Библия › Станкевіча › Захары
Восьмага месяца, другога году Дара, было слова СПАДАРОВА да Захары, сына Верэхі Ідзянка, прарокі, кажучы: «Вельма загневаўся СПАДАР на айцоў вашых. Затым скажы ім: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Навярніцеся да Мяне, — агалашае СПАДАР войскаў, — дык Я абярнуся да вас, кажа СПАДАР войскаў. Ня будзьце, як айцове вашы, каторых гукалі першыя прарокі, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Адвярніцеся ж ад сваіх дарогаў благіх і ад сваіх учынкаў благіх’"; але яны ня слухалі ані ўважалі на Мяне, — агалашае СПАДАР. — Айцове вашы, ідзе яны? дый прарокі ці жывуць вечна? Словы Мае, адылі, а ўставы Мае, што Я расказаў слугам Сваім прарокам, ці не дасяглі да айцоў вашых? і яны наварачаліся й казалі: "Як СПАДАР войскаў думаў зрабіць нам подле дарогаў нашых і подле ўчынкаў нашых, так зрабіў нам"».
Дваццаць чацьвертага дня адзінанцатага месяца (гэта месяц Шэват), другога году Дара, было слова СПАДАРОВА да Захары, сына Верэхі Ідзянка, прарокі, кажучы: Я відзеў ночы: вось, муж едзе на рудым каню, і стаў памеж міртаў, што ў нізіне, а адзаду яго коні рудыя, гнядыя а белыя. І сказаў я: «Што яны, Спадару мой?» і сказаў імне Ангіл, што гутарыў з імною: «Я пакажу табе, што яны». І адказаў муж, што стаў памеж міртаў, і сказаў: «Гэта тыя, каторых СПАДАР паслаў абыйсьці зямлю». І адказалі яны Ангілу СПАДАРОВАМУ, што стаяў меж міртаў, і сказалі: «Мы абышлі зямлю, і вось, уся зямля ціха супачывае». Тады Ангіл СПАДАРОЎ адказаў і сказаў: «СПАДАРУ войскаў! пакуль Ты ня зьмілуешся над Ерузалімам а над местамі Юдэйскім! на каторыя Ты гневаўся ўжо семдзясят год?» І адказаў СПАДАР Ангілу, што гутарыў з імною, словамі добрымі, словамі пацешнымі. І сказаў імне Ангіл, што гутарыў з імною: «Гукай, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Я завідны празь Ерузалім а праз Сыён завісьцяй вялікай. І гневам вялікім Я гневаюся на народы, што ў супакою, бо Я быў троху загневаўшыся, а яны памагалі да ліха’.
Затым гэтак кажа СПАДАР: ’Я зьвярнуся да Ерузаліму із спагадаю; дом Мой будзе пастаноўлены ў ім, — агалашае СПАДАР войскаў, — і павароз будуць цягаць па Ерузаліме’". Яшчэ гукай, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Яшчэ пашырацца месты Мае, дзякуючы дабрабыту, і пацеша СПАДАР ізноў Сыён і выбяра ізноў Ерузалім’"».
І падняў я вочы свае, і абачыў, і вось, чатыры рагі. І сказаў я Ангілу, каторы гутарыў з імною: «Што гэтыя?» І адказаў ён імне: «Гэта рогі, каторыя раськідалі Юдэю, Ізраеля а Ерузалім».
І паказаў імне СПАДАР чатырох рамесьнікаў. Тады я сказаў: «Што гэтыя прыходзяць рабіць?» І казаў ён, кажучы: «Гэтыя рогі раськідалі Юдэю, так што ніхто не падняў галавы свае, а яны прышлі ўцерці іх, ськінуць рогі народаў, што паднялі рог свой на зямлю Юды, каб раськідаць яе».
Ізноў узьняў я вочы свае й глядзеў, і во муж, і ў руццэ ў яго меральны павароз. І сказаў: «Куды ты йдзеш?» І ён сказаў імне: «Мераць Еразулім, каб абачыць, што за шырыня яго, і што за даўжыня яго». І, вось, Ангіл, што гутарыў з імною, вышаў, і другі Ангіл вышаў наўпярэймы яму. І сказаў яму: «Бяжы, кажы гэтаму маладзёну, кажучы: "Ерузалім будзе населены як места бязь сьцен з прычыны множасьці людзёў і статку ў ім. І Я буду яму, — агалашае СПАДАР, — агняным мурам навокал і буду славаю сярод яго"».
