Библия › Станкевіча › 2 Гаспадарстваў

2 Гаспадарстваў

І збунтаваўся Моаў супроці Ізраеля па сьмерці Агава. Агазя ж зваліўся пераз крату із свае верхняе залі, каторая ў Самары, і быў хворы. І паслаў пасланцоў, і сказаў ім: «Пайдзіце, папытайцеся ў Ваал-Зэвува, бога Экронскага: ці ачуняю я ад гэтае хваробы?»

І ангіл СПАДАРОЎ казаў Ільлі Фішвяніну: «Устань, узыйдзі наўпярэймы пасланцом ад караля Самарскага й кажы ім: "Ціж то няма Бога ў Ізраелю, што вы йдзіце пытацца ў Ваал-Зэвува, бога Экронскага?" Затым цяпер гэтак кажа СПАДАР: "З пасьцелі, на каторую ты ўзышоў, ня зыйдзеш ізь яе, але сьмерцю памрэш"». І адышоў Ільля. І зьвярнуліся пасланцы. І ён сказаў ім: «Чаму вы зьвярнуліся?» І сказалі яму: «Наўпярэймы нам зайшоў чалавек і сказаў нам: "Пайдзіце, зьвярніцеся да караля, каторы паслаў вас, і кажыце яму: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ці ж то няма Бога ў Ізраелю, што ты пасылаеш пытацца ў Ваал-Зэвува, бога Экронскага? За тое з пасьцелі, на каторую ты ўзышоў, ты ня зыйдзеш ізь яе, але сьмерцю памрэш"’"». І сказаў ім: «Які выгляд чалавека, каторы ўзышоў наўпярэймы вам і гукаў вам словы гэтыя?» Яны сказалі яму: «Чалавек тый касматы і дзягаю паперазаўшыся па сьцёгнах сваіх». І сказаў ён: «Гэта Ільля Фішвянін».

І паслаў да яго галоўнага пяцідзясятніка зь пяцідзясяткам ягоным. І ўзышоў да яго, і вось, ён сядзіць на версе гары, і гукаў да яго: «Чалавеча Божы! кароль казаў: "Зыйдзі!"». І адказаў Ільля, і казаў галоўнаму пяцідзясятніку: «І калі я чалавек Божы, то хай зыйдзе цяпло зь неба й зжарэць цябе а твой пяцідзясятак». І зышло цяпло зь неба, і зжэрла яго й пяцідзясятак ягоны.

І паслаў да яго кароль другога галоўнага пяцідзясятніка зь пяцідзясяткам ягоным. І ён адказаў, і гукаў яму: «Чалавеча Божы! гэтак казаў кароль: "Зыйдзі барзьдзей!"» І адказаў Ільля, і сказаў яму: «Калі я чалавек Божы, то хай зыйдзе цяпло зь неба й зжарэць цябе а твой пяцідзясятак». І зышло цяпло Божае зь неба, і зжэрла яго й пяцідзясятак ягоны.

І яшчэ паслаў трэйці раз галоўнага пяцідзясятніка зь пяцідзясяткам ягоным. І ўзышоў трэйці галоўны пяцідзясятнік, і прышоў, і ўкляк перад Ільлёю, і маліў яго, і казаў яму: «Чалавеча Божы! калі ласка, няхай будзе дарагая душа мая й душы слугаў тваіх гэтых пяцьдзясят у ваччу тваім. Вось, зышло цяпло зь неба й зжэрла два першыя галоўныя пяцідзясятнікі зь пяцідзясяткамі іхнымі; але цяпер хай будзе дарагая душа мая ў ваччу тваім!»

І сказаў Ангіл СПАДАРОЎ Ільлі: «Зыйдзі зь ім, ня бойся віду ягонага». І ён устаў, і зышоў зь ім да караля. І казаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "За тое, што ты пасылаў пасланцоў пытацца ў Ваал-Зэвува, бога Экронскага, быццам няма Бога ў Ізраелю, каб пытацца слова Ягонага, — з пасьцелі, на каторую ты ўзышоў, ня зыйдзеш ізь яе, але сьмерцю памрэш"». І памер ён подле слова СПАДАРОВАГА, каторае праказаў Ільля. І загаспадарстваваў Егорам замест яго, другога году Егорама Ясапацёнка, караля Юдэйскага, бо сына ў яго ня было.

Засталыя справы Агазіны, што ён рабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?

І сталася, як СПАДАР меў узьнесьці Ільлю ў віхру на неба, што йшоў Ільля зь Елісэям ізь Ґілґалу. І сказаў Ільля Елісэю: «Застанься, калі ласка тут, бо СПАДАР пасылае мяне да Бэт-Элю». Але Елісэй сказаў: «Жыў СПАДАР і жыва душа твая! не пакіну цябе». І зышлі яны да Бэт-Элю.

І вышлі сынове прароцкія, каторыя ў Бэт-Элю, да Елісэя, і сказалі яму: «Ці ведаеш, што сядні СПАДАР бярэць спадара твайго з над галавы твае?» Ён сказаў: «Я так-сама ведаю, маўчыце».

І сказаў яму Ільля: «Елісэю, застанься тут, калі ласка, бо СПАДАР пасылае мяне да Ерыхону». І сказаў ён: «Жыў СПАДАР і жыва душа твая! не пакіну цябе». І прышлі да Ерыхону.

І дабліжыліся сыны прароцкія, каторыя ў Ерыхоне, да Елісэя, і сказалі яму: «Ці ведаеш, што сядні СПАДАР бярэць спадара твайго з над галавы твае?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце».

І сказаў яму Ільля: «Застанься, калі ласка, тут, бо СПАДАР пасылае мяне да Ёрдану». І сказаў ён: «Жыў СПАДАР і жыва душа твая! Не пакіну цябе». І пайшлі абодва.

Пяцьдзясят чалавекаў із сыноў прароцкіх пайшлі й сталі насупроці здалеку; а яны абодва стаялі ля Ердану.

І ўзяў Ільля ахілім свой, і скруціў, і выцяў ім па вадзе, і расступілася яна туды й сюды, і перайшлі абодва па сушы.

Як яны перайшлі, то Ільля сказаў Елісэю: «Прасі, што зрабіць табе ўперад, чымся я буду ўзяты ад цябе». І сказаў Елісэй: «Дух, каторы ў табе, хай будзе на імне ўдвая». І сказаў ён: «Цяжкога ты просіш. Калі абачыш, як буду я ўзяты ад цябе, то будзе табе так; а калі не абачыш, ня будзе». І было, як яны йшлі, ідучы й гутарачы, вось, цялежкі агняныя й коні агняныя разлучылі іх абодвых, і ўзьнёсься Ільля ў віхру на неба. Елісэй жа глядзеў і крыкнуў: «Войча мой, войча мой, цялежкі Ізраелявы й коньнікі яго!» І ня бачыў яго болей. І схапіў ён адзецьці свае, і разьдзер іх на дзьве часьці. І падняў ахілім, упалы зь яго, і пайшоў назад, і стаў на беразе Ёрдану. І ўзяў ахілім Ільлін, упалы зь яго, і выцяў ім па вадзе, і сказаў: «Ідзе СПАДАР, Бог Ільлі, дыкжэ Ён?» і выцяў ваду, і яна расступілася туды й сюды, і перайшоў Елісэй.

І абачылі яго сыны прароцкія, каторыя ў Ерыхоне, з насупроці, і сказалі: «Супачыў дух Ільлін на Елісэю». І пайшлі наўпярэймы яму, і пакланіліся яму аж да зямлі.

І сказалі яму: «Вось, цяпер ё слугаў тваіх пяцьдзясят чалавекаў, малайцоў; хай бы яны пайшлі й пашукалі спадара твайго; можа панёс яго Дух СПАДАРОЎ і кінуў яго на аднэй з гораў альбо на аднэй з далінаў». Ён жа сказаў: «Не пасылайце». Але яны дужа прасілі яго, ажно ён засароміўся, і ён сказаў: «Пашліце». І паслалі пяцьдзясят чалавекаў, і шукалі тры дні, і не знайшлі яго. І зьвярнуліся да яго, памеж тога як ён заставаўся ў Ерыхоне, і сказаў ім: «Ці не казаў я вам: "Не хадзіце?"»

І сказалі жыхары таго места Елісэю: «Вось жа, палажэньне гэтага места прыемнае, як бача спадар мой; але вада благая й зямля няўродлівая». І сказаў ён: «Дайце імне новую чару, і палажыце туды солі». І далі яму. І вышаў ён да вытаку вады, і кінуў туды солі, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Я зраблю ваду гэтую здароваю, і ня будзе болей ад яе сьмерці ані няўроду"». І вада ўздароўлена дагэтуль, подле слова Елісэя, каторае ён сказаў.

І ўзышоў ён стуль да Бэт-Элю. Як ён ішоў дарогаю, хлапчукі вышлі зь места, і насьміхаліся зь яго, і казалі яму: «Узыйдзі, лысы! узыйдзі, лысы!» Ён азірнуўся, і абачыў іх, і пракляў іх імям СПАДАРОВЫМ. І вышлі дзьве мядзьведзіцы зь лесу, і разарвалі зь іх сорак двое дзяцей. Адгэтуль пайшоў ён на гару Карміл, а адгэнуль зьвярнуўся да Самары.

Егорам Агавёнак загаспадарстваваў над Ізраелям у Самары асьмінанцатага году Ясапата, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў двананцаць год. І рабіў ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ, хоць ня так, як ацец ягоны й маці ягоная: ён выкінуў стоўп Ваала, каторы быў зрабіўшы ацец ягоны. Адылі да грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў у грэх Ізраеля, ён прыліп, не адхінуўся ад іх.

І Меша, кароль Моаўскі, быў собсьнікам авец, і здаваў каралю Ізраельскаму па сто тысячаў ягнят і па сто тысячаў бараноў з воўнаю. Але сталася: як Агаў памер, то кароль Моаўскі паўстаў супроці караля Ізраельскага. І вышаў кароль Егорам у тым часе із Самары, і палічыў усіх Ізраялян. І пайшоў, і паслаў да Ясапата, караля Юдэйскага, кажучы: «Кароль Моаўскі паўстаў супроці мяне; ці пойдзеш з імною на вайну супроці Моава?» Ён сказаў: «Узыйду; як ты, так і я; як твой люд, так і мой люд; як твае коні, так і мае коні». І сказаў: «Якою дарогаю ўзыйсьці нам?» Ён сказаў: «Дарогаю пустыні Едомскае». І пайшоў кароль Ізраельскі, і кароль Юдэйскі, і кароль Едомскі. І кружынялі дарогаю сем дзён, і ня было вады войску й статку, што быў зь імі. І сказаў кароль Ізраельскі: «Бяда! згукаў СПАДАР трох каралёў гэтых, каб аддаць у руку Моава». І сказаў Ясапат: «Ці няма тут прарокі СПАДАРОВАГА, каб нам папытацца ў СПАДАРА ім?» І адказаў адзін із служцоў караля Ізраельскага, і сказаў: «Тут Елісэй Шафацёнак, каторы паліваў ваду на рукі Ільлі». І сказаў Ясапат: «Ёсьць у яго слова СПАДАРОВА». І зышлі да яго кароль Ізраельскі а Ясапат а кароль Едомскі. І сказаў Елісэй каралю Ізраельскаму: «Што імне й табе? пайдзі да прарокаў айца свайго й да прарокаў маці свае». І сказаў яму кароль Ізраельскі: «Не; бо СПАДАР згукаў сюды трох каралёў гэтых, каб аддаць іх у руку Моава». І сказаў Елісэй: «Жыў СПАДАР войскаў, перад каторым я стаю! калі б я не паважаў Ясапата, караля Юдэйскага, то ня глянуў бы на цябе й ня бачыў бы цябе. Цяпер гукнеце імне гусьляра». І як гусьляр граў на гусьлях, то была на ім рука СПАДАРОВА. І ён сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Рабіце на гэтай даліне равы, равы"; Бо гэтак кажа СПАДАР: "Не абачыце ветру й не абачыце дажджу, а даліна гэтая напоўніцца вадою, і будзеце піць вы й статак ваш і жывёла ваша". Але гэтага мала перад ачыма СПАДАРА: Ён і Моава аддасьць у рукі вашы, І вы зразіце ўсі месты ўмацаваныя, і ўсі месты выборныя, і ўсі найлепшыя дзервы сьсячыце, і ўсі жаролы водныя запыніце, і ўсі найлепшыя лапіны палявыя папсуіце каменьням».

І сталася нараніцы, як абракаюць хлебны аброк, што, вось, палілася вада па дарозе ад Едому, і напоўнілася зямля вадою.

Як увесь Моаў пачулі, што ўзышлі каралі ваяваць ізь імі, тады згуканы былі ад усіх, ад папяразуючага пояс і вышэй, і сталі на граніцы. І ўсталі яны нараніцы, і сонца зьзяла над водамі, і здаваліся Моаўлянам насупроці іх воды чырвоныя, як кроў. І сказалі яны: «Гэта кроў: чыста зьнішчаны каралі, паразілі адзін аднаго; цяпер на здабытак, Моаве!» І прышлі яны да табару Ізраельскага. І ўсталі Ізраяляне, і білі Моава, і тыя ўцякалі ад іх, а яны далей ішлі на іх і білі Моава. І месты разбурылі, і на кажнае выборнае поле кінулі кажны па каменю, і закідалі яго; і ўсі жаролы водаў запынілі, і ўсі найлепшыя дзервы сьсеклі, ажно засталося толькі каменьне ў Кір-Гарэсэце. І абступілі яго пушчальнікі, і разбурылі яго. І абачыў кароль Моаўскі, што бітва перамагае яго, і ўзяў із сабою сямсот чалавекаў, меч агаляючых, каб прабіцца скрозь караля Едомскага, але не маглі. І ўзяў ён сына свайго першака, каторы меў гаспадарстваваць замест яго, і аброк яго на ўсепаленьне на сьцяне. І было вялікае абурэньне на Ізраялян, і яны адступілі ад яго, і зьвярнуліся да зямлі свае.

І адна жонка із жонак сыноў прароцкіх галасіла перад Елісэям, кажучы: «Слуга твой, муж мой, памер. А ты ведаеш, што слуга твой баяўся СПАДАРА. Цяпер прышоў пазычэньнік узяць двое дзяцей маіх за слугаў сабе». І сказаў ёй Елісэй: «Што імне зрабіць табе? Скажы імне, што ё ў цябе ў доме?» Яна сказала: «Няма ў служэбкі твае нічога ў доме, апрача гаршка з аліваю». І сказаў ён: «Пайдзі, папрасі сабе судзьдзя вонках, у вусіх суседзяў сваіх, судзьдзя парожнага; прасі ня мала, І, увыйшоўшы, запры дзьверы за сабою а за сынамі сваімі, і налівай у вусе судзьдзе; поўныя адсунь. І пайшла ад яго, і заперла дзьверы за сабою а за сынамі сваімі. Яны падавалі ёй, а яна налівала. І было, як напоўнена было судзьдзе, што яна сказала сыну свайму: «Падай імне яшчэ судзіну». Ён сказаў ёй: «Няма болей судзінаў». І перастала цячы аліва. І прышла яна, і азнайміла чалавеку Божаму. Ён сказаў ёй: «Пайдзі, прадай алівы і заплаці даўгі свае; а ты а сыны твае будзеце жыць астачаю».

І было аднаго дня: прайшоў Елісэй да Шунем, і там пачэсьлівая жонка дужа прасіла яго есьці хлеб; і, як ён праходзіў, заўсёды заходзіўся туды есьці хлеб. І сказала яна мужу свайму: «Вось жа, я ведаю, што чалавек Божы, каторы кажначасна праходзе міма нас — сьвяты ён. Калі ласка, зрабіма яму невялічкі пакой над сьцяною, і пастановім там ложак а стол а седава а сьветач; і як ён будзе прыходзіць да нас, хай заходзіцца туды».

І было аднаго дня: ён прышоў туды, і зайшоўся да пакою, і лёг там. І сказаў Ґігазу, дзяцюку свайму: «Гукні гэту Шунямлянку». І гукнуў яе, і яна стала перад ім. І сказаў яму: «Скажы ёй: вось, ты так надта парушаешся за нас; што зрабіць бы табе? Ці ня трэба пагукаць празь цябе з каралём альбо з вайводцамі?» Яна сказала: «Не, сярод люду свайго я жыву». І сказаў ён: «А што ж зрабіць ёй?» І сказаў Ґігаз: «Ды вось, сына няма ў яе, а муж ейны стары». І сказаў ён: «Гукні яе». Ён гукнуў яе, і яна стала ў дзьвярох. І сказаў ён: «На толета, подле часу жыцьця, ты будзеш абыймаць сына». І сказала яна: «Не, спадару мой, чалавеча Божы, ня хлусі служэбцы сваёй». І зацяжарыла жонка, і нарадзіла сына на толета, подле часу жыцьця, як сказаў ёй Елісэй.

