Библия › БКБПЦ › Апакаліпсіс
Адкраве́нне Іісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказа́ць раба́м Сваім тое, што павíнна адбы́цца неўзаба́ве. І Ён явíў гэта, пасла́ўшы праз А́нгела Свайго рабу́ Свайму Іаа́ну, які засве́дчыў сло́ва Божае, і све́дчанне Іісуса Хрыста, і ўсё, што ён бачыў. Блажэ́нны той, хто чыта́е, і тыя, што слу́хаюць сло́вы праро́цтва гэтага і выко́нваюць напíсанае ў ім; бо час блíзкі. Іаа́н — сямí Цэ́рквам, што ў Асíі: благада́ць вам і мір ад Таго, Які ёсць, і быў, і ма́е прыйсцí, і ад сямí духаў, што пе́рад прасто́лам Яго, і ад Іісуса Хрыста; Ён — све́дка ве́рны, пе́ршынец з мёртвых і ўлада́р царо́ў зямны́х; Яму, Які ўзлюбíў нас, і амы́ў нас ад грахо́ў нашых крывёю Сваёю, і зрабíў нас цара́мі і свяшчэ́ннікамі Богу і Айцу Свайму, сла́ва і ўла́да на ве́кі вякоў. Амíнь. Вось, Ён прыхо́дзіць з абло́камі; і ўба́чыць яго кожнае во́ка і тыя, што праця́лі Яго; і запла́чуць перад Ім усе плямёны зямны́я. Так, амíнь. Я — А́льфа і Аме́га, пача́так і кане́ц, ка́жа Гасподзь, Які ёсць, і быў, і ма́е прыйсцí, Уседзяржы́цель. Я, Іаа́н, брат ваш і супо́льнік у го́ры, і ў ца́рстве, і ў цярплíвасці Іісуса Хрыста, быў на во́страве, які называ́ецца Па́тмас, за сло́ва Божае і за све́дчанне Іісуса Хрыста. Я быў у Ду́ху ў дзень Гасподні і пачу́ў за сваёю спíнаю го́лас мо́цны, як гук трубы́, які каза́ў: Я — А́льфа і Аме́га, пе́ршы і апо́шні; тое, што ба́чыш, запішы́ ў кнíгу і пашлí Цэ́рквам, якія ў Асíі: у Эфе́с, і ў Смíрну, і ў Перга́м, і ў Фіяты́ру, і ў Сарды́с, і ў Філадэ́льфію, і ў Лаадыкíю. Я абярну́ўся, каб паглядзе́ць, чый голас прамаўля́ў да мяне; і, абярну́ўшыся, уба́чыў сем залаты́х свяцíльнікаў і пасяро́д сямí свяцíльнікаў падо́бнага да Сы́на Чалаве́чага, апра́нутага ў пады́р і на грудзя́х апераза́нага залаты́м по́ясам: галава́ Яго і валасы́ — бе́лыя, як бе́лая во́ўна, як снег; і во́чы Яго — як по́лымя во́гненнае; і но́гі Яго падо́бны да ліва́нскай ме́дзі, распа́ленай у пе́чы; і го́лас Яго — як шум вод вялíкіх. Ён трыма́ў у пра́вай руцэ́ Сваёй сем зо́рак, і з ву́снаў Яго выхо́дзіў двухбаковаво́стры меч; і аблíчча Яго — як со́нца, што ззя́е ў сіле сваёй. І калі я ўба́чыў Яго, то ўпаў да ног Яго, як мёртвы. І Ён пакла́ў на мяне пра́вую руку́ Сваю і сказа́ў мне: не бо́йся; Я — пе́ршы і апо́шні і жывы́; і быў мёртвым, і вось, жывы́ на ве́кі вякоў, амíнь; і ма́ю ключы́ ад пе́кла і сме́рці. Дык вось, напішы́, што́ ты ба́чыў, і што́ ёсць, і што́ будзе пасля́ гэтага. Та́йна сямí зо́рак, якія ты ба́чыў у пра́вай руцэ́ Маёй, і сямí залаты́х свяцíльнікаў вось у чым: сем зо́рак — гэта А́нгелы сямí Цэ́ркваў; а сем свяцíльнікаў, якія ты ба́чыў, — гэта сем Цэ́ркваў.
А́нгелу Эфе́скай Царквы́ напішы́: так ка́жа Той, Хто трыма́е сем зорак у пра́вай руцэ́ Сваёй, Хто хо́дзіць сяро́д сямí залаты́х свяцíльнікаў: «ве́даю спра́вы твае, і пра́цу тваю, і сто́йкасць тваю, і тое, што ты не можаш трыва́ць ліхíх людзе́й, і ты вы́прабаваў тых, якія называ́юць сябе апо́сталамі, а імі не з’яўля́юцца, і вы́явіў, што яны лжы́выя; ты мно́гае вы́трываў і маеш сто́йкасць, і дзе́ля імя́ Майго працава́ў ты і не знямо́г. Але ма́ю су́праць цябе тое, што ты пакíнуў пе́ршую любо́ў тваю. Дык вось, згада́й, адку́ль ты ўпаў, і пака́йся, і рабí тыя спра́вы, што і ране́й; а калі не, то ху́тка прыйду́ да цябе і зру́шу свяцíльнік твой з ме́сца яго, калі не пака́ешся. Адна́к тое маеш добрае, што ненавíдзіш ты спра́вы мікалаíтаў, якія і Я ненавíджу. Хто ма́е ву́ха, няха́й чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам: перамо́жцу дам спажыва́ць ад дрэ́ва жыцця́, якое пасяро́д ра́ю Божага». І А́нгелу Смíрнскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Пе́ршы і Апо́шні, Які быў мёртвым — і ажы́ў: «ве́даю твае спра́вы, і го́ра, і гале́чу, — адна́к ты бага́ты, — і знява́гі ад тых, якія ка́жуць пра сябе, што яны Іудзе́і, але яны не Іудзе́і, а збо́рышча сатанíнскае. Не бойся нічога з таго, што табе давядзе́цца перацярпе́ць. Вось, дыя́вал будзе кíдаць некато́рых з вас у цямнíцу, каб вы́прабаваць вас, і бу́дзеце ў го́ры дзе́сяць дзён. Будзь ве́рны да сме́рці, і дам табе вяне́ц жыцця́. Хто ма́е ву́ха, каб чуць, няха́й чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам: перамо́жца не зазна́е шко́ды ад друго́й сме́рці». І А́нгелу Перга́мскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Той, Хто ма́е двухбаковаво́стры меч: «ве́даю спра́вы твае і тое, дзе ты жыве́ш: там, дзе прасто́л сатаны́; і ты трыма́ешся íмені Майго, і не адро́кся ад ве́ры Маёй на́ват у тыя дні, калі ў вас, там, дзе жыве́ сатана́, быў забíты ве́рны све́дка Мой Анцíпа. Аднак ма́ю і не́шта су́праць цябе, бо ёсць там у цябе тыя, што трыма́юцца вучэ́ння Валаа́ма, які навучыў Вала́ка ўве́сці ў спаку́су сыно́ў Ізра́ілевых, каб яны е́лі ідалаахвя́рнае і жылí распу́сна. Таксама ёсць у цябе і тыя, што трыма́юцца вучэ́ння мікалаíтаў, якое Я ненавíджу. Пака́йся; а калі не, то ху́тка прыйду́ да цябе і буду ваява́ць з імі мячо́м ву́снаў Маіх. Хто ма́е ву́ха, каб чуць, няхай чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам: перамо́жцу дам спажыва́ць ма́нну тае́мную, і дам яму ка́мень белы і напíсанае на ка́мені імя́ но́вае, якога ніхто не ве́дае, акрамя́ таго, хто атры́млівае». І А́нгелу Фіяты́рскай Царквы́ напішы́: так кажа Сын Божы, у Якога во́чы — як по́лымя во́гненнае, і но́гі падо́бны да ліва́нскай ме́дзі: «ве́даю твае спра́вы, і любо́ў, і служэ́нне, і ве́ру, і сто́йкасць тваю, і тое, што апо́шнія спра́вы твае бо́льшыя за пе́ршыя. Адна́к ма́ю і не́шта су́праць цябе, бо ты дазваля́еш жанчы́не Іезаве́лі, якая сябе называ́е праро́чыцай, навуча́ць і ўво́дзіць у зман рабо́ў Маіх, каб яны жылí распу́сна і е́лі ідалаахвя́рнае. Я даў ёй час пака́яцца ў распу́сце яе, але яна не пака́ялася. Вось, Я кíдаю яе на ло́жа хваро́бы, а тых, што пралюбадзе́йнічаюць з ёю, — у бяду́ вялікую, калі не пака́юцца ў спра́вах сваіх. І дзяце́й яе паражу́ сме́рцю, і зразуме́юць усе Цэ́рквы, што Я Той, Хто спазнае́ ду́мкі і пачу́цці; і адплачу́ кожнаму з вас паво́дле спраў вашых. Вам жа і аста́тнім, хто ў Фіятыры, усім, якія не трыма́юцца гэтага вучэ́ння і якія не ве́даюць так зва́ных глыбíнь сатанíнскіх, кажу́, што не ўскладу́ на вас іншага цяжа́ру; толькі тое, што ма́еце, трыма́йце, паку́ль прыйду́. А перамо́жцу і таму, хто выко́нвае спра́вы Мае́ да канца́, дам ула́ду над язы́чнікамі — і будзе па́свіць іх жазло́м жале́зным; падо́бна по́суду гліня́наму, яны будуць разбíты, — як і Я атрыма́ў уладу ад Айца Майго; і дам яму зорку ра́нішнюю. Хто ма́е вуха, каб чуць, няхай чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам».