«Гэй, гэй! уцякайце з паўночнае зямлі, — агалашае СПАДАР, — бо, як чатыры вятры нябёсныя, Я пашыру вас, — агалашае СПАДАР. — Гэй, Сыёне, што жывеш у дачкі Бабілёну, уцякай», Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Па ўслаўленьню Ён паслаў мяне да народаў, што глабалі вас, бо, хто датыкаецца да вас, датыкаецца да зрэнка вока Ягонага. І вось, Я паківаю рукою Сваёю на іх, і яны будуць здабыткам слугам сваім, і даведаецеся, што СПАДАР войскаў паслаў Мяне.
Пяі а цешся, дачка Сыёну, бо, гля, Я прыходжу й буду жыці сярод цябе, — агалашае СПАДАР. — І прылучыцца шмат якіх народаў да СПАДАРА таго дня, і будуць Імне людам, і Я буду жыць сярод цябе, і ты даведаешся, што СПАДАР войска ў паслаў Мяне да цябе. І СПАДАРУ спадзець Юда, дзель Ягоная ў сьвятой зямлі, і ўзноў абярэць Ерузалім». Ся, усі целы, перад СПАДАРОМ, бо Ён паўстаў ізь сьвятое сялібы Свае.
І паказаў Ён імне Ігошуу, вайвышшага сьвятара, што стаяў перад Ангілам СПАДАРОВЫМ, і шайтана, каторы стаяў па правіцы яго, каб супроцьдзеяць яму. І сказаў СПАДАР шайтану: «Хай згане СПАДАР цябе, шайтане, хай згане цябе СПАДАР, што абраў Ерузалім; ці не галавешка гэта, выратаваная з агню?» Ігошуа быў адзеўшыся ў запэцканае адзецьце і стаяў перад Ангілам. І Ён адказаў і казаў тым, што стаялі перад Ім, кажучы: «Зьдзеньце зь яго запэцканае адзецьце»; а яму сказаў: «Вось, Я прычыніў, што адышло ад цябе бяспраўе тваё, і адзену цябе ў дарагое адзецьце». І сказаў: «Няхай узложаць чыстую мітру на галаву яговую», і ўзлажылі чыстую мітру на галаву ягоную, і адзелі яго ў вадзецьце; і Ангіл СПАДАРОЎ стаяў. І перасьцярог Ангіл СПАДАРОЎ Ігошуу, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Калі па дарогах Маіх будзеш хадзіць, і калі будзеш дзяржаць загаду Маю, тады будзеш таксама судзіць дом Мой, і таксама сьцерагчы панадворкі Мае, і Я дам табе хадзіць памеж тых, што стаяць гэтта. Слухай жа цяпер, Ігошуа, найвышшы сьвятару! ты а прыяцелі твае, што сядзяць перад табою, бо мужы дзіву яны; бо вось, Я прывяду слугу Свайго, Пагон; Бо во камень, што Я кладу перад Ігошуам; на адным камені сем ачоў; вось, Я выражу выразак яго, — агалашае СПАДАР войскаў, — і аддалю бяспраўе гэтае зямлі за адзін дзень. Таго дня, — агалашае СПАДАР войскаў, — будзеце адзін аднаго зваць пад віно а пад фіґу"».
І зьвярнуўся тый Ангіл, што гутарыў з імною, і пабудзіў мяне, як людзіну, каторую будзяць зо сну ейнага. І сказаў імне: «Што бачыш ты?» І я сказаў: «Бачу, і во сьветач увесь із золата з чараю на версе, і сем лянпаў на ім, і сем рулькаў да сямёх лянпаў, што на версе яго. І дзьве алівы ля яго: адна справа чары, а другая зьлева яе». Тады я адказаваў і казаў Ангілу, што гутарыў з імною: «Што гэта, Спадару мой?» І адказаў Ангіл, што гутарыў з імною, і сказаў імне: «Ці ты ня ведаеш што гэта?» І сказаў я: «Не, Спадару мой». І адказаў і гукаў імне, кажучы: «Гэта слова СПАДАРОВА Зэрувавелю, каторае кажа: "Ня войскам ані сілаю, але Духам Маім, — кажа СПАДАР войскаў. — Хто ты, вялікая гара? перад Зэрувавелям — раўніна, і ён прынясець вугольны камень із гуканьням: ’Ласка, ласка яму!’"»
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы: «Рукі Зэрувавелявы палажылі под дому гэтага, і рукі ягоныя скончаць яго; і даведаешся, што СПАДАР войскаў паслаў мяне да вас; Бо хто пагрэбаваў бы днём дробязяў? бо будуць цешыцца і абачаць праўду ў руццэ Зэрувавеля гэтыя сем ачоў СПАДАРОВЫХ, што абягаюць па ўсёй зямлі».
