На пачатку быў Слова, і Слова быў з Богам, і Слова быў Бог. Ён быў у Бога на пачатку. Усё празь Яго сталася, і бязь Яго нічога ня ста́лася (з таго), што сталася. У Ім Жыцьцё было, і Жыцьцё было Сьвятлом людзей. І Сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра ня праглыну́ла Яго. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае Яан. Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе паверылі празь Яго. Ня быў ён Сьвятлом, але каб сьведчыць пра Сьвятло. (Бо) у сьвет ужо прыйшоў Сьвятло Сапраўдны, Які прасьвятляе ўсякага чалавека. Ён (ужо) быў на сьвеце, і сьвет празь Яго стаўся, але сьвет Яго ня пазна́ў. Ён прыйшоў да сваіх, але свае Яго ня прынялі. А ўсім тым, (што) прынялі Яго, даў Ён ім уладу дзяцьмі Боскімі стацца, тым, (якія) вераць у Імя Ягонае, каторыя ня ад крывí, ані ад жаданьня цела, ані ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся. І Слова Целам стаўся і жыў між нас, — і (мы) бачылі Славу Ягоную, Славу як Адзінароднага ад Ба́цькі, — поўны Багадаці і Праўды. Яан сьведчыць аб Ім і закрычаў, кажучы: Гэты быў Той, пра Якога я запэўніў: Той, Хто пасьля мяне йдзе, Ён наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў. І ад Поўнасьці Ягонай ўсе мы атрымалі і Багадаць з прычыны Божай Любові; бо Закон быў дадзены праз Масея, Багадаць і Праўда сталіся празь Ісуса Хрыста. Бога ня ба́чыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ёсьць ва Ўлоньні Ба́цькі, Ён зьявіў. І гэта ёсьць сьведчаньне Яанава, калі юдэі паслалі зь Ярузаліму сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: хто ты ёсьць? І (ён) вызнаў, і ня зро́кся, і вызнаў: я — ня Хрысто́с. І спыталіся (ў) яго: дык хто ж? няўжо ты Ільля? І кажа:(я) — не. Няўжо ты прарок? І (ён) адказаў: не. Дык сказалі яму: хто ж (ты)? Каб мы далі адказ тым, (што) нас паслалі: што (ты) кажаш пра самога сябе? Ён сказаў: я голас крычачага ў пустэльні: прастуйце шлях Госпада, як сказаў прарок Гісая (Гісая 40:3). А гэтыя пасланыя былі ад хварысэяў. І (яны) спыталіся (ў) яго, і сказалі яму: дык што ж (ты) хрысьціш, калі ты ня Хрысто́с, ані Ільля, ані прарок? Яан адказаў ім, кажучы: я хрышчу ў вадзе, але стаіць сярод вас Той, Якога вы ня ве́даеце; Ён ёсьць Той, Хто йдзе за мною, Які наперадзе мяне быў; Яго я ня ва́рты, каб разьвязаць Яму рамень абуцьця (Ягонага). Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе Яан быў хрысьціў. На другі дзень бачыць Яан Ісуса, ідучага да яго, і кажа: вось Ягняк Божы, Каторы бярэ (на Сябе) грэх сьвету. Ён ёсьць Той, пра Якога я сказаў: ідзе за мною Мужчына, Які стаў наперадзе мяне, бо раней за мяне быў; і я ня ве́даў Яго, але, каб Ён быў выяўлены Ізраэлю, дзеля таго я прыйшоў, хрысьцячы ў вадзе. І сьведчыў Яан, кажучы: (я) бачыў: Дух зыходзіў зь Неба (на Яго), як галуб, і Ён (Дух) застаўся на Ім. І я ня ве́даў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, Ён сказаў мне: калі на Каго ўгледзіш: Дух зыходзіць і застаецца на Ім, Гэты ёсьць Той, Хто Духам Сьвятым хрысьціць. І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён ёсьць Сын Божы. На другі дзень ізноў стаяў Яан і двое з вучняў ягоных. І, угледзіўшы, (што) ідзе Ісус, кажа: вось Ягняк Божы. І пачулі яго, (што гэтае) гаворыць, двое вучняў (ягоных) і пайшлі за Ісусам. Абярнуўшыся ж Ісус і ўбачыўшы іх, (што яны) ідуць усьлед (за Ім), кажа ім: Каго шукаеце? Яны ж адказалі Яму: Раббі, — што значыць (у) перакладзе: Вучыцелю, — дзе жывеш? Кажа ім: прыйдзіце і ўбачыце. (Яны) пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго гэты дзень. Было ж каля дзесятае гадзіны. Андрэй, брат Сымона Пётры, быў адзін із двух, што пачулі ад Яана і пайшлі ўсьлед за Ім. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію, што ёсьць у перакладзе Хрыстос. І прывёў яго да Ісуса. Глянуўшы ж (на) яго, Ісус сказаў: ты — Сымон, сын Ёнін, ты назавешся Кіхва, што перакладаецца Пётра. Назаўтрае Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа ды кажа яму: ідзі за Мною. Быў жа Піліп з Бэтсаіды, зь места Андрэявага і Пётравага. Піліп знаходзіць Натанайлу і кажа яму: мы знайшлі Ісуса, Сына Язэпавага з Назарэту, пра Каго напісаў Масей у Законе і Прарокі. І сказаў яму Натанайла: (ці) можа быць што добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: пайдзі ды глянь. Ісус убачыў Натанайлу, (што) ідзе да Яго, і кажа пра яго: вось, запраўды, ізраэлянін, у якім няма хітрыні. Натанайла кажа Яму: скуль Ты ведаеш мяне? Ісус адказаў і сказаў яму: перш, чым паклікаў цябе Піліп, як (ты) быў пад смакоўніцай, Я бачыў цябе. Натанайла адказаў і гаворыць Яму: Раббі! Ты ёсьць Сын Божы! Ты ёсьць Кароль Ізраэляў! Ісус адказаў і сказаў яму: (ты) верыш таму, што Я сказаў табе, (што) бачыў цябе пад смакоўніцай; (ты) убачыш больш гэтага! І кажа яму: Праўду, Праўду Я кажу вам: адгэтуль убачыце: (як) Неба адчынілася, і Ангелы Божыя ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага.
І трэйцяга дня было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісусава была тамака. Запрошаны быў таксама й Ісус і вучні Ягоныя на вясельле. І, як ня хапíла віна, маці Ісусава кажа Яму: віна ня ма́юць. Кажа ёй Ісус: што Мне і табе, жанчына? Яшчэ ня прыйшо́ў час Мой. Маці Ягоная кажа слугам: што б Ён вам ні сказаў, зрабіце. Было ж тамака шэсьць каменных судзінаў для вады, (што) стаялі дзеля жыдоўскага ачышчэньня (і) зьмяшчалі па дзьве ці тры меры. Кажа ім Ісус: напоўніце судзіны вадою. І напоўнілі іх да верху. І кажа ім: чэрпайце цяпер і нясеце да маршалка. І панесьлі. Калі ж маршалак пакаштаваў вады, стаўшай віном, а (ён) ня ве́даў, скуль (яно) ёсьць, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — маршалак кліча маладога і кажа яму: кожны чалавек перш ставіць добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты (ж) добрае віно захаваў дагэтуль. Так Ісус зрабіў пачатак Цудам у Кане Галілейскай і выявіў Славу Сваю, і ўверылі ў Яго вучні Ягоныя. Пасьля гэтага зыйшоў Ён да Капэрнавуму, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і тамака заставаліся няшма́т дзён. І была блізка Пасха жыдоўская, і ўзыйшоў Ісус да Ярузаліму; і знайшоў у Сьвятыні прадаючых быкоў і авечак, і галубоў, і сядзелі мянялы (грошай). І, зрабіўшы зь вяровак плётку, выгнаў усіх са Сьвятыні, і авечак, і быкоў, ды мянялам грошы рассыпаў і сталы (іхныя) абярнуў; і сказаў прадаючым галубоў: забярыце гэтае адгэтуль: ня рабеце Дому Бацькі Майго домам гандлю. І прыпомнілі вучні Ягоныя, што напісана: руплівасьць (аб) Доме Тваім праглынула Мяне (Пс. 69:10). Тады адказалі жыды і сказалі Яму: які знак нам пакажаш, што гэтае робіш? Ісус адказаў і сказаў ім: зруйнуйце Гэтае Сьвяцілішча, і Я ў тры дні адбудую Яго. Тады жыды сказалі: сорак шэсьць гадоў будавалася гэтая Сьвятыня, і Ты ў тры дні адбудуеш яе? Ён жа гаварыў пра Сьвяцілішча Цела Свайго. Калі ж Ён быў уваскрошаны зь мёртвых, прыпомнілі вучні Ягоныя, што Ён казаў ім гэтае, і паверылі Пісаньню і Слову, якое сказаў Ісус. Калі ж Ён быў у Ярузаліме на сьвята ў Пасху, многія паверылі ў Імя Ягонае, бачучы Цуды Ягоныя, якія Ён рабіў. Але Сам Ісус ня давяра́ўся ім, бо Ён ведаў усіх і таму ня ме́ў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.
Быў жа із хварысэяў чалавек, начальнік жыдоўскі, імя яму Мікадым. Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Раббі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў, Вучыцель, бо ніхто ня мо́жа рабіць такіх Цудаў, якія Ты робіш, калі б ня быў зь ім Бог. Адказаў Ісус і сказаў яму: Праўду, Праўду кажу табе: калі хто ня бу́дзе народжаны Звыш, ня мо́жа бачыць Гаспадарства Божага. Мікадым кажа Яму: як чалавек можа быць народжаным, будучы стары? Няўжо ён можа другі раз увайсьці ў чэрава маткі сваёй і быць народжаным? Ісус адказаў: Праўду, Праўду кажу табе: калі хто ня бу́дзе народжаны ад Вады й Духа, ня мо́жа ўвайсьці ў Гаспадарства Божае. Народжанае ад цела ёсьць цела, а народжанае ад Духа ёсьць дух. Ня дзіву́йся, што Я сказаў табе: трэба вам быць народжанымі Звыш. Дух дыхае, дзе хоча, і голас Ягоны чуеш, але ня ве́даеш, скуль прыходзе і куды адыходзе: гэтак ёсьць усякі, што народжаны ад Духа. Мікадым адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць? Ісус адказаў і сказаў яму: ты — вучыцель Ізраэлявы, і гэтага ня ве́даеш? Праўду, Праўду кажу табе: Мы кажам Тое, Што Мы ведаем, і Мы сьведчым (пра) Тое, Што Мы бачылі, і вы Сьведчаньня Нашага ня прыйма́еце. Калі Я сказаў вам (пра) зямныя, і (вы) ня ве́рыце, як паверыце, калі скажу вам (пра) Нябесныя? І ніхто ня ўзыйшо́ў на Неба, толькі Той, Хто зыйшоў зь Неба, Сын Чалавечы, Які ёсьць на Небе. І, як Масей узьняў гадзюку ў пустэльні, так мусіць быць узьняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, ня загінуў, але меў Жыцьцё Вечнае. Бо гэтак палюбіў Бог сьвет, што аддаў (у ахвяру) Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, ня загінуў, але меў Жыцьцё Вечнае. Бо ня пасла́ў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб асудзіць сьвет, але каб сьвет быў уратаваны празь Яго. Хто верыць у Яго, ня бу́дзе асуджаны, а хто ня ве́рыць, (той) ужо асуджаны, бо ня ўве́рыў у імя Адзінароднага Сына Божага. Такі ж ёсьць суд, што Сьвятло́ прыйшоў у сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за Сьвятло, бо ўчынкі іхныя былі благія. Бо кожны, хто робіць благое, нянавíдзіць Сьвятло і ня йдзе́ да Сьвятла, каб ня былі раскрытыя ўчынкі ягоныя, (бо яны благія). А хто робіць Праўду, ідзе да Сьвятла, каб відавочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены. Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю юдэйскую; і там быў зь імі і хрысьціў. Быў жа і Яан, каторы хрысьціў у Эноне, нядалёка ад Саліму, бо вады там было шмат, і прыходзілі і былі ахрышчаны; бо Яан яшчэ ня быў укінуты ў вязьніцу. І вось узьнялася ў Яанавых вучняў спрэчка з юдэямі аб ачышчэньні. І прыйшлі да Яана і сказалі яму: раббі, Той, Хто быў з табою за Ярданам, пра Якога засьведчыў ты, вось, Ён хрысьціць, і ўсе прыходзяць да Яго. Адказаў Яан і сказаў: ня мо́жа чалавек нічога (сам) узяць, калі ня бу́дзе дадзена яму зь Неба. Самі вы мне сьведчыце, што я сказаў: я ня Хрысто́с, але што я пасланы перад Ім. Хто мае нявесту, Той ёсьць Малады, а друг Маладога, што стаіць і слухае Яго, радасьцяй цешыцца з голасу Маладога. І вось гэтая радасьць мая збылася ў поўні. Ён мае ўзрастаць, а мне меншаць. Хто з Вышынí прыходзе, Той ёсьць над усімі, (а) каторы ёсьць ад зямлі, ён (і) ёсьць ад зямлі, і ад зямлі гаворыць. (А) Хто зь Неба прыходзе, Той ёсьць над усімі, і што Ён бачыў і чуў, (аб) тым сьведчыць, і Сьведчаньня Ягонага ніхто ня прыйма́е. Хто прыняў Ягонае Сьведчаньне, той пацьвердзіў, што Бог — Праўдзівы. Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Боскія, бо ня ме́раю даець Бог Духа. Бацька любіць Сына і ўсё аддаў у Руку Ягоную. Хто верыць у Сына, мае Жыцьцё Вечнае, а хто ня ве́рыць Сыну, ня ўба́чыць Жыцьця, але гнеў Божы застаецца на ім.