І падрасло дзецянё. Аднойчы пайшоў ён да айца свайго, да жнеяў. І сказаў айцу свайму: «Галава мая! галава мая!» І сказаў тый паслугачаму свайму: «Занясі яго да маці ягонае». І панёс яго, і прынёс яго да маці ягонае; і ён сядзеў на ўлоньню ў яе аж да паўдня, і памер. І ўзышла яна, і палажыла яго на ложку чалавека Божага, і заперла яго, і вышла. І гукнула мужа свайго, і сказала: «Прышлі імне аднаго зь дзяцюкоў і адну з асьліцаў; я пабаржджу да чалавека Божага й зьвярнуся». Ён сказаў: «Нашто табе давядацца да яго? сядні не маладзік ані сыбота». І яна сказала: «Добра (гэбр. супакой)». І асядлала асьліцу, і сказала дзяцюку свайму: «Вядзі і йдзі; не задзержуй мяне яздой, пакуль не скажу табе». І паехала, і прыехала да чалавека Божага, на гару Карміл. І як абачыў чалавек Божы яе насупроці сябе, то сказаў паслугачаму свайму Ґігазу: «Вось, Шунямлянка тая; Пабяжы ж да яе наўпярэймы і скажы ёй: "Ці супакой табе? ці супакой мужу твайму? ці супакой дзецяняці?"» Яна сказала: «Супакой». І прышла да чалавека Божага на гару, і ўхапілася за ногі ягоныя. І дабліжыўся Ґігаз, каб адпіхнуць яе; але чалавек Божы сказаў: «Пакінь яе, душа ў яе зьнемарашчана, а СПАДАР схаваў ад мяне й не сказаў імне». І сказала яна: «Ці прасіла я сына ў спадара майго? ці не казала я: "Не ашукай мяне?"». І сказаў ён Ґігазу: «Паперажы сьцёгны свае, і вазьмі посах мой у руку сваю, і пайдзі. Калі стрэнеш каго, не здаровай яго, і калі хто будзе цябе здароваць, не адказуй яму. І палажы посах мой на від хлопчыку». І сказала маці малца: «Жыў СПАДАР і жыва душа твая, што не пакіну цябе!» І ён устаў, і пайшоў за ёю. Ґігаз пайшоў сьпераду іх, і палажыў посах на від хлопчыку. Але ня было ані голасу, ані ўвагі. І вышаў наўпярэймы яму, і наказаў яму, кажучы: «Не прачыхаецца хлапец». І ўвыйшоў Елісэй у дом, і вось, хлопчык памерлы ляжыць на ложку ягоным. І ўвыйшоў, і запер дзьверы за абодвымі, і памаліўся СПАДАРУ. І ўзышоў, і лёг над дзецянём, і прытуліў вусны свае да вуснаў ягоных, і далоні свае да далоняў ягоных, і расьцягнуўся на ім, і ўгрэлася цела дзецяняці. І зьвярнуўся, і прайшоўся ў доме туды-сюды; потым ізноў уступіў і расьцягнуўся на ім. І чхнуў хлопчык разоў сем, і адчыніў хлопчык вочы свае. І гукнуў ён Ґігаза, і сказаў: «Гукні гэту Шунямлянку». І тый гукнуў яе. Яна прышла да яго, і ён сказаў: «Падыймі сына свайго». І падышла, і пала яму ў ногі, і пакланілася аж да зямлі. І падняла сына свайго, і вышла.

Елісэй жа зьвярнуўся да Ґілгалу. І была галадоў у зямлі тэй; і сыны прароцкія сядзелі перад ім. І сказаў ён дзяцюку свайму: «Пастанаві вялікі казан і звары страву сыном прароцкім». І вышаў адзін ізь іх на поле зьбіраць дзікое карэньне, і знайшоў дзікое віно, і зьбер зь яго дзікіх ягадаў поўны свой прыпол. І прышоў, і пакрышыў іх у казан із страваю, бо яны ня зналі іх. І налілі ім есьці. Але як яны пачалі есьці страву, то ўзьнялі крык і казалі: «Сьмерць у казане, чалавеча Божы!» І не маглі есьці. І сказаў ён: «Падайце мукі». І ўсыпаў яе ў казан, і сказаў: «Налівай людзём, хай ядуць». І ня было нічога благога ў казане.

І прышоў чалавек із Ваал-Шалішы, і прынёс чалавеку Божаму хлеб із пачаткаў — дваццаць ячменных букаткаў і каласоў нявымалачалых. І сказаў Елісэй: «Аддай людзём, хай ядуць». І сказаў паслугачы ягоны: «Што тут я дам сту чалавекам?» І сказаў ён: «Аддай людзём, хай ядуць; бо гэтак кажа СПАДАР: "Пад’ядуць і застанецца"». Ён падаў ім, і яны пад’елі і яшчэ засталося, подле слова СПАДАРОВАГА.

І Нааман, вайводца караля Арамскага, быў вялікі чалавек ў спадара свайго і паважаны, бо перазь яго даў СПАДАР спасеньне Араму. І муж гэты быў дужасіл, але пракажаны. Арамляне пайшлі аддзеламі і ўзялі ў палон ізь зямлі Ізраельскае маленькую дзяўчынку, і яна паслугавала Нааманісе. І сказала яна спадарыні сваёй: «О, калі б спадар мой пабываў у прарокі, каторы ў Самары, то ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!» І пайшоў, і азнайміў гэта спадару свайму, кажучы: «Так а так кажа дзяўчынка, што ізь зямлі Ізраельскае». І сказаў кароль Арамскі: «Пайдзі, схадзі, і я пашлю ліст да караля Ізраельскага». Ён пайшоў і ўзяў із сабою дзесяць таланяў срэбра, і шэсьць тысячаў золата, і дзесяць зьменаў адзежы. І прынёс ліст каралю Ізраельскаму, у каторым казалася: «І цяпер, як прыйдзе да цябе ліст гэты, то вось, пасылаю да цябе Наамана, служца свайго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную».

І было, як прачытаў кароль Ізраельскі ліст, то разьдзер адзежы свае й сказаў: «Ціж я Бог, каб забіваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? Дык вось, ведайце ж а глядзіце, што ён шукае прычыну супроці мяне». Як пачуў Елісэй, чалавек Божы, што кароль Ізраельскі разьдзер адзежу сваю, то паслаў сказаць каралю: «Чаму ты разьдзер адзежу сваю? Няхай ён прыйдзе да мяне, і даведаецца, што ё прарока ў Ізраелю». І прыехаў Нааман на конях сваіх а на цялежках сваіх, і стаў ля дзьвярэй дому Елісэявага. І паслаў да яго Елісэй пасланца, кажучы: «Пайдзі, амыйся сем разоў у Ёрдане, і зьверніцца да цябе цела твае, і будзеш чысты». І загневаўся Нааман, і пайшоў, і сказаў: «Вось, я гукаў сабе: выйдзе ён, выйдзе, і стане, і прыгукае імя СПАДАРА, Бога свайго, і будзе нахінаць руку сваю над гэтым месцам, і зьніме праказу. Ціж Авана а Фарпар, рэкі Дамаскія, ня лешпыя за ўсі воды Ізраельскія? Ціж я ня мог бы амыцца ў іх і ачысьціцца?» І абярнуўся, і адышоў у злосьці. І дабліжыліся слугі ягоныя, і гукалі яму, і сказалі: «Войча мой, калі б што вялікае расказаў табе прарока, то ці не зрабіў бы ты? і пагатове, як ён сказаў табе толькі: "Амыйся і будзь чыстым"». І зышоў ён, і занурыўся ў Ёрдане сем разоў, подле слова чалавека Божага, і зьвярнулася цела ягонае, як цела хлапчука, і ачысьціўся. І зьвярнуўся да чалавека Божага — ён а ўсі прыданыя ягоныя, і прышоў, і стаў перад ім, і сказаў: «Вось жа, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, адно ў Ізраелю; дык прыймі дабраславенства ад слугі свайго». І сказаў ён: «Жыў СПАДАР, перад Каторага відам стаю! ня прыйму». І тый сіліў яго ўзяць, але ён адмовіўся. І сказаў Нааман: «Калі не, то дай, калі ласка, слузе твайму зямлі як цяжар на два аслы; бо адгэтуль ня будзе слуга твой абракаць усепаленьні а аброк іншым багом, апрача СПАДАРА. Адно во ў чым хай даруе СПАДАР слузе твайму: як пойдзе спадар мой да дому Рымона на кланяньне там, і апрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, хай даруе СПАДАР слузе твайму ў гэтым прылучаю». І сказаў яму: «Ідзі ў супакою». І ён ад’ехаўся ад яго на дзесяціну. І сказаў Ґігаз, дзяцюк Елісэяў, чалавека Божага: «Вось, спадар мой пажалеў Наамана, гэтага Арамляніна, каб узяць із рукі ягонае, што ён прывёз. Жыў СПАДАР! давай я пабягу за ім, і вазьму ў яго што-колечы». І пагнаўся Ґігаз за Нааманом. І абачыў Нааман бягучага за сабою, і ісьсеў зь цялежкаў наўпярэймы яму, і сказаў: «Ці із супакоям?» Ён адказаў: «Із супакоям; спадар мой паслаў мяне сказаць: "Вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яхрэмавае два маладзёны із сыноў прароцкіх; дай ім талань срэбра й дзьве зьмены адзежы"». І сказаў Нааман: «Валей вазьмі два талані». І прысіліў яго, і завязаў два талані срэбра ў два хатулі й дзьве зьмены адзежы, і палажыў на двух сваіх служцоў; і яны панесьлі перад ім. І, як ён прышоў да вежы, ён узяў із рукі іхнае, і палажыў у доме, і адпусьціў іх, і яны адышлі. Як ён прышоў і стаў перад спадаром сваім, Елісэй сказаў яму: «Скуль, Ґігажа?» І сказаў ён: «Не хадзіў слуга твой ні туды, ні сюды». І сказаў ён яму: «Ціж сэрца мае не хадзіла з табою, як абярнуўся наўпярэймы табе чалавек тый зь цялежкаў сваіх? Ціж пара браць грошы і браць адзежу, аліўныя сады а вінішчы, авечкі а валы, слугі а нявольніцы? Дык праказа Нааманова прыліпне да цябе а да насеньня твайго навекі». — І вышаў ён ад яго, як сьнег, ад праказы.

І сказалі сыны прароцкія Елісэю: «Вось жа, месца, ідзе мы жывем пры табе, цеснае нам; Пойдзем жа аж да Ёрдану, і возьмем стуль кажны па адным бярне, і зробім сабе месца жыць». Ён сказаў: «Пайдзіце». І сказаў адзін: «Зрабі ласку, пайдзі й ты із слугамі сваімі». І сказаў ён: «Пайду». І пайшоў ізь імі, і прышлі да Ёрдану, і рэзалі дзервы. І як адзін спушчаў бярно, сякіра ягоная звалілася ў ваду. І закрычэў ён, і сказаў: «Ах, спадару мой! а яна пазычаная». І сказаў чалавек Божы: «Ідзе, ідзе яна звалілася?» Ён паказаў яму месца. І адсек ён дзерва, і кінуў туды, і ўсплыла сякіра. І сказаў ён: «Вазьмі сабе». Ён выцягнуў руку сваю і ўзяў яе.

Кароль Арамскі пайшоў вайною на Ізраялян і радзіўся із служцамі сваімі, кажучы: «У такім а такім месцу будзе табар мой». І паслаў чалавек Божы да караля Ізраельскага, кажучы: «Сьцеражыся праходзіць гэным месцам, бо там Арамляне заляглі». І пасылаў кароль Ізраельскі на тое месца, праз каторае наказаў чалавек Божы яму і перасьцерагаў яго; і ўсьцярогся там, не аднойчы ані двойчы.

І затрывожылася сэрца караля Арамскага з гэтага стацьця, і гукнуў ён слугаў сваіх, і сказаў ім: «Ці ня скажаце імне, хто з нашых із каралём Ізраельскім?» І сказаў адзін із служцоў ягоных: «Не, спадару мой, каролю, а Елісэй прарока, каторы ў Ізраеля, наказуе каралю Ізраельскаму словы, што ты гукаеш у спальні сваёй». І сказаў ён: «Пайдзіце й паглядзіце, ідзе ён; я пашлю й вазьму яго». І наказалі яму, кажучы: «Вось, ён у Дофане». І паслаў туды коні а цялежкі а шмат войска. І прышлі ночы, і абступілі месца. І ўстаў паслугачы чалавека Божага нараніцы, і вышаў, і вось, войска абступае месца, і коні, і цялежкі. І сказаў яму маладзён ягоны: «Бяда! спадару мой, што маем рабіць?» І сказаў ён: «Ня бойся, бо тых, што з намі, болей, чымся тых, што зь імі». І маліўся Елісэй, і сказаў: «СПАДАРУ! адчыні, прашу, яму вочы, і ён абача». І адчыніў СПАДАР вочы паслугачаму, і ён абачыў, і вось, уся гара напоўнена коньмі а цялежкамі агнянымі навокал Елісэя. Як зышлі да яго Арамляне, Елісэй памаліўся СПАДАРУ і сказаў: «Паразь люд гэты нявісносьцяй». І Ён паразіў іх нявісносьцян, подле слова Елісэявага. І сказаў ім Елісэй: «Гэта ня тая дарога і ня тое месца; ідзіце за імною, я завяду вас да тога чалавека, каторага вы шукаеце». І прывёў іх да Самары. Як яны прышлі да Самары, Елісэй сказаў: «СПАДАРУ! адчыні вочы гэтых, каб яны бачылі». І адчыніў СПАДАР вочы ім, і абачылі, і вось, у сярэдзіне Самары. І сказаў кароль Ізраельскі Елісэю, абачыўшы іх: «Ці не пабіць, пабіць іх, войча мой?» І сказаў ён: «Не забівай, ціж мячом сваім а лукам сваім ты паланіў іх, каб забіваць іх? Пастаў хлеб і ваду перад відам іхным; хай ядуць і п’юць, і пойдуць да гаспадара свайго». І прыгатаваў ім вялікую чэсьць, і яны елі й пілі. І адпусьціў іх, і пайшлі да гаспадара свайго. І не хадзілі болей аддзелы Арамскія да зямлі Ізраелявае.

І было просьле тога: зьбер Вен-Гадад, кароль Арамскі, увесь табар свой, і ўзышоў, і аблёг Самару. І была вялікая галадоў у Самары, як яны аблягалі яе, аж галаву аслову прадавалі па асьмідзясят сыкляў срэбра і чацьвертую часьць каба галубінага памёту — па пяць срэбра.

І было: кароль Ізраельскі праходзіў па сьцяне, і жонка загукала да яго, кажучы: «Ратуй, спадару мой, каролю!» І сказаў ён: «Калі не паможа табе СПАДАР, з чаго я памагу табе? ці з току, ці з таўчэльні?» І сказаў ёй кароль: «Што табе?» І сказала: «Гэтая жонка казала імне: "Дай свайго сына, зьямо яго сядні, а сына майго зьямо заўтра". І зварылі мы майго сына, і зьелі яго. І я сказала ёй назаўтрае: "Дай свайго сына, і зьямо яго". Але яна схавала сына свайго». І было, як пачуў кароль словы жончыны, разьдзер адзецьці свае, — а ён праходзіў па сьцяне, — і абачыў люд, і вось, пад сподам зрэб’е на целе ягоным. І сказаў: «Хай тое зробе імне Бог і павяліча, калі застанецца галава Елісэя Шафацёнка на ім сядні».

Елісэй жа сядзеў у сваім доме, і старцы сядзелі ў яго. І паслаў кароль чалавека ад сябе. Уперад чымся прышоў пасланец да яго, ён сказаў старцом: «Ці бачыце, што гэты сын убіўцы паслаў зьняць ізь мяне галаву? Глядзіце, як прыйдзе пасланец, зачыніце дзьверы й прыцісьніце яго дзьвярмі. А вось, ці ня тупат ног спадара ягонага за ім!» Яшчэ гукаў ён ізь імі, і вось, пасланец зыходзе да яго; і сказаў: «Вось, якая бяда ад СПАДАРА! чаго імне наперад ждаць ад СПАДАРА?»