І адказаў я, і сказаў яму: «Што гэта за дзьве алівы справа сьветча і зьлева яго?» І я адказаў удругава, і сказаў яму: «Што за дзьве аліўныя галузы, каторыя перазь дзьве залатыя рулі выліваюць золата ізь сябе?» І ён сказаў імне, кажучы: «Ці ты ня ведаеш, што гэта?» І я сказаў: «Не, Спадару мой!» І сказаў ён: «Гэта два памазанцы, што стаяць ля Спадара ўсяе зямлі».
І я абярнуўся, і ўзьняў вочы свае, і абачыў, і во лётаючы зьвітак. І сказаў ён імне: «Што ты бачыш?» І я адказаў: «Бачу лётаючы зьвітак; удаўжкі ён дваццаць локцяў, і ўшыркі ён дзесяць локцяў». Тады ён сказаў імне: «Гэта праклён, што выходзе на від усяе зямлі; бо кажны, што крадзець із гэтага, подле гэтага будзе адцяты, і кажны, што клінецца гэтым, подле гэтага будзе адцяты. Я навяду яго, — агалашае СПАДАР войскаў, — і ён увыйдзе ў дом злодзея а ў дом таго, хто манліва прысягае імям Маім, і заначуе ў доме ягоным, і выгубе яго, і дзерва ягонае, і камяні ягоныя».
І выступіў Ангіл, што гутарыў з імною, і сказаў імне: «Узьнімі цяпер вочы свае й абач, што гэта, што выходзе», І я сказаў: «Што гэта?» і ён сказаў: «Гэта ефа выходзе»; і сказаў: «Гэта вока іх па ўсёй зямлі». І во кавалак волава падняўся ды жонка, што пасярэдзіне ефы. І сказаў ён: «Гэта нягоднасьць»; і кінуў яе ў ефу, і кінуў кавалак волава ў вадтуліну яе.
І ўзьняў я вочы свае, і глянуў, і вось, дзьве жонкі вышлі, і вецер быў у крылах іхных, і ў іх крылы — як крылы ў бусла; і паднялі яны ефу меж зямлі й неба. І сказаў я Ангілу, што гутарыў з імною: «Куды яны нясуць гэтую ефу?» І сказаў ён імне: «Станавіць ёй дом у зямлі Сэнаар, і яна будзе прыгатавана й пастаноўлена на сваім подзе».
І абярнуўся я, і ўзьняў вочы свае, і абачыў, і вось, чацьвёра цялежак выяжджаюць з памеж дзьвюх гор; і горы тыя — горы мядзяныя. У першых цялежках коні рудыя, а ў другіх цялежках коні вараныя; І ў трэйціх цялежках коні белыя, а ў чацьвертых цялежках коні з бодкамі й гнядыя. І адказаў я, і сказаў Ангілу, каторы гутарыў з імною: «Што гэта, Спадару мой?» І адказаў Ангіл, і сказаў імне: «Гэта чатыры духі нябёсныя, што выходзяць стаяць перад Спадаром усяе зямлі, Вараныя коні, што ў іх, ідуць да паўночнага краю, і белыя коні йдуць за імі, а гнядыя коні йдуць да паўднявога краю». І вышлі гнядыя, і імкнуліся прайсьці зямлю; і сказаў: «Ідзіце, прайдзіце зямлю», — і яны прайшлі па зямлі. І гукаў ён мяне, і гукаў імне, кажучы: «Гля, тыя што вышлі да паўночнага краю, супакоілі дух Мой у паўночным краю».
І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы: «Вазьмі ў тых із палону, у Гэлдая а ў Тоўі а ў Едаі, што прышлі з Бабілёну, і прыйдзі таго самага дня, і йдзі да дому Ёсі Софонёнка, І вазьмі срэбра а золата, і зрабі кароны, і ўзлажы на галаву Ігошуі Егосадачонку, найвышшаму сьвятару, І скажы яму, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў, кажучы: ’Во Муж, Каторага імя Пагон, і Ён вырасьце із Свайго месца, і збудуе палац СПАДАРОЎ. Ён і збудуе палац СПАДАРОЎ, і прынясець славу, і сядзе й будзе радзіць на пасадзе Сваім, і будзе сьвятаром на пасадзе Сваім, і рада супакою будзе меж іх абодвых’". І тыя кароны будуць Гэлему а Тоўі а Едаі а Гэне Софонёнку на памятку ў палацу СПАДАРОВЫМ. І далёкія прыйдуць, і будуць станавіць палац СПАДАРОЎ»; і вы даведаецеся, што СПАДАР войскаў паслаў мяне да вас; і гэта станецца, калі вы шчыра будзеце слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго.