І А́нгелу Сарды́йскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Той, Хто ма́е сем ду́хаў Божых і сем зо́рак: «ве́даю твае спра́вы; ты носіш імя́, нíбы жывы́, але ты мёртвы. Абудзíся і ўмацо́ўвай тое, што застало́ся і гато́ва паме́рці; бо Я не знайшо́ў у цябе спраў, даскана́лых перад Богам Маім. Згада́й, што́ ты прыня́ў і чуў, і захо́ўвай і пака́йся. Калі ж не абу́дзішся, то Я прыйду́ да цябе, як зло́дзей, і ты не будзеш ве́даць, у якую гадзíну прыйду́ да цябе. Але ёсць у цябе ў Сарды́се не́калькі чалаве́к, якія не апага́нілі адзе́ння свайго і будуць хадзíць са Мною ў бе́лым, бо яны дасто́йныя. Перамо́жца апра́нецца ў бе́лае адзе́нне; і Я не вы́краслю íмені яго з кнíгі жыцця́ і вы́знаю імя́ яго перад Айцом Маім і перад А́нгеламі Яго. Хто ма́е ву́ха, няха́й чу́е, што Дух ка́жа Цэ́рквам». І А́нгелу Філадэльфíйскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Святы́, Íсцінны, Які ма́е ключ Давíдаў, Ён адчыня́е — і ніхто не зачы́ніць, Ён зачыня́е — і ніхто не адчы́ніць: «ве́даю твае спра́вы; вось, я зрабíў, каб пе́рад табою дзве́ры былí адчы́нены, і ніхто не мо́жа зачынíць іх; бо хоць у цябе ма́ла сíлы, але ты захава́ў сло́ва Маё і не адро́кся ад íмені Майго. Вось, Я даю́ з сатанíнскага збо́рышча тых, якія ка́жуць пра сябе, што яны Іудзе́і, але імі не з’яўля́юцца, а хлу́сяць, — вось, Я зраблю, што яны пры́йдуць і пакло́няцца ў но́гі табе, і зразуме́юць, што Я ўзлюбíў цябе. Пако́лькі ты захава́ў Мой нака́з быць сто́йкім, то і Я захава́ю цябе ў гадзíну выпрабава́ння, якая пры́йдзе на ўвесь свет, каб вы́прабаваць тых, хто жыве́ на зямлí. Вось, прыйду́ ху́тка; трыма́й тое, што ма́еш, каб ніхто не забра́ў вянца́ твайго. Перамо́жцу зраблю́ стаўпо́м у хра́ме Бога Майго, і ён ужо не вы́йдзе адту́ль; і напішу́ на ім імя́ Бога Майго, і імя́ го́рада Бога Майго, новага Іерусалíма, які сыхо́дзіць з не́ба ад Бога Майго, і імя́ Маё но́вае. Хто ма́е ву́ха, няха́й чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам». І А́нгелу Лаадыкíйскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Амíнь, све́дка ве́рны і íсцінны, пача́так стварэ́ння Божага: «ве́даю твае́ спра́вы; ты ні хало́дны, ні гара́чы; о, калі б ты быў хало́дным альбо́ гара́чым! Але пако́лькі ты цёплы, а не гара́чы і не хало́дны, то вы́вергну цябе з ву́снаў Маіх. Бо ты ка́жаш: я бага́ты, разбагаце́ў і ні ў чым не ма́ю патрэ́бы; а не ве́даеш, што ты няшча́сны, і жа́лю ва́рты, і ўбо́гі, і сляпы́, і го́лы. Ра́ю табе купíць у Мяне зо́лата, ачы́шчанае агнём, каб ты разбагаце́ў, і бе́лае адзе́нне, каб ты апрану́ўся і не ба́чны быў со́рам го́лага це́ла твайго; і ма́ззю пама́ж во́чы твае, каб ба́чыць. Каго Я люблю́, тых выкрыва́ю і кара́ю. Дык вось, будзь руплíвы і пака́йся. Вось, Я стаю́ каля́ дзвярэ́й і сту́каю; калі хто пачу́е го́лас Мой і адчы́ніць дзве́ры, то ўвайду́ да яго і бу́ду вячэ́раць з ім, і ён са Мною. Перамо́жцу дам се́сці са Мною на прасто́ле Маім, як і Я перамо́г і сеў з Айцом Маім на прасто́ле Яго. Хто ма́е ву́ха, няха́й чуе, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам».
Пасля́ гэтага я ўба́чыў: вось, дзве́ры адчы́неныя на не́бе, і ране́йшы го́лас, які я чуў, нíбы гук трубы́, што гавары́ў са мною, сказа́ў: узыдзí сюды́, і пакажу́ табе, што́ павíнна адбы́цца пасля́ гэ́тага. І адра́зу я стаў у Ду́ху; і вось, прасто́л стая́ў на не́бе, і на прасто́ле Не́хта сядзе́ў. І Той, Хто сядзе́ў, з вы́гляду быў падо́бны да камянёў я́спісу і сарды́су; і вясёлка вако́л прасто́ла, з вы́гляду падо́бная да смара́гду. І вако́л прасто́ла — два́ццаць чаты́ры прасто́лы; а на прасто́лах, уба́чыў я, сядзя́ць два́ццаць чаты́ры ста́рцы, апра́нутыя ў бе́лыя адзе́нні, і ме́лі яны на гало́вах сваіх залаты́я вянцы́. І ад прасто́ла зыхо́дзяць мала́нкі, і грамы́, і галасы́, і сем свяцíльнікаў во́гненных гара́ць пе́рад прасто́лам, гэта — сем ду́хаў Божых. І пе́рад прасто́лам — мо́ра шкляно́е, падо́бнае да крышталю́; а пасяро́д прасто́ла і вако́л прасто́ла — чаты́ры жывёлы з мно́ствам вачэ́й спе́раду і зза́ду. І пе́ршая жывёла была́ падо́бна да льва, і друга́я жывёла падо́бна да цяльца́, і трэ́цяя жывёла ме́ла аблíчча, як у чалаве́ка, і чацвёртая жывёла падо́бна да арла́, які ляцíць. І гэтыя чаты́ры жывёлы ме́лі ко́жная па шэсць кры́лаў вакол, а ўсярэ́дзіне ў іх мно́ства вачэ́й; і ні ўдзень, ні ўно́чы яны не ма́юць спако́ю, ускліка́ючы: святы́, святы́, святы́ Гасподзь Бог Уседзяржы́цель, Які быў, і ёсць, і ма́е прыйсцí. І калі жывёлы ўзно́сяць сла́ву, і паша́ну, і падзя́ку Таму, Хто сядзíць на прасто́ле, Хто жыве́ ў ве́кі вяко́ў, тады два́ццаць чаты́ры ста́рцы па́даюць перад Тым, Хто сядзíць на прасто́ле, і кла́няюцца Таму, Хто жыве́ ў ве́кі вяко́ў, і кладу́ць вянцы́ свае перад прасто́лам, ка́жучы: дасто́йны Ты, Госпадзі, прыня́ць сла́ву, і паша́ну, і сíлу, бо Ты ствары́ў усё, і па во́лі Тваёй яно існу́е і ство́рана.
І ўба́чыў я ў пра́вай руцэ́ Таго, Хто сядзíць на прасто́ле, кнігу, напíсаную ўсярэ́дзіне і зво́нку, запяча́таную сямю́ пяча́цямі. І ўба́чыў я А́нгела мо́цнага, Які ўскліка́ў гу́чным го́ласам: хто́ дасто́йны разгарну́ць гэтую кнігу і зняць пяча́ці яе? І ніхто — ні на не́бе, ні на зямлí, ні пад зямлёю — не мог ані разгарну́ць кнігу, ані зазірну́ць у яе. І я многа пла́каў, таму што не знайшло́ся нікога дасто́йнага ані разгарну́ць і чыта́ць кнігу, ані зазірну́ць у яе. І адзін са ста́рцаў ка́жа мне: не плач — вось, леў з кале́на Іу́давага, ко́рань Давíдаў, перамо́г, каб разгарну́ць кнігу і зняць сем пяча́цяў яе. І я ўба́чыў: вось, паміж прасто́лам і чатырма́ жывёламі і паміж ста́рцамі стаíць А́гнец, нíбы зако́латы, Які ма́е сем раго́ў і сем вачэ́й, — гэта сем ду́хаў Божых, пасла́ных на ўсю зямлю́. І Ён падышо́ў і ўзяў кнігу з пра́вай рукí Таго, Хто сядзе́ў на прасто́ле. І калі Ён узяў кнігу, тады чаты́ры жывёлы і два́ццаць чаты́ры ста́рцы ўпа́лі перад А́гнцам, і кожны з іх меў гу́слі і залаты́я ча́шы, поўныя фімія́му, — гэта малíтвы святы́х; і спява́юць новую песню, ка́жучы: Ты дасто́йны ўзяць кнігу і зняць пяча́ці яе; бо Ты быў зако́латы, і Крывёю Сваёю Ты вы́купіў нас для Бога з кожнага кале́на, і ро́ду, і наро́да, і пле́мені, і зрабіў нас цара́мі і свяшчэ́ннікамі Богу нашаму; і мы будзем ца́рстваваць на зямлі. І ба́чыў я, і чуў голас мно́ства А́нгелаў вакол прасто́ла, і жывёл, і ста́рцаў, і была́ колькасць іх — вялікае мно́ства і ты́сячы ты́сяч; яны гавары́лі гу́чным го́ласам: А́гнец зако́латы дасто́йны прыня́ць сíлу, і бага́цце, і му́драсць, і моц, і паша́ну, і сла́ву, і благаславе́нне. І кожнае стварэ́нне, якое ёсць на не́бе, і на зямлі, і пад зямлёю, і на мо́ры, і ўсё, што ў іх, чуў я, каза́ла: Таму, Хто сядзíць на прасто́ле, і А́гнцу — благаславе́нне, і паша́на, і сла́ва, і сіла на ве́кі вяко́ў. І чаты́ры жывёлы каза́лі: амíнь. І два́ццаць чаты́ры ста́рцы ўпа́лі і пакланíліся Таму, Хто жыве́ ў ве́кі вяко́ў.