І сказаў Елісэй: «Слухайце слова СПАДАРОВА: гэтак кажа СПАДАР: «Заўтра гэтаю парою мера найлепшае мукі будзе па сыклю, і дзьве меры ячменю — па сыклю, ля брамы самарскае». І адказаў каралеўскі ахвіцэр, на каторага руку кароль апіраўся, чалавеку Божаму, і сказаў: «Вось, калі б СПАДАР і зрабіў адтуліны на небе, і тады ці можа гэта быць?» І сказаў тый: «Вось, абачыш ачыма сваімі, але з гэтага ня будзеш есьці».

І чатыры чалавекі пракажаныя былі ў варотах брамы, і гукалі адзін аднаму: «Чаго нам сядзець тут, пакуль памрэм? Калі мы скажам: "Пайдзіма да места", то ў месьце галадоў, і мы там памрэм; калі ж сядзець тут, то памрэм. Дык цяпер пойдзем і здамося табару Арамскаму. Калі пакінуць нас жывых, будзем жыць; а калі заб’юць, памрэм». І ўсталі зьмярканьням, пайсьці да табару Арамскага. І прышлі аж да краю табару Арамскага, і вось, няма тамака чалавека. СПАДАР учыніў тое, што табару Арамскаму пачуўся гук цялежак а гук коні а гук вялікага войска. І сказалі яны адзін аднаму: «Вось, наняў кароль Ізраельскі супроці нас каралёў Гэціцкіх а каралёў Ягіпецкіх, каб ісьці на нас». І ўсталі, і ўцяклі зьмярканьням, і пакінулі буданы свае а коні свае а аслы свае, — увесь табар, як ён быў, і ўцяклі дзеля душаў сваіх. І прышлі тыя пракажаныя аж да краю табару, і ўвыйшлі да аднаго будана, і елі, і пілі, і вынесьлі стуль срэбра а золата а адзецьці, і пайшлі, і схавалі. Пайшлі яшчэ да другога будана, і там узялі, і пайшлі, і схавалі. І сказалі адзін аднаму: «Ня так мы робім. Дзень гэты — дзень добрых навінаў, а мы маўчым; калі мы будзем чакаць да сьвітаньня, знойдзе нас бяспраўе. Дык пойдзем, і прыйдзем, і накажам дому каралеўскаму». І прышлі, і пагукалі брамніка месцкага, і наказалі ім, кажучы: «Мы хадзілі да табару Арамскага, і вось, няма там ані чалавека, ані голасу людзкога, адно коні прывязаныя, і аслы прывязаныя, і буданы, як яны ё». І ён пагукаў брамнікаў, і яны азнаймілі ўнутры дому каралеўскага. І ўстаў кароль ночы, і сказаў служцом сваім: «Скажу вам, што робяць із намі Арамляне. Яны ведаюць, што мы галадуем, дык вышлі з табару, каб схавацца ў полю, кажучы: "Як яны выйдуць ізь места, мы захопім іх жывых і ў места мы ўвыйдзем"». І адказаў адзін із служцоў пры ім, і сказаў: «Хай возьмуць пяць із засталых коні, што засталіся ў ім. Вось, яны, падобна да ўсяе множасьці Ізраельскае, каторыя засталіся ў ім; вось, яны, як уся множасьць Ізраеля, што гіне; пашлем іх і абачым». І ўзялі двое цялежак із коньмі. І паслаў кароль за войскам Арамскім, сказаўшы: «Пайдзіце, паглядзіце». І ехалі за ім аж да Ёрдану, і вось, уся дарога поўная адзецьця а судзьдзя, каторыя пакідалі Арамляне ў сваім пасьпеху. І зьвярнуліся пасланцы, і наказалі каралю. І вышаў люд, і разглабаў табар Арамскі, і была мера найлепшае мукі па сыклю, і дзьве меры ячменю па сыклю, подле слова СПАДАРОВАГА. І прызначыў кароль каралеўскага ахвіцэра, на каторага руку апіраўся, да брамы; і растаптаў яго люд у браме, і ён памер, як сказаў чалавек Божы! каторы гукаў, як зыходзіў да яго кароль. Як казаў чалавек Божы каралю там, кажучы: «Дзьве меры ячменю па сыклю, і мера найлепшае мукі па сыклю будуць заўтра гэтаю парою ля брамы Самарскае»; Тады адказаў гэты каралеўскі ахвіцэр чалавеку Божаму і сказаў: «Вось, калі б СПАДАР зрабіў адтуліны на небе, і тады, ці можа гэта быць?» А ён сказаў: «Абачыш сваімі ачыма, але есьці гэтага ня будзеш». Так і сталася яму; і затаптаў яго люд у варотах, і ён памер.

І гукаў Елісэй жонцы, каторай сына ажывіў ён, і сказаў: «Устань і пайдзі, ты а дом твой, і пажыві там, ідзе можаш пажыць, бо прыгукаў СПАДАР галадоў, і яна прыйдзе на гэтую зямлю на сем год». І ўстала тая жонка, і ўчыніла подле слова чалавека Божага; і пайшла яна а дом ейны, і жыла ў зямлі Пілісцкай сем год.

І сталася пры канцу сямёх год: зьвярнулася тая жонка ізь зямлі Пілісцкае і прышла да караля маліць дому свайго й поля свайго. А кароль тады гутарыў ізь Ґігазам, маладзёнам чалавека Божага, і сказаў: «Паведай жа імне ўсе вялікае, што зрабіў Елісэй». І прымеж тога, як ён павядаў каралю, як тый ажывіў памерлага, і вось, жонка, каторай сына ажывіў ён, маліла дому свайго й поля свайго ў караля. І сказаў Ґігаз: «Спадару мой, каролю, гэта тая самая жонка й тый самы сын ейны, каторага ажывіў Елісэй». І папытаўся кароль у жонкі, і яна паведала яму. І прызначыў ёй кароль аднаго легчанца, кажучы: «Зьвярні ёй усе, ёй належачае, і ўсі прыбыткі з поля, адгэнуль, як яна пакінула зямлю, дагэтуль».

І прышоў Елісэй да Дамашку, як Вен-Гадад, кароль Арамскі, быў хворы. І наказалі яму, кажучы: «Прышоў чалавек Божы аж сюды». І сказаў кароль Газаелю: «Вазьмі ў руку сваю дар, і пайдзі наўпярэймы чалавеку Божаму, і папытайся ў СПАДАРА ім, кажучы: "Ці ачуняю я ад гэтае хваробы?"» І пайшоў Газаель наўпярэймы яму, і ўзяў дар у руку сваю і ўсяго найлепшага ў Дамашку — наклад на сорак вярблюдоў, і прышоў, і стаў перад відам ягоным, і сказаў: «Сын твой Вен-Гадад, кароль Арамскі, паслаў мяне да цябе, кажучы: "Ці ачуняю я ад гэтае хваробы?"». І сказаў яму Елісэй: «Пайдзі, скажы яму: "Ачуняеш"; аб’явіў, адылі, імне СПАДАР, што ён сьмерцю памрэць». І ўцяміўся ў яго, аж ён засароміўся; і заплакаў чалавек Божы. І сказаў Газаель: «Чаму спадар мой плача?» І сказаў ён: «Бо я ведаю, якога наробіш ты ліха сыном Ізраелявым: гарады іхныя спаліш, і маладзёнаў іхных мячом пазабіваеш, і дзецяняты іхныя зьмяжджуліш, і цяжарныя іхныя распорыш». І сказаў Газаель: «Але што, слуга твой, сабака, каб ён мог зрабіць такую вялікую рэч?» І сказаў Елісэй: «СПАДАР паказаў імне цябе як караля Арамскага».

І пайшоў ён ад Елісэя, і прышоў да гаспадара свайго, і сказаў яму тый: «Што казаў табе Елісэй?» І сказаў: «Ён казаў імне, што ты ачуняеш». І было назаўтрае: ён узяў накрыцьцё, і занурыў яго ў ваду, і расьцягнуў на від ягоны, і ён памер. І загаспадарстваваў Газаель замест яго.

І пятага году Ёрама Агавёнка, караля Ізраельскага, і Ясапата, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Ёрам Ясапацёнак, кароль Юдэйскі. Трыццаць два гады было яму, як ён загаспадарстваваў, і восьмі год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І хадзіў дарогаю каралёў Ізраельскіх, як рабілі дом Агаваў, бо дачка Агавава была жонкаю ягонаю, і рабіў ліхое ў ваччу СПАДАРОВЫМ. Ня зычыў, адылі, СПАДАР згубіць Юду, дзеля Давіда, слугі Свайго, бо Ён абяцаў даць яму сьветач у дзяцёх ягоных на ўсі часы. За дзён ягоных выступіў Едом із-пад рукі Юды, і пастанавілі яны над сабою караля. І прайшоў Ёрам да Цаіру, і ўсі цялежкі зь ім; і ўстаў ён ночы, і паразіў Едомлян, што акружалі яго, і вайводцаў над цялежкамі, але люд уцёк да буданоў сваіх. І выступіў Едом із-пад рукі Юды дагэтуль.
У тым жа часе выступіла й Ліўна.

Засталыя справы Ёрамовы і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? І супачыў Ёрам із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Агазя, сын ягоны, замест яго.

Двананцатага году Ёрама Агавёнка, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Агазя, сын Ёрама, караля Юдэйскага. Дваццаць два гады было Агазі, як загаспадарстваваў, і адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя ж маці ягонае Афаля, дачка Омры, караля Ізраельскага. І хадзіў дарогаю дому Агавовага, рабіў ліхое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, падобна да дому Агавовага, бо ён зяць дому Агавовага. І пайшоў Ёрам Агавёнак на вайну з Газаелям, каралём Арамскім, да Рамофу Ґілеадзкага, і ранілі Арамляне Ёрама. І зьвярнуўся Ёрам кароль, каб лячыцца ў Ізрэелю ад ранаў, што яго ранілі Арамляне ў Рамофе, як ён ваяваў з Газаелям, каралём Арамскім. І Агазя Ёрамёнак, кароль Юдэйскі, зышоў даведацца Ёрама Агавёнка да Ізрэелю, бо ён быў хворы.

А Елісэй прарока гукнуў аднаго із сыноў прароцкіх і сказаў яму: «Паперажы сьцёгны свае, і вазьмі гэтую судзіну з аліваю ў руку сваю, і пайдзі да Рамофу Ґілеадзкага. І як прыйдзеш туды, выглядзі там Егу, сына Ясапата Німшанка, і ўвыйдзі, і кажы яму ўстаць із памеж братоў ягоных, і ўвядзі яго да нутранога пакою; І вазьмі судзіну з алеям, і вылі на галаву яму, і скажы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Памазаў цябе за караля над Ізраелям’". І адчыні дзьверы, і ўцячы, і ня длякайся». І пайшоў дзяцюк, дзяцюк прароцкі, да Рамофу Ґілеадзкага; І ўвыйшоў, і вось, сядзяць вайводцы. І сказаў: «У мяне слова да цябе, вайводца». І сказаў Егу: «Да каго з усіх нас?» І сказаў ён: «Да цябе, вайводца». І ўстаў ён, і ўвыйшоў у дом. І выліў алей на галаву яму, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я памазаў цябе за караля над людам СПАДАРОВЫМ, над Ізраелям; І ты паразіш дом Агавоў, спадара свайго, і Я памшчуся за кроў слугаў Сваіх прарокаў і за кроў усіх слугаў СПАДАРОВЫХ із рукі Езэвелі. І загіне ўвесь дом Агавоў, і выгублю ўв Агава нават тога, што мочыцца на сьцяну, і замкнёнага, і засталага ў Ізраелю. І аддам дом Агавоў, як дом Еровоама Невацёнка, і як дом Ваашы Агіёнка. А Езэвель зьядуць сабакі на полю Ізрэельскім, і ніхто не пахавае яе». І адчыніў дзьверы, і ўцёк.

І вышаў Егу да служцоў спадара свайго, і сказалі яму: «Ці супакой? чаго прыходзіў гэты шалёны да цябе?» І сказаў ім: «Вы знаеце гэтага чалавека й мову ягоную». І сказалі: «Няпраўда, скажы нам». І сказаў ён: «Так а так ён сказаў імне, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Памазаў цябе за караля над Ізраелям’"». І пабарзьдзілі яны, і ўзялі кажны адзецьце свае, і падаслалі яму на найвышшым уступцу, і затрубілі ў трубу, і сказалі: «Загаспадарстваваў Егу!» І паўстаў Егу, сын Ясапата Німшанка, супроці Ёрама; Ёрам жа сьцярог у Рамофе Ґілеадзкім, ён а ўвесь Ізраель ад Газаеля, караля Арамскага. Але кароль Ёрам зьвярнуўся, каб лячыцца ў Ізрэелю ад ран, каторыя яму задалі Арамляне, як ён ваяваў з Газаелям, каралём Арамскім. І сказаў Егу: «Калі гэта будзе вашаю думкаю, хай ніхто ня выходзе зь места, каб ісьці накаэаць у Ізрэелю». Дык Егу сеў на цялежкі й паехаў да Ізрэелю, бо Ёрам ляжаў там. І Агазя, кароль Юдэйскі, зышоў даведацца Ёрама. І вартаўнік стаяў на вежы ў Ізрэелю, як ён ехаў, і сказаў: «Я бачу аддзел». І сказаў Ёрам: «Вазьмі коньніка, і пашлі наўпярэймы ім, і хай скажа: "Ці мір?"». І выехаў коньнік наўпярэймы яму, і сказаў: «Гэтак кажа кароль: "Ці мір?"» І сказаў Егу: «Што табе да міру? павярніся за імною». І наказаў вартаўнік, і сказаў: «Прыехаў пасланец да іх, але не зварачаецца». І паслалі другога коньніка, і ён прыехаў да іх, і сказаў: «Гэтак кажя кароль: "Ці мір?"» І сказаў Егу: «Што табе да міру? павярніся за імною». І наказаў вартаўнік, сказаўшы: «Прыехаў да іх, і не зварачаецца, а язда, як Егу Німшанка, бо ён едзе, як палёны». І сказаў Ёрам: «Запрагай». І запрэглі цялежкі ягоныя. І выехаў Ёрам, кароль Ізраельскі, і Агазя, кароль Юдэйскі, кажны на цялежках сваіх. І выступілі наўпярэймы Егу, і стрэліся зь ім на дзелі Навофа Ізрэеляніна. І як абачыў Ёрам Егу, то сказаў: «Ці мір Егу?» І сказаў: «Што за мір, пакуль бязулства маці твае Езэвелі і чысьленыя чары ейныя?» І павярнуў Ёрам рукі свае, і ўцякаў, і сказаў Агазі: «Ашука, Агазя!» А Егу напяў лук рукою сваёю, і стрэліў Ёраму ў міжыкрылы, і прайшла страла пераз сэрца ягонае, і ўкляк на цялежках сваіх. І сказаў Егу Бідкару, каралеўскаму ахвіцэру: «Падыймі й кінь яго на дзялёнку поля Навофа Ізрэеляніна; бо ўспомні, як мы з табою ехалі ўдвух адзаду Агава, айца ягонага, і як СПАДАР праказаў празь яго гэта прароцтва: "Запраўды, кроў Навофаву а кроў сыноў ягоных бачыў Я ўчора, — агалашае СПАДАР, — і адплачу табе на гэтым полю". Дык падыймі й кінь яго на дзель, подле слова СПАДАРОВАГА». Агазя, кароль Юдэйскі, абачыўшы гэта, уцякаў па дарозе да садовага дому. І пагнаўся за ім Егу, і сказаў: «І яго паразіце на цялежках». Гэта было на ўзгор’ю Ґур, каторае ля Іўлеаму. І ўцёк ён да Меґіда; і памер там. І завезьлі яго на цялежках слугі ягоныя да Ерузаліму, і пахавалі яго ў гробе ягоным, з айцамі ягонымі, у месьце Давідавым.

Адзінанцатага году Ёрама Агавёнка загаспадарстваваў Агазя ў Юдэі. І прыбыў Егу да Ізрэелю. Езэвель жа, пачуўшы, наруменіла від свой, і прыбрала галаву сваю, і глядзела далоў з акна. Як Егу ўехаў у браму, яна сказала: «Ці мір, о Зымру, убіўца спадара свайго?» І ўзьняў ён від свой к акну, і сказаў: «Хто з імною, хто?» І выглянулі далоў да яго два-тры легчанцы. І сказаў ён: «Выкіньце яе». І выкінулі яе. І пырснула кроў ейная на сьцяну а на коні, і растапталі яе. І прышоў Егу, і еў, і піў, і сказаў: «Ідзіце да гэнае праклятае і пахавайце яе, бо яна дачка каралеўская». І пайшлі пахаваць яе, але не знайшлі ад яе нічога, апрача чэрапа а ног а далоняў рук. І зьвярнуліся, і азнаймілі яму. І сказаў ён: «Гэткае было слова СПАДАРОВА, што Ён праказаў слугою Сваім Ільлёю Фішвянінам, сказаўшы: "На полю Ізрэельскім зьядуць сабакі цела Езэвеліна; І будзе труп Езэвелін, як гной на зьверху поля дзелі Ізрэельскае, ажно ніхто ня скажа: ’Гэта Езэвель’"».