І сталася чацьвертага году караля Дара, што было слова СПАДАРОВА да Захары, чацьвертага дня дзявятага месяца, Хісьлева, І паслалі бэтэльскія Шэрэцэра а Рэґем-Мелеха а людзёў іхных маліць від СПАДАРОЎ, Казаць сьвятаром, што ў доме СПАДАРА войскаў, а прарокам, кажучы: «Ці мог бы я плакаць пятага месяца, аддзяліўшыся, як я рабіў гэта так шмат год?»
І было да мяне слова СПАДАРА войскаў, кажучы: «Гукай усяму люду зямлі і сьвятаром, кажучы: "Як вы поставалі і былі ў жалобе пятага а сёмага месяца гэтыя семдзясят год, ці вы Імне, Імне пост поставалі? І як вы елі, і як вы пілі, ці ня дзеля сябе вы елі а пілі? Ці ня мелі слухаць слоў, што СПАДАР агалашаў першымі прарокамі, як Ерузалім быў населены й быў бясьпечны, і месты яго навокал яго, як неселена было паўдня й раўніна?"»
І было слова СПАДАРОВА да Захары, кажучы: «Гэтак казаў СПАДАР войскаў, кажучы: "Суд праўдзівы судзіце й будзьце міласэрныя а спагадлівыя кажны да брата свайго; І ўдавы а сіраты, чужаземца а беднага ня ўціскайце, і ліха людзіна супроці брата свайго ня думайце ў сэрцах сваіх".
Але яны адмовіліся ўважаць, і абярнулі бунтоўныя плечы, і ацяжарылі вушы свае, каб ня чуць, І скалянілі сэрцы свае як дыямэнт, каб ня слухаць права а слоў, што пасылаў СПАДАР войскаў Духам Сваім першымі прарокамі; і быў вялікі гнеў ад СПАДАРА войскаў. Затым было: як Я гукаў, а яны ня слухалі, так яны гукалі, а Я ня слухаў, — кажа СПАДАР войскаў. — І Я разьвеяў іх меж усіх народаў, каторых яны ня зналі, і зямля спусьцела просьле іх, ажно ні водзін чалавек не праходзіў ані зварачаўся, бо яны абярнулі жаданую зямлю ў пустыню».
І было слова СПАДАРА войскаў, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Завідаваў Я праз Сыён вялікай завісьцяй і вялікім гневам Я завідаваў". Гэтак кажа СПАДАР: "Зьвярнуся Я да Сыёну й буду жыць у Ерузаліме, і будзе звацца Ерузалім местам праўды, і гара СПАДАРА войскаў — сьвятою гарою".
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Яшчэ будуць сядзець старыя на вуліцах Ерузаліму, кажны а кажная з палкаю свайго ў руццэ сваёй з прычыны множасьці дзён. І на вуліцах места гэтага будзе поўна хлопчыкаў і дзевачак, на вуліцах яго гуляючых".
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Калі чудоўнае ў вачох засталых ізь люду гэтага гэтых дзён, нягож таксама будзе чудоўным у ваччу Маім?" — агалашае СПАДАР войскаў.
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Вось, Я вывальню люд Свой з усходняга краю і з краю заходзячага сонца; І прывяду іх, і будуць яны жыць у Ерузаліме, і будуць Імне людам, а Я буду ім Богам у праўдзе а справядлівасьці".
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Умацуйце рукі вашы вы, што чуеце гэтыя словы гэтых дзён із вуснаў прарокаў, каторыя былі ў дзень закладзінаў дому СПАДАРА войскаў, да пастанаўленьня палацу; Бо перад гэтымі днямі ня было заплаты за наймо людзіны альбо якое-колечы заплаты за наймо жывёлы; ані выходзячаму, ані ўходзячаму ня было супакою ад непрыяцеля, бо Я дапусьціў кажнага чалавека супроці прыяцеля ягонага. А цяпер ня так, як за пярэдніх дзён, Я буду да астачы гэтага люду, — агалашае СПАДАР войскаў; — Бо засеяньне будзе ў супакою, віно дасьць плод свой, і зямля дасьць прыбытак свой, і нябёсы дадуць расу сваю, і Я аддам у дзяржаныя астачы люду гэтага ўсе гэта. І станецца, што як вы былі праклёнам у народаў, доме Юдзін а доме Ізраеляў, так Я выбаўлю вас, і вы будзеце дабраславенствам; ня бойцеся: няхай умацуюцца рукі вашы!"
Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Як я думаў зрабіць вам ліха, як айцове вашы гнявілі Мяне, — кажа СПАДАР войскаў, — і не шкадаваўся; Так ізноў Я наважыў гэтых дзён зрабіць дабро Ерузаліму а дому Юдзінаму: ня бойцеся! Гэта вы маеце рабіць: гукайце праўду адзін аднаму, праўду а суд супакою судзіце ў брамах сваіх; І няхай ніхто з вас ня думае ў сэрцу сваім празь ліха прыяцелю свайму, і хвальшывае прысягі ня любіце, бо ўсе гэта я ненавіджу", — агалашае СПАДАР».
І было слова, СПАДАРОВА імне, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Пост чацьвертага месяца і пост пятага, і пост сёмага, і пост дзясятага будзе дому Юдзінаму радасьцяй а весялосьцяй а добрымі ўрочыстасьцьмі; адно любіце праўду а супакой".
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Яшчэ станецца, што будуць прыходзіць люды а жыхары шмат якіх местаў; І пойдуць жыхары аднаго места да другога, кажучы: "Пайдзіма, пайдзіма маліць від СПАДАРОЎ і шукаць СПАДАРА войскаў; пайду й я’. І прыйдуць шмат якія люды а дужыя народы шукаць СПАДАРА войскаў у Ерузаліме і маліць від СПАДАРОЎ".
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Тых дзён станецца, што ўхопяцца дзесяцёх чалавекаў з усіх моваў народаў, нават ухопяцца за крысо Юдэя, кажучы: ’Пайдзіма з вамі, бо мы чулі — з вамі Бог’"».
Цяжар слова СПАДАРОВАГА на зямлю Гадрах, а Дамашк — будзе супачынкам Ягоным, бо да СПАДАРА зьвернецца вока людзкое і ўсіх плямёнаў Ізраелявых. І Гамаф таксама граніца яго, Тыр а Сыдон, дарма шо ён будзе вельма мудры. І пастанавіў сабе Тыр моцны горад, і назьбіраў срэбра, як пылу, і чыстага золата, як вулічнага балота. Вось, Спадар пражанець яго і зразе сілу ягоную на мору, і ён будзе зжэрты цяплом. Абача гэта Ашкелон і спалохаецца, і Ґаза, і вельма засмуціцца, і Екрон; бо спадзева яго будзе засаромлена, і загіне кароль у Ґазе, і Ашкелон будзе не заселены. І будзе жыць бязбацькавіч ув Ашдодзе, і Я адатну пыху Пілішчан. І адбяру кроў ягоную з роту ягонага і агіды ягоныя з памеж зубоў ягоных; але тый, што застанецца, нават тый будзе Богу нашаму, і ён будзе, як вайводца ў Юдзе, і Екрон, як Евусэй. І Я разьлягуся табарам каля дому Свайго дзеля войска, дзеля таго, хто праходзе, і дзеля таго, хто зварачаецца, і ня пройдзе больш перазь іх уцісканьнік; бо цяпер я буду бачыць ачыма Сваіма.
Вельма цешся, дачка Сыёну, гукай, дачка Ерузаліму: вось, Кароль твой прыходзе да цябе, справядлівы й маючы спасеньне, Ён лагодны й сядзячы на асьле а на асьляняці, сыну асьліцы. Я адатну цялежкі ў Яхрэма і коні ў Ерузаліме, і будзе адцяты ваенны лук; і Ён абесьце супакой народам, і ўлада Ягоная ад мора аж да мора і ад Ракі аж да канцоў зямлі. І што да цябе, дзеля крыві змовы твае Я выпусьціў вязьняў тваіх ізь ямы, у каторай няма вады. Зварачайцеся да моцнага гораду і вы, вязьні надзеі! Таксама сядні агалашаю — удвая аддам табе; Бо Я напну Юду да Сябе, напоўню лук Яхрэмам і ўзьніму сыноў тваіх, Сыёне, супроці сыноў тваіх, о Грэца, і зраблю цябе як меч дужасіла. І СПАДАР будзе бачаны над імі, і выляціць, як маланьня, страла Ягоная, і Спадар СПАДАР затрубе ў рог, і выйдзе ў віхрох паўднявых. СПАДАР войскаў будзе бараніць іх, і яны зжаруць а заваююць пушчальным каменьням, і будуць піць а галасаваць, бы ад віна, і напоўняцца, як крапільніцы, як рагі аброчніка. І выбаве іх СПАДАР, Бог іхны, таго дня, як авечкі, люд Свой; бо яны будуць, як каменчыкі ў кароне, паднятыя, як сьцяг на зямлі Ягонай. О якая дабрыня Ягоная, і якая харашыня Ягоная! Збожжа дзяцюкоў і вінны сок дзяўчат робе квітучымі.