І ўба́чыў я, што зняў А́гнец адну з сямí пяча́цяў, і я пачу́ў адну з чатыро́х жывёл, якая гавары́ла нíбы го́ласам гро́му: ідзí і глядзí. І ўба́чыў я: вось, конь белы, і той, хто сядзíць на ім, ма́е лук, і быў да́дзены яму вяне́ц; і вы́йшаў ён як перамо́жца і каб перамага́ць. І калі зняў Ён другу́ю пяча́ць, я пачу́ў другу́ю жывёлу, якая гавары́ла: ідзí і глядзí. І вы́йшаў другі конь, агнíста-чырво́ны; і таму, хто на ім сядзе́ў, да́дзена было́ забра́ць мір з зямлí, і каб адзін аднаго забіва́лі; і быў да́дзены яму меч вялікі. І калі зняў Ён трэ́цюю пяча́ць, я пачу́ў трэ́цюю жывёлу, якая гавары́ла: ідзí і глядзí. І ўба́чыў я: вось, конь чорны, і той, хто сядзíць на ім, ма́е ва́гі ў руцэ́ сваёй. І пачу́ў я го́лас сяро́д чатырох жывёл, які каза́ў: хíнікс пшанíцы за дына́рый і тры хíніксы ячме́ню за дына́рый; але́ю ж і віну́ не прычыня́й шко́ды. І калі зняў Ён чацвёртую пяча́ць, я пачу́ў голас чацвёртай жывёлы, якая гавары́ла: ідзí і глядзí. І ўба́чыў я: вось, конь сíвы, і сядзíць на ім той, імя́ якому смерць; і пе́кла ішло́ ўслед за ім, і да́дзена была́ яму ўла́да над чвэ́рцю зямлі — забіва́ць мячо́м, і го́ладам, і памо́рам, і звяра́мі зямны́мі. І калі зняў Ён пя́тую пяча́ць, я ўба́чыў пад ахвя́рнікам ду́шы забíтых за сло́ва Божае і за све́дчанне, якое ме́лі яны. І закрыча́лі яны гу́чным го́ласам, ка́жучы: даку́ль, Уладару́ святы́ і íсцінны, Ты не су́дзіш і не по́мсціш за кроў нашу жыхара́м зямлі? І да́дзена было́ кожнаму з іх адзе́нне белае, і ска́зана было́ ім, каб яны спачыва́лі яшчэ́ нядо́ўгі час, паку́ль дапо́ўняць іх лік і сурабо́тнікі іх і браты́ іх, якія бу́дуць забіты, як і яны. І ўба́чыў я, калі зняў Ён шо́стую пяча́ць: вось, зда́рылася землетрасе́нне вялікае, і со́нца зрабíлася чорным, як валасянíца, і ме́сяц зрабіўся, як кроў. І зоркі нябе́сныя ўпалі на зямлю́, як смако́ўніца скіда́е няспе́лыя плады́ свае, страсяну́тая мо́цным ве́трам. І неба знíкла, скруцíўшыся, як суво́й; і кожная гара́ і во́страў зру́шыліся з ме́сцаў сваіх. І цары́ зямны́я, і вяльмо́жы, і бага́тыя, і тысячанача́льнікі, і магу́тныя, і кожны раб, і кожны свабо́дны схава́ліся ў пячо́рах і ў го́рных ска́лах, і ка́жуць гара́м і ска́лам: упадзíце на нас і схава́йце нас ад аблíчча Таго, Хто сядзíць на прасто́ле, і ад гне́ву А́гнца; бо прыйшо́ў вялікі дзень гне́ву Яго, і хто можа ўстая́ць?
І пасля́ гэтага ўба́чыў я чатыро́х А́нгелаў, якія стая́лі на чатыро́х вугла́х зямлí і трыма́лі чаты́ры вятры́ зямлí, каб не дзьмуў ве́цер ні на зямлю́, ні на мо́ра, ні на якое дрэ́ва. І ўба́чыў я яшчэ́ аднаго А́нгела, які ўздыма́ўся з усхо́ду со́нца і меў пяча́ць Бога жыво́га. І ўсклíкнуў ён гу́чным го́ласам да чатыро́х А́нгелаў, якім да́дзена было́ рабіць шко́ду зямлí і мо́ру, ка́жучы: не рабíце шко́ды ні зямлí, ні мо́ру, ні дрэ́вам, пакуль не паста́вім пяча́ці раба́м Бога нашага на лбах іх. І я пачу́ў ко́лькасць адзна́чаных пяча́ццю: сто со́рак чаты́ры ты́сячы было́ адзна́чаных пяча́ццю з усіх кале́н сыно́ў Ізра́ілевых. З кале́на Іу́ды двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Рувíма двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Га́да двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Асíра двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Нефалíма двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Манасíі двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Сімяо́на двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Левíя двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Ісаха́ра двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Завуло́на двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Іо́сіфа двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Веніямíна двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю. Пасля́ гэтага ўба́чыў я: вось, вялíкі нато́ўп людзе́й, якога злічы́ць ніхто не мог, з кожнага пле́мені, і кале́н, і наро́даў, і моў; яны стая́ць перад прасто́лам і перад А́гнцам, апра́нутыя ў адзе́нні бе́лыя, і па́льмавыя галíнкі ў рука́х іх. І ўскліка́юць яны гу́чным го́ласам, ка́жучы: спасе́нне ў Бога нашага, Які сядзíць на прасто́ле, і ў А́гнца! І ўсе А́нгелы стая́лі вако́л прасто́ла і ста́рцаў і чатыро́х жывёл, і ўпа́лі яны ніц перад прасто́лам і пакланíліся Богу, ка́жучы: амíнь! благаславе́нне, і сла́ва, і праму́драсць, і падзя́ка, і паша́на, і сíла, і моц Богу нашаму на ве́кі вяко́ў! Амíнь. І загавары́ў адзін са ста́рцаў, звярта́ючыся да мяне: гэтыя апра́нутыя ў адзе́нні бе́лыя — хто яны і адку́ль прыйшлí? І я сказа́ў яму: ты ве́даеш, гаспада́р. І ён сказа́ў мне: гэта тыя, што прыйшлí ад вялíкага го́ра; яны абмы́лі адзе́нні свае́ і вы́белілі адзе́нні свае́ Крывёю А́гнца. За гэта яны знахо́дзяцца перад прасто́лам Бога і слу́жаць Яму дзень і ноч у хра́ме Яго, і Той, Хто сядзíць на прасто́ле, раскíне шацёр Свой над імі. У іх не будзе ўжо ні го́ладу, ні сма́гі, і не будзе палíць іх со́нца і нія́кая спёка; бо А́гнец, Які пасяро́д прасто́ла, будзе па́свіць іх і вадзíць іх на жывы́я крынíцы вод, і ўтрэ́ Бог кожную слязу́ з вачэ́й іх.
І калі Ён зняў сёмую пяча́ць, маўча́нне наста́ла на не́бе прыблíзна на паўгадзíны. І ўба́чыў я сем А́нгелаў, якія стая́лі перад Богам; і да́дзены ім былí сем труб. І прыйшо́ў іншы А́нгел і стаў каля ахвя́рніка, трыма́ючы залату́ю кадзíльніцу; і да́дзена было́ яму многа фімія́му, каб ён ускла́ў яго з малíтвамі ўсіх святы́х на залаты́ ахвя́рнік, што перад прасто́лам. І ўзнёсся дым фімія́му з малíтвамі святы́х ад рукí А́нгела перад Богам. І ўзяў А́нгел кадзíльніцу, і напо́ўніў яе агнём з ахвя́рніка, і кíнуў на зямлю́: і ўзнíклі гу́кі, і грамы́, і мала́нкі, і землетрасе́нні. І сем А́нгелаў, што ме́лі сем труб, прыгатава́ліся трубíць. І пе́ршы А́нгел затрубíў, і ўзнік град і агонь, змяша́ныя з крывёю, і былí кíнуты на зямлю́; і трэць дрэў згарэ́ла, і ўся трава́ зялёная згарэ́ла. І другí А́нгел затрубíў, і нíбы гара́ вялікая, агнём пала́ючы, абры́нулася ў мо́ра; і трэць мо́ра зрабíлася крывёю, і вы́мерла трэць стварэ́нняў, што жыву́ць у мо́ры, і трэць караблёў загíнула. І трэ́ці А́нгел затрубíў, і ўпа́ла з не́ба зо́рка вялíкая, пала́ючы, як фа́кел, і ўпа́ла на трэць рэк і на крынíцы вод. Імя́ гэтай зо́ркі — палы́н; і трэць вод зрабíлася як палы́н, і многія лю́дзі паме́рлі ад вод, бо яны ста́лі горкімі. І чацвёрты А́нгел затрубíў, і была́ пашко́джана трэць со́нца, і трэць ме́сяца, і трэць зо́рак, так што ста́ла цьмя́наю трэць іх, і дзень стра́ціў святло́ на трэць, такса́ма і ноч. І ўба́чыў я, і пачу́ў аднаго А́нгела, які ляце́ў пасяро́д не́ба і прамаўля́ў гу́чным го́ласам: го́ра, го́ра, го́ра жыхара́м зямлí ад аста́тніх тру́бных галасо́ў трох А́нгелаў, якія бу́дуць трубíць!
І пя́ты А́нгел затрубíў, і ўба́чыў я зо́рку, якая з не́ба ўпа́ла на зямлю́, і быў да́дзены ёй ключ ад кало́дзежа бе́здані. І адкры́ла яна кало́дзеж бе́здані, і ўзня́ўся дым з кало́дзежа, як дым з вялікай пе́чы; і ста́лі цьмя́нымі со́нца і паве́тра ад ды́му з кало́дзежа. А з ды́му вы́йшла саранча́ на зямлю́, і да́дзена ёй была́ ўла́да, якую ма́юць зямны́я скарпіёны. І ска́зана было́ ёй, каб не рабíла шко́ды траве́ зямно́й, і нія́кай зелянíне, і нія́каму дрэ́ву, а толькі адны́м лю́дзям, якія не ма́юць пяча́ці Божай на лбах сваіх. І да́дзена было́ ёй не забіва́ць іх, а толькі му́чыць пяць ме́сяцаў; і мучэ́нне ад яе — як мучэ́нне ад скарпіёна, калі ўджа́ліць чалаве́ка. І ў тыя дні лю́дзі бу́дуць шука́ць сме́рці, і не зно́йдуць яе; захо́чуць паме́рці, але смерць уцячэ́ ад іх. А з вы́гляду саранча́ была́ падо́бна да ко́ней, падрыхтава́ных для вайны́; і на гало́вах у яе нíбы вянкí, падо́бныя на зо́лата, і тва́ры ў яе, як тва́ры чалаве́чыя. І валасы́ ў яе, як валасы́ жано́чыя, і зу́бы ў яе былí, як у львоў. І па́нцыры ў яе, як па́нцыры жале́зныя, і шум кры́лаў яе, як шум каляснíц з мно́ствам ко́ней, якія бягу́ць на вайну́. І хвасты́ ў яе, як у скарпіёнаў, і ў хваста́х у яе былí джа́лы; і ўла́да ў яе — шко́дзіць лю́дзям пяць ме́сяцаў. Царо́м над сабою яна ме́ла а́нгела бе́здані; імя́ яго па-яўрэ́йску Аваддо́н, а па-грэ́часку імя́ яго Апалліён. Адно го́ра прайшло́; вось, ідуць за ім яшчэ́ два го́ры. І шо́сты А́нгел затрубíў, і пачу́ў я адзін го́лас ад чатыро́х раго́ў залато́га ахвя́рніка, які быў перад Богам; ён гавары́ў шо́стаму А́нгелу, які меў трубу́: развяжы́ чатыро́х А́нгелаў, звя́заных на вялікай рацэ́ Еўфра́т. І былí развя́заны чаты́ры А́нгелы, прыгатава́ныя на дзень, і гадзíну, і ме́сяц, і год, каб забíць трэць людзе́й. І лік ко́ннага во́йска быў дзве мірыя́ды мірыя́д; я чуў лік яго. І гэ́так уба́чыў я ў відзе́нні ко́ней і тых, што сядзе́лі на іх, ма́ючы на сабе па́нцыры во́гненныя, і гіяцы́нтавыя, і се́рныя; і гало́вы ў ко́ней, як гало́вы львоў, і з па́шчаў іх выхо́дзіў агонь, і дым, і се́ра. Ад гэтых трох бе́дстваў загíнула трэць людзе́й, ад агню́, і ды́му, і се́ры, што выхо́дзілі з па́шчаў іх. Бо сíла ко́ней заключа́лася ў па́шчах іх і ў хваста́х іх, бо хвасты́ іх падо́бны да змей з гало́вамі, і імі яны чы́няць шко́ду. Аста́тнія ж лю́дзі, якія не загíнулі ад бе́дстваў гэтых, так і не пака́яліся ў спра́вах рук сваіх і не пераста́лі пакланя́цца дэ́манам і íдалам, ні залаты́м, ні сярэ́браным, ні ме́дным, ні каме́нным, ні драўля́ным, якія не мо́гуць ні ба́чыць, ні чуць, ні хадзíць; і не пака́яліся яны ні ў забо́йствах сваіх, ні ў чарадзе́йствах сваіх, ні ў блу́дзе сваім, ні ў крадзяжа́х сваіх.