Калі ж даведаўся Госпад, што дачуліся хварысэі, што Ісус больш вучняў робіць і хрысьціць, чымся Яан, — хоць Ісус Сам ня хрысьцíў, але вучні Ягоныя, — Ён пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў у Галілею. Належыла ж Яму праходзіць праз Самару. І вось, прыходзе Ён да места Самарскага, званага Сіхар, ля хутара, што Якуб даў сыну свайму Язэпу. Была ж тамака студня Якубава. І вось затым Ісус, стомлены падарожжам, сеў ля студні. Было каля шостае гадзіны. Прыходзе жанчына з Самары зачэрпнуць вады. Ісус кажа ёй: дай Мне піць. Бо вучні Ягоныя адыйшліся да места, каб купіць ежы. Тады кажа Яму жанчына самарская: як Ты, будучы юдэям, просіш піць у мяне, жанчыны самарскай? Бо юдэі ня ма́юць зносін з самарцамі. Адказаў Ісус і сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, і Хто ёсьць Той, што кажа табе: дай Мне піць, ты б (сама) прасіла Яго, і Ён даў бы табе Вады Жывой. Жанчына кажа Яму: Госпадзе! Ты й зачэрпнуць ня маеш (чым), а студня — глыбокая: адкуль жа Ты маеш ваду жывую? Няўжо Ты большы за ба́цьку нашага Якуба, які даў нам гэтую студню, і сам зь яе піў, і сыны ягоныя, і статак ягоны? Адказаў Ісус і сказаў ёй: кожны, хто п’е ад гэтай вады, ізноў будзе сьмягнуць; хто ж будзе піць ад Вады, Якую яму дам Я, ня будзе сьмягнуць на векі, але Вада, што дам яму Я, станецца ў ім крыніцаю Вады, што цячэ ў Жыцьцё Вечнае. Кажа Яму жанчына: Госпадзе! Дай мне гэтай вады, каб (мне) ня сьмягнуць і ня прыхо́дзіць сюды чэрпаць. Кажа ёй Ісус: пайдзі, пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды. Адказала жанчына і сказала: (я) ня ма́ю мужа. Кажа ёй Ісус: добра (ты) сказала: мужа (я) ня ма́ю; бо (ты) мела пяцёх мужоў, і той, якога (ты) цяпер маеш, (ён) ня ёсьць твой муж, гэта (ты) праўдзіва сказала. Жанчына кажа Яму: Госпадзе! Бачу, што Ты — Прарок; ба́цькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ярузаліме знаходзіцца мейсца, дзе належыць пакланяцца. Кажа ёй Ісус: жанчына, павер Імне, што прыходзе гадзіна, калі і ня на гары гэтай, і ня ў Ярузалíме будзеце пакланяцца Ба́цьку; вы пакланяецеся таму, чаго ня ве́даеце; мы пакланяемся Таму, Каго ведаем, бо збаўленьне — ад жыдоў. Але настае час, (ён ужо) і цяпе́р ёсьць, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Ба́цьку ў Духу і Праўдзе, і таму, што Бацька шукае Сабе гэткіх пакланяючыхся. Бог (ёсьць) Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, мусяць пакланяцца ў Духу і Праўдзе. Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыходзе Мэсія, Які завецца Хрыстос, (і) калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё. Ісус кажа ёй: Я ёсьць (Ён), што гавару з табою. І ў гэты (час) прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гаварыў з жанчынай, але ніводны ня сказа́ў: чаго Ты шукаеш? альбо: аб чым Ты гаворыш зь ёю? Тады жанчына пакінула пасудзіну сваю і пайшла да места, ды кажа людзям: Пайдзіце сюды, паглядзіце Чалавека, Які сказаў імне ўсё, што (я) зрабіла: ці ня Хрысто́с ёсьць Ён? Яны ж выйшлі зь места й пайшлі да Яго. А тымчасам вучні (Ягоныя) прасілі Яго, кажучы: Раббі! еж. Ён жа сказаў ім: Я маю страву есьці, якой вы ня ве́даеце. Пагэтаму вучні гаварылі між сабою: няўжо ж нехта прынёс Яму есьці? Ісус кажа ім: Мая ежа ёсьць: каб спаўняць Волю Паслаўшага Мяне і скончыць Справу Ягоную. Ці ня ка́жаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, — і прыходзе жніво? Вось, Я кажу вам: падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, што яны ўжо ёсьць белыя да жніва. І хто жне, дастае плату і зьбірае плён дзеля Жыцьця Вечнага, каб і той, (хто) сее, і той, (хто) жне, разам радаваліся. Бо ў гэтым слова ёсьць праўдзівае: адзін ёсьць той, (хто) сее, а другі — той, (хто) жне. Я паслаў вас жаць тое, (над) чым вы ня працава́лі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхную. І многа самарцаў зь места гэнага паверылі ў Яго па слову жанчыны, што сьведчыла: Ён сказаў мне ўсё, што (я) зрабіла. І вось, як прыйшлі да Яго самарцы, (то) прасілі Яго застацца ў іх, і Ён заставаўся там два дні. І яшчэ больш уверыла дзеля Слова Ягонага, і жанчыне гэтай казалі: ужо ня дзе́ля твайго слова верым, бо (мы) самі чулі і ведаем, што Ён — запраўды Збаўца сьвету, — Хрыстос. А цераз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галілею; бо Сам Ісус засьведчыў, што прарок ня ма́е пашаны ў сваёй бацькаўшчыне. Калі ж Ён прыйшоў у Галілею, (то) галілейцы прынялі Яго, (бо) бачылі ўсё, што Ён зрабіў у Ярузаліме ў сьвята; яны ж бо прыходзілі на сьвята. І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў (там) нейкі палацовец, у якога быў хворы сын у Капэрнавуме. Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў зь Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго, каб Ён зыйшоў і аздаравіў сына ягонага, бо быў канаў. Тады сказаў яму Ісус: калі ня ўба́чыце знакоў і цудаў, ніяк ня ўве́рыце. Палацовец кажа Яму: Госпадзе! зыйдзі, перш чым дзіця маё памрэць. Ісус кажа яму: ідзі, сын твой жыве. І чалавек паверыў Слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў. Але ўжо, як ён зыходзіў, спаткалі яго слугі ягоныя і паведамілі, кажучы: дзіця тваё жыве. Тады (ён) спытаўся ў іх пра гадзіну, калі яму палепшала. І сказалі яму: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго. І вось даведаўся бацька, што ў тую гадзіну, у якую Ісус сказаў яму: сын твой жыве. І ўверыў сам і ўвесь дом ягоны. Гэта йзноў другі Знак зрабіў Ісус, прыйшоўшы зь Юдэі ў Галілею.
Пасьля гэтага было сьвята жыдоўскае, і ўзыйшоў Ісус у Ярузалім. Ёсьць жа ў Ярузаліме ля авечай брамы купальня, што завецца па жыдоўску Бэтэзда, (што) мае пяць паветак (на стаўбах). Пад імі ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, ссохлых, (якія) чакалі руху вады; бо Ангел (Госпадаў) час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і вось, хто першы ўваходзіў (у яе) пасьля ўскаламучаньня вады, (той) здаравеў, (на) якую б хваробу (ён) ні хварэў. Быў жа там нейкі чалавек, што быў у хваробе трыццаць восем гадоў. Ісус, угледзіўшы яго, (што) ляжыць і даведаўшыся, што (ён) ужо даўгі час мае (хваробу), кажа яму: (ці) хочаш стацца здаровым? Хворы адказаў Яму: Госпадзе, ня ма́ю чалавека, каб спусьціў мяне ў купальню, калі ўскаламуціцца вада; калі ж я прыходжу, другі (ўжо) зыходзіць прада мною. Кажа яму Ісус: устань, вазьмі пасьцелю тваю і хадзі. І (ў) тую ж часіну стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў пасьцелю сваю і пайшоў. Была ж субота ў той дзень. Казалі тады жыды аздароўленаму: (сёньня) — субота, ня дазво́лена табе браць пасьцелю. (Ён) адказаў ім: Той, Хто зрабіў мяне здаровым, Ён мне сказаў: вазьмі пасьцелю тваю і хадзі. Тады (яны) спыталіся ў яго: Хто ёсьць Гэны Чалавек, што сказаў табе: вазьмі пасьцелю тваю і хадзі? Аздароўлены ж ня ве́даў, хто Ён ёсьць, бо Ісус адыйшоўся (ад) людзей, што былі ў тым мейсцы. Пасьля гэтага знаходзе яго Ісус у Сьвятыні і сказаў яму: вось, (ты) стаўся здаровым, ня грашы больш, каб ня ста́лася табе нешта горшае. Чалавек гэны пайшоў і расказаў жыдам, што Ісус ёсьць Той, Хто аздаравіў яго. І за гэта сталі гнаць жыды Ісуса і шукалі забіць Яго, што Ён рабіў гэткае ў суботу. Ісус жа адка́заваў ім: Бацька Мой дагэтуль робіць, і Я раблю. За гэта яшчэ больш шукалі жыды забіць Яго, бо Ён ня то́лькі ламаў суботу, але і Ба́цькам Сваім называў Бога, раўняючы Сябе да Бога. Адка́заваў тады Ісус і сказаў ім: Праўду, Праўду кажу вам: Сын нічога ня мо́жа рабіць (Сам) ад Сябе, калі ня ба́чыць, што робіць Бацька, бо што робіць Ён, тое й Сын робіць таксама. Бо Бацька любіць Сына і пака́зуе Яму ўсё, што Сам робіць, і пакажа Яму Дзеяньні большыя (за) гэтыя, ажно вы дзівавацца будзеце. Бо як Бацька ускрашае памерлых і ажыўляе (іх), так і Сын ажыўляе, каго хоча. Бо Бацька і ня су́дзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе паважалі Сына, як паважаюць Ба́цьку. Хто ня паважа́е Сына, ня паважа́е (і) Ба́цьку, Які паслаў Яго. Праўду, Праўду кажу вам: хто слухае Слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, мае Жыцьцё Вечнае і на суд ня прыхо́дзіць, але перайшоў ад сьмерці ў Жыцьцё. Праўду, Праўду кажу вам: прыходзіць час і цяпер (ён ужо) ёсьць, калі ўмершыя пачуюць Голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць. Бо як Бацька мае Жыцьцё ў Самым Сабе, так і Сыну даў Жыцьцё мець у Самым Сабе; і даў Яму ўладу й суд рабіць, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы. Ня дзіву́йцеся гэтаму, бо прыходзіць час, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць Голас Ягоны, і выйдуць тыя, што добрае рабілі, на ўскрасеньне Жыцьця, а тыя, што благое рабілі, на ўскрасеньне асуджэньня. Я нічога ня магу́ рабіць Сам ад Сябе; як чую, (так і) суджу, і Суд Мой — справядлівы, бо ня шука́ю Маёй волі, але Волі Таго, Хто паслаў Мяне, Ба́цькі. Калі Я сьведчу Сам аб Сабе, (то) Сьведчаньне Маё ня ёсьць Праўдзівае. Ёсьць Іншы, Які сьведчыць аба Мне, і Я ведаю, што Праўдзівае ёсьць тое Сьведчаньне, якім Ён сьведчыць аба Мне. Вы пасылалі да Яана, і ён засьведчыў пра Праўду. Я ж ня ад чалаве́ка прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі выратаваны. Ён быў сьветач, які гарэў і сьвяціў, а вы захацелі часіну пацешыцца пры сьвятле ягоным. Я ж маю Сьведчаньне большае за Яанавае, бо Дзеяньні, што даў Мне Бацька, каб Я скончыў іх, самыя гэтыя Дзеяньні, што Я раблю, сьведчаць аба Мне, што Бацька паслаў Мяне. І Бацька, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў аба Мне. (А) вы ані Голасу Ягонага ніколі ня чу́лі, ані Аблічча Ягонага ня ба́чылі; і ня ма́еце Слова Ягонага, прабываючы ў вас, бо Каго паслаў Ён, Таму вы ня ве́рыце. Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь Іх Жыцьцё Вечнае мець, і Яны ёсьць тыя, што сьведчаць аба Мне. Але (вы) ня хо́чаце прыйсьці да Мяне, каб мець Жыцьцё. Славы ад людзей Я ня бяру́, але пазнаў вас: любові да Бога ня ма́еце ў сабе. Я прыйшоў у Імя Ба́цькі Майго, і ня прыйма́еце Мяне, калі б іншы прыйшоў у імя сваё, таго прыймеце. Як вы можаце паверыць, славу адзін ад аднаго прыймаючы, а Славы, што ад Адзінага Бога, ня шука́еце? Ня ду́майце, што Я буду вінаваціць вас перад Ба́цькам: ёсьць той, што вінаваціць вас, Масей, на якога вы спадзяецёся. Бо калі б (вы) верылі Масею, (то) верылі б (і) Мне, бо ён напісаў аба Мне. Калі ж ягоным Пісаньням ня ве́рыце, як Маім Словам паверыце?
