І было слова Госпадава да Ёны, сына Амітаявага, кажучы: устань, ідзі ў Няніву, вялікае места, і ўздымі голас супроць яго, бо злачынствы ягоныя дайшлі да Мяне. І Ёна ўстаў, каб уцякчы ад твару Госпадавага ў Таршыш, і прыйшоў у Ёппу і ізнайшоў вадаплаў, што ішоў у Таршыш, і заплаціўшы плату за перавоз, узышоў на яго, каб плысьці зь імі ў Таршаш ад твару Госпадавага. Але Госпад узьняў на моры вялікі вецер, і сталася на моры такая вялікая бура, што здавалася вадаплаў гатоў быў разьбіцца. І спалохаліся вадаплаўнікі і пачалі клікаць кажны да свайго бага, і пачалі кідаць у мора груз з вадаплаву, каб адцяжыць яго; Ёна-ж зыйшоў у сярэдзіну вадаплаву, лёг і моцна заснуў. І прыйшоў да яго стырнік вадаплаву і сказаў яму: што ты сьпіш? уставай, кліч да Бога твайго; магчыма Бог успамяне пра наc, і мы не загінем. І казалі адзін да другога: хадзем, кінем лёсы, каб даведацца, праз што гэтая бяда на нас прыйшла. І кінулі лёсы, і лёс упаў на Ёну. Тады сказалі яму: скажы нам, праз што прыйшла на нас гэтая бяда? чым ты займаешся? скуль ідзеш ты? дзе твая краіна, і зь якога ты народу? І ён адказаў ім: Я — Гэбрай, аддаю хвалу Госпаду Богу нябёсаў, што стварыў мора і зямлю. І спалохаліся гэныя людзі страхам вялікім і сказалі яму: што ты гэта зрабіў? бо даведаліся гэтыя людзі, што ён уцякае ад твару Госпадавага, як ён сам прызнаўся ім. І сказалі яму: што зрабіць нам з табою, каб мора супынілася для нас? бо мора ня супынялася хвалявацца. Тады ёнсказаў ім: вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, — і мора супакоіцца вам, бо я ведаю, што празь мяне сталася вам гэтая вялікая бура. Але гэныя людзі пачалі мужна працаваць вёеламі, каб падыйсьці да берагу, але не маглі, бо мора ня супынялася лютавацца супроць іх. Тады клікалі яны да Госпада і казалі: просім Цябе, Госпадзе! ня дай нам загінуць за душу чалавека гэтага, і ня ўскладвай на нас крыві непавіннай; бо Ты, Госпадзе, учыніў, што было Табе да спадобы! І тады ўзялі яны Ёну і кінулі яго ў мора; і супакоілася мора ад лютасьці свае. І спалохаліся гэныя людзі Госпада вялікім страхам, і прынесьлі Госпаду ахвяру і далі зарок.
І загадаў Госпад вялікай рыбе праглынуць Ёну; і быў Ёна ў чэраве гэтае рыбы тры дні і тры ночы. І маліўся Ёна Госпаду Богу свайму ў чэраве гэтае рыбы. І прамовіў: да Госпада клікаў я ў бядзе маёй, — і Ён мяне выслухаў; із нутра дамавіны я клікаў, — і Ты пачуў голас мой. Ты кінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і патокі абкружылі мяне, усе воды Твае і хвалі Твае прайшлі нада мною. І я сказаў: адкінуты я ад вачэй Тваіх, аднак-жа я зноў убачу сьвяты хорам Твой. Агарнулі мяне воды аж да душы маёй, бяздоньне акружыла мяне, морскія травы абвілі галаву маю. Да падставы гораў я зыйшоў, зямля сваімі запорамі загарадзіла мяне на век; але Ты, Госпадзе, Божа мой вывядзет душу маю з дамавіны. Калі зьнемагала ў-ва мне душа мая, я ўспомніў аб Госпадзе, і малітва мая дайшла да Цябе, да хораму сьвятога Твайго. Тыя, што захоўваюць марнасьці спамыльныя, пакінулі Ягоную міласэрднасьць, А я голасам хвалы прынясу Табе ахвяру; што прырок, выканаю; бо ратунак у Госпада! І сказаў Госпад рыбе, і яна выкінула Ёну на сухазём.