Ув Агава было семдзясят сыноў у Самары. І напісаў Егу лісты, і паслаў да Самары начэльнікам Ізрээльскім, старцом а кармілічам дзяцей Агавовых, кажучы: «Дык цяпер, як прыйдзе да вас гэты ліст, а ў вас сынове спадара вашага, у вас жа і цялежкі, і коні, і ўмацаванае месца, і зброя; Дык выглядзіце найлепшага а найпасьціўшага із сыноў гаспадара свайго, і пасадзіце яго на пасад айца ягонага, і ваюйце за дом гаспадара свайго». Яны вельмі, вельмі спалохаліся і сказалі: «Вось, два каралі ня ўстоілі перад ім, як жа мы ўстоім?» І паслаў дамавер а гараднічы а старцы а кармілічы да Егу, сказаць: «Мы слугі твае, і што скажаш нам, тое й зробім. Мы нікога не пастановім за караля; што добра ў ваччу тваім, тое й рабі». І напісаў ён ім ліст другі, кажучы: «Калі вы мае і слухаеце голасу майго, то вазьміце галавы сыноў гаспадара свайго і прыйдзіце да мяне заўтра гэтага часу да Ізрэелю». Каралеўскіх жа сыноў было семдзясят чалавекаў; найвыдатнейшыя ў месьце былі кармілічамі іх. Як прышоў да іх ліст, яны ўзялі каралеўскіх сыноў, зарэзалі семдзясят чалавекаў, і палажылі галавы іхныя ў сутнікі, і паслалі да яго да Ізрэелю. І прышоў пасланец, і наказаў яму, кажучы: «Прынесьлі галавы сыноў каралеўскіх». І сказаў ён: «Раскладзіце іх у дзьве кучы ля ўходу ў браму, да раньня». Нараніцы ён вышаў, і стаў, і сказаў усяму люду: «Вы ня вінны. Вось, я паўстаў супроці гаспадара свайго й зрабіў сьмерць яму, а іх усіх хто забіў? Ведайце ж цяперака, што ня зваліцца на зямлю нічагусенькі із слова СПАДАРОВАГА, каторае СПАДАР казаў праз дом Агавоў; бо СПАДАР зрабіў, што казаў слугою Сваім Ільлёю». І пабіў Егу ўсіх засталых з дому Агавовага ў Ізрэелю, і ўсіх вялікіх ягоных, і знаёмых ягоных, і сьвятароў ягоных, ажно не засталося ў яго астачы. І ўстаў, і адышоў, і пайшоў да Самары, а па дарозе зайшоўся да дому пастухоў-пастрыганьнікаў. І Егу знайшоў братоў Агазіных, караля Юдэйскага, і сказаў: «Хто вы?» Яны адказалі: «Мы браты Агазіны і йдзем паздароваць сыноў каралёвых і сыноў каралічыных». І сказаў ён: «Хапіце іх жывых». І схапілі іх жывых, і зарэзалі іх — сорак двух чалавекаў, ля студні двору пастрыгальні, і не засталося ні воднага зь іх.

І пайшоў стуль, і стрэўся зь Егонадавом Рыхавёнкам, што йшоў наўпярэймы яму, і дабраславіў яго, і сказаў яму: «Ці твае сэрца шчырае, як мае сэрца да сэрца твайго?» І ён адказаў: «Але». І сказаў Егу: «Калі але, то дай руку сваю». І падаў ён руку сваю, і падняў ён яго да цялежкаў сваіх. І сказаў: «Едзь з імною і глядзі на маю рупатлівасьць праз СПАДАРА». І павёз яго ў цялежках сваіх. Прыехаўшы да Самары, ён забіў усіх засталых ув Агава ў Самары, ажно сусім зьнішчыў яго, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён казаў Ільлі.

І зьбер Егу ўвесь люд, і сказаў ім: «Агаў мала служыў Ваалу; Егу будзе служыць яму болей. Дык цяпер згукайце да мяне ўсіх прарокаў Вааловых, усіх служцоў ягоных і ўсіх сьвятароў ягоных, каб нікога не заставалася; бо вялікі аброк у мяне Ваалу. А кажны, хто ня стане, не застанецца жыў». Але Егу рабіў хітра, каб выгубіць службітоў Вааловых. І сказаў Егу: «Пасьвяціце збор дзеля Ваала». І агаласілі. І паслаў Егу па ўсім Ізраелю; і прышлі ўсі службіты Вааловы, і не засталося ні воднага, хто б ня прышоў; і ўвыйшлі ў дом Ваалоў, і дом Ваалоў быў поўны ад аднаго канца аж да другога канца. І сказаў ён таму, хто быў над адзежняю: «Вынясі адзецьці ўсім службітом Вааловым». І ён вынес ім адзецьці. І ўвыйшоў Егу зь Егонадавом Рыхавёнкам у дом Ваалоў, і сказаў службітом Вааловым: «Прасачыце а глядзіце, каб тут ня было з вамі нікога із службітоў СПАДАРОВЫХ, але адно службіты Вааловы». І прыступілі яны спаўняць аброкі а ўсепаленьні. А Егу пастанавіў сабе вонках асьмідзясят чалавекаў і сказаў: «Хто ўцячэць із тых людзёў, каторых я аддаў у рукі вашыя, душа таго замест душы ягонае». І сталася, як скончылі абракаць усепаленьне, што сказаў Егу ганцом а ахвіцэрам: «Ідзіце, забіце іх, каб ні водзін ня вышаў». І забілі іх лязом мяча, і выкінулі іх ганцы а ахвіцэры, і пайшлі да места дому Вааловага. І павыносілі асобкі з дому Вааловага, і папалілі іх. І разьбілі асобку Ваала, і разьбілі дом Ваала, і зрабілі зь яго месца нечысьцяў дагэтуль. І выгубіў Егу Ваала ізь зямлі Ізраельскае. Ад грахоў, адылі, Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, ад іх не адступіў Егу, — ад залатых цялят-бычкоў, што ў Бэт-Элю і што ў Дане. І сказаў СПАДАР Егу: «За тое, што ты добра зрабіў, каб споўніць пасьцівае ў ваччу Маім; подле ўсёга, што было ў сэрцу Маім, ты зрабіў дому Агавоваму, то да чацьвертага пакаленьня будуць сядзець у цябе на пасадзе Ізраелявым». Але Егу ня рупіўся хадзіць у законе СПАДАРА, Бога Ізраелявага, з усёга сэрца. Ён не адступіў, ад грахоў Еровоама, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх. Тых дзён пачаў СПАДАР адразаць часьці ад Ізраялян, і біў іх Газаель па ўсіх граніцах Ізраелявых, Ад Ёрдану на ўсход сонца, усю зямлю Ґілеад, плямя Ґадава, Рувінава, Манасава, ад Ароеру, каторы ля цур’я Арнона, і Ґілеад а Вашан. Засталыя справы Егавы і ўсе, што ён зрабіў, і ўся сіла ягоная, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх. І супачыў Егу з айцамі сваімі, і пахавалі яго ў Самары. І загаспадарстваваў Егоагаз, сын ягоны, замест яго. Часу ж гаспадарстваваньня Егу над Ізраелям у Самары было дваццаць восьмі год.

І як Афаля, маці Агазіна, абачыла, што сын ейны памер, устала й выгубіла ўсе каралеўскае насеньне. Але Егошэва, дачка караля Ёрама, сястра Агазіна, узяла Ёаша Агазёнка й выкрала яго з памеж забіваных сыноў каралеўскіх, яго а няньку ягоную із спальні, і схавала яго ад Афалі, і ён не памер. І быў ён ізь ёю ў доме СПАДАРОВЫМ схаваны шэсьць год, прымеж тога як Афаля гаспадарствавала ў зямлі.

Але сёмага году паслаў Егояда, і ўзяў сотнікаў а асабістых вартаўнікоў а ганцоў, і прывёў іх да дому СПАДАРОВАГА, і зрабіў змову зь імі, і ўзяў зь іх прысягу ў доме СПАДАРОВЫМ, і паказаў ім каралеўскага сына; І расказаў ім, кажучы: «Вось, што маеце зрабіць: трайціна з вас прыходзяць у сыботу і вартуюць у старожы дому каралеўскага, Трайціна ля брамы Сур, і трайціна ля брамы адзаду ганцоў, — будзеце мець старожу дому Масах. І дзьве часьці з вас, усі адыходзячыя ў сыботу, маюць мець старожу дому СПАДАРОВАГА каля караля. І абступіце караля навокал, кажны із зброяю сваёю ў руццэ сваёй; а хто ўвыйшоў бы ў лад, хай памрэць. І будзьце ля караля, як ён выходзе й як уходзе». І зрабілі сотнікі ўсе, што расказаў Егояда сьвятар, і ўзялі кажны людзёў сваіх, у сыботу прыходзячых і ў сыботу адыходзячых, і прышлі да Егояды сьвятара. І раздаў сьвятар сотнікам дзіды а шчыты караля Давіда, што былі ў доме СПАДАРОВЫМ. І сталі ганцы, кажны із зброяю ў руццэ сваёй, ад правага боку дому аж да левага боку дому, ля аброчніка а ля дому, навокал караля. І вывеў ён каралеўскага сына, і ўзлажыў на яго карону, і даў яму сьветчаньне, і ўстанавілі яго за караля, і памазалі яго, і пляскалі ў ладкі а гукалі: «Хай жывець кароль!»

І пачула Афаля голас бягучага люду, і пайшла да люду, да дому СПАДАРОВАГА. І бача, вось, кароль стаіць ля стаўпа, подле права, і князі й трубялі ля караля; і ўвесь люд зямлі вяселіцца, і трубяць у трубы. І разьдзерла Афаля адзецьці свае, і закрычэла: «Змова! змова!» І расказаў Егояда сьвятар сотнікам, пастаноўленым над войскам, і сказаў ім: «Вывядзіце яе за лад; а хто пойдзе за ёю, забівайце мячом», бо, казаў сьвятар: «Хай не памрэць у доме СПАДАРОВЫМ». І налажылі рукі на яе, і яна прайшла — дарогаю, катораю вадзілі коні — да каралеўскага дому, і была забіта там.

І ўчыніў Егояда змову памеж СПАДАРА й караля а люду, каб ён быў людам СПАДАРОВЫМ, і памеж караля й люду. І прышоў увесь люд зямлі да дому Вааловага, і разбурылі яго, аброчнікі ягоныя а абразы ягоныя чыста разьбілі, і Матфана, сьвятара Вааловага, забілі перад аброчнікам. І прызначыў сьвятар ураднікаў над домам СПАДАРОВЫМ. І ўзяў сотнікаў а асабістых вартаўнікоў а ганцоў а ўвесь люд зямлі, і зьвялі караля з дому СПАДАРОВАГА, і прышлі па дарозе пераз браму ганцоў да каралеўскага дому, і пасадзілі яго на пасадзе каралёў. І весяліўся ўвесь люд зямлі, і места супакоілася. А Афалі зрабілі сьмерць мячом ля каралеўскага дому.

Сем год было Егоашу, як загаспадарстваваў.

Сёмага году Егу загаспадарстваваў Егоаш і сорак год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Цыва, зь Веер-Шэвы. І рабіў Егоаш пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ усі дні свае, пакуль навучаў яго сьвятар Егояда. Адно ўзвышшы ня былі аддалены: люд яшчэ абракаў аброкі й кадзіў кадзіла на ўзвышшах. І казаў Егоаш сьвятаром: «Усе срэбра пасьвячанае, каторае прыносяць да дому СПАДАРОВАГА, срэбра ад праходзячых, срэбра за кажную душу подле ацэны, усе срэбра, колькі каму прыходзе на сэрца прынесьці да дому СПАДАРОВАГА, Хай бяруць сьвятары сабе, кажны ад свайго знаёмага, і хай правяць яны пашкоджаньне ў доме, усюдых, ідзе знойдзецца пашкоджаньне».

І было, што да дваццаць трэйцяга году караля Егоаша сьвятары ня правілі пашкоджаньняў дому. Тады кароль Егоаш пагукаў Егояду сьвятара а сьвятароў і сказаў ім: «Чаму вы ня правіце пашкоджаньняў у доме? Дык адгэтуль не бярыце срэбра ў знаёмых сваіх, але на пашкоджаньні дому аддавайце яго». І згадзіліся сьвятары ня браць срэбра ў люду ані правіць пашкоджаньняў у доме. І ўзяў сьвятар Егояда адну скрыню, і прабіў дзірку ў дзьверцах яе, і пастанавіў яе ля аброчніка на правым баку, ідзе ўходзілі ў дом СПАДАРОЎ. І клалі туды сьвятары, вартаўнікі парогу, усе срэбра, прыношанае да дому СПАДАРОВАГА. І як бачылі, што шмат срэбра ў скрыні, то ўзыходзіў пісар каралеўскі й найвышшы сьвятар, і завязавалі, і лічылі срэбра, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ. І аддавалі палічанае срэбра ў рукі тых, што рабілі работы, каторыя мелі нагляд над домам СПАДАРОВЫМ, а гэтыя выдавалі яго на цесьляў а будаўнічых, што рабілі ў доме СПАДАРОВЫМ, І на муляроў а на камачосаў, таксама на куплю дзерва а часаных камянёў, на паправу пашкоджаньняў у доме СПАДАРОВЫМ, і на ўсе, што йшло на дом дзеля яго паправы. Не зрабілі, адылі, да дому СПАДАРОВАГА срэбных місаў, нажоў, крапільніцаў, трубаў, усялякага судзьдзя залатога й судзьдзя срэбнага із срэбра, прыношанага да дому СПАДАРОВАГА; Але яны аддавалі яго работнікам і мацнілі ім дом СПАДАРОЎ. І не вымагалі лічбы ад тых людзёў, на каторых рукі выдавалі срэбра, плаціць работнікам; бо яны дзеялі верна. Срэбра на аброк віны і на аброк за грэх ня ўносілі ў дом СПАДАРОЎ: яно было сьвятаром.

Тады ўзышоў Газаель, кароль Арамскі, і здабываў Ґаф, і ўзяў яго; і зьвярнуў Газаель від свой, каб узыйсьці на Ерузалім. Але Егоаш, кароль Юдэйскі, узяў усе пасьвячэньне, што пасьвяцілі Ясапат а Ёрам а Агазя, айцы ягоныя, каралі Юдэйскія, і што ён сам пасьвячаў, і ўсе золата, знойдзенае ў скарбніцах дому СПАДАРОВАГА а дому каралеўскага, і паслаў Газаелю, каралю Арамскаму, і ён узышоў ад Ерузаліму. І засталыя справы Ёашавы а ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? І паўсталі служцы ягоныя, і зрабілі змову, і паразілі Ёаша ў доме Міло, што на дарозе, каторая спушчаецца да Сіла. Яго забілі служцы ягоныя: Ёзакар Шымеаценак а Егозавад Шомеронак; і ён памер, і пахавалі яго з айцамі ягонымі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Амася, сын ягоны, замест яго.

Дваццадь трэйцяга году Ёаша Агазёнка, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Егоагаз Ежанок над Ізраелям у Самары; і гаспадарстваваў сямнанцаць год. І рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і хадзіў за грахамі Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, і не адхінаўся ад іх. І ўзгарэўся гнеў СПАДАРА на Ізраеля, і Ён аддаў іх у руку Газаеля, караля Арамскага, і ў руку Вен-Гадада Газаеленка на ўсі дні. І маліў Егоагаз від СПАДАРОЎ, і пачуў яго СПАДАР, бо бачыў уціск Ізраялян, бо ўціскаў іх кароль Арамскі. І даў СПАДАР Ізраялянам выбавіцеля, і вышлі яны з пад рукі Араму, і жылі сынове Ізраелявы ў буданох сваіх, як учорах а заўчора. Не адступалі, адылі, ад грэху дому Еровоамовага, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх; хадзілі ў ім, дый дуброва стаяла ў Самары. Не заставалася ў Егоагаза люду ваеннага, адно пяцьдзясят коньнікаў, дзесяць цялежкаў і дзесяць тысячаў пяхотных, бо выгубіў іх кароль Арамскі і зрабіў іх, як пыл малацьбою. І засталыя справы Егоагазавы, і ўсе, што ён зрабіў, і дужасьць ягоная, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх? І супачыў Егоагаз із айцамі сваімі, і пахавалі яго ў Самары. І загаспадарстваваў Ёаш, сын ягоны, замест яго.