Пасьля гэтага пайшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, Тыбэрыядзкага. І пайшло за Ім многа людзей, бо бачылі Цуды Ягоныя, якія Ён рабіў над хворымі. Узыйшоў жа Ісус на гару і там сядзеў з вучнямі Сваімі. Была ж блізка Пасха, сьвята жыдоўскае. Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзіўшы, што многа людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: дзе мы купім хлябоў, каб яны елі бы? Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць. Піліп адказаў Яму: хлябоў (на) дзьвесьце дынараў ня хо́піць ім, каб кожны зь іх крыху дастаў. Кажа Яму адзін із вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пётры: Ёсьць тут адзін хлопчык, што мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы, але што гэта для такога мноства? Ісус жа сказаў: скажэце людзям пасядаць. Было ж багата травы на тым мейсцы. І вось пасядалі мужчыны лікам каля пяцёх тысячаў. І ўзяў Ісус хлябы і, учыніўшы малітву падзякі, раздаў вучням, а вучні тым, што сядзелі; таксама і ад рыбы, колькі хто хацеў. І, як насыціліся, кажа Ён вучням Сваім: зьбярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога ня прапа́ла. Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяцёх ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, што елі. Тады людзі, убачыўшыя Цуд, што Ісус учыніў, казалі: Ён ёсьць запраўды Той Прарок, Які йдзе ў сьвет. Ісус жа, ведаючы, што хочуць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго каралём, ізноў адыйшоўся на гару Сам адзін. Як жа настаў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора і, увайшоўшы ў човен, паплылі на той бок мора да Капэрнавуму. І ўжо цёмна сталася, а Ісус ня прыхо́дзіў да іх. І мора хвалявалася, (бо) дуў моцны вецер. І вось, праплыўшы каля дваццацёх пяцёх ці трыццацёх стадыяў, (яны) бачаць Ісуса, (што) ідзе па моры і падыходзіць блізка да чаўна, і спалохаліся. Але Ён кажа ім: гэта Я, ня бо́йцеся! Тады (яны) хацелі ўзяць Яго ў човен, і зараз човен быў ля берагу, куды плылі. Назаўтрае людзі, якія стаялі на тым баку мора, убачыўшы, што там ня было́ другога чаўна, апрача аднаго таго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус ня ўвахо́дзіў разам з вучнямі Сваімі ў човен, але адплылі адны вучні Ягоныя, другія ж чаўны прыйшлі з Тыбэрыяды, блізка да таго мейсца, дзе елі хлеб (па) удзячнай малітве Госпада; і вось, калі людзі ўгледзілі, што тут няма Ісуса, ані вучняў Ягоных, тады і яны ўвайшлі ў чоўны і прыплылі ў Капэрнавум, шукаючы Ісуса, і, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты сюды прыйшоў? Адказаў ім Ісус і сказаў: Праўду, Праўду кажу вам: (вы) шукаеце Мяне ня затым, што бачылі Цуды, але затым, што елі ад хлябоў і насыціліся; працуйце ня дзе́ля ежы парахнеючай, але дзеля ежы, што застаецца ў Жыцьцё Вечнае, якое Сын Чалавечы дасьць вам, бо (на) Ім паклаў Пячатку (Сваю) Бацька Бог. Тады (яны) сказалі Яму: што нам рабіць, каб рабіць Справы Божыя? Адказаў Ісус і сказаў ім: гэта ёсьць Мэта Бога, каб вы ўверылі ў Таго, Каго Ён паслаў. Тады сказалі Яму: які ж Ты знак зробіш, каб (мы) бачылі і паверылі Табе? Што Ты робіш? Ба́цькі нашыя елі манку ў пустэльні, як ёсьць напісана: «хлеб ізь Неба даў ім есьці» (Пс. 78:24). Сказаў жа ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: ня Масе́й даў вам хлеб ізь Неба, але Бацька Мой дае вам Сапраўдны Хлеб ізь Неба; бо Хлеб Божы ёсьць Той, Хто зыходзіць зь Неба і дае Жыцьцё сьвету. Сказалі ж Яму: Госпадзе! заўсёды давай нам такі хлеб. Сказаў жа ім Ісус: Я ёсьць Хлеб Жыцьця; хто прыходзе да Мяне, зусім ня бу́дзе галодны, і хто верыць у Мяне, зусім ня бу́дзе прагнуць ніколі. Але Я сказаў вам, што й бачылі Мяне, і ня ве́рыце. Усе, каго дае Мне Бацька, да Мяне прыйдуць, і таго, хто прыходзе да Мяне, (ні ў якім разе) ня выганю вон, бо Я зыйшоў зь Неба ня (дзеля таго), каб рабіць Волю Маю, але, (каб рабіць) Волю Таго, Хто паслаў Мяне, (Ба́цькі); і гэта ёсьць Воля Таго, Хто паслаў Мяне, Ба́цькі, каб кожнага, каго Ён даў Мне, нікога ня згубíць, але ўваскрасіць яго ў апошні дзень; гэта ж ёсьць Воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў Жыцьцё Вечнае, і Я ўваскрашу яго (ў) апошні дзень. Наракалі ж жыды на Яго, што Ён сказаў: Я ёсьць Хлеб, Хто зыйшоў зь Неба, і казалі (яны): ці ня Ісу́с ёсьць Ён, сын Язэпаў, ба́цьку й матку Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа гэта: Я зыйшоў зь Неба? Адказаў жа Ісус і сказаў ім: ня гудзе́це міжы сабою; ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Бацька, Які паслаў Мяне, ня прыва́біць яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Ёсьць напісанае ў Прарокаў: і будуць усе навучаны Богам. Пагэтаму кожны, каторы пачуў ад Бацькі і навучыўся, прыходзіць да Мяне (Гісая 54:13). Ня таму, што нехта бачыў Ба́цьку, апрача Таго, Хто ёсьць ад Бога: Ён бачыў Ба́цьку. Праўду, Праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, мае Жыцьцё Вечнае. Я ёсьць Хлеб Жыцьця. Ба́цькі вашыя елі манку ў пустэльні і паўміралі. Хлеб ёсьць Той, Які зь Неба зыходзіць, каб хто еў ад Яго і ня памёр. Я ёсьць Хлеб Жывы, Хто зь Неба зыйшоў: калі хто есьць гэты Хлеб, будзе жыць навекі. А Хлеб жа, Які Я дам, ёсьць Цела Маё, Каторае Я дам за жыцьцё сьвету. І вось спрачаліся міжы сабою жыды, кажучы: як Ён можа даць нам Цела (Сваё) есьці? Сказаў жа ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: (калі) ня бу́дзеце есьці Цела Сына Чалавечага і (ня) бу́дзеце піць Крыві Ягонай, ня бу́дзеце мець Жыцьця ў сабе. Хто есьць Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае Жыцьцё Вечнае, і Я ўскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё запраўды ёсьць Ежа, і Кроў Мая запраўды ёсьць Пітво; хто есьць Маё Цела і п’е Маю Кроў, ува Мне жыве, і Я ў ім. Як паслаў Мяне жывы Бацька, і Я жыву Ба́цькам, так і хто есьць Мяне, ён таксама жыць будзе Мною; гэта ёсьць Хлеб, Хто зь Неба зыйшоў. Ня та́к, як елі ба́цькі вашыя манку і паўміралі: хто есьць гэты Хлеб, будзе жыць на векі. Гэтае сказаў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнавуме. Многія ж з вучняў Ягоных, чуючы (гэтае) сказалі: цяжкое гэтае Слова. Хто можа яго слухаць? Але Ісус, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: (ці) гэтае вас спакушае? (а) калі ж бы (вы) угледзілі Сына Чалавечага, (Які) узыходзе (туды), дзе быў раней? Гэта ёсьць Дух, Які ажыўляе; цела ніякай карысьці ня прыно́сіць. Словы, якія Я кажу вам, ёсьць Дух і ёсьць Жыцьцё. Але ёсьць сярод вас нікаторыя, што ня ве́раць. Бо Ісус ведаў ад пачатку, (што) ёсьць нікаторыя, што ня ве́раць, і хто ёсьць той, што здрадзіць Яго. І казаў: дзеля гэтага сказаў Я вам, што ніхто ня мо́жа прыйсьці да Мяне, калі б ня было́ дадзена яму ад Ба́цькі Майго. З таго (часу) многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо ня хадзíлі зь Ім. Сказаў тады Ісус дванаццацём: (ці) ня хо́чаце і вы адыйсьці? Адказаў тады Яму Сымон Пётра: Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш Словы Жыцьця вечнага; і мы паверылі і пазналі, што Ты ёсьць Хрыстос, Сын Бога Жывога. Адказаў ім Ісус: ці ня Я выбраў вас дванаццацёх? Але адзін з вас ёсьць д’ябал. Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хацеў прадаць Яго, будучы адзін з дванаццацёх.
І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо ня хаце́ў па Юдэі хадзіць, бо юдэі шукалі забіць Яго. Было ж блізка жыдоўскае сьвята — Кучкі. Тады браты Ягоныя сказалі Яму: ідзі адгэтуль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеяньні Твае, якія Ты робіш. Бо ніхто ня ро́біць нічога ўкрадкам, але сам стараецца быць вядомым. Калі Ты робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету; бо і браты Ягоныя ня ве́рылі ў Яго. Тады кажа ім Ісус: Мой час яшчэ ня прыйшо́ў, ваш жа час заўсёды ёсьць гатовы; сьвет ня мо́жа вас нянавíдзіць, а Мяне нянавíдзіць, бо Я сьведчу аб ім, што ўчынкі ягоныя — благія. Вы ўзыходзьце на гэтае сьвята, Я яшчэ ня ўзыхо́джу на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня спо́ўніўся. І, сказаўшы гэтае ім, Ён заставаўся ў Галілеі. Але як узыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён узыйшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам патаемна. Жыды ж шукалі Яго на сьвяце і казалі: дзе Ён ёсьць? І шмат спрэчак было дзеля Яго сярод людзей: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, але зводзіць народ. Аднак ніхто ня гаварыў аб Ім яўна з-за страху перад жыдамі. Але ўжо ў палове сьвята ўзыйшоў Ісус у Сьвятыню і навучаў. І дзівіліся жыды, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся? Адказаў ім Ісус і сказаў: Маё Вучэньне ёсьць ня Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне; калі хто хоча Волю Ягоную рабіць, (той) даведаецца аб Гэтым Вучэньні, ці ад Бога Яно, ці Я Сам ад Сябе кажу. Той, хто сам ад сябе гаворыць, шукае славы сваёй, а Той, Хто шукае Славы Таго, Хто паслаў Яго, Той ёсьць Праўдзівы і няма ў Ім няпраўды. Ці ня даў вам Масей Закону? і ніхто з вас ня жыве́ па Закону. Чаму шукаеце забіць Мяне? Адказалі людзі і сказалі: Ты дэмана маеш; хто шукае забіць Цябе? Адказаў Ісус і сказаў ім: адну Дзею зрабіў Я, і ўсе (вы) дзівуецеся; дзеля гэтага Масей даў вам абразаньне; ня таму́, што яно ад Масея ёсьць, але ад ба́цькаў, і ў суботу (вы) абразаеце чалавека; калі чалавек прымае абразаньне ў суботу, каб ня быў парушаны Закон Масеяў, (чаму на) Мяне злуецеся, што Я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу? Ня судзíце паводля выгляду, але судзіце судом справядлівым. Тады нікаторыя зь ярузалімцаў казалі: ці ня Ён ёсьць Той, Якога шукаюць забіць? І вось Ён кажа яўна, і нічога ня ка́жуць Яму: можа быць запраўды прызналі начальнікі, што Ён запраўды ёсьць Хрыстос? Але Яго (мы) ведаем, адкуль Ён ёсьць; Хрыстос жа, калі прыйдзе, ніхто ня бу́дзе ведаць, адкуль Ён ёсьць. Тады крычаў Ісус у Сьвятыні, навучаючы і кажучы: і Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я ёсьць, і Я прыйшоў ня Са́м ад Сябе, але Праўдзівы ёсьць Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы ня ве́даеце; а Я ведаю Яго, бо ад Яго Я ёсьць, і Ён паслаў Мяне. І вось шукалі схапіць Яго, але ніхто ня пакла́ў на Яго рукí, бо яшчэ ня прыйшо́ў час Ягоны. Многія ж зь людзей уверылі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо зробіць больш цудаў (чым) тыя, каторыя Ён зрабіў? Пачулі хварысэі людзей, (якія) гавораць пра Яго гэта цішком, і паслалі хварысэі й архірэі слуг, каб схапілі Яго. Тады Ісус сказаў ім: яшчэ малы час Я ёсьць з вамі, і Я йду да Таго, Хто паслаў Мяне. Будзеце шукаць Мяне, і ня знахо́дзіць, і дзе Я ёсьць, (туды) вы ня мо́жаце прыйсьці. Тады сказалі жыды паміж сабою: куды Ён зьбіраецца йсьці, што мы ня зно́йдзем Яго? Ці ня да грэцкага расьцярушэньня Ён зьбіраецца йсьці і вучыць грэкаў? Што ёсьць гэтае Слова, якое Ён сказаў: будзеце шукаць Мяне і ня знахо́дзіць, і дзе Я ёсьць, (туды) вы ня мо́жаце прыйсьці. У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і крычаў, кажучы: калі хто сьмягне, ідзі да Мяне і пі. Хто верыць у Мяне, (у таго) як сказала Пісаньне, з нутра ягонага пацякуць рэкі Вады Жывой. А гэтае сказаў Ён аб Духу, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго; бо яшчэ ня быў Дух Сьвяты (на іх), бо Ісус яшчэ ня быў услаўлены. Тады многія зь людзей, пачуўшы гэтае слова, казалі: Ён ёсьць запраўды Прарок. Другія казалі: Ён ёсьць Хрыстос. А іншыя казалі: ці запраўды з Галілеі прыходзе Хрыстос? Ці ня сказала Пісаньне, што ад насеньня Давідавага і з Бэтлеему, сяла, дзе быў Давід, Хрыстос прыходзе? Тады з-за Яго ў людзей стаўся падзел. Нікаторыя ж зь іх хацелі ўхапіць Яго, але ніхто ня ўскла́ў на Яго ру́кі. Тады вярнуліся слугі да архірэяў і хварысэяў, і тыя сказалі ім: чаму (вы) ня прывялí Яго? Слугі адказалі: ніколі чалавек ня гаварыў так, як Гэты Чалавек. Тады хварысэі адказалі ім: няўжо і вы зьведзены? Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў альбо з хварысэяў? Але людзі гэтыя, што ня ве́даюць Закону, праклятыя яны. Кажа ім Мікадым, што прыходзіў да Яго ўначы, будучы адзін ізь іх: ці судзіць Закон наш чалавека, калі перш ня выслухае яго і ня даве́даецца, што (ён) робіць? Адказалі і сказалі яму: ці і ты ня з Галіле́і? Пашукай і пабач, што прарок із Галілеі ня паўстава́ў. І пайшоў кожны ў дом свой.