І было другі раз слова Госпадава да Ёны, кажучы: Устань, і ідзі ў Няніву — у гэтае вялікае места і прапаведуй у ім тое, што Я загадаў табе. І ўстаў Юна і пайшоў у Няніву паводля слова Госпадавага; Няніва-ж была вялікае места, на тры дні хады. І пачаў Ёна хадзіць па месьце, колькі можна ўвайсьці ў вадзін дзень, і прапаведваў, кажучы: яшчэ сорак дзён, — і Няніва будзе разбурана! І паверылі жыхары Нянівы Богу: агаласілі пост і апранулі на сябе мяшкі ад найбольшага зь іх да найменшага. І дайшло гэтае слова да караля Нянівы, — і ён устаў з пасаду свайго, і зьняў зь сябе каралеўскую вопратку сваю, і апрануўся ў мяшок і сеў на попеле, І загадаў апавясьціць і сказаць у Няніве ад імя караля і вяльможаў яго, каб ні людзі, ні жывёла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, ні хадзілі на пашы, і вады ня пілі, І каб пакрыты былі мяшкамі людзі і жывёла, і моцна, клікалі да Бога, каб кажны адвярнуўся ад благога шляху свайго і ад прагавітасьці рук сваіх. Хто ведае, магчыма, што Бог вернецца і пакаіцца, і адмовіцца ад палкага гневу Свайго, і мы не загінем. І ўбачыў Бог учынкі іх, што яны адвярнуліся ад благога шляху свайго, і пашкадаваў Бог наслаць на іх тую бяду, аб якой сказаў, што нашле на іх, і не наслаў.
Ёна моцна засумаваў праз гэта і запалаў гневам. І маліўся ён да Госпада і сказаў: О, Госпадзе, ці-ж не казаў я гэта, калі яшчэ быў у маім краі? Таму я і пабег у Таршыш, бо ведаў, што Ты — Бог добры і міласэрдны, доўгацерпялівы і ласкавы і каішся ў злыбядзе. І цяпер Госпадзе, вазьмі душу маю ад мяне, бо ляпей мне памерці, чымся жыць. І сказаў Госпад: ці гэта добра ты робіш, што аж гэтак гневаешся? І выйшаў Ёна зь места, і сеў у-ва ўсходняй частцы яго, і зрабіў тамака сабе будку і сеў пад ёю ў цяньку, каб бачыць, што будзе зь местам. І вырасьціў Госпад Бог расьліну, і яна паднялася над Ёнаю, каб над ягонаю галавою быў цень і каб супакоіць сваю дасаду; і Ёна вельмі рад быў з прычыны гэтае расьліны. І ўчыніў Бог гэтак, што назаўтрае на золаку чарвяк падтачыў расьліну, і яна высахла. Калі-ж узыйшло сонца, паслаў Бог гарачы ўсходні вецер, і сонца пачало паліць галаву Ёны, так што ён зусім зьнямог і прасіў сабе сьмерці і сказаў: ляпей мне памерці, чымся жыць. І прамовіў Бог да Ёны: няўжо-ж ты гэтак вельмі засумаваў з прычыны расьліны? Ён адказаў: вельмі засумаваў, аж да сьмерці. Тады сказаў Госпад: ты шкадуеш расьліну, над якой ты не працаваў, і якую ты не гадаваў, якая ў вадну ноч вырасла і ў вадну ноч прапала: Ці-ж не шкада Мне Нянівы, вялікага места, у якім болей, як сто дваццаць тысяч чалавек, што ня ўмеюць адрозьніць правае рукі ад левае, і мноства жывёлы?