, быццам жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў: «Не дакранайся, і не каштуй, і не чапай», што ўсё [вядзе] да сапсутасьці праз [само] ўжываньне, паводле пастановаў і вучэньня чалавечага? Гэтае слова нібыта мае мудрасьць у самавольным набажэнстве, упакорваньні і мардаваньні цела, не ў пашане да таго, што насычае цела.
Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце ўзгорнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога. Пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схаванае з Хрыстом у Богу. Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам з Ім у славе. Дык мярцьвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, жарсьць, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць ідалапаклонствам, за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў непакорнасьці, сярод якіх і вы раней хадзілі, калі жылі між імі. А цяпер вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, ліхоту, блюзьнерствы, брыдкаслоўе з вуснаў вашых; не хлусіце адзін аднаму, распрануўшыся са старога чалавека з учынкамі ягонымі і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобразу Таго, Хто яго стварыў, дзе няма Грэка і Юдэя, абразаньня і неабразаньня, барбара, Скіфа, слугі, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос. Дык апраніцеся, як выбраныя Божыя, сьвятыя і ўлюбёныя, у міласэрнасьць, ласкавасьць, пакору, ціхасьць, доўгацярплівасьць, церпячы адзін аднаго і прабачаючы адзін аднаму, калі хто на каго мае крыўду, як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы. А па-над усё [апраніцеся] ў любоў, якая ёсьць вузел дасканаласьці, і няхай гаспадарыць у сэрцах вашых супакой Божы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, і будзьце ўдзячныя. Слова Хрыстовае няхай жыве ў вас багата, у-ва ўсякай мудрасьці; навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, у ласцы сьпяваючы Госпаду ў сэрцах вашых. І ўсё, што вы робіце, словам або справаю, усё [рабіце] ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу. Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, як прыстойна ў Госпадзе. Мужы, любіце жонак і ня будзьце для іх прыкрымі. Дзеці, слухайцеся бацькоў у-ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду. Бацькі, не зьнеахвочвайце дзяцей вашых, каб яны не гублялі духа. Слугі, у-ва ўсім слухайцеся паноў паводле цела, не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але ў шчырасьці сэрца, баючыся Бога. І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як для Госпада, а не для людзей, ведаючы, што ад Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту. А хто робіць крыўду, атрымае паводле зробленае крыўды, бо няма [ў Бога] ўзіраньня на аблічча.
Паны, давайце слугам тое, што справядліва і што адпаведна, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў небе. Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю; молячыся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, дзеля якой я зьвязаны, каб я выявіў яе так, як мушу пра яе казаць. У мудрасьці хадзіце з тымі, што вонкі, выкупляючы час. Слова вашае [няхай будзе] заўсёды ў ласцы [Божай], прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, як кожнаму адказаць. Пра мяне ўсё паведаміць вам Тыхік, улюбёны брат, і верны служыцель, і таварыш у Госпадзе, якога я паслаў да вас дзеля таго, каб мне даведацца, што ў вас, і ён пацешыў сэрцы вашыя, разам з Анісімам, верным і ўлюбёным братам, які з вашых. Яны паведамяць вам усё, што тут [робіцца]. Вітае вас Арыстарх, вязень са мною, і Марк, пляменьнік Барнабы, пра якога вы атрымалі прыказаньне: калі ён прыйдзе да вас, прыйміце яго, і Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаных. Яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Валадарства Божага, якія былі мне суцяшэньнем. Вітае вас Эпафрас, які з вашых, слуга Хрыста, які заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы стаялі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай. Бо сьведчу пра яго, што мае вялікую руплівасьць адносна вас і тых, што ў Ляадыкеі і Гераполі. Вітае вас Лука, лекар улюбёны, і Дымас. Прывітайце братоў у Ляадыкеі, і Німфана, і царкву ў доме ягоным. І калі гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабіце, каб яно было прачытана ў Ляадыкейскай царкве; і тое, якое з Ляадыкеі, прачытайце і вы. І скажыце Архіпу: «Зважай на служэньне, якое ты атрымаў у Госпадзе, каб табе споўніць яго». Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце пра путы мае. Ласка з вамі. Амэн.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023