Ісус жа пайшоў на гару Аліўную. А рана нараніцы ізноў прыйшоў Ён у Сьвятыню, і ўвесь народ прыходзіў да Яго; і, сеўшы, Ён навучаў іх. Прыводзяць жа кніжнікі і хварысэі да Яго жанчыну, (якую) злавілі на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне, кажуць Яму: Настаўнік, гэтая жанчына была злоўлена на ўчынку чужалоства, а ў Законе Масей загадаў нам гэткіх пабіваць каменьнем. А што скажаш Ты? Гэтае ж (яны) казалі, спакушаючы Яго, каб мець (падставу) абвінаваціць Яго. Але Ісус, нахіліўшыся долу, пісаў пальцам на зямлі. Калі ж (яны) доўжылі (ў) Яго дапытавацца, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: хто бязгрэшны (сярод) вас, першы няхай кіне камень у яе. І зноў, нахіліўшыся долу, Ён пісаў на зямлі. Яны ж, пачуўшы і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшых аж да апошніх; і застаўся адзін Ісус і жанчына, стоячы перад (Ім). Выпрастаўшыся ж Ісус і нікога ня ўба́чыўшы, апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе ёсьць тыя, абвінавальнікі твае? Ніхто ня асудзíў цябе? Яна ж сказала: ніхто, Госпадзе! І сказаў ёй Ісус: і Я цябе ня асуджваю: ідзі і больш ня грашы. Ізноў тады Ісус прамовіў ім, кажучы: Я ёсьць Сьвятло сьвету, хто ідзе за Мною, ня бу́дзе хадзіць у цемры, але меціме Сьвятло Жыцьця. Тады хварысэі сказалі Яму: Ты Сам пра Сябе сьведчыш, Сьвядоцтва Тваё ня Праўдзíвае. Адказаў Ісус і сказаў ім: нават калі Я сьведчу Сам пра Сябе, Сьвядоцтва Маё ёсьць Праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды йду, а вы ня ве́даеце, скуль Я прыходжу і куды йду. Вы паводля цела судзіце; Я ня суджу́ нікога. А калі і суджу Я, Суд Мой ёсьць Праўдзівы, бо Я ёсьць ня адзíн, але Я і Бацька, Які паслаў Мяне. А і ў Законе ж вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек ёсьць праўдзівае. (Другазак. 19:15) Я ёсьць Той, Хто сьведчыць Сам аб Сабе, і сьведчыць аба Мне Бацька, Які паслаў Мяне. Тады казалі Яму: дзе Бацька Твой? Адказаў Ісус: ані Мяне (вы) ня ве́даеце, ані Бацькі Майго. Калі б (вы) Мяне ведалі, тады і Бацьку Майго ведалі б. Гэтыя словы сказаў Ісус ля скарбніцы, навучаючы ў Сьвятыні, і ніхто ня схапíў Яго, бо яшчэ ня прыйшо́ў час Ягоны. Сказаў жа ізноў ім Ісус: Я адыходжу, і (вы) будзеце шукаць Мяне, і ў грэху вашым паўміраеце. Куды Я йду, вы ня мо́жаце прыйсьці. Гаварылі ж жыды: ці Ён заб’е Сябе Самога, што кажа: куды Я йду, вы ня мо́жаце прыйсьці? І сказаў ім: вы ад нізу, Я з Вышыні; вы ад гэтага сьвету, Я ня ад гэтага сьвету; сказаў жа Я вам, што (вы) паўміраеце ў грахах вашых; бо калі ня паве́рыце, што Я ёсьць (Ён), паўміраеце ў грахах вашых. Тады (яны) казалі Яму: Ты Хто ёсьць? І сказаў ім Ісус: Той, Хто ад Пачатку, што і кажу вам. Шмат маю аб вас гаварыць і судзіць, але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Праўдзівы, і Я што пачуў ад Яго, тое кажу сьвету. Ня зразумелі, што Ён гаварыў ім аб Ба́цьку. Сказаў тады ім Ісус: калі (вы) падыймеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што Я ёсьць (Ён), і (што) ад Сябе Самога ня раблю нічога, але як наўчыў Мяне Бацька Мой, так кажу. І Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною: Бацька ня пакíнуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю, што падабаецца Яму. Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўверылі ў Яго. Тады казаў Ісус жыдам, што ўверылі ў Яго: калі вы астанецёся ў Слове Маім, (дык) запраўды (вы) вучні Мае. І пазнаеце Праўду, і Праўда вызваліць вас. (Яны) адказалі Яму: мы семя Абрагамавае, і нікому ніколі ня былí рабамі; як (жа) Ты кажаш: станецеся вольнымі? Адказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху. Але раб ня застае́цца ў Доме вечна; Сын застаецца вечна. Калі ж Сын вас вызваліць, запраўды вольнымі будзеце. Ведаю, што вы семя Абрагамавае, але шукаеце Мяне забіць, бо Слова Маё ня зьмяшчаецца ў вас. Я абвяшчаю тое, што бачыў у Ба́цькі Майго, а вы ж робіце тое, што бачылі ў ба́цькі вашага. (Яны) адказалі і сказалі Яму: ба́цька наш — Абрагам. Кажа ім Ісус: калі б (вы) былі дзеці Абрагамавыя, (то) рабілі б учынкі Абрагамавыя. А цяпер (вы) шукаеце забіць Мяне, Чалавека, Які абвясьціў вам Праўду, якую Я пачуў ад Бога; Абрагам гэтага ня рабíў. Вы робіце ўчынкі ба́цькі вашага. Сказалі тады Яму: мы ня з блудадзейства народжаны; аднаго Ба́цьку маем — Бога. Тады Ісус сказаў ім: калі б Бог быў ваш Бацька, (то вы) любілі б Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Са́м ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне. Чаму (вы) ня разуме́еце мовы Маёй? Бо ня мо́жаце чуць Слова Майго. Вы ёсьць ад (вашага) ба́цькі, (ад) д’ябла, і (вы) хочаце выпаўняць жаданьні ба́цькі вашага. Ён быў душагуб ад пачатку і ў Праўдзе ня ўсто́іў, бо няма́ Праўды ў ім. Калі (ён) гаворыць ілжу — із свайго гаворыць, бо ён ёсьць ілгун і ба́цька сваёй (ілжы). А як Я Праўду кажу, ня ве́рыце Мне. Хто з вас дакажа Мой грэх? Калі ж Я Праўду кажу, чаму вы ня ве́рыце Мне? Хто ёсьць ад Бога, (той) Словы Боскія слухае. Вы затым ня слу́хаеце, што (вы) ня ад Бо́га. Адказалі тады жыды і сказалі Яму: ці (ж) ня пра́вільна мы кажам, што Ты ёсьць самарац, і дэмана маеш? Ісус адказаў: Я ня ма́ю дэмана, але Я паважаю Ба́цьку Майго, а вы зьняважаеце Мяне. Я ж ня шука́ю Славы Маёй; ёсьць Той, Хто шукае і судзіць. Праўду, Праўду кажу вам: калі хто Слова Маё споўніў бы, ня ўгле́дзіць сьмерці давеку. Тады жыды сказалі Яму: цяпер (мы) даведаліся, што Ты дэмана маеш. Абрагам памёр і Прарокі, а Ты кажаш: калі хто Слова Маё споўніў бы, ня спазна́е сьмерці давеку. Няўжо Ты большы (за) ба́цьку нашага Абрагама, які памёр? і Прарокі памерлі: кім Ты Сябе робіш? Адказаў Ісус: калі Я выслаўляю Сам Сябе, (то) Слава Мая ёсьць нішто. Ёсьць Ба́цька Мой, Той, Хто выслаўляе Мяне, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш. І (вы) ня пазна́лі Яго, а Я ведаю Яго, і калі б сказаў, што ня ве́даю Яго, (то) быў бы падобны да вас ілгун. Але Я ведаю Яго і Слова Ягонае выпаўняю. Абрагам, ба́цька ваш, рады быў, каб бачыць Дзень Мой; і ўгледзіў і ўсьцешыўся. Сказалі тады жыды Яму: Ты яшчэ пяцідзясяцёх гадоў ня ма́еш, і Ты бачыў Абрагама? Сказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: перш чым Абрагам быў, Я ёсьць. Тады ўзялі каменьні, каб кінуць у Яго, але Ісус укрыўся і выйшаў са Сьвятыні, прайшоўшы між імі, і гэтак прайшоў міма.
І, праходзячы міма, (Ісус) угледзіў чалавека, сьляпога ад нараджэньня. І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: Раббі! хто саграшыў: ён, ці бацькí ягоныя, што народжаны сьляпым? Адказаў Ісус: ані ён ня саграшыў, ані бацькí ягоныя, але каб выяўлены былі ў ім Чыны Боскія. Мне належыць рабіць Чыны Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; надыходзе ноч, калі ніхто ня мо́жа рабіць. Пакуль Я ў сьвеце, Я ёсьць Сьвятло сьвету. Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, і зрабіў ізь сьліны (і зямлі) мяшанíну, і памазаў (гэтай) мяшанíнай вочы сьляпому, і сказаў яму: пайдзі, умыйся ў купальні Сылаам, што перакладаецца Пасланы. Тады (ён) пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відушчы. Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: ці ня то́й гэта, што сядзеў і жабраваў? Іншыя казалі: гэта ён, а іншыя — падобны да яго; ён казаў: (гэта) я. Тады (яны) казалі яму: як былі адчынены вочы твае? Адказаў ён і сказаў: Чалавек, называны Ісусам, зрабіў мяшанíну і памазаў мае вочы, і сказаў мне: пайдзі ў купальню Сылаам і ўмыйся. А пайшоўшы і ўмыўшыся, (я) стаў бачыць. Тады (яны) сказалі яму: дзе Ён ёсьць? Кажа (ён): ня ве́даю. Вядуць яго да хварысэяў, (гэтага) некалі сьляпога. А была субота, калі Ісус зрабіў мяшанíну і адчыніў яму вочы. І вось ізноў пыталіся ў яго такжа хварысэі, як (ён) стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: мяшанíну паклаў Ён на вочы мае, і (я) ўмыўся і бачу. Тады нікаторыя із хварысэяў казалі: Гэты Чалавек ня ад Бо́га, бо ня спаўняе суботы. Другія казалі: як можа чалавек грэшны рабіць вось гэткія цуды? І быў падзел паміж імі. Кажуць (яны) сьляпому ізноў: што кажаш аб Ім ты, што Ён адчыніў табе вочы? Той жа сказаў: Ён ёсьць Прарок. Тады ня паве́рылі жыды адносна яго, што (ён) быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль ня паклíкалі бацькоў (таго) самага, што стаў бачыць. І спыталі (яны) іх, кажучы: ці гэта сын ваш, (пра) якога вы кажаце, што (ён) нарадзіўся сьляпы? Як жа (ён) цяпер бачыць? Адказалі ім бацькі ягоныя і сказалі: (мы) ведаем, што ён сын наш, і што (ён) нарадзіўся сьляпы; а як цяпер бачыць — ня ве́даем, альбо хто адчыніў яму вочы — мы ня ве́даем; сам ён дарослы, самога спытайцеся, сам пра сябе скажа. Гэтае сказалі бацькí ягоныя, бо баяліся жыдоў, бо жыды ўжо згаварыліся, каб калі хто вызнаў Яго за Хрыста, (таго) адлучаць ад сынагогі. Дзеля гэтага бацькí ягоныя сказалі: (ён) дарослы, яго самога запытайце. І вось паклікалі ў другі раз чалавека, што быў сьляпы, і сказалі яму: аддай славу Богу: мы ведаем, што Чалавек Гэты — грэшнік. Ён жа адказаў і сказаў: ці Ён ёсьць грэшнік, ня ве́даю, адно ведаю, што быўшы сьляпы, цяпер (я) бачу. Сказалі ж яму ізноў: што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў табе вочы? Адказаў ім: (я) ўжо сказаў вам, і (вы) ня слу́халі; што больш таго хочаце чуць? Няўжо і вы хочаце стацца Ягонымі вучнямі? Тады (яны) вылаялі яго і сказалі: ты ёсьць вучань Ягоны, мы ж ёсьць Масеявы вучні. Мы ведаем, што Бог гаварыў Масею; Гэтага ж ня ве́даем, адкуль Ён ёсьць. Адказаў чалавек гэты і сказаў ім: гэта й дзіўна, што вы ня ве́даеце, адкуль Ён ёсьць, а Ён адчыніў мне вочы; а (мы) ведаем, што грэшнікаў Бог ня слу́хае, але калі хто багабойлівы і Волю Ягоную робіць, таго Ён слухае. Ад веку ня чува́на было, каб хто адчыніў вочы сьляпому ад нараджэньня. Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мо́г бы рабіць нічога. Адказалі (яны) і сказалі яму: у грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? І выгналі яго вон. Ісус пачуў, што выгналі яго вон, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: ты верыш у Сына Божага? Адказаў ён і сказаў: хто Ён ёсьць, Госпадзе, каб (я) уверыў у Яго? Сказаў жа яму Ісус: і (ты) бачыў Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, (гэта) ёсьць Ён. Ён жа сказаў: веру, Госпадзе! і пакланіўся Яму. І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб нябачучыя — бачылі, а відучыя — сталіся сьляпымі. І пачулі гэтае (нікаторыя) з хварысэяў, што былі зь Ім, і сказалі Яму: няўжо́ і мы ёсьць сьляпыя? Сказаў ім Ісус: калі б (вы) былі сьляпыя, ня мелі бы грэху; цяпер жа (вы) кажаце: (мы) бачым. І вось грэх ваш застаецца.