Прасіце ў СПАДАРА дажджу ў пару апошняга дажджу: СПАДАР блісьнець маланкаю й дасьць лівун, кажнаму траву на полю. Бо хатнія балваны гукалі пустое, і варажбіты бачылі ману і манлівыя сны абяшчалі, яны дарма цешаць; затым яны пацягнуліся, як чарада, гаравалі, бо ня было пастыра.
«На пастыроў загарэўся гнеў Мой, і да казлоў Я даведаўся, бо даведаўся СПАДАР войскаў да чарады Свае, дому Юдзінага, і пастанавіў іх, як прыгожага каня Свайго на вайне. Зь яго — вугол, зь яго — гвозд, зь яго — ваенны лук, зь яго выйдуць усі дзяржаўцы разам. І яны будуць, як дужасілы, каторыя топчуць вулічнае балота ў бітве, і будуць біцца, бо СПАДАР ізь імі, і засаромяць коньнікаў на конях. І ўмацую дом Юдзін, і дом Язэпаў выбаўлю, і зьвярну іх; бо Я паспагадаў ім, і яны будуць, быццам Я ня кідаў іх, бо Я СПАДАР, Бог іхны, і адкажу ім. І Яхрэм будзе, як дужасіл, і разьвяселіцца сэрца іхнае, як ад віна; нават сынове іхныя абачаць і пацешацца; сэрца іхнае будзе цешыцца ў СПАДАРУ. Засьвішчу ім і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх, і будуць мнажыцца, як мнажыліся; І расьсею іх меж людаў, і ў далёкіх краёх яны будуць успамінаць Мяне, і будуць жыць ізь дзецьмі сваімі, і зьвернуцца; І зьвярну іх ізь зямлі Ягіпецкае, і з Асыры зьбяру іх, і да зямлі Ґілеадзкае а да Лібану прывяду іх, і ня стане месца ім. І ён пройдзе мора ў немарасьці, і зразе ў мору хвалі, і высахнуць усі глыбіні ракі, і зваліцца пыха Асыры, і ськіпетра ад Ягіпту адыймецца. І Я змацню іх у СПАДАРУ, і ў іменю Ягоным будуць хадзіць», — агалашае СПАДАР.
Адчыняй, Лібане, дзьверы свае, і пажарэць цяпло кедры твае. Вый, кіпрысе, бо кедра ўпаў, бо дабрародныя аглабаны; выйце, дубы вашанскія, бо паваліўся моцны лес. Гук выку пастыроў, бо слава іхная аглабаная; гук равеньня левянят, бо аглабана гордасьць Ёрдану. Гэтак кажа СПАДАР, Бог мой: «Пасі авечкі на зарэз, Каторыя купляючыя рэжуць — нявінныя; а тыя, што прадаюць іх, кажуць: "Дабраславёны СПАДАР, бо я забагацеў!" і пастыры іхныя не жалеюць іх. Бо Я ня буду болей жалець жыхараў зямлі, — агалашае СПАДАР, — але, гля, Я перадам людзёў, кажнага ў руку прыяцеля ягонага і ў руку караля ягонага, і яны будуць разіць зямлю, і Я ня выбаўлю з рукі іхнае». І буду пасьціць чараду зарэзу, вас, бедная чарада! І вазьму Сабе два пасахі, адзін Я назваў харашынёю, а другі назваў чарэсламі, і буду пасьціць чараду. І выгублю трох пастыроў за адзін месяц, і зьнемарасьцілася душа Мая імі, і таксама душа іхная брыдзіцца Імною. І скажу: «Ня буду пасьціць вас: здыхаючая — хай здыхае, і гінучая — хай гіне, а засталыя хай ядуць мяса адна аднае». І вазьму посах Свой — харашыню, і патрышчу, каб узрушыць змову Сваю, што Я ўчыніў з усімі людамі; І яна ўзрушана будзе таго дня, і гэтак даведаюцца бедныя з чарады, каторыя чакалі Мяне, што гэта — слова СПАДАРОВА. І сказаў ім: «Калі гэта добра ў вачох вашых, дайце цану Маю; а калі не, — пакіньце»; і яны адважылі цану Маю трыццаць срэбнікаў. І сказаў Імне СПАДАР: «Кінь іх ганчару, — ладная цана, катораю яны ацанавалі Мяне!» І ўзяў Я трыццаць срэбнікаў, і кінуў іх ганчару ў доме СПАДАРОВЫМ. Тады Я патрышчыў другі посах Свой — чарэслы, каб узрушыць братнюю любоў памеж Юды й Ізраеля.