Трыццаць сёмага году Ёаша, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Егоаш Егоагазёнак над Ізраелям у Самары; і гаспадарстваваў шаснанцаць год. І рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ; не адхінаўся ад усяго грэху Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, — хадзіў у ім. Засталыя справы Ёашовы і ўсе, што ён зрабіў, і дужасьць ягоная, як ён ваяваў з Амасяю, каралём Юдэйскім, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх? І супачыў Ёаш із айцамі сваімі, а Еровоам сеў на пасадзе ягоным. І пахаваны Ёаш у Самары з каралямі Ізраельскімі.

Елісэй захварэў хваробаю, ад каторае потым і памер. І зышоў да яго Ёаш, кароль Ізраельскі, і плакаў над ім, і казаў: «Войча мой! войча мой! цялежкі Ізраелявы я коньніца ягоная!» І сказаў яму Елісэй: «Вазьмі лук а стрэлы». І ўзяў лук а стрэлы. І сказаў каралю Ізраельскаму: «Палажы руку сваю на лук». І палажыў ён руку сваю. І палажыў Елісэй рукі свае на рукі каралёвы, І сказаў: «Адчыні акно на ўсход». І ён адчыніў. І сказаў Елісэй: «Выстралі». І ён выстраліў. І сказаў: «Гэта страла спасеньня СПАДАРОВАГА і страла вывальненьня ад Араму, бо ты чыста паразіш Арам ув Афеку». І сказаў: «Вазьмі стрэлы». І ён узяў. І сказаў каралю Ізраельскаму: «Бі па зямлі». І ўдырыў ён трэйчы, і перастаў. І загневаўся на яго чалавек Божы, і сказаў: «Было біць пяць альбо шэсьць разоў, тады ты чыста пабіў бы Арам, а цяпер трэйчы паразіш Арам».

І памер Елісэй, і пахавалі яго. І вяткі Моаўлян прыходзілі на пачатку году ў зямлю. І было, як хавалі чалавека, і вось, абачылі гэтую вятку, і кінулі таго чалавека ў гроб Елісэяў; і як укінены чалавек даткнуўся да касьцей Елісэявых, то ён ажыў і ўстаў на ногі свае.

І Газаель, кароль Арамскі, уціскаў Ізраеля ўсі дні Егоагазавы. Але СПАДАР быў міласэрны да іх, і меў спагаду да іх, і абярнуўся да іх дзеля змовы Свае з Абрагамам, Ісаком а Якавам, і не хацеў выгубіць іх, і не адхінуў іх ад віду Свайго аж дагэтуль. І памер Газаель, кароль Арамскі, і загаспадарстваваў Вен-Гадад, сын ягоны, замест яго. І Егоаш Егоагазёнак зьвярнуў месты з рукі Вен-Гадада Газаеленка, каторыя ён быў узяўшы вайною з рукі айца ягонага Егоагаза. Трэйчы разьбіў яго Ёаш і зьвярнуў месты Ізраелявы.

Другога году Ёаша Ёагазёнка, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Амася Ёашонак, кароль Юдэйскі. Дваццаць пяць год было яму, як загаспадарстваваў, і дваццаць дзевяць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Егоаддынь, зь Ерузаліму. І рабіў ён добрае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, ня так, адылі, як ацец ягоны Давід. Ён у вусім рабіў так, як ацец ягоны Ёаш. Адно ўзвышшы ня былі яшчэ аддалены: люд абракаў яшчэ аброкі і кадзіў кадзіла на ўзвышшах. Як умацавалася каралеўства ў рукох ягоных, тады ён зрабіў сьмерць служцом сваім, што забілі караля, айца ягонага. Але дзяцём убіўцаў не зрабіў сьмерці, бо напісана ў кнізе Закону Масеявага, у каторай расказаў СПАДАР, кажучы: «Ня маюць быць караны сьмерцяй айцове за дзеці, і дзеці ня маюць быць караны сьмерцяй за айцоў; але кажны за свой выступ мае быць караны сьмерцяй». Ён паразіў дзесяць тысячаў Едомлян на даліне Салонай, і ўзяў Сэлу вайною, і назваў імя яе Ёкфеель, каторае аж дагэтуль.

Тады паслаў Амася паслоў да Егоаша, караля Ізраельскага, сына Егоагаза Ежанка, кажучы: «Выйдзі, глянем у від адзін аднаму». І паслаў Егоаш, кароль Ізраельскі, да Амасі, караля Юдэйскага, кажучы: «Цернь, каторая на Лібане, паслала да кедры, каторы на Лібане ж, кажучы: "Аддай дачку за жонку сыну майму". Але прайшлі дзікія зьвяры, каторыя на Лібане, і стапталі гэтую цернь. Ты чыста разьбіў Едомлян, і сэрца твае загардзела. Хваліся й сядзі ў доме сваім. Нашто табе выгукаць ліха? Упадзеш ты й Юда з табою». Але не паслухаў Амася. І ўзышоў Егоаш, кароль Ізраельскі, і глянулі ў від адзін аднаму, ён і Амася, кароль Юдэйскі, у Вефшэмішу Юдэйскім. І разьбіты былі Юда Ізраелям, і ўцяклі кажны да будану свайго. І Амасю, караля Юдэйскага, сына Егоаша Агазёнка, захапіў Егоаш, кароль Ізраельскі, у Вефшэмішу, і прышоў да Ерузаліму, і разбурыў сьцяну Ерузалімскую ад брамы Яхрэмавае аж да брамы Рагавое на чатырыста локцяў. І ўзяў усе золата а срэбра а ўсе судзьдзе, што знайшлося ў доме СПАДАРОВЫМ а ў скарбніцах дому каралеўскага, і закладнікаў, і зьвярнуўся да Самары. Засталыя справы Егоашавы, што ён зрабіў, і дужасьць ягоная, і як ён ваяваў з Амасям, каралём Юдэйскім, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх? І супачыў Егоаш із айцамі сваімі, і пахаваны ў Самары з каралямі Ізраельскімі. І загаспадарстваваў Еровоам, сын ягоны, замест яго.

І жыў Амася Ёашонак, кароль Юдэйскі, па сьмерці Егоаша Егоагазёнка, караля Ізраельскага, пятнанцаць год. Засталыя справы Амасіны ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? І зрабілі змову супроці яго ў Ерузаліме, і ўцёк ён да Лахішу. І паслалі за ім да Лахішу й забілі яго там. І прывезьлі яго на конях, і пахаваны ён быў у Ерузаліме з айцамі сваімі ў месьце Давідавым. І ўзяў увесь люд Юдэйскі Азару, катораму было шаснанцаць год, і ўстанавілі яго за караля замест айца ягоната Амасі. Ён забудаваў Елаф і зьвярнуў яго Юдзе, просьле тога як кароль быў супачыўшы з айдамі сваімі.

Пятнанцатага году Амасі Ёашонка, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Еровоам Ёашонак, кароль Ізраельскі, у Самары, і гаспадарстваваў сорак адзін год. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ: не адхінаўся ад усіх грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх. Ён зьвярнуў граніцу Ізраеля ад уходу да Гамафу аж да мора пустыні, подле слова СПАДАРА, Бога Ізраелявага, каторае Ён праказаў слугою Сваім Ёнаю Акіфаёнкам, прарокам із Ґафгеферу; Бо СПАДАР бачыў гароту Ізраеля, вельма гаркую, ажно не заставалася ані замкнёнага, ані засталага, і ня было памачніка ў Ізраелю. І не казаў СПАДАР, што вытра імя Ізраялян з-пад нябёсаў, і выбавіў іх рукою Еровоама Ёашонка. Засталыя справы Еровоамовы, і ўсе, што ён зрабіў, і дужасьць ягоная, як ён ваяваў, і як зьвярнуў Ізраелю Дамашк а Гамаф Юдэйскі, ціж яны не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх? І супачыў Еровоам із айцамі сваімі, з каралямі Ізраельскімі. І загаспадарстваваў Захара, сын ягоны, замест яго.

Дваццаць сёмага году Еровоама, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Азара Амасёнак, кароль Юдэйскі. Шаснанцаць год было яму, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят два гады гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Ехоля, зь Ерузаліму. Ён рабіў пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім, як рабіў Амася, айцец ягоны. Адно ўзвышшы ня былі аддалены: люд яшчэ абракаў а кадзіў на ўзвышшах. І паразіў СПАДАР караля, і быў ён пракажаны аж да дня сьмерці свае, і жыў у вапрычоным доме. А Ёфам, сын каралёў, быў над домам, судзячы люд зямлі. Засталыя справы Азарыны і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? І супачыў Азара з айцамі сваімі, і пахавалі яго з айцамі ягонымі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваў Ёфам, сын ягоны, замест яго.

Трыццаць восьмага году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Захара Еровоамёнак над Ізраелям у Самары, і гаспадарстваваў шэсьць месяцаў. Ён рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, як рабілі айцы ягоныя: не адхінаўся ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх. І змовіўся супроці яго Шалум Явішонак, і выцяў яго перад людам, і забіў яго; і загаспадарстваваў замест яго. І засталыя справы Захаравы, вось, яны запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх. Гэткае было слова СПАДАРОВА, каторае Ён праказаў Егу, кажучы: «Сыны твае да чацьвертага пакаленьня будуць сядзець на пасадзе Ізраелявым». І было так.

Шалум Явішонак загаспадарстваваў трыццаць дзявятага году Узі, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў адзін месяц у Самары. І ўзышоў Менагім Ґадзянок ізь Фірцы, і прышоў да Самары, і выцяў Шалума Явішонка ў Самары, і забіў яго, і загаспадарстваваў замест яго. Засталыя справы Шалумавы й змова ягоная, каторую ён зрабіў, вось, яны запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх. Тады зразіў Менагім Тапуаг а ўсе, што ў ім а ў граніцах яго, ад Фірцы, бо ён не адчыніўся, за тое зразіў; усі цяжарныя жанкі ў ім парасьцінаў.

Трыццаць дзявятага году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Менагім Ґадзянок над Ізраелям, і гаспадарстваваў дзесяць год у Самары. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ: не адхінаўся ўсі дні свае ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх. Тады прышоў Пул, кароль Асырскі, на зямлю. І даў Менагім Пулу тысяча таланяў срэбра, каб рука ягоная магла быць за яго, дзеля ўмацаваньня каралеўства ў руццэ сваёй. І расклаў Менагім гэтае срэбра на Ізраеля, на ўсіх багатыроў, даць каралю Асырскаму па пяцьдзясят сыкляў срэбра ад кажнага чалавека. І зьвярнуўся кароль Асырскі, і не застаўся там у зямлі. Засталыя справы Менагімовы і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх? І супачыў Менагім із айцамі сваімі. І загаспадарстваваў Пекага, сын ягоны, замест яго.

Пяцьдзясятага году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Пекага Менагіменак над Ізраелям у Самары, і гаспадарстваваў два гады. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, не адхінаўся ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх. І змовіўся супроці яго Пекаг Рэмалёнак, капітан ягоны, і выцяў яго ў Самары ў палацу каралеўскага дому, з Арґовам а Арам, а зь ім былі пяцьдзясят чалавекаў із сыноў Ґілеадзкіх, і забіў яго, і загаспадарстваваў замест яго. Засталыя справы Пекажыны і ўсе, што ён зрабіў, запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.

Пяцьдзясят другога году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Пекаг Рэмалёнак над Ізраелям у Самары, і гаспадарстваваў дваццаць год. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ: не адхінаўся ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх. За дзён Пекага, караля Ізраельскага, прышоў Фіґлаф-Піл-Эсэр, кароль Асырскі, і ўзяў Іён, Авел-Беф-Мааху а Яноаг а Кедэш а Гасор а Ґілеад а Ґалілею, усю зямлю Неффалімову, і перасяліў іх да Асыры. І ўчыніў змову Гося Ілянок супроці Пекага Рэмалёнка, і выцяў яго, і забіў яго, і загаспадарстваваў замест яго дваццатага году Ёфама Узянка. Засталыя справы Пекагавы і ўсе, што ён зрабіў, вось, запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.

Другога году Пекага Рэмалёнка, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Ёфам Узянок, кароль Юдэйскі. Дваццаць пяць год было яму, як загаспадарстваваў, і шаснанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Еруша Садачышка. Ён рабіў пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім; як рабіў Узя, ацец ягоны, так рабіў і ён. Адно ўзвышшы ня былі аддалены: яшчэ люд абракаў а кадзіў на ўзвышшах. Ён збудаваў вышшую браму ля дому СПАДАРОВАГА. Засталыя справы Ёфамовы і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? За тых дзён СПАДАР пачаў пасылаць на Юдэю Рэцына, караля Арамскага, і Пекага Рэмалёнка. І супачыў Ёфам із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давіда, айца свайго. І загаспадарстваваў Агаз, сын ягоны, замест яго.

Сямнанцатага году Пекага Рэмалёнка, загаспадарстваваў Агаз, сын Ёфама, караля Юдэйскага. Дваццаць год было Агазу, як загаспадарстваваў, і шаснанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме, і не рабіў пасьцівага ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго, як Давід, ацец ягоны; Але хадзіў дарогаю каралёў Ізраельскіх, і нават сына свайго правёў перазь цяпло, подле агідаў паган, каторых прагнаў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых. І абракаў, і кадзіў на ўзвышшах а на ўзгорках і пад кажным зялёным дзервам. Тады ўзышоў Рэцын, кароль Сырскі, і Пекаг Рэмалёнак, кароль Ізраельскі, на Ерузалім, каб заваяваць яго, і дзяржалі Агаза ў ваблозе, але зваяваць не маглі. Таго часу Рэцын, кароль Сырскі, зьвярнуў Сыры Елаф і выкінуў Юдэяў зь Елафу; і Сыране ўвыйшлі да Елафу, і жывуць там аж дагэтуль. І паслаў Агаз паслоў да Фіґлаф-Пілесэра, караля Асырскага, кажучы: «Слуга твой а сын твой я: узыйдзі, і ўратуй мяне ад рукі караля Сырскага і ад рукі караля Ізраельскага, паўсталых на мяне». І ўзяў Агаз срэбра а золата, якое знайшлося ў доме СПАДАРОВЫМ а ў скарбніцах дому каралеўскага, і паслаў лапан каралю Асырскаму. І паслухаў яго кароль Асырскі, і ўзышоў кароль Асырскі да Дамашку, і ўзяў яго ў палон, і перасяліў жыхараў яго да Кіру, а Рэцына забіў. І пайшоў кароль Агаз наўпярэймы Фіґлаф-Пілесэру, каралю Асырскаму, да Дамашку, і абачыў аброчнік, што ў Дамашку, і паслаў кароль Агаз Уру сьвятару падобнасьць аброчніка і рысунак усяе работы яго. І збудаваў сьвятар Ура аброчнік подле ўсёга, што паслаў яму кароль Агаз із Дамашку; і гэтак зрабіў сьвятар Ура да прыбыцьця караля Агаза з Дамашку. І прышоў кароль із Дамашку, і абачыў кароль аброчнік, і падышоў кароль да аброчніка, і абракаў на ім; І запаліў усепаленьне свае а хлебны аброк, і ўзьліў узьліваньне свае, і пакрапіў на аброчнік крывёю супакойных аброкаў сваіх. А мядзяны аброчнік, каторы перад відам СПАДАРОВЫМ, ён перасунуў зь пярэдняе стараны дому, з памеж аброчніка новага й дому СПАДАРОВАГА, і пастанавіў яго з боку гэтага аброчніка на поўнач. І расказаў кароль Агаз сьвятару Уру, пажучы: «На вялікім аброчніку палі ранічнае ўсепаленьне, і вячэрны хлебны аброк, і ўсепаленьне ад караля, і хлебны аброк ад яго, і ўсепаленьне ад усіх людзёў зямлі, і хлебны аброк ад іх, узьліваньне ад іх, і кажнаю крывёю ўсепаленьняў, кажнаю крывёю аброкаў крапі яго; а што да аброчніка мядзянага, ён будзе імне спакменям разважаньня». І зрабіў сьвятар Ура ўсе так, як расказаў кароль Агаз. І абламіў кароль Агаз аблямаваньне падстаноўкаў, і зьняў зь іх мыцельнік, і мора зьняў зь мядзяных валоў, каторыя пад ім, і пастанавіў яго на каменны мост. І крыты сыботні ход, каторы збудавалі ля дому, і навонны ўход каралеўскі абярнуў унутр дому СПАДАРОВАГА, дзеля караля Асырскага. А засталыя справы Агазавы, што ён зрабіў, ціж не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? І супачыў Агаз із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Гэзэка, сын ягоны, замест яго.