Праўду, Праўду кажу вам: хто ня Дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік. А хто ўваходзіць Дзьвярыма, той пастыр авечак, яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі голас ягоны слухаюць, і (ён) кліча авечкі свае па імені і выводзіць іх; і калі (ён) свае авечкі вывядзе, перад імі йдзе, і авечкі йдуць за ім, бо ведаюць голас ягоны; за чужым жа ня по́йдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ве́даюць чужога голасу. Гэту прыповесьць сказаў ім Ісус, але яны ня зразуме́лі, што (гэта) было, аб чым Ён гаварыў ім. І вось ізноў сказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам, што Я ёсьць Дзьверы авечак. Усе, колькі (іх) перада Мною ні прыходзіла, ёсьць зладзеі ды разбойнікі, але авечкі ня паслу́халі іх. Я ёсьць Дзьверы; калі хто ўвойдзе празь Мяне, збавёны будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе. Злодзей ня прыхо́дзе калі ня каб укра́сьці, і забіць, і загубіць. Я прыйшоў, каб Жыцьцё мелі, і мелі з наддаткам. Я ёсьць Пастыр Добры: Пастыр Добры Жыцьцё Сваё аддае за авечкі, а найміт, і ня бу́дучы пастырам, каму авечкі ня свае́, бачыць прыходзячага ваўка і пакідае авечкі і ўцяка́е: і воўк хапае іх і разганяе авечкі. А найміт уцяка́е, бо (ён) ёсьць найміт, і ён ня турбу́ецца пра авечкі. Я ёсьць Пастыр Добры і ведаю, хто Мае, і Мае ведаюць Мяне. Як Бацька ведае Мяне, і Я ведаю Бацьку, і Жыцьцё Маё аддаю за авечкі. І іншых авечак Я маю, што ня ёсьць з гэтага двара, і гэных Мне трэба прывесьці, і Голас Мой (яны) пачуюць. І станецца адно стада, (і) адзін Пастыр. За тое Бацька любіць Мяне, што Я кладу Жыцьцё Маё, каб ізноў узяць яго. Ніхто ня адыйма́е яго ў Мяне, але Я Сам аддаю яго: Я маю ўладу аддаць яго і маю ўладу ізноў узяць яго. Гэты Загад Я дастаў ад Бацькі Майго. Тады ізноў ад гэтых словаў была спрэчка між жыдамі. І многія зь іх казалі: Ён мае дэмана і шалее: што (вы) слухаеце Яго? Другія казалі: гэтыя словы ня ёсьць апанаванага дэманам, ці можа дэман адчыняць сьляпым вочы? І было сьвята абнаўленьня ў Ярузаліме, і была зіма. І хадзіў Ісус у Сьвятыні, у Салямонавым крытым ходзе з калёнамі. Абступілі тады Яго жыды і казалі Яму: дакуль будзеш трымаць душу нашу ў няпэўнасьці? Калі Ты ёсьць Хрыстос, скажы нам проста. Адказаў ім Ісус: Я сказаў вам, і (вы) ня ве́рыце; Чыны, што Я раблю ў Імя Бацькі Майго, яны сьведчаць пра Мяне. Але вы ня ве́рыце, бо вы ня з Маíх авечак, як Я сказаў вам. Авечкі Мае слухаюць Голас Мой, і Я ведаю іх, і яны йдуць за Мною, і Я даю ім Жыцьцё Вечнае, і ня загíнуць (яны) ніколі, і ніхто ня вырве іх із Рукі Маёй. Бацька Мой, Які даў (іх) Мне, вялікшы (за) ўсіх, і ніхто ня мо́жа вырваць (іх) із рукі Бацькі Майго. Я і Бацька ёсьць Адно. Тады жыды ізноў схапілі каменьні, каб укаменаваць Яго. Адказаў ім Ісус: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Бацькі Майго, за каторы (з) гэтых учынкаў камянуеце Мяне? Адказалі Яму жыды, кажучы: за добры ўчынак ня камяну́ем Цябе, але за блюзьнерства, ды што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам. Адказаў ім Ісус: ці ня напíсана ў Законе вашым: Я сказаў: вы ёсьць багі? Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было Слова Боскае, дый ня мо́жа быць парушана Пісаньне, Таму, Каго Бацька асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: блюзьніш, што Я сказаў: Я ёсьць Сын Божы? Калі Я ня раблю Чыны Бацькі Майго, ня ве́рце Мне, калі ж Я раблю, і калі Мне ня ве́рыце, паверце гэтым Учынкам, каб ведалі і ўверылі, што Бацька ўва Мне, і Я ў Ім. Тады ізноў шукалі ўхапіць Яго, але Ён выйшаў з рукі іхнай і пайшоў ізноў за Ярдан, на мейсца, дзе быў Яан раней хрысьцячы, і застаўся там. І многія прыйшлі да Яго і казалі, што хоць Яан ня зрабíў ніякага цуду, але ўсё, што сказаў Яан аб Ім, было праўдзівае. І многія там уверылі ў Яго.
Быў жа адзін хворы Лазар ізь Бітані, ізь сяла Марылі й Марты, сястры ейнай. Была ж Марыля тая, што памазала Госпада мірам і выцерла Ногі Ягоныя валасамі сваімі, чый брат Лазар быў хворы. І вось сёстры паслалі да Яго, кажучы: Госпадзе! вось той, каго Ты любіш, хворы. Пачуўшы ж Ісус сказаў: гэтая хвароба ня на сьме́рць, але на Славу Боскую, каб услаўлены быў празь яе Сын Божы. Ісус жа любіў (Боскай любоўю) Марту і сястру яе, і Лазара. Калі ж Ён пачуў, што (той) хворы, тады застаўся на тым мейсцы, дзе быў, два дні. Тады, пасьля гэтага Ён кажа вучням: пойдзем ізноў у Юдэю. Кажуць Яму вучні: Раббі! але юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды? Ісус адказаў: (ці) ня двана́ццаць гадзінаў ёсьць у дні? Калі хто ходзіць удзень, ня спатыка́ецца, бо бачыць сьветласьць гэтага сьвету; а калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо Сьвятла няма́ ў ім. Гэтае Ён сказаў ім і пасьля гэтага кажа: Лазар, друг наш, заснуў, але Я йду, каб разбудзіць яго. Тады сказалі вучні Ягоныя: Госпадзе! калі заснуў, будзе здаровы. Але Ісус сказаў пра сьмерць ягоную; яны ж думалі, што Ён кажа пра супачынак у сьне. І вось тады Ісус сказаў ім проста: Лазар памёр; і Я рады за вас, каб (вы) паверылі, бо Я ня быў там; але пойдзем да яго. Сказаў тады Хама, званы Блізьнюк, сябрам-вучням: пойдзем і мы, каб памерці зь Ім. І вось, прыйшоўшы, Ісус знайшоў яго ўжо чатыры дні, (як) знаходзіцца ў магіле. Была ж Бітаня блізка (ад) Ярузаліму, каля пятнаццаці стадыяў. І многія зь юдэяў прыйшлі да Марты й Марылі, каб суцешыць іх па браце іхным. Тады Марта, як пачула, што йдзе Ісус, выйшла насустрэчу Яму. Марыля ж сядзела ў доме. Тады Марта сказала Ісусу: Госпадзе! каб Ты быў тут, брат мой ня памёр бы. Але і цяпер (я) ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог. Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой. Марта кажа Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ў (дзень) уваскрасеньня, у апошні дзень. Ісус сказаў ёй: Я ёсьць Уваскрасеньне і Жыцьцё; хто верыць у Мяне, хоць бы (і) памёр, жыць будзе. І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, ня памрэ ніколі. (Ці) верыш гэтаму? Яна кажа Яму: так, Госпадзе! Я веру, што Ты ёсьць Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзе ў сьвет. І, гэтае сказаўшы, (яна) пайшла і паклікала Марылю, сястру сваю, цішком сказаўшы (ёй): Настаўнік прыйшоў і кліча цябе. Яна, як толькі пачула, борзда ўстае і йдзе да Яго. Бо яшчэ ня прыйшо́ў Ісус у сяло, але быў на тым мейсцы, дзе Марта сустрэла Яго. Юдэі ж, што былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, бачучы, што Марыля борзда ўстала й выйшла, пайшлі за ёю, кажучы: (яна) йдзе на магілу, каб плакаць там. А Марыля, як прыйшла (туды), дзе быў Ісус, (і) угледзіўшы Яго, упала да Ног Ягоных, кажучы Яму: Госпадзе! каб Ты быў тут, ня памёр бы мой брат. Ісус жа, як угледзіў яе, (што) плача і прыйшоўшых разам зь ёю юдэяў, (што) плачуць, Сам затужыў духам і глыбока расчуліўся, ды сказаў: дзе (вы) паклалі яго? кажуць Яму: Госпадзе! пайдзі й паглядзі. Ісус заплакаў. Казалі тады юдэі: глядзі, як Ён любіў яго. А нікаторыя зь іх сказалі: ці ня мо́г Ён, Які расчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты ня ўмёр? Ісус жа, ізноў тужачы Сам у Сабе, прыходзе да магілы; была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Ісус: вазьміце камень! Кажа Яму сястра памерлага Марта: Госпадзе, ужо (ён) сьмярдзіць, бо (ужо) чацьверты дзень. Кажа ёй Ісус: ці ня сказа́ў Я табе, што, калі ўверыш, угледзіш Славу Боскую? І вось узялі камень, дзе быў ляжаў нябожчык. Ісус жа ўзьвёў вочы да Вышыні і сказаў: Тата Мой, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ж ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але сказаў дзеля людзей, што стаяць навакол, каб уверылі, што Ты паслаў Мяне. І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасом: Лазар! выйдзі сюды! І выйшаў памерлы, зьвяза́ны палатном (па) нагах і руках, і аблічча ягонае было абвязана хусткаю. Ісус кажа ім: разьвяжыце яго і дайце хадзіць. Тады многія зь юдэяў, што прыйшлі да Марылі і ўбачылі, што ўчыніў Ісус, уверылі ў Яго. А нікаторыя зь іх пайшлі да хварысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус. Тады архірэі й хварысэі склікалі раду і казалі: што нам рабіць? бо Гэты Чалавек робіць шмат цудаў. Калі пакінем Яго гэтак, (дык) усе ўвераць у Яго, і прыйдуць рымляне і забяруць нас і мейсца гэтае, і народ гэты. Адзін жа зь іх, нехта Каяхва, будучы ў той год архірэем, сказаў ім: вы ня ве́даеце нічога, і ня паду́маеце, што лепей нам, каб адзін чалавек памёр за гэты народ, а ня ўве́сь гэты народ загінуў. Гэтае ж (ён) сказаў ня ад сябе́, але, будучы ў той год архірэем, прарочыў, што Ісусу належыць памерці за народ, дый ня то́лькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Боскіх Яму сабраць у вадно. І вось ад гэтага дня (яны) змовіліся, каб забіць Яго. Пагэтаму Ісус ужо ня хадзíў яўна між юдэямі, але пайшоў адтуль да краіны ля пустэльні, да места званага Эпраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі. Была ж блізка Пасха жыдоўская, і шмат хто з краіны ўзыйшлі ў Ярузалім перад Пасхай, каб (ім) ачысьціцца. І вось шукалі Ісуса і размаўлялі між сабою, стоючы ў Сьвятыні: што вы думаеце, (ці) ня прыйдзе Ён на сьвята? Далі ж і архірэі і хварысэі загад, каб, калі хто даведаўся бы, дзе Ён ёсьць, данёс бы, каб (ім) схапіць Яго.