І сказаў СПАДАР імне: «Яшчэ вазьмі сабе снадзі дурнога пастыра, Бо, гля, Я пастанаўлю ў зямлі гэтай пастыра, каторы гінучых не даведаецца, маладых ня будзе шукаць ані калекіх лячыць, ані здаровых карміць, але мяса сытых будзе есьці і капыты іхныя адрываць. Бяда дурному пастыру, што кідае чараду! меч на плячо ягонае й на правае вока ягонае! плячо ягонае чыста ссохне, і правае вока ягонае супоўна зацьмее».
Цяжар слова СПАДАРОВАГА праз Ізраеля, агалашае СПАДАР, Каторы прасьцяг нябёсы і заклаў под зямлі, і ўхармаваў дух чалавека ўнутры яго. «Вось, Я ўчыню Ерузалім чараю хістаньня ўсім людам наўкола, і таксама будзе Юдэі, як будуць аблягаць Ерузалім. І таго дня ўчыню Ерузалім цяжкім каменям усім людам: усі, што будуць падымаць яго, вельма падарвуцца, і зьбяруцца на яго ўсі народы зямлі. Таго дня, — агалашае СПАДАР, — Я зражу кажнага каня зумленьням і коньніка — шалам; а на дом Юдзін адчыню вочы Свае; кажнага ж каня людаў зражу сьляпотаю. І скажуць правадыры Юдэі ў сэрцу сваім: "Сілаю імне жыхары Ерузаліму ў СПАДАРУ войскаў, Богу сваім". Таго дня Я ўчыню правадыроў Юдзіных — як агняны казан памеж дроў і як палаючае цяпло памеж снапоў, і яны пажаруць справа й зьлева ўсі акалічныя народы, і Ерузалім будзе ізноў населены на сваім месцу, у Ерузаліме. І выбаве СПАДАР найперш буданы Юдзкія, каб не вывышшалася слава дому Давідавага і слава жыхараў Ерузаліму супроці Юды. Таго дня будзе бараніць СПАДАР жыхараў Ерузаліму, і слабы памеж іх таго дня будзе як Давід, і дом Давідаў будзе як Бог, як Ангіл СПАДАРОЎ перад імі. І станецца таго дня, што Я буду шукаць зьнішчыць усі народы, што выступяць супроці Ерузаліму. І Я выльлю на дом Давідаў а на жыхара Ерузаліму дух ласкі а маленьняў, і яны будуць глядзець на Мяне, Каторага яны прабілі, і будуць плакаць па Ім, як плачуць па адзіным, і будуць у гарчэлі па Ім, як у гарчэлі па першаку. Таго дня будзе вялікі плач у Ерузаліме, як плач Гадад-Рымона ў даліне Меґідонскай. І зямля будзе ў жалобе, кажная радзіма асобна: радзіма дому Давідавага асобна, і жанкі іхныя асобна; радзіма дому Нафановага асобна, і жанкі іхныя асобна; Радзіма дому Левавага асобна, і жанкі іхныя асобна; радзіма Шымеява асобна, і жанкі іхныя асобна. Усі засталыя радзімы — кажная радзіма асобна, і жанкі іхныя асобна.
Таго дня адчыніцца жарало дому Давідаваму а жыхарам ерузалімскім дзеля абмыцьця грэху а нечысьці. І станецца таго дня, — агалашае СПАДАР войскаў, — Я адатну ймёны балваноў ізь зямлі, і іх ня будуць болей памятаваць, і таксама прарокаў і нячыстага духа вывяду ізь зямлі. І станецца, калі хто-колечы будзе яшчэ праракаць, тады айцец ягоны й маці ягоная, што нарадзілі яго, скажуць яму: "Ты ня маеш жыць, бо ты гукаеш ману ў імя СПАДАРА"; і праб’юць яго айцец ягоны а маці ягоная, што нарадзілі яго, як ён праракае. І будзе таго дня, што засароміцца прарокі, кажны за відзень сваю, калі б праракаў, і не адзенуцца ў касматае адзецьце, каб ашукаваць; Але скажа: "Я не прарока, бо чалавек прыдбаў мяне за нявольніка з маладосьці мае". І скажуць яму: "Што гэта за болькі на руках тваіх?" Тады ён адкажа: "Біў мяне дом любячых мяне".
Прачхніся, мечу, на пастыра Майго й на мужа, сябру Майго! — агалашае СПАДАР войскаў: — Вытні пастыра, і рассыпяцца авечкі! І Я зьвярну руку Сваю на маладых. І станецца на ўсёй зямлі, — агалашае СПАДАР, — дзьве часьці на ёй будуць выгублены, сканаюць, а трэйцяя застанецца на ёй. І правяду гэтую трэйцюю перазь цяпло, і пералітую іх, як літуюць срэбра, і выпрабую іх, як прабуюць золата: ён будзе гукаць імя Маё, і Я адкажу яму: "Гэта люд Мой", і ён скажа: "СПАДАР — Бог мой!"»