І ўба́чыў я яшчэ́ аднаго А́нгела мо́цнага, які сыхо́дзіў з не́ба, аху́таны во́блакам; над галаво́ю яго — вясёлка, і аблíчча яго — як со́нца, і но́гі яго — як слупы́ во́гненныя. І ў руцэ́ яго была́ кнíжка разго́рнутая; і паста́віў ён пра́вую нагу́ сваю на мо́ра, а ле́вую на зямлю́. І ўсклíкнуў гу́чным го́ласам, як рыка́е леў; і калі ён усклíкнуў, тады сем грамо́ў прамо́вілі галаса́мі сваíмі. І калі сем грамо́ў прамо́вілі галаса́мі сваімі, я хаце́ў быў піса́ць; але пачу́ў го́лас з не́ба, які каза́ў мне: запяча́тай тое, што прамо́вілі сем грамо́ў, і не пішы́ гэтага. І А́нгел, якога я ба́чыў, як стая́ў ён на мо́ры і на зямлí, узня́ў руку́ сваю́ да не́ба і кля́ўся Тым, Які жыве́ ў ве́кі вяко́ў, Які ствары́ў не́ба і ўсё, што на ім, зямлю́ і ўсё, што на ёй, і мо́ра і ўсё, што ў ім, — што ча́су ўжо не будзе; але ў тыя дні, калі прагучы́ць го́лас сёмага А́нгела, калі ён затру́біць, тады здзе́йсніцца та́йна Божая, як Ён дабраве́сціў раба́м Сваім, праро́кам. І го́лас, які пачу́ў я з не́ба, зноў загавары́ў са мною і сказа́ў: ідзі, вазьмí разго́рнутую кнíжку з рукí А́нгела, які стаíць на мо́ры і на зямлí. І я пайшо́ў да А́нгела і сказа́ў яму́: дай мне кнíжку. Ён сказа́ў мне: вазьмí і з’еш яе; яна будзе го́ркаю ў чэ́раве тваім, але ў ву́снах тваіх будзе сало́дкаю, як мёд. І ўзяў я кнíжку з рукí А́нгела і з’еў яе; і яна ў ву́снах маіх была́ сало́дкаю, як мёд; а калі з’еў яе, то го́рка ста́ла ў чэ́раве маім. І сказа́ў ён мне: табе́ нале́жыць зноў праро́чыць пра наро́ды, і плямёны, і мо́вы, і царо́ў мно́гіх.
І да́дзена была́ мне трысцíна, падо́бная да жазла́, і ска́зана: устань і зме́рай храм Божы і ахвя́рнік, і палічы́ тых, што пакланя́юцца ў ім; а зне́шні двор хра́ма абмінí і не ме́рай яго, бо ён да́дзены язы́чнікам: яны будуць тапта́ць святы́ го́рад со́рак два ме́сяцы. І дам двум све́дкам Маім, і яны будуць праро́чыць ты́сячу дзве́сце шэсцьдзяся́т дзён, апра́нутыя ў валасянíцу. Яны — дзве маслíны і два свяцíльнікі, што стая́ць перад Богам зямлí. І калі хто хоча прычынíць ім шко́ду, то агонь выхо́дзіць з ву́снаў іх і пажыра́е во́рагаў іх; і калі хто захо́ча прычынíць ім шко́ду, то яму нале́жыць так загíнуць. Яны ма́юць ула́ду зачынíць не́ба, каб не ішоў дождж на зямлю́ ў дні праро́цтва іх; і ма́юць ула́ду над во́дамі ператвара́ць іх у кроў і паража́ць зямлю́ ро́знымі бе́дствамі столькі, колькі яны захо́чуць. І калі зако́нчаць яны све́дчанне сваё, звер, што выхо́дзіць з бе́здані, усту́піць у бітву з імі, і перамо́жа іх, і заб’е́ іх, і тру́пы іх пакíне на ву́ліцы вялікага го́рада, які духо́ўна называ́ецца Садо́м і Егíпет, дзе і Гасподзь наш быў распя́ты. І мно́гія з наро́даў, і кале́н, і моў, і плямёнаў будуць глядзе́ць на тру́пы іх тры з пало́ваю дні і не дазво́ляць пакла́сці тру́пы іх у магíлу. І жыхары́ зямлí будуць ра́давацца гэтаму і весялíцца, і будуць пасыла́ць падару́нкі адзін аднаму; таму што два праро́кі гэтыя му́чылі жыхаро́ў зямлí. Але праз тры з пало́ваю дні ўвайшо́ў у іх дух жыцця́ ад Бога; і яны або́два ўста́лі на но́гі свае, і вялікі страх напа́ў на тых, што глядзе́лі на іх. І пачу́лі яны з не́ба гу́чны го́лас, які каза́ў ім: узыдзíце сюды. І яны ўзышлí на не́ба на во́блаку; і глядзе́лі на іх во́рагі іх. І ў той самы час адбыло́ся землетрасе́нне вялікае, і дзяся́тая ча́стка го́рада абры́нулася, і загíнула ад землетрасе́ння сем тысяч імён чалаве́чых; а аста́тнія былí ахо́плены стра́хам і ўзне́слі сла́ву Богу Нябе́снаму. Друго́е го́ра прайшло́; вось, надыхо́дзіць неўзаба́ве трэ́цяе го́ра. І сёмы А́нгел затрубíў, і пачу́ліся на не́бе гу́чныя галасы́, якія каза́лі: ца́рства све́ту ста́ла ца́рствам Госпада нашага і Хрыста Яго, і Ён будзе ца́рстваваць на ве́кі вяко́ў. І два́ццаць чаты́ры ста́рцы, што сядзе́лі перад Богам на прасто́лах сваіх, упа́лі на аблíччы свае́ і пакланíліся Богу, ка́жучы: дзя́куем Табе, Госпадзі Божа Уседзяржы́цель, Які ёсць, і быў, і ма́еш прыйсці, што Ты прыня́ў сíлу Тваю вялікую і стаў ца́рстваваць. І разгне́валіся язы́чнікі; і прыйшо́ў гнеў Твой і час судзíць мёртвых і даць узнагаро́ду раба́м Тваім, праро́кам, і святы́м, і тым, што бая́цца íмені Твайго, малы́м і вялíкім, і знíшчыць тых, хто знішча́е зямлю́. І адчынíўся храм Божы на не́бе, і стаў ба́чны каўчэ́г запаве́ту Яго ў хра́ме Яго; і былí мала́нкі, і гу́кі, і грамы́, і землетрасе́нні, і град вялікі.
І знаме́нне вялікае з’явíлася на не́бе: жанчы́на, апра́нутая ў со́нца; і пад нага́мі ў яе — ме́сяц, і на галаве́ ў яе — вяне́ц з двана́ццаці зо́рак. І яна ма́е ва ўло́нні і крычы́ць ад бо́лю і паку́т ро́давых. І з’явíлася друго́е знаме́нне на не́бе: вось, драко́н вялікі агнíста-чырво́ны з сямю́ гало́вамі і дзесяццю́ рага́мі, і на гало́вах яго сем дыядэ́м. І хвост яго змята́е трэць зо́рак з не́ба, і ён кíнуў іх на зямлю́. І драко́н стаў перад жанчы́наю, якая ме́лася нарадзíць, каб, калі яна наро́дзіць, зжэ́рці дзіця́ яе. І нарадзíла яна сы́на, дзіця́ мужчы́нскага по́лу, якому нале́жыць па́свіць усе наро́ды жазло́м жале́зным; і ўзне́сена было́ дзіця́ яе да Бога і прасто́ла Яго. А жанчы́на ўцякла́ ў пусты́ню, дзе было́ месца, падрыхтава́нае Богам, каб там кармíлі яе ты́сячу дзве́сце шэсцьдзяся́т дзён. І адбыла́ся вайна́ на не́бе: Міхаíл і А́нгелы яго ваява́лі су́праць драко́на, а драко́н і а́нгелы яго ваява́лі су́праць іх, але не адо́лелі, і не знайшло́ся ўжо ім ме́сца на не́бе. І зры́нуты быў драко́н вялікі, змей старажы́тны, называ́ны дыя́валам і сатано́ю, які ўво́дзіць у зман увесь свет, — быў зры́нуты на зямлю́, і а́нгелы яго былí зры́нуты з ім. І пачу́ў я го́лас гу́чны на не́бе, які гавары́ў: цяпер наста́ла спасе́нне, і сíла, і ца́рства Бога нашага і ўла́да Хрыста Яго, бо зры́нуты абвінава́ўца брато́ў нашых, які абвінава́чваў іх перад Богам нашым дзень і ноч. І яны перамаглí яго крывёю А́гнца і сло́вам све́дчання свайго і не любíлі жыцця́ свайго насто́лькі, каб бая́цца сме́рці. Таму весялíцеся, нябёсы і насе́льнікі іх! Го́ра жыхара́м зямлí і мо́ра, бо сышо́ў да вас ды́явал у вялікай лю́тасці, ве́даючы, што нямно́га ў яго ча́су. І калі драко́н уба́чыў, што зры́нуты на зямлю́, то пача́ў перасле́даваць тую жанчы́ну, якая нарадзíла дзіця́ мужчы́нскага по́лу. І да́дзены былí жанчы́не два крылы́ арла́ вялікага, каб ляце́ла яна ў пусты́ню, у ме́сца сваё, і там кармíлася час, часы́ і пало́ву ча́су, далёка ад аблíчча зме́я. І пусцíў змей з па́шчы сваёй усле́д жанчы́не ваду́ як раку́, каб зне́сла яе рако́ю. Але зямля́ дапамагла́ жанчы́не, і адкры́ла зямля́ ву́сны свае́, і паглыну́ла раку́, якую пусціў драко́н з па́шчы сваёй. І разгне́ваўся драко́н на жанчы́ну і пайшо́ў, каб ве́сці вайну су́праць аста́тніх з се́мені яе — тых, што захо́ўваюць за́паведзі Божыя і ма́юць све́дчанне Іісуса Хрыста.