Двананцатага году Агаза, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Гося Ілянок у Самары над Ізраелям, і гаспадарстваваў дзесяць год. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, але ня так, як каралі Ізраельскія, што былі перад ім. Супроці яго выступіў Шалманесэр, кароль Асырскі, і стаў Гося слугою яму і даваў яму дань. І знайшоў кароль Асырскі ў Госі ізраду, бо ён пасылаў паслоў да Со, караля Ягіпецкага, і не пасылаў дані каралю Асырскаму кажны год; і ўзяў яго кароль Асырскі пад старожу, і паслаў яго ў вязьніцу. І ўзышоў кароль Асырскі на ўсю зямлю, і ўзышоў аж да Самары, і аблягаў яе тры гады. Дзявятага году Госі заваяваў кароль Асырскі Самару, і перасяліў Ізраялян да Асыры, і асяліў іх у Галазе а ў Гавору, ля ракі Ґозан, а ў местах Мідзкіх.

І было: як грашылі сынове Ізраелявы перад СПАДАРОМ, Богам сваім, Каторы ўзьвёў іх ізь зямлі Ягіпецкае, з пад рукі Фараона, караля Ягіпецкага, і пачалі баяцца багоў іншых, І хадзілі ў вуставах паган, каторых прагнаў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых, і ў вуставах каралёў Ізраельскіх, каторыя яны ўстанавілі, І рабілі сынове Ізраелявы патай справы нялюбыя СПАДАРУ, Богу свайму, і збудавалі сабе ўзвышшы ў вусіх местах сваіх, ад старожнае вежы аж да абароннага места. І наставілі сабе асобкаў а гаёў на кажным высокім узгорку і пад кажным зялёным дзервам, І пачалі там кадзіць на ўсіх узвышшах падобна да паган, каторых СПАДАР выгнаў ад іх, і рабілі благія ўчынкі, каб наругацца СПАДАРУ, І служылі балваном, праз каторыя казаў ім СПАДАР: «Не рабіце гэтага»; Тады СПАДАР сьветчыў на Ізраеля а Юду ўсімі прарокамі Сваімі, усімі відзеньнікамі, кажучы: «Зьвярніцеся з благіх дарогаў сваіх, і дзяржыце расказаньні Мае, уставы Мае, подле ўсяе навукі, каторую Я расказаў бацьком вашым і каторую Я паслаў вам слугамі Сваімі, прарокамі». І яны ня слухалі, і закалянілі завыек свой, як завыек айцоў іхных, каторыя ня верылі ў СПАДАРА, Бога свайго; І ўлегцы замелі ўставы Ягоныя, і змову Ягоную, каторую Ён учыніў із бацькамі іхнымі, і сьветчаньні Ягоныя, якімі Ён сьветчыў супроці іх, і пайшлі за пусьцінёй, і сталі пусьцінёй, і за акалічнымі паганамі, праз каторыя СПАДАР расказаў ім не рабіць так, як яны; І пакінулі ўсі расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, і зрабілі сабе літыя абразы двух цялят-бычкоў, і ўладзілі гай, і кланяліся ўсяму войску нябёснаму, і служылі Ваалу; І праводзілі сыноў сваіх а дачкі свае перазь цяпло, і варажылі варожбамі, і чаравалі, і аддаліся таму, каб рабіць благое ў ваччу СПАДАРА, каб гневаць Яго. І запалаў СПАДАР гневам на Ізраеля, і адхінуў іх ад віду Свайго. Не засталося нікога, апрача адзінага плямені Юдзінага. Дый Юда не дзяржаў расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, і хадзіў у звычаёх Ізраеля, як чынілі яны. І ўлегцы замеў СПАДАР усе насеньне Ізраеля, і зьнемарасьціў іх, і аддаў іх ў рукі глабаньнікаў, аж пакуль не адхінуў іх ад віду Свайго; Бо адарваўся Ізраель ад дому Давідавага і ўстанавілі за караля Еровоама Невацёнка, і адпіхнуў Еровоам Ізраялян ад СПАДАРА, і ўцягнуў іх у вялікі грэх. І хадзілі сынове Ізраелявы ў вусіх грахох Еровоама якія ён рабіў, не адхіналіся ад гэтага, Аж пакуль СПАДАР не адвярнуў Ізраеля ад віду Свайго, як казаў усімі слугамі Сваімі, прарокамі. І пераселены Ізраель ізь зямлі свае да Асыры, ідзе ён і дагэтуль.

І прывёў кароль Асырскі людзёў з Бабілёну а з Куты а з Аўны а з Гамафу а із Сэфарваіму, і асяліў у местах Самарскіх замест сыноў Ізраелявых. І яны апанавалі Самару, і жылі ў местах яе. І было на пачатку жыцьця іхнага там, што яны не баяліся СПАДАРА; і паслаў СПАДАР на іх лявы, і бывала, што яны забівалі з памеж іх. І наказалі каралю Асырскаму, кажучы: «Народы, каторыя ты перасяліў і асяліў у местах Самарскіх, ня знаюць звычаю Бога тае зямлі, і паслаў на іх лявы, і вось, яны забіваюць іх, бо яны ня знаюць звычаю Бога тае зямлі». І расказаў кароль Асырскі, кажучы: «Пашліце туды аднаго ізь сьвятароў, каторых вы высялялі стуль; хай пойдуць і жывуць там, і ён навуча іх звычаю Бога тае зямлі». І прышоў адзін ізь сьвятароў, каторых высялілі із Самары, і жыў у Бэт-Элю, і вучыў іх, як сьціць СПАДАРА. Кажны народ, адылі, зрабіў свае багі, і пастанавіў у дамох узвышшаў, якія ўладзілі Самаране, — кажны народ у сваіх местах, ідзе жывуць яны. Бабіляняне зрабілі Суккот-Беноф, Кутцы зрабілі Нерґала, Гамафяне зрабілі Ашыму, Аўвяне зрабілі Ніўгаза а Тартака, а Сэфарваімцы палілі сыноў сваіх на цяпле Адрамелеху а Анамелеху, багом Сэфарваімскім. І яны баяліся СПАДАРА, і зрабілі сабе з найніжшых ізь іх сьвятароў узвышшаў, і яны служылі ў іх у дамох узвышшаў. СПАДАРА то яны сьцілі, а сваім багом служылі, подле звычаю народаў, скуль яны былі пераселены. Дагэтуль яны робяць подле бытых звычаёў: яны не баяцца СПАДАРА, і ня робяць подле сваіх уставаў ані подле сваіх правілаў, ані подле права а расказаньняў, каторыя СПАДАР расказаў сыном Якава, катораму Ен даў імя Ізраель. Учыніў СПАДАР ізь імі змову, і расказаў ім: «Ня бойцеся багоў іншых, і ня кланяйцеся ім, і ня служыце ім, і не абракайце аброкаў ім; Але СПАДАРА, Каторы ўзьвёў вас ізь зямлі Ягіпецкае сілаю вялікаю і цаўём выцягненым, — Яго бойцеся, і Яму кланяйцеся, і Яму абракайце; І звычаі, і ўрады, і права, і расказаньні, каторыя Ён напісаў вам, маеце дзяржаць, каб паўніць усі дні, і ня бойцеся багоў іншых; І змовы, каторую Я ўчыніў із вамі, не забывайцеся, і ня бойцеся багоў іншых; Адно СПАДАРА, Бога вашага, бойцеся, і Ён выбаве вас ад рукі ўсіх варагоў вашых». І яны не паслухалі, але подле звычаю свайго ранейшага чынілі. Народы гэтыя сьцілі СПАДАРА, але служылі сваім выразаным балваном. Дый дзеці іхныя і дзеці дзяцей іхных робяць дагэтуль так, як рабілі бацькі іхныя.

І было трэйцяга году Госі Ілянка, караля Ізраельскага: загаспадарстваваў Гэзэка, сын Агаза караля Юдэйскага. Дваццаць пяць год было яму, як загаспадарстваваў, і дваццаць дзевяць год гаспадарстваваў Ерузаліме; імя маці яговае Аві Захарышка. І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабіў Давід, айцец ягоны. Ён аддаліў узвышшы, разьбіў стаўпы, пасек гаі і пакрышыў мядзянага гада, каторы зрабіў Масей, — бо аж дагэнуль сынове Ізраелявы кадзілі яму, і назваў яго Негуштан. На СПАДАРА, Бога Ізраелявага, спадзяваўся ён; і просьле яго ня было падобнага да яго памеж усіх каралёў Юдэйскіх, і каторыя былі перад ім. І прыліп ён да СПАДАРА, не адхінаўся ад Яго і дзяржаў расказаньні Ягоныя, якія Ён расказаў Масею. І быў СПАДАР ізь ім: і ўсюды, куды ён хадзіў, ён дзеяў мудра. Ён паўстаў супроці караля Асырскага й ня служыў яму. Ён перамог Пілішчан аж да Ґазы і ў граніцах яе, ад старожнае вежы аж да абароннага места.

І было чацьвертага году караля Гэзэкі, значыцца сёмага году Госі Ілянка, караля Ізраельскага: узышоў Шалманесэр, кароль Асырскі, на Самару, і аблёг яе; І заваяваў яе за тры гады. Шостага году Гэзэкі, значыцца дзявятага году Госі, караля Ізраельскага, заваявана Самара. І перасяліў кароль Асырскі Ізраялян да Асыры, і павёў іх да Галагу а да Гавору, ля ракі Ґозан, а да местаў Мідзкіх, За тое, што яны ня слухалі голасу СПАДАРА, Бога свайго, і выступілі із змовы Ягонае, з усёга, што расказаў Масей, слуга СПАДАРОЎ; яны і ня слухалі і не рабілі.

Чатырнанцатага году караля Гэзэкі, узышоў Сэннахірыў, кароль Асырскі, на ўсі абаронныя месты Юды, і ўзяў іх. І паслаў Гэзэка, кароль Юдэйскі, да караля Асырскага да Лахішу, кажучы: «Ізграшыў я; адвярніся ад мяне; што ўзложыш на мяне, я панясу». І прызначыў Гэзэку кароль Асырскі трыста таланяў срэбра і трыццаць таланяў золата, І аддаў Гэзэка ўсе срэбра, якое знайшлося ў доме СПАДАРОВЫМ і ў скарбніцах дому каралеўскага. Таго часу зрэзаў Гэзэка дзьверы сьвятыні СПАДАРОВАЕ і стаўпы, каторыя ашаляваў Гэзэка, кароль Юдэйскі, і аддаў іх каралю Асырскаму.

І паслаў кароль Асырскі польнага маршалку а галоўнага легчанца а галоўнага над напіткамі з Лахішу да караля Гэзэкі зь вялікім войскам на Ерузалім. І ўзышлі, і прышлі аж да Ерузаліму, і сталі ля вадаводу вышняе копані, каторая ля гасьцінца валельнага поля. І гукалі яны караля. І вышаў да іх Елякім Гілчанок, што над дамоваю, а Шэўна пісар а Ёаг Асафёнак дзеяпісьменьнік. І сказаў ім галоўны над напіткамі: «Скажыце Гэзэку: "Гэтак кажа кароль вялікі, кароль Асырскі: ’Што гэта за спадзева, на каторую ты спадзяешся? Ты гукаў адно словы вуснаў: рада а сіла патрэбныя да вайны. Цяпер жа на каго ты спадзяешся, што збунтаваўся супроці мяне? Вось, ты думаеш аперціся на Ягіпет, на гэтую трысьціну наломленую, каторая, калі хто абапрэцца на яе, увыйдзе яму ў даланю і прабадзець яе. Гэткі фараон, кароль Ягіпецкі, усім, што спадзяюцца на яго. А калі вы скажыце імне: "На СПАДАРА, Бога нашага, мы спадзяемся", то ці Ён ня тый, чые ўзвышшы а аброчкікі аддаліў Гэзэка, і сказаў Юдзе а Ерузаліму: "Адно перад гэтым аброчнікам кланяйцеся ў Ерузаліме"?’" Дык дай заруку спадару майму, каралю Асырскаму, і я дам табе дзьве тысячы коні, ці можаш дастаць сабе коньнікаў на іх? Як ты можаш спрацівіцца і вайводзе, аднаму з найменшых слугаў спадара майго? І спадзяешся на Ягіпет дзеля цялежак а коні? А цяпер, ціж бяз волі СПАДАРОВАЕ пайшоў я на гэтае месца, каб яго разбурыць? СПАДАР сказаў імне: "Пайдзі на зямлю гэтую і разбуры яе"». І сказаў Елякім Гілчанок а Шэўва а Ёаг галоўнаму над напіткамі: «Гукай слугам сваім паарамску, бо цямім мы, а ня гукай із намі паюдэйску ў вушы люду, каторы на сьцяне». Але сказаў ім галоўны над напіткамі: «Ціж толькі да спадара твайго а да цябе паслаў мяне спадар мой сказаць гэтыя словы? Не, таксама й да людзёў, што сядзяць на сьцяне, каб есьці кал свой і піць моч сваю з вамі?» І ўстаў галоўны над напіткамі, і гукаў вялікім голасам паюдэйску, і гукаў, кажучы: «Слухайце слова караля вялікага, караля Асырскага! Гэтак кажа кароль: "Хай не спадмануе вас Гэзэка, бо ён ня можа вас выбавіць ад рукі мае; І хай не надзее вас Гэзэка СПАДАРОМ, кажучы: "Выбаве нас СПАДАР, і ня будзе места гэтае аддана ў рукі караля Асырскага’. Ня слухайце Гэзэкі; бо гэтак кажа кароль Асырскі: "Учыніце з імною мір, і выйдзіце да мяне, і ежча кажны із свайго собскага віна і кажны зь фіґі свае, і піце кажны ваду із студні свае, Пакуль я ня прыйду і не вазьму вас да зямлі такое ж, як і ваша собская зямля, да зямлі збожжа я маладога віна, зямлі хлеба а вінішча, зямлі аліўкаў, алівы а мёду, і будзеце жыць і не памрыце’. І ня слухайце Гэзэкі, каторы ўмаўляе вам, кажучы: "СПАДАР выбаве нас’. Ці маглі выбавіць багі народаў, кажны сваю зямлю, ад рукі караля Асырскага? Ідзе багі Гамафу а Арпаду? ідзе багі Сэфарваіму, Гэны а Іўвы? Ці выбавілі яны Самару ад рукі мае? Хто з усіх багоў земляў гэтых выбавіў зямлю сваю ад рукі мае? Дык нягож СПАДАР выбаве Ерузалім ад рукі мае?"» І маўчэў люд, і не адказалі яму ані слова; бо расказаньне каралёва было, кажучы: «Не адказуйце яму». І прышоў Елякім Гілчанок, што над дамоваю, а Шэўна пісар а Ёаг Асафёнак дзеяпісьменьнік, да Гэзэкі ў разьдзертых адзецьцях, і азнаймілі яму словы галоўнага над напіткамі.

Як пачуў кароль Гэзэка, то разьдзер адзецьці свае, і прыкрыўся зрэбнінаю, і прышоў да дому СПАДАРОВАГА, І паслаў Елякіма, што над дамоваю, а Шэўну пісара, а старшых сьвятароў, што былі пакрыўшыся зрэбнінаю, да прарокі Ісаі Амосёнка. І яны сказалі яму: «Гэтак кажа Гэзэка: "Дзень бяды а кары а зьдзеку дзень гэты, бо прышлі дзецяняты да адтуліны дзетнічнае, і няма сілы радзіць. Можа пачуе СПАДАР, Бог твой, усі словы галоўнага над напіткамі, каторага паслаў кароль Асырскі, спадар ягоны, ганіць Бога жывога й упікаць словамі, каторыя СПАДАР, Бог твой, чуў. Дык чыні малітву за засталых, што засталіся"».

І прышлі служцы караля Гэзэкі да Ісаі; І сказаў ім Ісая: «Гэтак скажыце спадару вашаму: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ня бойся словаў, каторыя ты чуў, каторымі зьневажалі Мяне парабкі караля Асырскага. Вось, Я дам у яго дух, і ён пачуе дзейку, і зьвернецца да зямлі свае, і я прычыню яму, што ён падзець на меч у зямлі сваёй’"». І зьвярнуўся галоўны над напіткамі, і знайшоў караля Асырскага ваюючага зь Ліўнаю, бо ён чуў, што адступіў ад Лахішу. І пачуў праз Тыргака, караля Этыопскага, што казалі: «Вось, ён вышаў ваяваць із табою». І ўзноў паслаў ён паслоў да Гэзэкі сказаць:

«Гэтак скажыце Гэзэку, каралю Юдэйскаму, кажучы: "Няхай ня зводзе цябе Бог твой, на Каторага спадзяешся, кажучы: "Ня будзе адданы Ерузалім у рукі караля Асырскага’. Гэта ж ты чуў, што зрабілі каралі Асырскія з усімі землямі, аканаваўшы іх, — і ты меў бы быць вывальнены? Ці вывальнілі іх багі народаў, каторых мае айцы выгубілі? — Ґозан а Гаран а Рэцэф а сыноў Едэна, каторыя ў Феласару? Ідзе кароль Гамафу а кароль Арпаду а кароль места Сэфарваіму, Гэны а Іўвы?"»

