Слова Госпадава, якое было да Ёэля, сына Пэтуэлявага. Слухайце гэта, старшыні, і ўважайце ўсе жыхары зямлі гэтае: ці бывала калі такое ў дні вашыя або ў дні бацькоў вашых? Перакажэце гэта дзецям вашым; а дзеці вашыя няхай перакажуць сваім дзецям, а іхныя дзеці — наступнаму пакаленьню: Што асталося ад гусеньніцы, ела саранча, што асталося ад саранчы, елі чэрві, і што асталося ад чэрвей, даелі жукі. Прачхнецесея п'яніцы, і плачце і галасеце, усе, што любіце віно, аб вінаградным соку: ён адняты ад вуснаў вашых. Прыйшоў на маю зямлю народ магутны і непералічаны; зубы ў яго — зубы львіныя, а сківіцы ў яго, як у львіцы. Апустошыў ён вінаграднік мой, і фігавае дрэва маё аблупіў, абдзёр яго да гола і абламаў, ажно галіны яго бялеюць. О! галасі, як маладзіца, падпярэзаная мяшком, аб мужу маладосьці свае! Супыніліся хлебныя і ліўныя ахвяры ў доме Госпадавым; плачуць сьвятары, слугі Госпада. Апустошана поле, сумуе зямля; патоптана збожжа, высах вінаградны сок, алівіна зьвяла. Чырванейце ад сораму, хлебаробы, плачце вінаградары, аб пшаніцы і ячменю, бо прапаў ураджай на полі, Высахла вінаградная лаза і зьвянула фігавае дрэва; гранадавае дрэва, пальма і яблыня — усе дрэвы пасохлі на полі; затым шчэзла і радасьць у сыноў чалавечых. Падпіражэцеся і плачце, сьвятары! галасеце, слугі аўтара! увайдзеце, начуйце ў мяшкох, слугі Бога майго! бо нямашака болей хлебнае і ліўнае ахвяры ў доме Бога вашага. Вызначце пост, апавясьцеце ўрачыстае зграмаджэньне, зьбярэце старшынь і ўсіх жыхароў краіны гэтае ў дом Госпада Бога вашага і клічце да Госпада. О, што за дзень! бо блізка дзень Госпадавы: і прыйдзе ён, як спусташэньне ад Усемагутнага. Ці ж не перад вашымі вачыма шчэзла ежа з дому Бога нашага, а зь ёю радасьць і вясёласьць? Зярно сатлела пад скібамі сваімі, апаражнелі засекі, разбураны клеці, бо вя стала збожжа. О, як стогне жывёла, сумна ходзяць стады валоў, бо няма для іх пашы! і марнеюць стады авечак. Да Цябе, Госпадзе, клічу; бо вось, агонь пажэр пустынныя пасьвішчы, а полымя папаліла ўсе дрэвы на полі. Гэтаксама і скаціна на полі кліча да Цябе, бо высахлі патокі водаў, і агонь зьнішчыў пасьвішчы пустыні.