І вось Ісус за шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў у Бітаню, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён ускрасіў зь мёртвых. І вось там Яму прыгатавалі вячэру, і Марта паслугоўвала, Лазар жа быў адным із супачываючых зь Ім за сталом. Марыля ж, узяўшы хунт дарагой чыстай нардовай масьці, памазала Ногі Ісусавы і выцерла валасамі сваімі Ногі Ягоныя, і дом напоўніўся пахам ад масьці. Тады кажа адзін із вучняў Ягоных Юда Сымонаў Іскарыёт, які маніўся Яго прадаць: чаму ня прадалі гэтае масьці за трыста дынараў і ня далí ўбогім? А сказаў гэта ня дзе́ля таго, што ён дбаў пра ўбогіх, але дзеля таго, што быў злодзей і меў (пры сабе) скарбонку, і насіў, што (туды) кідалі. Тады сказаў Ісус: пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахаваньня, бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне́ ня заўсёды маеце. І вось даведаўся вялікі натоўп ізь юдэяў, што Ён ёсьць там, і прыйшлі ня то́лькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, якога Ён ускрасіў зь мёртвых. Архірэі ж пастанавілі, каб і Лазара забіць, бо дзеля яго многа юдэяў прыходзілі і верылі Ісусу. Назаўтрае вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ярузалім, узялі пальмовае вецьце і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: Госанна, багаслаўлёны Той, Хто йдзе ў Імя Госпада, Кароль Ізраэляў. Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як ёсьць напісана: ня бо́йся, дачка Сыёну! Вось, Кароль твой ідзе, седзячы на маладым асьле асьліцы. І гэтага вучні Ягоныя сьпярша ня зразуме́лі, але, як Ісус быў услаўлены, тады ўспомнілі, што гэтак было аб Ім напісана, і гэтае зрабілі Яму. Сьведчылі ж (і) людзі, якія былі зь Ім, калі Ён выклікаў Лазара зь ягонай магілы і ўскрасіў яго зь мёртвых. Вось чаму і сустрэў Яго натоўп, бо пачуў (аб) гэтым Ім учыненым Цудзе. Хварысэі ж сказалі міжы сабою: (вы) бачыце, што (вы) нічога ня пасьпява́еце! Вось, сьвет пайшоў за Ім. Былі ж нікаторыя грэкі сярод тых, што ўзыйшлі, каб пакланіцца ў сьвята. І вось яны падыйшлі да Піліпа, (што быў) з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: пане, (мы) хочам бачыць Ісуса. Піліп прыходзе і кажа Андрэю; і ізноў Андрэй і Піліп кажуць Ісусу. А Ісус адказаў ім, кажучы: прыйшла гадзіна, каб услаўлены быў Сын Чалавечы. Праўду, Праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, ня памрэ, яно застаецца адно, а калі памрэ, дае багаты плён. Хто надта шануе сваё жыцьцё (зямное), той згубіць яго, а хто нянавідзіць жыцьцё сваё на сьвеце гэтым, захавае яго ў Жыцьцё Вечнае. Калі хто Мне служыць, (няхай) ідзе за Мною, і дзе Я ёсьць, там і слуга Мой будзе; і калі хто Мне служыць, ушануе яго Бацька (Мой). Цяпер Душа Мая моцна ўсхвалявана; і што Я скажу? Тата Мой, збаў Мяне ад гэтае гадзіны, але дзеля гэтага Я прыйшоў на гадзіну гэтую. Тата Мой, услаў Імя Тваё! зыйшоў тады Голас зь Неба: і ўславіў, і яшчэ ўслаўлю. Людзі ж, якія стаялі і пачулі, казалі: (гэта) быў гром. Другія казалі: Ангел прамаўляў да Яго. Адказаў Ісус і сказаў: ня дзе́ля Мяне быў гэты Голас, але дзеля вас. Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе вон. І Я, як буду падняты зь зямлі, усіх прываблю да Сябе. Гэтае ж гаварыў Ён, паказуючы, якою сьмерцяй меўся Ён памерці. Людзі адказалі Яму: мы пачулі з Закону, што Хрыстос жыве вечна; і як Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто ёсьць Ён, Сын Чалавечы? Тады сказаў ім Ісус: яшчэ малы час Сьвятло ёсьць з вамі; хадзіце, пакуль маеце Сьвятло, каб ня праглыну́ла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, (той) ня ве́дае, куды йдзе. Пакуль маеце Сьвятло, верце ў Сьвятло, каб (вы) сынамі Сьвятла сталіся. Гэтае сказаў Ісус і, адыйшоўшы, укрыўся ад іх. І (хоць) гэтулькі шмат Цудаў Ён зрабіў перад імі, (яны) ня ве́рылі ў Яго: каб было споўнена слова прарока Гісаі, якое (ён) сказаў: Госпадзе! хто паверыў вестцы нашай? і Рука Госпадава каму была адкрыта? (Гісая 53:1) Дзеля таго ня маглí (яны) верыць, што яшчэ Гісая сказаў: (народ гэты) (вершы 37−39) заплюшчыў вочы свае, і сэрца сваё абярнуў у ка́мень, каб ім ня ўбачыць вачыма, і ня зразумець сэрцам, і каб ім ня навярнуцца (да Мяне), і каб Я аздаравіў іх. Гэтае сказаў Гісая, калі ўбачыў Славу Ягоную і абвясьціў аб Ім. Аднак нават і з начальнікаў многія ўверылі ў Яго, але дзеля хварысэяў ня вызнавалí Яго, каб ня былí (яны) адлучаны ад сынагогі, бо палюбілі балей славу людзкую, чымся Славу Боскую. Ісус жа крычаў і сказаў: хто верыць у Мяне, ня ў Мяне́ верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне. І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне. Я Сьвятло прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, ня застава́ўся ў цемры. І калі хто пачуе Мае Словы і ня паве́рыць, Я ня суджу́ яго, бо Я прыйшоў ня каб судзіць сьвет, але каб ратаваць сьвет. Хто адкідае Мяне і ня прыйма́е Слоў Маіх, мае Тое, Што судзіць яго: Слова, Якое Я сказаў, Яно будзе судзіць яго ў апошні дзень; бо Я ня ад Сябе́ сказаў, але Бацька, Які паслаў Мяне, Ён даў Мне Загад, што казаць і што гаварыць. І Я ведаю, што Прыказаньне Ягонае ёсьць Жыцьцё Вечнае. І вось запраўды Я кажу, як сказаў Мне Бацька, так кажу.
А перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная, каб перайсьці з гэтага сьвету да Бацькі, палюбіўшы Сваіх, што на сьвеце, да канца палюбіў іх. І вячэра скончана. Д’ябал ужо ўлажыў у сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб прадаць Яго, Ісус, ведаючы, што Бацька ўсё аддаў Яму ў Рукі (Ягоныя), і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога йдзе, устае ад вячэры і здымае (зь Сябе) верхнюю вопратку, і, узяўшы рушнік, падперазаў Сябе. Пасьля налівае вады ў умывальніцу, і пачаў абмываць ногі вучням (Сваім) і выціраць рушніком, якім быў аперазаны. Тады падыходзе да Сымона Пётры, і той кажа Яму: Госпадзе! Ты мне абмываеш ногі? Адказаў Ісус і сказаў яму: што Я раблю, ты цяпер ня ве́даеш, але даведаешся пасьля гэтага. Пётра кажа Яму: ня ўмыеш ног маіх ніколі. Ісус адказаў яму: калі ня ўмыю цябе, ня ма́еш часьці са Мною. Сымон Пётра кажа Яму: Госпадзе! ня то́лькі ногі мае, але й рукі, і галаву. Ісус кажа яму: абмытага няма́ патрэбы (мыць), а толькі ногі абмыць, бо ён увесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе́. Бо Ён ведаў, хто прадае Яго, пагэтаму (і) сказаў: ня ўсе́ вы чыстыя. Калі ж Ён абмыў ім ногі і апрануў Сваю верхнюю вопратку, супачыўшы ізноў, спытаў іх: (ці) ведаеце, што (гэта) Я зрабіў вам? Вы называеце Мяне: Вучыцель і Госпад, і правільна кажаце, бо Я ёсьць (такі). І вось калі Я, Госпад і Вучыцель, абмыў вам ногі, і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму, бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі. Праўду, Праўду кажу вам: слуга ня бо́льшы за гаспадара свайго, і пасланец ня бо́льшы (за) таго, хто паслаў яго. Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэтае робіце. Ня аб усіх вас кажу: Я ведаю, каго выбраў. Але каб выпаўнілася Пісаньне: той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю (Пс. 41:10). Цяпер кажу вам, раней, чым гэта сталася, каб, як станецца, (вы) паверылі, што Я ёсьць (Ён). Праўду, Праўду кажу вам: хто прыймае ўсякага, (каго) Я пашлю, Мяне прыймае, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне. Сказаўшы гэтае Ісус глыбока засумаваў духам і засьведчыў, і сказаў: Праўду, Праўду кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне. Тады вучні пазіралі адзін на аднаго, сумняваючыся, аб кім Ён гаворыць. Быў жа ляжаў ля грудзёў Ісусавых адзін з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў. Тады Сымон Пётра ківае яму, (каб) папытаўся, хто б гэта быў, аб кім Ён гаворыць. І той, прыпаўшы да грудзёў Ісусавых, кажа Яму: Госпадзе! хто ёсьць гэты? Адказвае Ісус: гэты ёсьць той, каму Я дам, абмачыўшы, кавалак хлеба. І, абмачыўшы кавалак хлеба, дае Юдзе Сымонаву Іскарыёту. І тады, пасьля гэтага кавалка хлеба, увайшоў у яго шатан. І вось кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй. Але ніхто зь ляжачых ня зразуме́ў, дзеля чаго Ён сказаў яму гэтае. А як Юда меў скарбонку, дык нікаторыя думалі, што кажа яму Ісус: купі, (у) чым маем патрэбу да сьвята, альбо, каб даў нешта ўбогім. Тады, узяўшы кавалак хлеба, ён зараз выйшаў; а была ноч. Калі (ён) выйшаў, Ісус кажа: цяпер услаўлены Сын Чалавечы, і Бог услаўлены ў Ім. Калі Бог услаўлены ў Ім, дык Бог уславіць і Яго ў Сабе, і няўзаба́ве ўславіць Яго. Дзеці! яшчэ нядо́ўга Я ёсьць з вамі: Будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў юдэям: куды Я йду, вы ня мо́жаце прыйсьці, так кажу цяпер і вам. Я даю вам новае Прыказаньне: каб любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы, каб любілі адзін аднаго. Па гэтым пазнаюць усе, што (вы) ёсьць Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго. Кажа Яму Сымон Пётра: Госпадзе! куды Ты йдзеш? Адказаў яму Ісус: куды Я йду, ты ня мо́жаш цяпе́р за Мною пайсьці; але потым пойдзеш за Мною. Кажа Яму Пётра: Госпадзе! чаму я ня магу́ пайсьці за Табою цяпе́р? Я жыцьцё маё палажу за Цябе. Адказаў яму Ісус: жыцьцё тваё за Мяне паложыш? Праўду, Праўду кажу табе: ня прапяе певень, як ты адрачэшся ад Мяне тройчы.