І ўзяў Гэзэка лісты з рукі паслоў, і прачытаў іх, і зышоў да дому СПАДАРОВАГА, і разгарнуў іх Гэзэка перад відам СПАДАРОВЫМ.

І маліўся Гэзэка перад відам СПАДАРОВЫМ, і гукаў: «СПАДАРУ, Божа Ізраеляў, седзячы на херувах! Ты тый Бог, Каторы адзіны ўсіх гаспадарстваў зямлі, Ты ўчыніў неба й зямлю. Прыхіні, СПАДАРУ, вуха Свае й пачуй; адчыні, СПАДАРУ, вочы Свае й глянь, і пачуй словы Сэннахірывовы, каторыя паслаў ён ганіць Бога жывога. Праўда, СПАДАРУ, каралі Асырскія разбурылі народы й землі іхныя, І паўкідалі багі іхныя ў цяпло; але гэта не багі, а выраб рук людзкіх, дзерва а камень; затым зьнішчылі іх. А цяпер, СПАДАРУ, Божа наш, выбаў нас ад рукі ягонае, і пазнаюць усі гаспадарствы зямлі, што Ты — СПАДАР, Бог адзіны».

І паслаў Ісая Амасёнак да Гэзэкі сказаць: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Тое, праз што ты маліўся Імне што да Сэннахірыва, караля Асырскага, Я пачуў". Во слова, што казаў СПАДАР празь яго: "Улегцы замее цябе, пасьмяецца зь цябе дзявушчая дачка Сыёну; паківае галавою над табою дачка Ерузаліму. Каго ты лаеш, на каго блявузґаеш? І на каго ты падняў голас і ўзьняў так высака вочы свае? На Сьвятога Ізраелявага. Пасламі сваімі ты лаяў СПАДАРА і сказаў: "З множасьцяй цялежак сваіх я ўзышоў на вышыню гор, на бакі Лібану, і сьсяку высокія кедры яго, выборныя кіпрысы яго, і прыйду на канцавыя гасподы госьцяў яго і да лесу яго Кармілу. І адкопаваў я, і піў воды чужыя, і высушу ступамі ног сваіх усі рэкі гораду’. Ці ж ты ня чуў, што Я здаўна зрабіў гэта, у старавечныя дні наканаваў гэта, а цяпер аддаў бы гэта, і будуць абаронныя месты пакіненымі кучамі друзу? І ў жыхараў іх скарацелыя рукі, яны спалохаліся а засароміліся. Яны сталі травою польнаю і зялёным зельлям, травою на страсе і спаленым збожжам нявыплылым. Ці ты сядзіш, ці выйдзеш, ці ўвыйдзеш, Я ведаю, і злосьць тваю, супроці Мяне. За злосьць тваю на Мяне і вераск твой, што ўзышоў у вушы Мае, Я ўлажу кручок Свой у нос твой і закілзы Свае ў рот твой, і зьвярну цябе назад тудэй, кудэй ты прышоў". І во, табе знак: ежча сёлета самасейку, натолета — выраслае з упалага зярняці, а на трэйці год сейце, і жніце, і садзіце вінныя сады, і ежча плады іх. І ўзноў уцеклае дому Юдзінага, засталае пусьце карэнь далоў і дасьць плод угары; Бо зь Ерузаліму выйдзе астача, і ўцеклыя з гары Сыёну. Рупатлівасьць СПАДАРА ўчыне гэта.

Дык гэтак кажа СПАДАР праз караля Асырскага: "Ня ўвыйдзе ён у гэтае места, і ня пусьце туды стралы, і ня прыступіцца да яго із шчытом, і не насыпе супроці яго валу. Тэй жа дарогаю, катораю прышоў, зьвернецца, і ў места гэтае ня ўвыйдзе, — агалашае СПАДАР. — Я буду бараніць места гэтае, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Свайго"».

І сталася тае ночы, што вышаў Ангіл СПАДАРОЎ і паразіў у табару Асырскім сто асьмідзясят пяць тысячаў. І ўсталі рана нараніцы, і вось, усі целы мертвыя. Дык крануўся а пайшоў а зьвярнуўся Сэннахірыў, кароль Асырскі, і жыў у Ніневе. Як ён кланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, то Адрамелех а Шарэцэр, сыны ягоныя, паразілі яго мячом, а самы ўцяклі да зямлі Арарацкае. І загаспадарстваваў Есараддон, сын ягоны, замест яго.

Тых дзён захварэў Гэзэка сьмяротна; і прышоў да яго Ісая Амосёнак, прарока, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "Дай расказаньне дому свайму, бо ты памрэш, а ня будзеш жыць"». І абярнуўся відам сваім да сьцяны, і маліўся СПАДАРУ, кажучы: «Малю Цябе, СПАДАРУ! успомні ж, што я хадзіў перад відам Тваім у праўдзе і з супоўным сэрцам, і рабіў добрае ў ваччу Тваім». І заплакаў Гэзэка плачам вялікім.

І сталася, як Ісая яшчэ ня вышаў ізь сярэдзіны панадворку, што слова СПАДАРОВА было да яго, кажучы: «Зьвярніся й скажы Гэзэку, правадыру люду Майго: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Давіда, айца твайго: ’Я чуў малітву тваю і бачыў сьлізу тваю. Вось, Я ўздараўлю цябе; пазаўтра ўзыйдзеш да дому СПАДАРОВАГА; І дадам да дзён тваіх пятнанцаць год, і ад рукі караля Асырскага выбаўлю цябе й места гэтае, і абараню места гэтае дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Свайго’"».

І сказаў Ісая: «Вазьмі ком фігаў». І ўзялі, і прылажылі да скулы; і загаілася. І сказаў Гэзэка Ісаі: «Які знак, што СПАДАР уздарове мяне, і што ўзыйду пазаўтра да дому СПАДАРОВАГА?» І сказаў Ісая: «Гэта табе знак ад СПАДАРА, што споўне СПАДАР слова, каторае Ён праказаў: ці пайсьці сьценю дзесяць уступцоў альбо зьвярнуцца на дзесяць уступцоў» І сказаў Гэзэка: «Лёгка сьцеяю пасунуцца не дзесяць уступцоў; не, хай зьвернецца сьцень назад на дзесяць уступцоў». І загукаў Ісая прарока да СПАДАРА, і Ён зьвярнуў сьцень па ўступцох, каторы зышоў уступцамі Агазавымі назад дзесяць уступцоў.

Таго часу паслаў Меродах-Баладан Баладанёнак, кароль Бабілёнскі, лісты а падарак Гэзэку, бо ён чуў, што Гэзэка быў хворы. І выслухаў іх Гэзэка, і паказаў ім скарбніцу срэбра а золата а пахнючых рэчаў а добрае масьці, і збройню сваю, і ўсе, што знайшлося ў ягоных скарбніцах: не засталося ні воднае рэчы, каторае не паказаў бы ім Гэзэка ў доме сваім і ў вусім каралеўстве сваім. І прышоў Ісая прарока да караля Гэзэкі, і сказаў яму: «Што гукалі гэтыя людзі і скуль яны прыходзілі да цябе?» І сказаў Гэзэка: «Ізь зямлі далёкае яны прыходзілі, з Бабілёну». І сказаў: «Што яны бачылі ў доме тваім?» І сказаў Гэзэка: «Усе, што ў доме маім, яны бачылі: не засталося ні воднае рэчы, каторае я не паказаў бы ім у скарбніцах сваіх». І сказаў Ісая Гэзэку: «Выслухай слова СПАДАРОВА: "Вось, прыйдуць дні, і панясуць усе, што ў доме тваім, і што зьберлі айцове твае дагэтуль, да Бабілёну; нічога не застанецца, кажа СПАДАР. Із сыноў тваіх, што выйдуць ізь цябе, каторых ты народзіш, возьмуць, і будуць яны легчанцамі ў палацу караля Бабілёнскага». І сказаў Гэзэка Ісаю: «Добрае слова СПАДАРОВА, каторае ты праказаў». І сказаў: «Ціж ня так, абы мір а праўда былі за дзён маіх?» Засталыя справы Гэзэкавы, і ўся дужасьць ягоная, і тое, што ён выкапаў копань вадавод і правёў ваду да места, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? І супачыў Гэзэка з айцамі сваімі, і заспадарстваваў Манас, сын ягоны, замест яго.

Двананцаць год было Манасу, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Гэфцыба. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, подле агідаў паган, каторых прагнаў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых. І ўзноў збудаваў узвышшы, каторыя Гэзэка, ацец ягоны, зьнішчыў, і пастанавіў аброчнікі Ваалу, і пасадзіў гай, як пасадзіў Агаў, кароль Ізраельскі, і кланяўся ўсяму войску нябёснаму, і служыў ім. І збудаваў аброчнікі ў доме СПАДАРОВЫМ, праз каторы СПАДАР сказаў: «У Ерузаліме палажу імя Свае». І пабудаваў аброчнікі ўсяму войску нябёснаму на абодвых панадворках дому СПАДАРОВАГА. І правёў сына свайго перазь цяпло, і назіраў булакі, і варажыў, і завёў выгуканьнікаў мерцьвякоў, і знахараў паболеў; шмат нягоднага зрабіў у ваччу СПАДАРОВЫМ, каб гневаць Яго. І пастанавіў выразаны балван Астарты, каторы зрабіў у доме, праз каторы сказаў СПАДАР Давіду а Салямону, сыну ягонаму: «У доме гэтым а ў Ерузаліме, каторы Я абраў з усіх плямёнаў Ізраелявых, Я кладу імя Свае навекі; І ня дам болей валачыцца назе Ізраеля ізь зямлі, каторую Я даў бацьком іхным, калі толькі яны будуць рупіцца рабіць подле ўсёга тога, што я расказаў ім, і подле права, каторае расказаў ім Масей, слуга Мой». Але яны не паслухалі; і зьвёў іх Манас рабіць ліха гарэй за тыя народы, каторыя выгубіў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых. І гукаў СПАДАР слугамі Сваімі прарокамі, кажучы: «За тое, што зрабіў Манас, кароль Юдэйскі, такія агіды, горш за ўсе тое, што рабілі Аморэі, што былі перад ім, і ўвёў Юду ў грэх балванамі сваімі,

За тое, — так казаў СПАДАР, Бог Ізраеляў, — вось, Я ўвяду такое ліха на Ерузалім а на Юду, праз каторае, хто пачуе, зазьвініць у вабодвым вушшу ў тога; І расьцягну над Ерузалімам павароз Самарскі і вагу дому Агавовага, і вытру Ерузалім так, як выціраюць чару, — вытруць а перакуляць яе; І кіну астачу спадку Свайго, і аддам іх у руку варагоў іхных, і будуць на глабаньне а расхапленьне ўсім варагом сваім, За тое, што яны зрабілі благое ў ваччу Маім і гневалі Мяне адгэнуль, як вышлі бацькі іхныя зь Ягіпту, і дагэтуль». І таксама нявіннае крыві разьліў Манас вельма шмат, ажно напоўніў Ерузалім ад аднаго канца да другога, звыш свайго грэху, што ён уцягнуў Юду ў грэх — рабіць благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ. Засталыя справы Манасавы, і ўсе, што ён зрабіў, і грэх ягоны, у чым ён ізграшыў, ціж не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх. І супачыў Манас із айцамі сваімі, і пахаваны ў садзе ля дому свайго, у садзе Уззы. І загаспадарстваваў Амон, сын ягоны, замест яго.

Дваццаць два гады было Амону, як загаспадарстваваў, і два гады гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Мешулемеф Гаруцышка, зь Ётбы. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, як рабіў ацец ягоны Манас. І хадзіў па ўсёй дарозе, па каторай хадзіў ацец ягоны, і служыў балваном, каторым служыў ацец ягоны, і кланяўся ім; І пакінуў СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і не хадзіў дарогаю СПАДАРОВАЮ. І змовіліся слугі Амонавы супроці яго, і забілі караля ў доме ягоным. Але люд зямлі перабіў усіх змоўнікаў супроці караля Амона; і ўстанавіў за караля люд зямлі Ёсю, сына ягонага, замест яго. Засталыя справы Амонавы, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? І пахавалі яго ў гробе ягоным, у садзе Уззы. І загаспадарстваваў Ёся, сын ягоны, замест яго.

Восьмі год было Ёсю, як загаспадарстваваў, і трыццаць адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме, імя маці ягонае Едыда Адаішка, з Боцкофы. І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і хадзіў у вусім дарогаю Давіда, айца свайго, і не адхінаўся ані направа, ані налева. І было асьмінанцатага году караля Ёсі, што паслаў кароль Шафана, сына Ацалі Мешуламенка, пісара, да дому СПАДАРОВАГА, кажучы: «Узыйдзі да Гілкі, найвышшага сьвятара, хай ён здасьць супоўную лічбу срэбра, прынесенага да дому СПАДАРОВАГА, каторае зьберлі ад люду стаячыя на варце ля парогу, І хай дадуць яго ў руку працаўнём, прызначаным да дому СПАДАРОВАГА; і хай дадуць яго работнікам, каторыя ў доме СПАДАРОВЫМ, правіць раськепіны дому, Цесьлям а будаўніком а муляром, і купляць дзерва а часаныя камяні, мацніць дом; Не вымагаць, адылі, у іх лічбы із срэбра, пераданага ў рукі іхныя, бо яны робяць верна». І сказаў Гілка, найвышшы сьвятар, Шафану пісару: «Кнігу Закону я знайшоў у доме СПАДАРОВЫМ». І падаў Гілка кнігу Шафану, і ён чытаў яе. І прышоў Шафан пісар да караля, і прынёс каралю слова, і сказаў: «Слугі твае высыпалі срэбра, што знайшлі ў доме, і перадалі яго ў руку працаўнём, прызначаным да дому СПАДАРОВАГА». І паведаміў Шафан пісар каралю, кажучы: «Кнігу даў імне Гілка сьвятар». І чытаў Шафан яе перад каралём. І сталася, як пачуў кароль словы кнігі Закону, то разьдзер адзецьці свае. І расказаў кароль Гілку сьвятару а Агікаму Шафанёнку а Ахбору Міхаёнку а Шафану пісару а Асаі, служцу каралеўскаму, кажучы: «Пайдзіце, даведайцеся ў СПАДАРА празь мяне а празь люд а праз усю Юдэю ўзглядам слоў гэтае знойдзенае кнігі, бо вялікі гнеў СПАДАРОЎ, каторы запалаў на нас за тое, што ня слухалі бацькі нашыя слоў кнігі гэтае, каб рабіць подле ўсёга, што напісана нам».

І пайшоў Гілка сьвятар а Агікам а Ахбор а Шафан а Асая да Гулды прарокі, жонкі Шамула, сына Тыквы Гаргасёнка, вартаўніка адзецьцяў, — жыла яна ў Ерузаліме на другім баку, — і гутарылі зь ёю. І сказала яна ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Скажыце чалавеку, каторы паслаў вас да мяне: Гэтак кажа СПАДАР: ’Вось, Я навяду ліха на месца гэтае а на жыхараў яго, — усі словы кнігі, каторую чытаў кароль Юдэйскі. За тое, што пакінулі Мяне і кадзяць іншым багом, каб квяліць Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, запалаў гнеў Мой на месца гэтае і ня згасьне’". А каралю Юдэйскаму, што паслаў вас даведацца ў СПАДАРА, гэтак скажыце яму: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, праз словы, каторыя ты чуў: ’За тое, што зьмякла сэрца твае, і ты ўкарыўся перад СПАДАРОМ, пачуўшы тое, што Я казаў на месца гэтае й на жыхараў яго, каб яны былі на спустошаньне а на пракляцьце, і ты разьдзер адзецьці свае, і плакаў перад Імною, дык таксама Я пачуў цябе, — агалашае СПАДАР. — За гэта, вось, Я прылажу цябе да айцоў тваіх, і цябе паложаць у гроб твой у супакою, і не абачаць вочы твае ўсяго таго ліха, каторае Я навяду на месца гэтае’"». І прынесьлі каралю слова.