І стаў я на пяску́ марскíм і ўба́чыў зве́ра, які выхо́дзіў з мо́ра і які меў сем гало́ў і дзе́сяць раго́ў; і на рага́х яго — дзе́сяць дыядэ́м, і на гало́вах яго — імёны богазневажа́льныя. І звер, якога я ба́чыў, быў падо́бны да леапа́рда; і но́гі ў яго — як у мядзве́дзя, і па́шча яго — як па́шча льва; і даў яму драко́н сілу сваю, і прасто́л свой, і ўла́ду вялíкую. І ўба́чыў я, што адна з гало́ў яго нібы́та смяро́тна пара́нена, але смяро́тная ра́на яго загаíлася. І ў здзіўле́нні ўся зямля́ пайшла́ за зве́рам; і пакланíліся драко́ну, які даў ула́ду зве́ру, і пакланíліся зве́ру, ка́жучы: хто́ падо́бны да гэтага зве́ра? і хто́ можа ўступíць у бíтву з ім? І да́дзена было́ яму прамаўля́ць пыхлíва і богазнява́жліва, і да́дзена была́ яму ўла́да дзе́йнічаць со́рак два ме́сяцы. І адкры́ў ён па́шчу сваю для зневажа́ння Бога, каб зневажа́ць імя́ Яго, і жыллё Яго, і жыхаро́ў не́ба. І да́дзена было́ яму ве́сці вайну́ са святы́мі і перамагчы́ іх; і да́дзена была́ яму ўла́да над усякім кале́нам, і наро́дам, і мо́ваю, і пле́менем. І пакло́няцца яму ўсе, хто жыве́ на зямлí, чые́ імёны не напíсаны ў кнíзе жыцця́ ў А́гнца, зако́латага ад стварэ́ння све́ту. Хто ма́е ву́ха, няха́й чу́е. Хто ў пало́н бярэ́, той сам у пало́н по́йдзе; хто мячо́м забіва́е, таму нале́жыць мячо́м быць забíтым. Тут сто́йкасць і ве́ра святы́х. І ўба́чыў я друго́га зве́ра, які выхо́дзіў з зямлí; і ён меў два ро́гі, падо́бныя да ягня́чых, а гавары́ў, як драко́н. І ён дзе́йнічае з усёю ўла́даю пе́ршага зве́ра перад ім і прымуша́е ўсю зямлю́ і жыхаро́ў яе пакланя́цца пе́ршаму зве́ру, у якога загаíлася смяро́тная ра́на яго; і здзяйсня́е знаме́нні вялікія, так што і агонь зво́дзіць з не́ба на зямлю́ перад людзьмí. І падма́нвае ён жыхаро́ў зямлí тымі знаме́ннямі, якія да́дзена было́ яму́ здзяйсня́ць перад зве́рам, ка́жучы жыхара́м зямлі, каб яны зрабíлі выя́ву зве́ра, які ма́е ра́ну ад мяча́ і заста́ўся жывы́. І да́дзена было́ яму́ ўкла́сці дух у выя́ву звера, каб выя́ва зве́ра і загавары́ла, і зрабíла так, каб кожны, хто не будзе пакланя́цца выя́ве зве́ра, быў забíты. І ён зро́біць так, каб усім — малы́м і вялíкім, бага́тым і бе́дным, свабо́дным і раба́м — паста́ўлена было́ кляймо́ на пра́вую руку́ іх альбо́ на лоб іх, і каб не мог ні купля́ць, ні прадава́ць ніхто, акрамя́ таго, хто ма́е кляймо́, або імя́ зве́ра, або лíчбу íмені яго. Тут патрэ́бна му́драсць. Хто ма́е ро́зум, той няха́й вы́лічыць лíчбу зве́ра, бо гэ́тая лíчба чалаве́чая; і лíчба яго шэсцьсо́т шэсцьдзяся́т шэсць.
І ўба́чыў я: вось, А́гнец стаіць на гары́ Сіён, і з Ім сто со́рак чаты́ры ты́сячы, якíя ма́юць імя́ Айца́ Яго, напíсанае на лбах сваіх. І пачу́ў я го́лас з не́ба, бы́ццам шум мно́ства вод і бы́ццам гук гро́му вялíкага; і пачу́ў го́лас бы́ццам гусляро́ў, што гра́лі на гу́слях сваіх. Яны спява́юць нíбы пе́сню но́вую перад прасто́лам і перад чатырма́ жывёламі і ста́рцамі; і ніхто не мог навучы́цца той пе́сні, акрамя́ гэтых ста сарака́ чатыро́х ты́сяч, вы́купленых з зямлí. Гэта тыя, што не апага́ніліся з жанчы́намі, бу́дучы цнатлíвымі; гэта тыя, што іду́ць усле́д за А́гнцам, куды б Ён ні пайшо́ў. Яны вы́куплены з асяро́ддзя людзе́й, як пе́ршынцы Богу і А́гнцу, і ў ву́снах іх не знайшло́ся хíтрасці, бо яны беззага́нныя перад прасто́лам Божым. І ўба́чыў я íншага А́нгела, які ляце́ў пасяро́д не́ба і меў ве́чнае Дабраве́сце, каб дабраве́сціць жыхара́м зямлí і ко́жнаму пле́мені, і кале́ну, і мо́ве, і наро́ду; і гавары́ў ён гу́чным го́ласам: бо́йцеся Бога і ўзнясíце Яму сла́ву, бо наста́ла гадзíна суда́ Яго; і пакланíцеся Таму, Хто ствары́ў не́ба, і зямлю́, і мо́ра, і крынíцы вод. І другі А́нгел ляце́ў усле́д за ім, гаво́рачы: паў, паў Вавіло́н, го́рад вялікі, бо ён віно́м я́расці блу́ду свайго напаíў усе наро́ды. І трэ́ці А́нгел ляце́ў усле́д за імі, гаво́рачы гу́чным го́ласам: хто пакланя́ецца зве́ру і выя́ве яго і прыма́е кляймо́ на лоб свой альбо́ на руку́ сваю, той будзе піць віно́ я́расці Божай, якое прыгатава́на неразба́ўленым у ча́шы гне́ву Яго, і будзе му́чаны ў агнí і се́ры перад святы́мі А́нгеламі і перад А́гнцам. І дым мучэ́ння іх будзе ўздыма́цца на ве́кі вяко́ў, і не бу́дуць мець спако́ю ні ўдзень, ні ўначы́ тыя, што пакланя́юцца зве́ру і выя́ве яго і прыма́юць кляймо́ íмені яго. Тут патрэ́бна сто́йкасць святы́х, якія захо́ўваюць за́паведзі Божыя і ве́ру ў Іісуса. І пачу́ў я го́лас з не́ба, які гавары́ў мне: напішы́: «з гэ́тага ча́су блажэ́нныя мёртвыя, якія паміра́юць у Госпадзе; так, ка́жа Дух, няха́й яны́ адпачну́ць ад пра́цы сваёй, бо спра́вы іх ідуць усле́д за імі». І ўба́чыў я: вось во́блака бе́лае, і на во́блаку сядзíць падо́бны да Сы́на Чалаве́чага; на галаве́ Яго — вяне́ц залаты́, і ў руцэ́ Яго — серп во́стры. І íншы А́нгел вы́йшаў з хра́ма і ўсклíкнуў гу́чным го́ласам, звярта́ючыся да Таго, Хто сядзе́ў на во́блаку: пашлí серп Твой і пажнí, таму што прыйшла́ пара́ жніва́, бо ўраджа́й на зямлí паспе́ў. І Той, Хто сядзе́ў на во́блаку, кíнуў серп Свой на зямлю́, і зямля́ была́ зжа́та. І íншы А́нгел вы́йшаў з хра́ма, што на не́бе, і ён такса́ма меў серп во́стры. І íншы А́нгел, які меў ула́ду над агнём, вы́йшаў ад ахвя́рніка і ўсклíкнуў во́клічам гу́чным, звярта́ючыся да таго, што меў серп во́стры, ка́жучы: пашлі серп твой во́стры і зрэж гро́нкі вінагра́ду на зямлí, бо паспе́лі гро́нкі яго. І кíнуў А́нгел серп свой на зямлю́, і зрэ́заў вінагра́д на зямлí, і кíнуў у вялікую выціска́льню я́расці Божай. І патапта́ны былí я́гады ў выціска́льні за го́радам, і пацякла́ кроў з выціска́льні аж да вуздэ́чак ко́нскіх, на ты́сячу шэсцьсо́т ста́дыяў.