Трубеце трубою на Сыоне і беце трывогу на сьвятой гары Маёй; няхай дрыжаць усе жыхары зямлі, таму, што ўжо блізкі дзень Госпадавы, і ён ужо блізка — Дзень цемры і змроку, дзень хмарны і імглісты, як ранічны золак, распашыраецца па горах; народ шмтлікі і сільны, якога ня бывала ад веку і пасьля гэтага ня будзе ад роду да роду. Перад ім пажырае агонь, а за ім паліць полымя; перад ім зямля, як сад Эдэмскі, а, з-заду яго — голая пустыня, і нікому ня будзе ратунку ад яго. Спазор іх быццам від коней, скачуць яны, быццам коньнікі. Праскачуць па вярхох гор з грукатам вазоў, быццам з трэскам агнявога полымя, што пажырае сухое гальлё, як народ магутны, што выстраіўся да бітвы. Спалохаюцца народы перад спазорам ягоным, пабляднеюць у-ва ўсіх твары. Як адважныя пабягуць яны, і як ваяры ўзыйдуць на вал, і кажны будзе ісьці сваёю дарогаю і ня зыйдзе са шляху свайго. Ніводзін ня будзе пхнуцца на другога, кажны будзе ісьці сваёю пуцявінаю, і нават упаўшы на меч, не параніцца. Будуць бегаць па месьце, уздымацца на вал, уломлівацца ў хаты, улазіць у вокны, як зладзеі. Перад імі судрыгнецца зямля, захістаецца неба, сонца і месяц пацямнеюць, а зоркі згубяць сваё сьвятло. І Госпад дасьць пачуць голас Свой перад войскам Сваім, бо вельмі шматлікае ваеннае сузграмаджэньне Яго і магутны выканаўца слова Ягонага; бо вялікі дзень Госпадавы і вельмі страшны, — хто вытрывае яго? Таму цяпер яшчэ кажа Госпад: навярнецеся да Мяне ўсім сэрцам сваім у посьце, плачу і жалю. Разьдзірайце серцы вашыя а ня вопраткі вашыя, і навярнецеся да Госпада Бога вашага; бо Ён добры і міласэрны доўгацерпялівы і многаміласьцівы, і шкадуе пакараньня. Хто ведае, ці ня зьлітуецца Ён іці не пакіне па Сабе багаслаўленьня, хлебныя і ліўныя ахвяры Госпаду Богу вашаму? Затрубеце трубою на Сыоне, вызначце пост і апавясьцеце ўрачыстае зграмаджэньне. Зьбярэце народ, сьвяткуйце зграмаджэньне, запрасеце старшыняў, зьбярэце юнакоў і грудных дзяцей; няхай выйдзе жаніх із хораму свайго і маладая із сьвятліцы свае. Няхай паміж прытворам і ахвярнікам сьвятары, слугі Госпада, плачуць і кажуць: пашкадуй, Госпадзе, народ Твой, не пакідай спадчыны Твае на зьдзек, каб не панавалі над ім народы! Чаму маюць гаварыць паміж народамі: дзе Бог іх? І тады раззайздросьціцца Госпад на зямлю Сваю, і зьлітуецца над народам Сваім. І адзавецца Госпад і скажа народу Свайму: вось, Я пашлю вам хлеб і віно, і алей, і будзеце сыціцца імі, і болей ня дам вас на зьдзек народам. А таго, што прыйдзе з поўначы аддалю ад вае і выганю ў зямлю бязводную і пустую, пярэдняе крыло яго — у мора ўсходняе а, тыльнае — у мора заходняе, і разыйдзецца ад яго смурод і ўздымецца ад яго ванючасць, за тое, што ён шмат спрычыніў гора. Ня бойся-ж ты, зямля: цешся і весяліся, бо Госпад вялікі, каб даканаць гэта. Ня бойся, скаціна, бо пасьвішчы пустыні ізноў зазелянеюцца травою, дрэва прынясе плод свой, фігавае дрэва і вінаградная лаза пакажуць сваю сілу. І вы, дзеці Сыона, радуйцеся і весяліцеся ў Госпадзе Богу вашым, бо Ён дасьць вам дождж у меру і будзе пасылаць вам дождж, дождж раньні і позны, як перад гэтым. І напоўняцца гумны збожжам і перапоўняцца пасудзіны вінаградным сокам і алеем. І ўзнагароджу вас за тыя гады, якія пажыралі саранча, чэрві, жукі і гусеньніца — вялікае войска Маё, якое Я наслаў на вас. І будзімеце есьці да сыта, а спажываючы, будзеце славіць імя Госпада Бога вашага, Які гэтак дзіўна ўчыніў з вамі, і не дазнае сораму народ ніколі болей. І пазнаеце, што Я — сярод Ізраіля, і Я — Госпад Бог ваш, і нямашака іншага, і Мой народ не дазнаціме сораму навекі. І будзе пасьля таго, выльлю Духа Майго на кажнае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старшым вашым сны будуць сьніцца, і юнакі вашыя будуць бачыць зьявы. Гэтаксама на рабоў і на рабынь у тыя дні выльлю Духа Майго. І дам цуды на небе і на зямлі: кроў і агонь і слупы дыму. Сонца абернецца ў цемру і месяц — у кроў, перш, чымся прыйдзе дзень Госпадавы, вялікі і страшны. І будзе; што кажны, хто прызываціме імя Госпада, спасецца; бо на гары Сыоне і ў Ерузаліме будзе збаўленьне, як сказаў Госпад, і ў тых, што астануцца, якіх Госпад пакліча.