І паслаў кароль, і зьберлі да яго ўсіх старцоў Юды а Ерузаліму. І ўзышоў кароль да дому СПАДАРОВАГА, і кажны муж Юдаў, і ўсі жыхары Ерузаліму зь ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь люд, ад малога да вялікага, і прачытаў у іх вушы ўсі словы кнігі змовы, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ. І стаў кароль ля стаўпа, і ўчыніў змову перад СПАДАРОМ хадзіць за СПАДАРОМ а дзяржаць расказаньні Ягоныя а сьветчаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя з усёга сэрца а з усяе душы, каб зацьвердзіць словы змовы гэтае, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь люд стаў за гэтую змову. І расказаў кароль Гілку, найвышшаму сьвятару, і другарадным сьвятаром, і стоячым на варце ля парогу выпратаць ізь сьвятыні СПАДАРОВАЕ ўсі рэчы, зробленыя Ваалу а Астарце а ўсяму войску нябёснаму; і спалілі іх за Ерузалімам, на лядах Кідрону, і панёс попел іх да Бэт-Элю. І аддаліў з ураду паганскіх сьвятароў, каторых пастанавілі каралі Юдэйскія, каб кадзіць на ўзвышшах у местах Юдэйскіх а ў ваколіцах Ерузаліму, і кадзеньнікаў Ваалу, сонцу а месяцу а сузор’ям а ўсяму войску нябёснаму; І выпратаў Астарту з дому СПАДАРОВАГА за Ерузалім, да цур’я Кідрона, і спаліў яе ля цур’я Кідрона, і стоўк яе на пыл, і рассыпаў пыл ізь яе на магілы сыноў люду; І разбурыў дамы бязуляў, што ля дому СПАДАРОВАГА, ідзе жанкі ткалі заслоны да гаю; І вывеў усіх сьвятароў зь местаў Юдэйскіх, і ўпаганіў узвышшы, на каторых сьвятары кадзілі, ад Ґевы да Веер-Шэвы, і разбурыў узвышшы ля брамы, — каторая ля ўходу ў браму Ігошуі гараднічага, і каторая на левым баку месцкае брамы. Сьвятары ўзвышшаў, адылі, не абракалі аброкаў на аброчніку СПАДАРОВЫМ у Ерузаліме, праснакі ж елі сярод братоў сваіх. І ўпаганіў ён Тофет, каторы на даліне сыноў Гіномавых, каб ніхто не праводзіў сына свайго а дачкі свае перазь цяпло Молоху; І аддаліў коні, каторыя каралі Юдэйскія станаўлялі сонцу перад уходам у дом СПАДАРОЎ ля пакою Нафан-Мелеха, легчанца, каторы на перадмесьцю; цялежкі ж сонца спаліў цяплом. І аброчнікі, што былі на страсе верхняга пакою Агазавага, што зрабілі каралі Юдэйскія, і аброчнікі, што зрабіў Манас на абодвых панадворках дому СПАДАРОВАГА, разламіў кароль, і ськінуў стуль, і кінуў пыл іх у цурэй Кідрон. І ўзвышшы, што перад Ерузалімам, направа ад Згубнае гары, каторыя збудаваў Салямон, кароль Ізраеляў, Астарце, агідзе Сыдонскай, і Хемошу, агідзе Моаўскай, і Мілкому, агідзе Амонскай, сплюгавіў кароль; І паламіў асобкі, і сьсек гаі, і напоўніў месцы іх касьцьмі людзкімі. Таксама й аброчнік, што ў Бэт-Элю, узвышша, каторае збудаваў Еровоам Невацёнак, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, — таксама аброчнік гэты а ўзвышша ён разламіў, і спаліў гэтае ўзвышша, стоўк на пыл, і спаліў гай. І азірнуўся Ёся, і абачыў магілы, каторыя там на гары, і паслаў, і пабраў косьці з магіл, і спаліў іх на аброчніку, і сплюгавіў яго подле слова СПАДАРОВАГА, каторае агаласіў чалавек Божы, што абясьціў гэтыя здарэньні. І сказаў: «Што гэна за помнік, каторы я бачу?» І сказалі яму месцкія жыхары: «Магіла чалавека Божага, каторы прыходзіў зь Юдэі і абясьціў праз тое, што ты робіш із аброчнікам Бэтэльскім». І сказаў ён: «Пакіньце яго ў супакою, ніхто не чапай касьцей ягоных». І ўратавалі косьці ягоныя й косьці прарокі, што прыходзіў із Самары. Таксама і ўсі дамы ўзвышшаў, каторыя ў местах Самарскіх, што каралі Ізраельскія пастанавілі квяліць СПАДАРА, Ёся разбурыў, і зрабіў зь імі подле ўсіх учынкаў, што зрабіў у Бэт-Элю; І ён зарэзаў усіх сьвятароў узвышшаў, каторыя там былі, на аброчніках, і спаліў косьці людзкія на іх; і зьвярнуўся да Ерузаліму.

І расказаў кароль усяму люду, сказаўшы: «Рабіце пасху СПАДАРУ, Богу свайму, як напісана ў гэтай кнізе змовы»; Бо ня была сьвячана такая пасха ад дзён судзьдзяў, каторыя судзілі Ізраеля, і ўсі дні каралёў Ізраельскіх а каралёў Юдэйскіх; А асьмінанцатага году караля Ёсі была сьвячана гэтая пасха СПАДАРУ ў Ерузаліме. І выгуканьнікаў а знахараў а абразы а балваны а ўсі агіды, што зьявіліся ў зямлі Юдэйскай а ў Ерузаліме, вымеў Ёся, каб зацьвердзіць словы Закону, напісаныя ў кнізе, каторую знайшоў Гілка сьвятар у доме СПАДАРОВЫМ. І падобнага да яго ня было караля перад ім, каторы абярнуўся б да СПАДАРА ўсім сэрцам сваім а ўсёй душою сваёю а ўсёй сілаю сваёю, подле ўсёга закону Масеявага; і просьле яго не паўстаў падобны да яго. СПАДАР, адылі, не адхінуўся ад вялікага палу гневу Свайго, якім запалаў гнеў Ягоны на Юду за ўсі ўразы, якімі ўразіў Яго Манас. І сказаў СПАДАР: «І Юду адхіну ад віду Свайго, як адхінуў Я Ізраеля, і ўлегцы замею места гэтае Ерузалім, каторае Я абраў, і дом, праз каторы Я сказаў: "Будзе імя Мае там"». Засталыя справы Ёсіны і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?

За дзён ягоных узышоў фараон Нехо, кароль Ягіпецкі, супроці караля Асырскага, на раку Еўфрат, і вышаў кароль Ёся наўпярэймы яму, і тый зрабіў сьмерць яму ў Меґідзе, як абачыў яго. І слугі ягоныя павезьлі яго мертвага зь Меґіда, і прывезьлі яго ў гробе ягоным. І ўзяў люд зямлі Егоагаза, сына Ёсінага, і памазалі яго замест айца ягонага.

Дваццаць тры гады было Егоагазу, як загаспадарстваваў, і тры месяцы гаспадарстваваў у Ерузаліме; а імя маці ягонае Гамуталь Ярэмлянка, зь Ліўны. І ён рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабілі айцове ягоныя. І зьвязаў яго фараон Нехо ў Рыўле, у зямлі Гамаўскай, каб ён не гаспадарстваваў у Ерузаліме, і ўзлажыў кару на зямлю сто таланяў срэбра і талань золата. І ўстанавіў фараон Нехо за караля Елякіма Ёсянка замест Ёсі, айца ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егоякім; і ўзяў Егоагаза, і завёў да Ягіпту, ідзе ён і памер. І срэбра й золата даваў Егоякім фараону; ён ацанаваў зямлю, каб даваць срэбра подле расказаньня фараонавага; ад кажнага зь люду зямлі, подле ацэны свае, ён спаганяў срэбра а золата на тое, каб аддаваць фараону Неху.

Дваццаць пяць год было Егоякіму, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Зэбіда Педаішка, з Румы. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабілі айцове ягоныя.

За дзён яго ўзышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, і стаў Егоякім слугою яго на тры гады, але потым адвярнуўся а збунтаваўся супроці яго. І паслаў на яго СПАДАР вяткі Хальдэйскія а вяткі Арамскія а вяткі Моаўскія а вяткі сыноў Амонсміх, — пасылаў іх на Юду, каб згубіць яго, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае ён праказаў слугамі Сваімі, прарокамі. І пэўне подле расказаньня СПАДАРА сталася гэта зь Юдаю, каб адхінуць ад віду Яго за грахі Манасавы, подле ўсёга, што ён зрабіў; І таксама кроў нявінную, каторую ён разьліў, і напоўніў Ерузалім крывёю нявінаю, і не захацеў СПАДАР дараваць.

І засталыя справы Егоякімовы, і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? І супачыў Егоякім із айцамі сваімі, і загаспадарстваў Егояхін, сын ягоны, замест яго.

Кароль Ягіпецкі ня выходзіў болей ізь зямлі свае, бо ўзяў кароль Бабілёнскі ад цур’я Ягіпецкага аж да ракі Еўфрату ўсе, што належыла да караля Ягіпецкага.

Асьмінанцаць год было Егояхіну, як загаспадарстваваў, і тры месяцы гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Негушта Елнафанішка, зь Ерузаліму. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабіў айцец ягоны. Таго часу ўзышлі слугі Невухаднецара, караля Бабілёнскага, аж да Ерузаліму, і места апынулася ў ваблозе. І прышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, супроці места, а слугі ягоныя аблягалі яго. І вышаў Егояхін, кароль Юдэйскі, да караля Бабілёнскага, ён а маці ягоная а слугі ягоныя а князі ягоныя а легчанцы ягоныя, — і ўзяў яго кароль Бабілёнскі восьмага году свае дзяржавы. І вывез ён стуль усі скарбы дому СПАДАРОВАГА і скарбы дому каралеўскага, і паламіў усе залатое судзьдзе, каторае Салямон, кароль Ізраеляў, зрабіў у палацу СПАДАРОВЫМ, як быў сказаўшы СПАДАР; І высяліў увесь Ерузалім, і ўсіх князёў, і ўсе харобрае войска, — дзесяць тысячаў было пераселеных, — і кажнага цесьлю й сьлёсара: нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі. І перасяліў ён Егояхіна да Бабілёну; і маці каралёву, і жонкі каралёвы, і легчанцоў ягоных, і дужых зямлі завёў у няволю зь Ерузаліму да Бабілёну. І ўсіх войскавых, сем тысячаў, і цесьляў і сьлёсараў тысяча, усіх харобрых, усіх вояў, і прывёў іх кароль Бабілёнскі ў няволю да Бабілёну. І ўстанавіў каралём кароль Бабілёнскі Матфаню дзядзьку ягонага, замест яго, і зьмяніў імя ягонае на Сэдэку.

Дваццаць адзін год было Сэдэку, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Гамуталь Ярэмішка, зь Ліўны. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабіў Ёгоякім. Затым гнеў СПАДАРОЎ быў над Ерузалімам а над Юдаю, ажно Ён адхінуў іх ад віду Свайго. І паўстаў Сэдака супроці караля Бабілёнскага.

І сталася, што дзявятага году дзяржавы свае, дзясятага месяца, на дзясяты дзень месяца прышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, ён а ўсе войска ягонае, на Ерузалім, і аблёг яго, і насыпаў вал навокал яго. І апынулася места ў ваблозе аж да адзінанцатага году караля Сэдэкі. Дзявятага дня месяца павялічылася галадоў у месьце, і ня было хлеба ў люду зямлі. І праломлена места, і ўсі мужы ваенныя ўцяклі ночы дарогаю, кудэй ідуць да брамы памеж дзьвюх сьцен, каторыя ля саду каралеўскага; Хальдэі ж стаялі навокал места, і кароль вышаў дарогаю раўніны. І пагналася войска Хальдэйскае за каралём, і насьпелі яго на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсе войска ягонае рассыпалася ад яго. І схапілі караля, і ўзьвялі яго да караля Бабілёнскага да Рыўлы, і агаласілі на яго рассудак. І сыноў Сэдэчыных зарэзалі на яго аччу, а вочы Сэдэку вылупілі, закавалі яго ў мядзяныя путы і завялі яго да Бабілёну.

І пятага месяца, на сёмы дзень месяца, значыцца пятнанцатага году Невухаднецара, караля Бабілёнскага, прышоў Невузарадан, галоўны над катамі, служэц караля Бабілёнскага, да Ерузаліму, І спаліў дом СПАДАРОЎ і дом каралеўскі; і ўсі дамы ў Ерузаліме, і ўсі дамы вялікія спаліў цяплом; І сьцены навокал Ерузаліму паламіла войска Хальдэйскае, што было ў галоўнага над катамі. І астачу люду, што засталіся ў месьце, і перакінчыкаў, што перакінуліся да караля Бабілёнскага, і іншы люд высяліў Невузарадан, галоўны над катамі. З галечы зямлі пакінуў галоўны над катамі да вінішчаў а палёў. І стаўпы мядзяныя, што былі ля дому СПАДАРОВАГА, і падложкі, і мора мядзянае, што ў доме СПАДАРОВЫМ, паламілі Хальдэі, і занесьлі медзь іх да Бабілёну; І гаршкі, і лапаты, і абцужкі, і ложкі, і ўсе судзьдзё мядзянае, каторым паслугаваліся, узялі; І крапільніцы, і чары, што было залатое — залатое, і што было срэбнае — срэбнае ўзяў галоўны над катамі; Стаўпы два, мора адно, і падложкі, што зрабіў Салямон да дому СПАДАРОВАГА, — медзі ў вусіх рэчах ня было вагі. Асьмінанцаць локцяў увышкі адзін стоўп; вянок на ім мядзяны, і вышыня вянка тры локці, і сетка, і гранатовыя яблыкі навокал вянка — усе зь медзі. Тое самае на другім стаўпе ізь сеткаю. І ўзяў галоўны над катамі Сэрая, найвышшага сьвятара, і Цэфаню, сьвятара другога подле ўраду, і трох, што стаялі на варце ля парогу. І зь места ўзяў аднаго легчанца, што быў над людзьмі ваеннымі, і пяцёх чалавекаў з тых, што бывалі пры каралю, каторыя былі ў месьце, і пісара галоўнага ў войску, што згукаў у войска люд зямлі, і шасьцьдзясят чалавекаў зь люду зямлі, што былі ў месьце. І ўзяў іх Невузарадан, галоўны над катам, і завёў да караля Бабілёнскага да Рыўлы. І пабіў іх кароль Бабілёнскі, і зрабіў ім сьмерць у Рыўле, у зямлі Гамафскай. І высяліў Юду ізь зямлі ягонае. Над людам жа, засталым у зямлі Юдэйскай, каторы пакінуў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, — над імі пастанавіў за начэльніка Ґедалю, сына Агікама Шафанёнка.

Як пачулі ўсі вайводцы, яны а людзі іхныя, што кароль Бабілёнскі прызначыў Ґедалю, то прышлі да Ґедалі да Міцпы, наймя Ізмайла Нефанёнак а Ёганан Коранок а Сэрая Тангумефенак ізь Нетофафу а Язаня Маахаценак, яны а людзі іхныя. І прысягнуў Ґедаля ім а людзём іхным, і сказаў ім: «Ня бойцеся слугаў Хальдэйскіх, сяліцеся на зямлі, і служыце каралю Бабілёнскаму, і будзе добра вам».

І сталася сёмага месяца: прышоў Ізмайла, сын Нефані Елішаменка з насеньня каралеўскага, зь дзесяцьма чалавекамі, і забіў Ґедалю, і ён памер, і Юдэяў, і Хальдэяў, што былі зь ім у Міцпе. І ўстаў увесь люд, ад малога аж да вялікага, і вайводцы, і пайшлі да Ягіпту, бо баяліся Хальдэяў.

Трыццаць сёмага году перасяленьня Егояхіна, караля Юдэйскага, двананцатага месяца, дваццаць сёмага дня месяца, Евіл-Меродах, кароль Бабілёнскі, таго году, як загаспадарстваваў, вывеў Егояхіна, караля Юдэйскяга зь вязьніцы; І гукаў зь ім прыязьліва, і пастанавіў пасад ягоны вышэй за пасады каралёў, каторыя былі ў яго ў Бабілёне; І адмяніў вязьнічныя адзецьці ягоныя, і ён еў хлеб заўсёды перад ім усі дні жыцьця свайго; І прызначаную ежу ягоную, ежу кажначасную давалі яму ад караля, на кажны дзень свае, усі дні жыцьця ягонага.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.