І ўба́чыў я íншае знаме́нне на не́бе, вялíкае і дзіво́снае: сем А́нгелаў, якія ма́юць сем бе́дстваў апо́шніх, бо імі завярша́лася я́расць Божая. І ўба́чыў я нíбы мо́ра шкляно́е, змяша́нае з агнём, і тых, што перамаглí зве́ра, і выя́ву яго, і кляймо́ яго, і лíчбу íмені яго; яны стая́ць на мо́ры шкляны́м, трыма́ючы гу́слі Божыя, і спява́юць пе́сню Маісе́я, раба́ Божага, і пе́сню А́гнца, прамаўля́ючы: «вялíкія і дзіво́сныя спра́вы Твае, Госпадзі Божа Уседзяржы́целю! пра́ведныя і íсцінныя шляхí Твае, Цару́ святы́х! Хто не пабаíцца Цябе, Госпадзі, і не прасла́віць імя́ Тваё? бо Ты адзіны — святы́. Усе наро́ды пры́йдуць і ўпаду́ць ніц перад Табою, бо адкры́ліся суды́ Твае». І пасля гэтага ўба́чыў я: вось, адчынíўся храм скíніі све́дчання на не́бе. І вы́йшлі з хра́ма сем А́нгелаў, што ме́лі сем бе́дстваў, апра́нутыя ў чы́стае і све́тлае льняно́е адзе́нне і апераза́ныя на грудзя́х залаты́мі паяса́мі. І адна з чатыро́х жывёл дала́ сямí А́нгелам сем залаты́х чаш, напо́ўненых я́расцю Бога, Які жыве́ ў ве́кі вяко́ў. І напо́ўніўся храм ды́мам ад сла́вы Божае і ад сілы Яго, і ніхто не мог увайсцí ў храм, паку́ль не ско́нчыліся сем бе́дстваў сямí А́нгелаў.
І пачу́ў я з хра́ма гу́чны го́лас, які каза́ў сямí А́нгелам: ідзíце і вы́ліце сем чаш я́расці Божай на зямлю́. І пайшо́ў пе́ршы А́нгел і вы́ліў ча́шу сваю́ на зямлю́: і з’явíліся балю́чыя і шко́дныя гно́йныя ра́ны на лю́дзях, якія ме́лі кляймо́ зве́ра і пакланя́ліся выя́ве яго. І другí А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў мо́ра: і з’явíлася кроў, бы́ццам з мёртвага, і ўсякая душа́ жыва́я паме́рла ў мо́ры. І трэ́ці А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў рэ́кі і крынíцы вод: і з’явíлася кроў. І пачу́ў я А́нгела вод, які каза́ў: пра́ведны Ты, Госпадзі, Які ёсць, і быў, і святы́, таму што прысудзíў так; пако́лькі яны пралілí кроў святы́х і праро́каў, то і Ты даў ім піць кроў; яны ва́ртыя таго. І пачу́ў я іншага, які гавары́ў з ахвя́рніка: так, Госпадзі Божа Уседзяржы́целю, íсцінныя і пра́ведныя суды́ Твае. І чацвёрты А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ на со́нца: і да́дзена яму было́ палíць людзе́й агнём. І былí апа́лены лю́дзі мо́цнаю спёкаю, і яны зневажа́лі імя́ Бога, Які ма́е ўла́ду над гэтымі бе́дствамі, і не пака́яліся яны і не ўзне́слі Яму сла́вы. І пя́ты А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ на прасто́л зве́ра: і зрабíлася ца́рства яго змро́чным, і куса́лі лю́дзі языкí свае́ ад бо́лю, і зневажа́лі яны Бога Нябе́снага з-за бо́лю свайго і ран сваіх, і не пака́яліся яны ў спра́вах сваіх. І шо́сты А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў вялíкую раку́ Еўфра́т: і вы́сахла вада́ ў ёй, каб гато́вы быў шлях цара́м, якія з усхо́ду со́нца. І я ба́чыў, як выхо́дзілі з ву́снаў драко́на, і з ву́снаў зве́ра, і з ву́снаў ілжэпраро́ка тры ду́хі нячы́стыя, падо́бныя да жаб: гэта дэ́манскія ду́хі, што ро́бяць знаме́нні; яны выхо́дзяць да царо́ў усяго све́ту, каб сабра́ць іх на бíтву ў той вялікі дзень Бога Уседзяржы́целя. «Вось, іду, як зло́дзей»: блажэ́нны, хто не спіць і зберагае адзе́нне сваё, каб не хадзíць яму го́лым і каб не ба́чылі со́раму яго. І ён сабра́ў іх у ме́сца, якое называ́ецца па-яўрэ́йску Армагедо́н. І сёмы А́нгел вы́ліў ча́шу сваю́ ў паве́тра: і з хра́ма нябе́снага ад прасто́ла пачу́ўся го́лас гу́чны, які сказа́ў: здзе́йснілася! І былí мала́нкі, і грамы́, і гу́кі, і адбыло́ся землетрасе́нне вялíкае, якога не быва́ла з таго часу, як лю́дзі з’явíліся на зямлí. Такое мо́цнае землетрасе́нне! Такое вялíкае! І го́рад вялíкі распа́ўся на тры ча́сткі, і гарады́ язы́чніцкія ру́хнулі, і Вавіло́н вялікі быў згада́ны перад Богам, каб была́ да́дзена яму ча́ша віна́ я́расці гне́ву Яго. І кожны во́страў знік, і гор не ста́ла; і град вялíкі, ваго́ю з тала́нт, вы́паў з не́ба на людзе́й; і зневажа́лі лю́дзі Бога за бе́дства ад гра́ду, бо ве́льмі ця́жкім было́ бе́дства ад яго.
І прыйшо́ў адзін з сямí А́нгелаў, якія ме́лі сем чаш, і пача́ў гавары́ць са мною, ка́жучы мне: хадзí сюды́, я пакажу́ табе́ суд над блуднíцаю вялíкаю, якая сядзíць на во́дах мно́гіх; з ёю блудадзе́йнічалі цары́ зямны́я, і віно́м яе блудадзе́йства ўпіва́ліся жыхары́ зямлí. І ён перанёс мяне́ ў ду́ху ў пусты́ню; і ўба́чыў я жанчы́ну, якая сядзе́ла на зве́ры чырво́ным, по́ўным імён богазневажа́льных; ён меў сем гало́ў і дзе́сяць раго́ў. І жанчы́на апра́нута была́ ў парфíру і пу́рпур, і ўпрыго́жана зо́латам, кашто́ўнымі камяня́мі і жэ́мчугам, і трыма́ла залату́ю ча́шу ў руцэ́ сваёй, напо́ўненую брыдо́тамі і нечыстато́ю блудадзе́йства яе; і на лбе ў яе напíсана імя́ — таямнíца: Вавіло́н вялíкі, ма́ці блуднíц і брыдо́т зямны́х. І ўба́чыў я, што жанчы́на п’я́ная ад крывí святы́х і ад крывí све́дкаў Іісу́савых, і, ба́чачы яе, здзіўля́ўся я здзіўле́ннем вялíкім. І сказа́ў мне А́нгел: чаго ты здзівíўся? я раскажу́ табе таямнíцу жанчы́ны гэтай і зве́ра, які но́сіць яе і ма́е сем галоў і дзе́сяць раго́ў. Звер, якога ты ба́чыў, быў, і няма́ яго; і ма́е вы́йсці ён з бе́здані і по́йдзе ў пагíбель; і тыя жыхары́ зямлí, імёны якіх не ўпíсаны ў кнíгу жыцця́ ад пача́тку све́ту, здзíвяцца, гле́дзячы на зве́ра, што ён быў, і няма́ яго, і ён з’я́віцца. Тут патрэ́бны ро́зум, які ма́е му́драсць. Сем гало́ў — гэта сем гор, на якіх сядзíць жанчы́на, і гэта сем царо́ў, з якіх пяць загíнулі, адзін ёсць, а другі яшчэ́ не прыйшо́ў, і калі пры́йдзе, то нядо́ўга ён ма́е застава́цца. І звер, які быў і якога няма́, ён — і во́сьмы, і з шэ́рагу сямí, і по́йдзе ён у пагíбель. І дзе́сяць раго́ў, якія ты ба́чыў, — гэта дзе́сяць царо́ў, што яшчэ́ не атрыма́лі ца́рства, але пры́муць ула́ду як цары́ на адну́ гадзíну, ра́зам са зве́рам. Яны ма́юць адзíны наме́р і перададу́ць сваю сíлу і ўла́ду зве́ру. Яны бу́дуць ваява́ць су́праць А́гнца, і А́гнец перамо́жа іх, бо Ён — Улада́р над уладара́мі і Цар над цара́мі, і тыя, хто з Ім, — гэта паклíканыя, і абра́ныя, і ве́рныя. І ка́жа мне: во́ды, якія ты ба́чыў, дзе сядзíць блуднíца, — гэта лю́дзі і наро́ды, і плямёны і мо́вы. І дзе́сяць раго́ў, якія ты ба́чыў на зве́ры, узненавíдзяць блуднíцу, і спусто́шаць яе, і аго́ляць, і це́ла яе з’яду́ць, і спа́ляць яе ў агнí; таму што Бог пакла́ў ім на сэ́рца вы́канаць во́лю Яго, вы́канаць адну во́лю і адда́ць ца́рства іх зве́ру, паку́ль не здзе́йсняцца сло́вы Божыя. А жанчы́на, якую ты ба́чыў, гэта го́рад вялíкі, што цару́е над цара́мі зямлí.