Бо вось, у тыя дні і ў тым самым часе, калі вярну з палону народ Юды і Ерузаліму, Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх на Ёзафатавую даліну і тамака ўчыню над імі суд за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, якога яны расьцярушылі паміж народамі, і падзялілі зямлю Маю. І аб народзе Маім яны кідалі лёсы і аддавалі юнака за блудніцу, і прадавалі дзяўчыну за віно, каб было што піць. І што вы Мне, Тыр і Сыдон і ўсе акругі філістынскія? Мо' хочаце вы памставаць на Мяне? ці хочаце адплаціць Мне? лёгка і хутка Я кіну помсту вашую на голавы вашыя, Бо вы ўзялі серабро Маё і золата Маё, і найлепшыя каштоўнасьці Мае занесьлі ў бажніцы вашыя, А сыноў Юды і сыноў Ерузаліму прадавалі сынам Грэкаў, каб загнаць іх далёка ад межаў роднае зямлі іх. Вось, Я ўзбуджу іх із таго месца, куды вы прадалі іх, і абярну помсту вашую на галаву вашую. І аддам сыноў вашых і дачок вашых ў рукі сыноў Юды, і яны прададуць іх Сабэям, народу далёкаму; гэтак сказаў Госпад. Апавясьцеце гэта паміж народамі, падрыхтуйцеся да вайны, пабудзеце адважных; няхай выйдуць, падымуцца ўсе ваяры. Перакуйце лемяшы вашыя на мячы і сярпы вашыя — на копіі; слабы няхай кажа: я дужы! Сьпяшэце і зыходзьцеся, усе народы сумежныя, і зграмадзьцеся; вядзі, Гогпадзе, туды ваяроў Тваіх дужых. Няхай паўстануць народы і зыйдуць на даліну Ёзафатавую; бо тамака Я сяду, каб судзіць усе народы зусюль. Пусьцеце ў рух сярпы, бо жніва дасьпела, ідзеце, спусьцецеся ўніз, бо ціск поўны і пасуды пераліваюцца, бо злосьць іх вялікая. Натоўпы, натоўпы ў даліне вырашэньня! бо блізкі дзень Госпадавы ў даліне суду! Сонца і месяц зацьмяцца і зоркі згубяць бліск свой. І загрыміць Госпад з Сыону і дасьць пачуць голас Свой зь Ерузаліму; задрыжаць неба і зямля; але Госпад будзе абаронаю для народу Свайго і крэпасьцю для сыноў Ізраілевых. Тады пазнацімеце, што Я — Госпад Бог ваш, што жыве на Сыоне, на сьвятой гары Сваёй; і будзе Ерузалім сьвятыняю, і ня будуць ужо чужынцы праходзіць празь яго. І станецца ў той дзень: горы будуць капаць віном і ўзгоркі пацякуць малаком і ўсе патокі Юдэйскія напоўняцца вадою, а з дому Госпада выйдзе крыніца і будзе расіць даліну Шыцім. Эгіпет станецца тады пустыняю і Эдом будзе пустым стэпам — за тое, што яны ўціскалі сыноў Юдавых і пралівалі непавінную кроў на іхнай зямлі. А Юда будзе жыць вечна і Ерузалім — з роду ў род. Я змыю кроў іх, якое ня змыў яшчэ, і Госпад будзе прабываць на Сыоне.