Во, настанець дзень СПАДАРОЎ, і падзеляць глабань тваю сярод цябе, Бо зьбяру ўсі народы да Ерузаліму на бітву, і места будзе ўзята, і дамы разглабаны, І жанкі паганьбены, і палавіца места пойдзе ў палон, але астача люду ня будзе выгублена зь места. Тады выступе СПАДАР і будзе ваяваць із гэнымі народамі, як ваяваў у дзень бітвы. І стануць ногі Ягоныя таго дня на гары Аліўнай, каторая перад Ерузалімам на ўсход; і раськепіцца гара Аліўная папалам, на ўсход і на захад вельма вялікаю даліною, і адсунецца палавіца гары на поўнач, а палавіца — на паўдня. І вы ўцячыце да гаравое даліны, бо гаравая даліна будзе прасьцягацца аж да Ацалу; будзеце ўцякаць, як уцякалі ад трасеньня зямлі за дзён Узі, караля Юдэйскага; і прыйдзе СПАДАР, Бог мой, і ўсі сьвятыя зь Ім.
І станецца таго дня, што ня будзе сьвятліні дарагое, але цемрадзь; Але гэта будзе дзень, ведамны СПАДАРУ: ані дзень, ані ноч; але станецца ў вячэрным часе, што будзе сьвятліня. І будзе таго дня, што пацякуць жывыя воды зь Ерузаліму, палавіца іх да мора ўсходняга і палавіца іх да мора заходняга; улетку і ўзімку будзе гэта. І будзе СПАДАР Каралём над усёю зямлёю; таго дня будзе СПАДАР адзін, і імя Ягонае — адно. Уся зямля будзе абернена ў раўніну ад Ґевы аж да Рыммону, на паўдня ад Ерузаліму, і ён будзе ўзьняты а населены на сваім месцу, ад брамы Веняміновае аж да месца Першае брамы, аж да Рагавое брамы, і ад вежы Гананэля аж да таўчэльні каралеўскае. І будуць жыць у ім, і ўжо ня будзе там супоўнага выгубленьня, але будзе жыць Ерузалім бясьпечна.
І во гэткая будзе пацярэбшчына, каторай СПАДАР пацярэбе ўсі люды, што будуць ваяваць ізь Ерузалімам: цела іхнае ссохне, пакуль яны будуць стаяць на нагах сваіх, і вочы іхныя выцякуць ізь ямкаў сваіх, і язык іхны высахне ў роце іхным. І станецца таго дня, што вялікая замятня ад СПАДАРА будзе памеж іх, і за руку адзін аднаго схопе, і падыймецца рука ягоная на руку прыяцеля свайго. І Юда таксама будзе ваяваць ізь Ерузалімам, і будзе зьберта багацьце ўсіх акалічных народаў: золата а срэбра а ўборы ў вялікай множасьці. І такая ж будзе пацярэбшчына каня, мула, вярблюда а асла а ўсяе жывёлы, што будзе ў табарах гэтых, як пацярэбшчына гэтая.
І станецца, што кажны засталы з усіх народаў, што прыходзілі супроці Ерузаліму, будуць ўзыходзіць год у год кланяцца Каралю, СПАДАРУ войскаў, і сьвяткаваць сьвята будак. І будзе: каторая з радзімаў зямлі ня ўзыйдзе да Ерузаліму пакланіцца Каралю, СПАДАРУ войскаў, на тых ня будзе йсьці дождж. І калі радзіма Ягіпецкая ня ўзыйдзе а ня прыйдзе, і ня будзе на іх пацярэбшчыны, якой пацярэбе СПАДАР народы, што ня ўзыходзяць сьвяткаваць сьвята будак, То за гэта будзе грэх Ягіпту й грэх усім народам, што ня прыйдуць сьвяткаваць сьвята будак!
Таго дня будзе на званкох конскіх: «СЬВЯТАСЬЦЬ СПАДАРУ», і будуць казаны ў доме СПАДАРОВЫМ, як крапільніцы перад аброчнікам. І будзе кажны казан у Ерузаліме а ў Юдэі сьвятасьцяй СПАДАРУ войскаў, і прыйдуць усі абракаючыя берці іх, і возьмуць і будуць варыць у іх; і ня будзе болей Канааняніна ў доме СПАДАРА войскаў таго дня.