Пасля́ гэтага ўба́чыў я іншага А́нгела, які сыхо́дзіў з не́ба і меў ула́ду вялíкую; і зямля́ асвятлíлася ад сла́вы яго. І ўсклíкнуў ён мо́цна, гу́чным го́ласам ка́жучы: паў, паў Вавіло́н, вялíкая блуднíца, і стаў жытло́м дэ́манаў, і цямнíцаю для ўсякага ду́ха нячы́стага, і цямнíцаю для ўсякага пта́ства нячы́стага і агíднага; таму што віно́м я́расці блу́ду свайго напаíла яна ўсе наро́ды; і цары́ зямны́я блудадзе́йнічалі з ёю, і купцы́ зямны́я разбагаце́лі ад вялíкай раско́шы яе. І пачу́ў я іншы го́лас з не́ба, які каза́ў: вы́йдзі ад яе, наро́д Мой, каб не саўдзе́льнічаць вам у граха́х яе і каб не спасцíглі вас бе́дствы яе; бо грахí яе дасягну́лі да не́ба, і згада́ў Бог злачы́нствы яе. Адплацíце ёй так, як яна плацíла вам, і ўдвая́ адда́йце ёй паво́дле спраў яе; у ча́шу, у якую наліва́ла яна віно́, налíце ёй удвая́. Колькі праслаўля́ла яна сябе і раскашава́ла, столькі да́йце ёй паку́т і го́ра. Бо яна ка́жа ў сэ́рцы сваім: «сяджу́ як цары́ца, і не ўдава́ я, і не ўба́чу го́ра!» За гэта ў адзін дзень пры́йдуць бе́дствы на яе, смерць, і го́ра, і го́лад, і будзе спа́лена агнём, таму што мо́цны Гасподзь Бог, Які су́дзіць яе. І будуць пла́каць і рыда́ць па ёй цары́ зямны́я, якія блудадзе́йнічалі і раскашава́лі з ёю, калі ўба́чаць дым спале́ння яе, сто́ячы во́ддаль з-за стра́ху ад паку́т яе і ка́жучы: го́ра, го́ра табе, го́рад вялíкі Вавіло́н, го́рад мо́цны! бо ў адзін мо́мант прыйшло́ асуджэ́нне табе! І купцы́ зямны́я будуць пла́каць і тужы́ць па ёй, бо тава́раў іх больш ніхто не купля́е, тава́раў зо́лата, і срэ́бра, і камянёў кашто́ўных, і жэ́мчугу, і вісо́ну, і парфíры, і шо́ўку, і пу́рпуру, і ўсякага дрэ́ва духмя́нага, і ўсякага вы́рабу са слано́вай ко́сці, і ўсякага вы́рабу з дрэ́ва кашто́ўнага, і з ме́дзі, і з жале́за, і з марму́ру, і кары́цы, і фімія́му, і мíра, і ла́дану, і віна́, і але́ю, і мукí, і пшанíцы, і буйно́й скацíны, і аве́чак, і ко́ней, і каляснíц, і цел і душ чалаве́чых. І пладо́ў, якіх жада́е душа́ твая, не ста́ла ў цябе, і ўсяго тлу́стага і раско́шнага не ста́ла ў цябе, і ты ўжо не зно́йдзеш гэтага. Хто гандлява́ў гэтым, хто ўзбагацíўся ад яе, ста́нуць во́ддаль, з-за стра́ху ад паку́т яе, пла́чучы, і смутку́ючы, і ка́жучы: го́ра, го́ра табе, го́рад вялíкі, убра́ны ў вісо́н, і парфíру, і пу́рпур і аздо́блены зо́латам, і камяня́мі кашто́ўнымі, і жэ́мчугам, бо ў адзін мо́мант знíкла такое бага́цце! І кожны стырнавы́, і ўсе, што плыву́ць на карабля́х, і маракí, і ўсе, хто гандлю́е на мо́ры, ста́лі во́ддаль і крыча́лі, гле́дзячы на дым спале́ння яе і ка́жучы: якí горад падо́бны на гэ́ты го́рад вялíкі? І пасы́палі по́пелам гало́вы свае́ і крыча́лі, пла́чучы і смутку́ючы, і каза́лі: го́ра, го́ра табе, го́рад вялíкі, кашто́ўнасцямі якога ўзбагацíліся ўсе, хто ма́е караблí на мо́ры, таму што ў адзін мо́мант ты быў спусто́шаны. Ра́дуйся гэтаму, не́ба, і святы́я Апо́сталы, і праро́кі, бо здзе́йсніў Бог суд ваш над ім. І адзін мо́цны А́нгел узяў ка́мень, падо́бны на вялíкі жаро́н, і кíнуў у мо́ра, ка́жучы: з такою сíлаю бу́дзе нізры́нуты Вавіло́н, вялікі го́рад, і ўжо не будзе яго. І го́ласу гусляро́ў, і спевако́ў, і жале́йшчыкаў, і трубачо́ў ужо не будзе чува́ць у табе; і нія́кага раме́сніка, і нія́кага рамяства́ ўжо не будзе ў табе, і гу́ку ад жо́рнаў ужо не будзе чува́ць у табе; і святло́ свяцíльніка ўжо не з’я́віцца ў табе; і го́ласу жаніха́ і няве́сты ўжо не будзе чува́ць у табе; таму што купцы́ твае былí вяльмо́жамі зямны́мі, і чарадзе́йствам тваім уве́дзены ў зман усе наро́ды. І ў ім зно́йдзена кроў праро́каў, і святы́х, і ўсіх забíтых на зямлí.
Пасля́ гэ́тага пачу́ў я нíбы го́лас гу́чны вялíкага мно́ства людзе́й на не́бе, якія каза́лі: алілу́ія! спасе́нне, і сла́ва, і го́нар, і сíла Госпаду Богу нашаму! Таму што íсцінныя і пра́ведныя суды́ Яго; бо Ён асудзíў ту́ю блуднíцу вялíкую, якая разбэ́сціла зямлю́ блу́дам сваім, і спагна́ў Ён за кроў рабо́ў Сваіх ад рукí яе. І другí раз прамо́вілі яны: алілу́ія! І дым ад яе ўздыма́ўся на ве́кі вяко́ў. І два́ццаць чаты́ры ста́рцы і чаты́ры жывёлы ўпа́лі і пакланíліся Богу, Які сядзíць на прасто́ле, і каза́лі: амíнь! алілу́ія! І ад прасто́ла разда́ўся го́лас, які каза́ў: хвалíце Бога нашага, усе рабы́ Яго і тыя, што бая́цца Яго, малы́я і вялíкія. І пачу́ў я нíбы го́лас вялікага мно́ства людзе́й, і нíбы шум вод многіх, і нíбы гук грамо́ў мо́цных, якія гавары́лі: алілу́ія! бо стаў ца́рстваваць Гасподзь Бог Уседзяржы́цель. Узра́дуемся, і ўзвесялíмся, і ўзнясём сла́ву Яму; бо наста́ла вясе́лле А́гнца і жо́нка Яго падрыхтава́ла сябе. І да́дзена ёй было́ апрану́цца ў вісо́н чы́сты і све́тлы; вісо́н жа — гэта пра́веднасць святы́х. І сказа́ў мне А́нгел: напішы́: «блажэ́нныя тыя, хто паклíканы на вясе́льную вячэ́ру А́гнца». І ка́жа мне: гэта íсцінныя сло́вы Бога. І ўпаў я да ног яго, каб пакланíцца яму. Але ён сказаў мне: глядзí, не рабí гэтага; я такі ж раб, як ты і браты́ твае, што ма́юць све́дчанне Іісу́сава; Богу пакланíся, бо све́дчанне Іісу́сава — дух праро́цтва. І ўба́чыў я не́ба раскры́тае, і вось конь бе́лы, і Той, Хто сядзíць на ім, Ве́рны і Ісцінны, і Ён пра́ведна су́дзіць і вядзе́ вайну. Во́чы ж Яго — як по́лымя во́гненнае, і на галаве́ ў Яго мно́ства дыядэ́м; Ён ма́е імя́ напíсанае, якога ніхто не ве́дае, а толькі Ён Сам. І апра́нуты Ён у адзе́нне акрыва́ўленае. І называ́ецца Ён íмем «Слова Божае». І во́інствы нябе́сныя ру́халіся ўслед за Ім на ко́нях бе́лых, апра́нутыя ў вісо́н бе́лы і чы́сты. І з ву́снаў Яго выхо́дзіць меч во́стры, каб ім паразíць наро́ды. І Ён па́свіць іх жазло́м жале́зным; і то́пча Ён выціска́льню віна́ я́расці і гне́ву Бога Уседзяржы́целя. І ма́е Ён на адзе́нні і на сцягне́ Сваім імя́ напíсанае: «Цар над цара́мі і Улада́р над уладара́мі». І ўба́чыў я аднаго́ А́нгела, які стая́ў на со́нцы; і ён усклíкнуў гу́чным го́ласам, ка́жучы ўсім пту́шкам, што ляце́лі высо́ка ў не́бе: ляцíце, збіра́йцеся на вялíкую вячэ́ру Божую, каб з’е́сці це́лы царо́ў, і це́лы тысячанача́льнікаў, і це́лы мо́цных, і це́лы ко́ней і тых, што сядзя́ць на іх, і це́лы ўсіх свабо́дных і рабо́ў, і малы́х і вялíкіх. І ўба́чыў я зве́ра, і царо́ў зямны́х, і во́йскі іх, сабра́ныя, каб уступíць у бíтву з Тым, Хто сядзíць на канí, і з во́інствам Яго. І схо́плены быў звер і з ім ілжэпраро́к, што здзяйсня́ў перад ім знаме́нні, якімі ён увёў у зман тых, што прынялí кляймо́ зве́ра і пакланя́ліся выя́ве яго; або́два жывы́мі былí ўкíнуты ў во́зера во́гненнае, што гарэ́ла се́раю. А аста́тнія былí забíты мячо́м, што выхо́дзіў з ву́снаў Таго, Хто сядзíць на канí; і ўсе пту́шкі нае́ліся це́ламі іх.
І ўба́чыў я А́нгела, які сыхо́дзіў з не́ба і меў ключ ад бе́здані і ланцу́г вялíкі ў руцэ́ сваёй. І схапíў ён драко́на, зме́я старажы́тнага, які ёсць дыя́вал і сатана́, і звяза́ў яго на ты́сячу гадо́ў, і ўкíнуў яго ў бе́здань, і замкну́ў яго, і запяча́таў яго зве́рху, каб ён ужо не ўво́дзіў у зман наро́ды, паку́ль не ско́нчыцца ты́сяча гадо́ў; а пасля́ гэтага ён ма́е быць вы́звалены на каро́ткі час. І ўба́чыў я прасто́лы і тых, што се́лі на іх, і ім да́дзена было́ судзíць, і ўба́чыў ду́шы абезгало́ўленых за све́дчанне Іісуса і за сло́ва Божае, і тых, што не пакланíліся зве́ру і выя́ве яго і не прынялí кляйма́ на лоб свой і на руку́ сваю́. І яны ажылí і ца́рствавалі з Хрыстом ты́сячу гадоў. Аста́тнія ж паме́рлыя не ажылí, паку́ль не ско́нчыцца ты́сяча гадо́ў. Гэта — ўваскрасе́нне пе́ршае. Блажэ́нны і святы́ той, хто ма́е ўдзел ва ўваскрасе́нні пе́ршым: над імі смерць друга́я не ма́е ўла́ды, а бу́дуць яны свяшчэ́ннікамі Бога і Хрыста́ і будуць ца́рстваваць з Ім ты́сячу гадо́ў. І калі ско́нчыцца ты́сяча гадо́ў, то будзе вы́звалены сатана́ з цямнíцы сваёй і вы́йдзе, каб уве́сці ў зман наро́ды на чатыро́х вугла́х зямлí, Го́га і Маго́га, і сабра́ць іх на бíтву; ко́лькасць іх — як пясо́к марскí. І вы́йшлі яны на абша́ры зямлí і акружы́лі стан святы́х і го́рад узлю́блены. І ўпаў агонь з не́ба ад Бога і пажэ́р іх. А дыя́вал, які ўво́дзіў іх у зман, быў укíнуты ў во́зера во́гненнае і се́рнае, дзе звер і лжэпраро́к, і будуць яны му́чыцца дзень і ноч на ве́кі вяко́ў. І ўба́чыў я вялíкі бе́лы прасто́л і Таго, Хто сядзíць на ім, ад аблíчча Якога ўцяка́ла не́ба і зямля́, і не знайшло́ся ме́сца ім. І ўба́чыў я мёртвых, малы́х і вялíкіх, што стая́ць перад Богам, і кнíгі былí разго́рнуты; і яшчэ́ адна́ кнíга была́ разго́рнута — кнíга жыцця́; і судзíлі мёртвых згодна з напíсаным у кнíгах, паво́дле ўчы́нкаў іх. І аддало́ мо́ра мёртвых, якія былí ў ім, і смерць і пе́кла аддалí мёртвых, якія былí ў іх; і судзíлі іх, кожнага паво́дле ўчы́нкаў яго. І смерць і пе́кла ўкíнуты былí ў во́зера во́гненнае. Гэта — смерць друга́я. І каго не знайшлí запíсаным у кнíзе жыцця́, той укíнуты быў у во́зера во́гненнае.
І ўба́чыў я но́вае не́ба і но́вую зямлю́; бо ране́йшае не́ба і ране́йшая зямля́ міну́лі, і мо́ра ўжо няма́. І я, Іаа́н, уба́чыў го́рад святы́, но́вы Іерусалíм, які сыхо́дзіў ад Бога з не́ба, прыгатава́ны, як няве́ста, убра́ная для му́жа свайго́. І пачу́ў я гу́чны го́лас з не́ба, які каза́ў: вось, скíнія Божая сяро́д людзе́й, і Ён будзе жыць з імі; яны будуць Яго наро́дам, і Сам Бог будзе з імі, будзе Богам іх; і ўтрэ́ Бог кожную слязу́ з вачэ́й іх, і сме́рці ўжо не будзе; ні пла́чу, ні е́нку, ні бо́лю ўжо не будзе; бо ране́йшае міну́ла. І сказа́ў Той, Хто сядзíць на прасто́ле: вось, ствара́ю ўсё но́вае. І ка́жа мне: напішы́; бо сло́вы гэ́тыя íсцінныя і ва́ртыя ве́ры. І сказа́ў мне: здзе́йснілася! Я ёсць А́льфа і Аме́га, пачатак і канец; Я сасма́гламу дам да́рам напíцца з крынíцы вады́ жыво́й. Перамо́жца атрыма́е ў спа́дчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сы́нам. А баязлíвых, і няве́рных, і нячы́стых, і забо́йцаў, і блудніко́ў, і чарадзе́яў, і ідаласлужы́целяў, і ўсіх ілгуно́ў — іх до́ля ў во́зеры, якое гары́ць агнём і се́раю. Гэта — смерць друга́я. І прыйшо́ў да мяне́ адзін з сямí А́нгелаў, у якіх было сем чаш, напо́ўненых сямю́ апо́шнімі бе́дствамі, і сказа́ў мне: хадзí, я пакажу́ табе жанчы́ну, няве́сту А́гнца. І ўзнёс мяне́ ў ду́ху на вялíкую і высо́кую гару́, і паказа́ў мне го́рад вялíкі, святы́ Іерусалíм, які сыхо́дзіў з не́ба ад Бога. Ён ма́е сла́ву Божую; і ззя́нне яго — як у кашто́ўнага ка́меня, накшта́лт ка́меня я́спісу крышталёвага; ён ма́е вялíкую і высо́кую сцяну́, ма́е двана́ццаць брам і на бра́мах двана́ццаць А́нгелаў і імёны напíсаныя, імёны двана́ццаці кале́н сыно́ў Ізра́ілевых: з усхо́ду тры бра́мы, з по́ўначы тры бра́мы, з по́ўдня тры бра́мы, з за́хаду тры бра́мы. А сцяна́ го́рада ма́е двана́ццаць падму́ркаў, і на іх імёны двана́ццаці Апо́сталаў А́гнца. Той, што са мной гавары́ў, меў залату́ю трысцíну для вымярэ́ння го́рада, і брам яго, і сцяны́ яго. А го́рад разме́шчаны чатырохку́тнікам, і даўжыня́ яго такая са́мая, як і шырыня́. І зме́раў ён го́рад трысцíнай, наме́раўшы двана́ццаць ты́сяч ста́дыяў; даўжыня́, і шырыня́, і вышыня́ яго ро́ўныя. І сцяну́ яго зме́раў у сто со́рак чаты́ры ло́кці, ме́раю чалаве́чаю, якая ме́ра і А́нгела. Сцяна́ ж яго зро́блена з я́спісу, а го́рад быў — чы́стае зо́лата, падо́бны да чы́стага шкла. Падму́ркі сцяны́ го́рада аздо́блены разнаста́йнымі кашто́ўнымі камяня́мі: падму́рак пе́ршы — я́спіс, другí — сапфíр, трэ́ці — халкідо́н, чацвёрты — ізумру́д, пя́ты — сарданíкс, шо́сты — сарды́с, сёмы — хрызалíт, во́сьмы — беры́л, дзявя́ты — тапа́з, дзяся́ты — хрызапра́з, адзіна́ццаты — гіяцы́нт, двана́ццаты — аметы́ст. А двана́ццаць брам — двана́ццаць жамчу́жын: ко́жная бра́ма была́ з адной жамчу́жыны. Ву́ліцы го́рада — чы́стае зо́лата, як празры́стае шкло. Хра́ма ж я не ба́чыў у ім, бо храм яго — Гасподзь Бог Уседзяржы́цель, а такса́ма А́гнец. І го́рад не ма́е патрэ́бы ні ў со́нцы, ні ў ме́сяцы, каб асвятля́лі яго, бо сла́ва Божая асвятлíла яго, і свяцíльнік яго — А́гнец. І спасёныя наро́ды будуць хадзíць у святле́ яго, і цары́ зямны́я прынясу́ць у яго сла́ву і го́днасць сваю́. І бра́мы яго не будуць замыка́цца ўдзень; но́чы ж там не будзе. І прынясу́ць у яго сла́ву і го́днасць наро́даў. І не ўво́йдзе ў яго нішто нячы́стае, ні той, хто чы́ніць мярзо́ту і падма́н, а толькі запíсаныя ў кнíзе жыцця́ ў А́гнца.
І ён паказа́ў мне чы́стую раку́ вады́ жыцця́, све́тлую, як крышта́ль, яна выцяка́ла ад прасто́ла Бога і А́гнца. Пасяро́д ву́ліцы яго і пааба́пал ракí — дрэ́ва жыцця́, якое пладано́сіць двана́ццаць разоў, дае́ кожны ме́сяц плод свой; і лíсце дрэ́ва — для ацале́ння наро́даў. І нічога ўжо не будзе пракля́тага; і прасто́л Бога і А́гнца будзе ў ім, і рабы́ Яго будуць служы́ць Яму; і ўба́чаць яны аблíчча Яго, і імя́ Яго будзе на чо́лах іх. І но́чы не будзе там, і не будуць яны мець патрэ́бы ні ў свяцíльніку, ні ў святле́ со́нечным, таму што Гасподзь Бог асвятля́е іх; і будуць ца́рстваваць на ве́кі вяко́ў. І ён сказа́ў мне: гэтыя сло́вы — ва́ртыя ве́ры і íсцінныя; і Гасподзь, Бог святы́х праро́каў, пасла́ў А́нгела Свайго паказа́ць раба́м Сваім тое, што павíнна адбы́цца ў ху́ткім ча́се. Вось, прыйду́ ху́тка: блажэ́нны, хто трыма́ецца слоў праро́цтва кнíгі гэтай. І я, Іаа́н, ба́чыў і чуў гэта. Калі ж пачу́ў і ўба́чыў, то ўпаў да ног А́нгела, які мне пака́зваў гэта, каб пакланíцца яму. Але ён сказа́ў мне: глядзí, не рабі гэтага; я такí ж раб, як ты, і як браты́ твае праро́кі, і як тыя, хто трыма́ецца праро́цтва кнігі гэтай; Богу пакланíся. І сказа́ў мне: не запяча́твай слоў праро́цтва кнігі гэтай; бо час блíзкі. Няпра́ведны няха́й яшчэ́ чы́ніць няпра́ўду, і пага́ны няха́й яшчэ́ апага́ньваецца, а пра́веднік няха́й яшчэ́ здзяйсня́е пра́ўду, і святы́ няха́й яшчэ́ асвяча́ецца. Вось, прыйду́ ху́тка, і адпла́та Мая́ пры Мне, каб адда́ць кожнаму паво́дле спраў яго. Я — А́льфа і Аме́га, пача́так і кане́ц, пе́ршы і апо́шні. Блажэ́нныя тыя, хто выко́нвае за́паведзі Яго, каб мець ім пра́ва на дрэ́ва жыцця́ і каб увайсцí ў го́рад праз бра́мы. А зво́нку — саба́кі, і чарадзе́і, і блуднікí, і забо́йцы, і ідаласлужы́целі, і ўсе, хто лю́біць і чы́ніць падма́н. Я, Іісус, пасла́ў А́нгела Майго засве́дчыць вам гэта ў цэ́рквах. Я — ко́рань і нашча́дак Давíдаў, зо́рка све́тлая і ра́нішняя. І Дух і няве́ста ка́жуць: прыйдзí! І хто чу́е, няхай ска́жа: прыйдзí! І хто хо́ча піць, няха́й прыхо́дзіць, і хто жада́е, няха́й бярэ́ ваду́ жыцця́ да́рам. І я такса́ма све́дчу ко́жнаму, хто чу́е сло́вы праро́цтва кнíгі гэтай: калі хто дада́сць нешта да іх, то Бог дада́сць яму́ бе́дстваў, пра якія напíсана ў кнíзе гэтай; і калі хто ады́ме не́шта ад слоў кнігі праро́цтва гэтага, то ады́ме ў яго Бог удзе́л у кнíзе жыцця́ і ў святы́м го́радзе, пра якія напíсана ў кнíзе гэтай. Той, Хто све́дчыць гэта, ка́жа: вось, прыйду́ ху́тка! Амíнь. Так, прыйдзí, Госпадзі Іісусе! Благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста́ з усíмі ва́мі. Амíнь.
Біблейская камісія БПЦ
© 2017