Няхай ня трыво́жыцца сэрца вашае; верце ў Бога, і ў Мяне верце. У Доме Бацькі Майго ёсьць многа Сьвятліц, а калі б ня (гэтак было), Я сказаў бы вам. Іду прыгатаваць вам Мейсца, і калі пайду і прыгатую вам Мейсца, ізноў прыйду і вазьму вас да Сябе, каб дзе Я, і вы былі. І куды Я йду, ведаеце, і Шлях ведаеце. Кажа Яму Хама: Госпадзе! ня ве́даем, куды йдзеш, і як можам ведаць шлях? Кажа яму Ісус: Я ёсьць Шлях і Праўда, і Жыцьцё. Ніхто ня прыхо́дзе да Бацькі, калі ня це́раз Мяне. Калі б (вы) пазналі Мяне, дык і Бацьку Майго пазналі бы. І ад цяпе́р ведаеце Яго і бачылі Яго. Кажа Яму Піліп: Госпадзе! пакажы нам Бацьку, і годзе нам. Кажа яму Ісус: ці це́перся Я з вамі, і (ты) ня пазна́ў Мяне, Піліп? Хто бачыў Мяне, бачыў Бацьку. І як ты кажаш: пакажы нам Бацьку? Ты ня ве́рыш, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне? Словы, што Я кажу вам, ад Сябе ня кажу́, але Бацька, Які ёсьць ува Мне, Ён робіць Чыны. Верце Мне, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне; калі ж не, верце Мне па самых Учынках. Праўду, Праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, Учынкі, якія Я раблю, і ён будзе рабіць, дый большыя за гэтыя зробіць, бо Я да Бацькі Майго йду. І тое, чаго папросіце ў Імя Маё, тое Я зраблю, каб быў услаўлены Бацька ў Сыне. Калі чаго папросіце ў Імя Маё, Я зраблю. Калі любіце Мяне, Прыказаньні Мае споўніце. І Я ўпрашу Бацьку, і Ён дасьць вам другога Суцяшальніка, каб быў з вамі на векі, Духа Праўды, Якога сьвет ня мо́жа прыняць, бо ня ба́чыць Яго, і ня ве́дае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі ёсьць, і ў вас будзе. Ня пакіну вас сіротамі: прыйду да вас. Яшчэ трохі, і сьвет Мяне больш ня ўба́чыць, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень вы пазнаеце, што Я ў Бацьку Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас. Той, хто ма́е Прыказаньні Мае́ і выпаўняе Іх, ён ёсьць той, хто любіць Мяне, а той, хто любіць Мяне, будзе палюблены Бацькам Маім, і Я палюблю яго, і зьяўлюся яму Сам. Кажа Яму Юда, ня Іскарыёт: Госпадзе, што (гэта) сталася, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьве́ту? Адказаў Ісус і сказаў яму: калі хто любіць Мяне, споўніць Слова Маё; і Бацька Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім Сялібу ў яго. Хто ня любіць Мяне, ня выпаўняе Словаў Маіх; а Слова, якое (вы) чуеце, ня ёсьць Маё, але Бацькі, Які паслаў Мяне. Гэтае сказаў Я вам, будучы з вамі. Суцяшальнік жа, Дух Сьвяты, Якога пашле Бацька ў Імя Маё, Ён навучыць вас усяго і напомніць вам усё, што Я сказаў вам. Мір пакідаю вам, Мір Мой даю вам; ня та́к, як сьвет дае, Я даю вам (Мір Мой). Няхай ня трыво́жыцца сэрца вашае і ня баíцца. Вы пачулі, што Я сказаў вам: адыходжу (ад вас) і прыходжу да вас. Калі (б) вы любілі Мяне, (вы) радаваліся б, што Я сказаў: іду да Бацькі, бо Бацька Мой ёсьць большы за Мяне. І Я сказаў вам цяпе́р, перш, чым сталася, каб (вы) паверылі, як станецца. Ужо ня до́ўга Я буду гаварыць з вамі, бо прыходзе князь гэтага сьвету і ўва Мне ня ма́е нічога. Але, каб сьвет пазнаў, што Я люблю Бацьку і, як загадаў Мне Бацька, так раблю. Устаньце, пойдзем адгэтуль.
Я ёсьць запраўдная Вінаградная Лаза, а Бацька Мой ёсьць Вінаградар. Усякую галіну на Мне, якая ня дае́ плоду, Ён адцінае яе; і ўсякую, што дае плод, абчышчае яе, каб больш плоду давала. Вы ўжо чыстыя праз Слова, Якое Я казаў вам. Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня мо́жа даваць плоду сама сабою, калі ня застае́цца на лазе, так і вы ня (мо́жаце даваць плоду), калі ня застае́цеся ўва Мне. Я ёсьць Вінаградная Лаза, (а) вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той прыносіць багата Плоду, бо бяз Мяне́ ня мо́жаце рабіць нічога. Калі хто ня застане́цца ўва Мне, (ён) будзе выкінены вон, як галіна, і ссохне; і зьбіраюць іх, і кідаюць у вагонь, і (яны) згараюць. Калі застанецеся ўва Мне, і Словы Мае ў вас застануцца, калі (вы) што захацелі бы, будзеце прасіць, і станецца вам. У гэтым уславіцца Бацька Мой, калі (вы) прынясецё багаты Плод і будзеце Маімі вучнямі. Як палюбіў Мяне Бацька, і Я палюбіў вас, заставайцеся ў Любові Маёй. Калі Прыказаньні Мае выпаўніце, застанецёся ў Любові Маёй, як (і) Я выпаўніў Прыказаньні Бацькі Майго і застаюся ў Ягонай Любові. Гэтае сказаў Я вам, каб Радасьць Мая ў вас была, і (каб) Радасьць вашая была поўная. Гэта ёсьць Прыказаньне Маё, каб (вы) любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто ня ма́е любові большае за тую, як хто паложыць жыцьцё сваё за сяброў сваіх. Вы — сябры Мае, калі робіце ўсё, што Я загадваю вам. Я ўжо ня называ́ю вас слугамі, бо слуга ня ве́дае, што робіць гаспадар ягоны, але Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што пачуў ад Бацькі Майго, паведаміў вам. Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы йшлі і прыносілі Плод, і (каб) Плод ваш заставаўся; каб тое, чаго толькі папросіце ў Бацькі ў Імя Маё, Ён даў вам. Гэтае загадваю вам, каб (вы) любілі адзін аднаго. Калі сьвет вас нянавíдзіць, ведайце, што Мяне перш за вас зьнянавідзіў. Калі б (вы) былі ад сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як (вы) ня ад сьве́ту, але Я выбраў вас са сьвету, затым нянавідзіць вас сьвет. Памятайце Слова, якое Я сказаў вам: слуга ня бо́льшы за гаспадара свайго. Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё Слова захавалі, і вашае (слова) захаваюць. Але ўсё гэтае зробяць вам з-за Імені Майго, бо ня ве́даюць Таго, Хто паслаў Мяне. Калі б Я ня прыйшо́ў і ня каза́ў ім, ня ме́лі бы грэху; а цяпер ня ма́юць адгаворкі ў грэху сваім. Хто Мяне нянавíдзіць, і Бацьку Майго нянавíдзіць. Калі б Я ня зрабíў сярод іх Дзеяў, якіх ніхто іншы ня рабíў, ня мелí бы грэху, а цяпер і ўбачылі, і ўзьнянавідзілі і Мяне, і Бацьку Майго. Але каб споўнілася Слова, што напісана ў Законе іхным: зьнянавідзілі Мяне бяз прычыны (Пс. 69:5). Калі ж прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я пашлю вам ад Бацькі, Дух Праўды, Які ад Бацькі зыходзіць, Ён будзе сьведчыць аба Мне. І вы таксама сьведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.
Гэтае сказаў Я вам, каб ня былі спакушаны. Выключаць вас із сынагогаў, а прыходзе гадзіна, калі кожны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, (што гэтым ён) служыць Богу. І гэтае будуць рабіць вам, бо ня пазна́лі ані Бацьку, ані Мяне. Але гэтае сказаў Я вам, каб, калі прыйдзе той час, (вы) прыпомнілі Тое, Што Я сказаў вам; а гэтага Я вам ад пачатку ня сказа́ў, бо быў з вамі. А цяпер Я йду да Паслаўшага Мяне, і ніхто з вас ня пыта́ецца ў Мяне: куды йдзеш? Але ад таго, што Я сказаў вам гэтае, сум напоўніў сэрца вашае. Але Я Праўду кажу вам: лепе́й вам, каб Я адыйшоў, бо калі Я ня пайду́, Суцяшальнік ня прыйдзе да вас, калі ж пайду, пашлю Яго да вас. І, прыйшоўшы, Ён карыцімець сьвет у грэху і ў справядлівасьці, і ў судзе; у грэху, што ня ве́раць у Мяне; у справядлівасьці ж, што Я йду да Бацькі Майго, і ўжо ня ўба́чыце Мяне; у судзе ж, што князь сьвету гэтага асуджаны. Яшчэ многа маю казаць вам, але (вы) цяпер ня здо́лееце панесьці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, Ён прывядзе вас да ўсяе Праўды, бо ня ад Сябе́ казаць будзе, але будзе казаць Тое, Што пачуе, і Тое, Што надыходзіць, абвесьціць вам. Ён уславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць. Усё, Што ма́е Бацька, ёсьць Маё; пагэтаму Я (і) сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам. (Яшчэ) крыху і ня бу́дзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне, бо Я йду да Бацькі. Сказалі тады (нікато́рыя) з вучняў Ягоных адзін аднаму: што ёсьць гэта, што Ён кажа нам: (яшчэ) крыху і ня бу́дзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне, дый: Я йду да Бацькі. І вось (яны) казалі: што гэта ёсьць, што Ён кажа: (яшчэ) крыху? Ня ве́даем, што кажа. Пазнаў тады Ісус, што хацелі спытацца ў Яго, і сказаў ім: аб тым пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: (яшчэ) крыху і ня бу́дзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне? Праўду, Праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет будзе радавацца; вы ж сумныя будзеце, але сум ваш у радасьць абернецца. Жанчына, калі родзіць, тужыць, што прыйшла яе гадзіна, калі ж уродзіць дзіця, ужо ня памята́е аб горы ад радасьці, бо народжаны чалавек на сьвет. Вось гэтак і вы цяпе́р тужыце, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і Радасьці вашай ніхто ня забярэ ў вас. І ў той дзень ня бу́дзеце пытацца ў Мяне ні аб чым. Праўду, Праўду кажу вам, што, аб чым папросіце Бацьку ў Імя Маё, дасьць вам. Дагэтуль (вы) нічога ня прасíлі ў Імя Маё; прасіце і дастанеце, каб Радасьць ваша была поўная. Гэтае Я гаварыў вам прыповесьцямі; але надыходзіць гадзіна, калі ўжо ня бу́ду гаварыць вам прыповесьцямі, але проста абвяшчу вам пра Бацьку. У той дзень будзеце прасіць у Імя Маё, і ня кажу вам, што Я буду прасіць Бацьку за вас, бо Сам Бацька любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і паверылі, што Я зыйшоў ад Бога. Я зыйшоў ад Бацькі і прыйшоў у сьвет, (і) зноў пакідаю сьвет ды йду да Бацькі. Кажуць Яму вучні Ягоныя: вось цяпер Ты проста гаворыш і прыповесьці ня ка́жаш ніякае. Цяпер (мы) ведаем, што Ты ведаеш усё і ня ма́еш патрэбы, каб хто ў Цябе пытаўся. Пагэтаму верым, што Ты ад Бога зыйшоў. Адказаў ім Ісус: цяпе́р верыце? Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, так што (вы) расьцярушыцеся кожны ў свой (бок), і Мяне аднаго пакінеце; але Я ня адзíн, бо Бацька ёсьць са Мною. Гэтае сказаў Я вам, каб (вы) ува Мне Мір мелі. На сьвеце гора мець будзеце, але будзьце адважныя: Я перамог сьвет.
Гэтае сказаў Ісус і падняў вочы Свае да Неба і сказаў: Тата Мой! надыйшла гадзіна: услаў Сына Твайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе; бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён усім, якіх Ты даў Яму, даў бы ім Жыцьцё Вечнае. Гэтае ж Жыцьцё Вечнае ёсьць (у тым), каб пазналі Цябе, Адзінага Сапраўднага Бога і Ісуса Хрыста, Якога Ты паслаў. Я ўславіў Цябе на зямлі, завяршыў Справу, якую Ты даў Мне, каб Я зрабіў. І цяпер услаў Мяне Ты, Тата Мой, у Цябе Самога тэй Славаю, якую Я меў у Цябе раней існаваньня сьвету. Я зрабіў вядо́мым Імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; (яны) былі Твае, і Ты іх даў Мне, і (яны) захавалі Слова Тваё. Цяпер уразумелі (яны), што ўсё, што Ты даў Мне, ёсьць ад Цябе. Бо Словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі, і правільна ўразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў. Я за іх прашу, ня за (ўве́сь) сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны — Твае. І ўсе Мае — Твае, і Твае — Мае; і ў іх Я ўславіўся. І Я ўжо — ня на сьве́це, але яны — на сьвеце, Я ж да Цябе іду. Тата Мой Сьвяты! Захавай іх у Імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб (яны) былі адно, як (і) Мы. Калі Я быў на сьвеце зь імі, Я захоўваў іх у Імя Тваё, тых, якіх Ты даў Мне, Я зьбяро́г, і ніхто зь іх ня загíнуў, апрача сына загубы, каб збылося Пісаньне. (Пс. 109:17). Цяпе́р жа да Цябе іду і гэтае кажу на сьвеце, каб (яны) мелі Радасьць Маю поўную ў сабе. Я перадаў ім Слова Тваё, і сьвет зьнянавідзіў іх, бо яны — ня ад сьве́ту, як і Я — ня ад сьве́ту. Я ня прашу́, каб Ты ўзяў іх ізь сьвету, але каб захаваў іх ад зла. Яны — ня ад сьве́ту, як і Я — ня ад сьве́ту. Асьвяці іх у Праўдзе Тваёй: Слова Тваё ёсьць Праўда. Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, гэтак і Я паслаў іх у сьвет. І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі пасьвенчаны Праўдаю. Ня за іх жа толькі прашу, але й за тых, што будуць верыць у Мяне па слову іхнаму. Каб усе былі адно: як Ты, Тата Мой, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі адно ў Нас, каб уверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. І Славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як Мы — Адно. Я ў іх, і Ты ўва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб сьвет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Тата Мой! каго Ты Мне даў, хачу, каб і яны былі са Мною, там, дзе Я, каб бачылі Славу Маю, якую Ты Мне даў, бо палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету. Тата Мой Справядлівы! і сьвет Цябе ня пазна́ў, але Я пазна́ў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. І Я адкрыў ім Імя Тваё і (больш) адкрыю, каб Любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.
Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручай Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя. Ведаў жа гэтае мейсца і Юда, які прадаў Яго, бо Ісус часта зьбіраўся там з вучнямі Ягонымі. Вось Юда, узяўшы аддзел войска ды слуг ад архірэяў і хварысэяў, прыходзіць туды зь ліхтарнямі і сьветачамі, і (са) зброяю. Ісус жа, ведаючы ўсё, што прыходзе на Яго, выйшаўшы, сказаў ім: каго шукаеце? Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: Я ёсьць (Ён)! Стаяў жа зь імі і Юда, які прадаў Яго. Як жа Ён сказаў ім: Я ёсьць (Ён), яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю. Тады Ён ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны ж сказалі: Ісуса Назарэя. Ісус адказаў: Я сказаў вам: Я ёсьць (Ён); дык вось, калі Мяне шукаеце, дазвольце ім адыйсьці, каб споўнілася Слова, якое Ён сказаў: тых, якіх Ты даў Мне, Я ня згубíў зь іх нікога. Сымон жа Пётра, маючы меч, выцягнуў яго і ўдарыў слугу архірэявага, і адсек яму правае вуха; было ж імя слугі таго Малх. Ісус жа сказаў Пётру: укладзі меч твой у похву. Чару, што даў Мне Бацька, няўжо Я ня вып’ю яе? Тады аддзел войска і тысячнік, і слугі юдэйскія ўзялі Ісуса і зьвяза́лі Яго. І завялí Яго сьпярша́ да Ганны, бо (ён) быў цесьцем Каяхвы, які быў таго году архірэем. Быў жа Каяхва той, які парадзіў жыдам, што лепш аднаму чалавеку загінуць за гэты народ. Ішоў жа за Ісусам Сымон Пётра і другі вучань; вучань жа гэны быў знаёмы архірэю і ўвайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак, а Пётра стаяў ля дзьвярэй знадворку. І вось другі вучань, той, які быў знаёмы архірэю, выйшаў і сказаў прыдзьверніцы, і ўвёў Пётру. Тады служанка прыдзьверніца кажа Пётру: ці і ты ня з ву́чняў Гэтага Чалавека? Ён кажа: я — не. Стаялі ж рабы і слугі, распаліўшы агонь з вугольля, бо было зябка, і грэліся. Быў жа зь імі Пётра, стоючы і грэючыся. Тады архірэй спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра навуку Ягоную. Ісус адказаў яму: Я яўна гаварыў сьвету; Я заўсёды навучаў у сынагозе і ў Сьвятыні, дзе заўсёды зьбіраюцца жыды, і то́йма ня гаварыў нічога. Чаму (ты) пытаешся ў Мяне? Спытайся ў тых, хто чуў, што Я гаварыў ім. Вось яны ведаюць, што Я (ім) казаў. Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слугаў, што стаяў блізка, ударыў Ісуса па Абліччу, сказаўшы: так Ты адказваеш архірэю? Ісус адказаў яму: калі Я сказаў блага, дакажы, што (Я сказаў) блага, а калі (Я сказаў) добра, за што (ты) б’еш Мяне? Ганна паслаў Яго зьвяза́нага да архірэя Каяхвы. Быў жа Сымон Пётра, стаяў і грэўся. Сказалі тады яму: ці і ты ня з ву́чняў Ягоных? Ён адрокся і сказаў: я? не! Кажа адзін із слугаў архірэявых, будучы сваяком таго, якому Пётра адсек вуха: ці (ж) я ня цябе́ бачыў зь Ім у садзе? Тады ізноў Пётра адрокся; і зараз (жа) прапяяў певень. Вяду́ць тады Ісуса ад Каяхвы да прэторыі. А была раніца, і яны ня ўвайшлí ў прэторыю, каб ня занячысьціцца, але каб (можна было) есьці пасху. Тады Пілат выйшаў да іх і сказаў: якое абвінавачаньне выстаўляеце (вы) супраць Чалавека Гэтага? Адказалі (яны) і сказалі яму: калі б Ён ня быў злачынца, (мы) ня выдалі б Яго табе. Тады сказаў ім Пілат: вазьміце Яго вы і па Закону вашаму судзіце Яго. Тады сказалі яму жыды: нам ня дазво́лена нікога асудзіць на сьмерць. Каб споўнілася Слова Ісусавае, якое Ён сказаў, даючы зразумець, якою сьмерцяй Ён мае памерці. Тады Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: ці Ты Кароль жыдоў? Ісус адказаў яму: ад сябе ты гэтае гаворыш, ці другія сказалі табе пра Мяне? Пілат адказаў: ці (ж) я — жыд? Твой народ і архірэі выдалі Цябе мне; што Ты зрабіў? Ісус адказаў: Гаспадарства Маё ня з гэтага сьвету; калі б з гэтага сьвету было Гаспадарства Маё, (то) слугі Мае змагаліся бы, каб Я ня быў выданы жыдам. Але цяпер Гаспадарства Маё — ня згэтуль. Тады сказаў Яму Пілат: дык Ты — Кароль? Адказаў Ісус: ты кажаш, што Я Кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьвет, каб сьведчыць аб Праўдзе. Кожны, хто ёсьць ад Праўды, слухае Голасу Майго. Кажа Яму Пілат: што ёсьць праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да жыдоў і кажа ім: я ніякае віны ў Ім ня знахо́джу. Ёсьць жа ў вас звычай, каб (я) аднаго звальняў вам на Пасху. Дык хочаце, звольню вам Караля жыдоў? Тады закрычалі ўсе ізноў, кажучы: ня Яго, але Бараўву! А быў Бараўва — разбойнік.
Дык тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў Яго. І жаўнеры, сьплёўшы вянок зь цярніны (як карону), узьдзелі Яму на Галаву і апранулі Яму пурпуровы плашч і казалі: радуйся, Кароль жыдоў! і білі Яго па Абліччу. Дык Пілат ізноў выйшаў і кажа ім: вось (я) выводжу Яго да вас, каб (вы) ведалі, што (я) ня знахо́джу ў Ім ніякае віны. Тады выйшаў Ісус у цярнёвым вянку (як кароне) і ў пурпуровым плашчу. І кажа ім (Пілат): вось Чалавек! Як жа ўбачылі Яго архірэі і слугі (іхныя), закрычалі, кажучы: укрыжуй Яго, укрыжуй! Пілат кажа ім: вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я ня знахо́джу ў Ім (ніякае) віны. Адказалі яму жыды: мы маем Закон, і па Закону нашаму Ён мусіць памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым. Як жа Пілат пачуў гэтае слова, (ён) яшчэ больш спужаўся. І зноў увайшоў у прэторыю і кажа Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня адказа́ў Яму (нічога). Дык Пілат кажа Яму: Ты са мной ня гаво́рыш? Ці ня ве́даеш, што маю ўладу ўкрыжаваць Цябе і маю ўладу звольніць Цябе? Ісус адказаў: (ты) ня ме́ў бы ніякае ўлады нада Мною, калі б табе ня было́ дадзена з Вышынí; пагэтаму той, хто выдаў Мяне табе, мае грэх большы. Адгэтуль Пілат шукаў звольніць Яго. Жыды ж крычалі, кажучы: калі звольніш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе́ каралём, супрацьстаіць кесару. Тады Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса вон і сеў на крэсла судзьдзі, на мейсца, што завецца Літо́стратон, а па жыдоўску Гаўвата. Была ж параскева (да) Пасхі, і каля шостае гадзіны. І кажа (Пілат) жыдам: вось Кароль ваш! Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: укрыжаваць Караля вашага? Архірэі адказалі: ня ма́ем (мы) караля, акрамя кесара. Дык тады (ён) аддаў Яго ім, каб быў укрыжаваны. І ўзялí Ісуса і павялі. І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на мейсца, што завецца (мейсца) Чэрапу, што пажыдоўску называецца Галгота, дзе Яго ўкрыжавалі і зь Ім двух іншых абапал Яго, а ў сярэдзіне Ісуса. Пілат жа напісаў і надпіс і паставіў на крыжу. Было ж напісана: Ісус Назарэй, Кароль жыдоў. І гэты надпіс чыталі шматлікія з жыдоў, бо блізка (ад) места было тое мейсца, дзе быў укрыжаваны Ісус, дый напісана было пажыдоўску, (і) пагрэцку, (і) парымску. Дык казалі архірэі жыдоўскія Пілату: ня пішы: Кароль жыдоў, але што Ён сказаў: Я ёсьць Кароль жыдоў. Пілат адказаў: што (я) напісаў, (тое) напісаў. Жаўнеры ж, як укрыжавалі Ісуса, узялі вопратку Ягоную і зрабілі чатыры часткі — кожнаму жаўнеру частка, дый хітон; быў жа хітон ня шыты, (але) увесь вытканы ад верху. Дык сказалі адзін аднаму: ня бу́дзем разьдзіраць яго, але кінем жэрабя на яго: чый будзе; каб споўнілася (сказанае) ў Пісаньні, што гаворыць: падзялілі вопратку Маю між сабою і аб рызе Маёй жэрабя кідалі. Вось так учынілі гэтае жаўнеры (Пс. 22:19). Стаялі ж ля крыжа Ісусавага маці Ягоная і сястра маткі Ягонай, Марыля Кляо́пава, і Марыля Магдаліна. Ісус жа, угледзіўшы матку (Сваю) і вучня, (што) стаіць побач, якога Ён любіў, кажа матцы Сваёй: жанчына! вось сын твой. Пасьля кажа вучню: вось маці твая. І з таго часу вучань гэты ўзяў яе да сябе. Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне, кажа: піць хачу! Тут стаяла судзіна, поўная воцату. Яны ж, набраўшы воцату губкай і ўзьдзеўшы (яе) на (сьцяблíну) гізопу, паднялі да Вуснаў Ягоных. Як жа Ісус узяў воцату, Ён сказаў: Збылося! і, нахіліўшы галаву, аддаў Дух. А як была параскева, дык жыды, каб ня пакíнуць целаў на крыжу ў суботу, — бо той дзень суботні быў вялікі, — папрасілі Пілата, каб перабіць у іх галёнкі і зьняць (іх). Дык прыйшлі жаўнеры і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, укрыжаванага зь Ім. Прыйшоўшы ж да Ісуса, як убачылі, што Ён ужо памёр, ня перабíлі ў Яго Галёнак; але адзін із жаўнераў дзідаю прабіў Яму Бок, і ўраз жа выцякла Кроў і Вада. І той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьвядо́цтва ягонае — праўдзівае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі. Бо гэтае сталася, каб збылося Пісаньне: Костка Ягоная ня бу́дзе пераломлена (Вых. 12:46). Дый ізноў другое (мейсца) Пісаньне гаворыць: будуць глядзець на Таго, Каго прабілі (Захар. 12:10). І пасьля гэтага Язэп, што з Арыматэі, будучы вучнем Ісуса, але тайным з-за страху перад жыдамі, папрасіў Пілата, каб узяць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Дык (ён) прыйшоў і ўзяў Цела Ісусава. Прыйшоў таксама й Мікадым, — што прыходзіў раней да Ісуса ўначы, — нясучы мешанíну са сьмірны і алёэ хунтаў каля ста. Тады ўзялі яны Цела Ісусава і абярнулі Яго ў ільняныя палотны з пахнідламі, як ёсьць звычай хаваць у жыдоў. Быў жа сад на тым мейсцы, дзе Ён быў укрыжаваны, і ў тым садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны. Пагэтаму тутака, па прычыне (дня) жыдоўскай параскевы, палажылі Ісуса, бо магіла была блізка.
У першы ж дзень тыдня раніцай, калі яшчэ было цёмна, Марыля Магдаліна прыходзіць да магілы і бачыць, што камень ад магілы адвалены. Дык яна бяжыць і прыходзіць да Сымона Пётры і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: узялі Госпада з магілы, і ня ве́даем, дзе палажылі Яго. Тады выйшаў Пётра і той другі вучань, і пайшлі да магілы. Беглі ж яны абодва разам, і той другі вучань абагнаў Пётру і прыйшоў да магілы першы і, нахіліўшыся, бачыць: ляжаць ільняныя палотны, але ня ўвайшоў. Тады прыходзіць Сымон Пётра, ідучы за ім, і ўвайшоў у магілу, ды бачыць: ляжаць ільняныя палотны і хустка, што была на Галаве Ягонай, ляжыць ня зь ільнянымі палотнамі, але асобна скручаная на другім мейсцы. Дык тады ўвайшоў таксама гэты другі вучань, што ўперад прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ ня ве́далі Пісаньня, што Ён мусіць уваскрэснуць зь мёртвых. Дык вучні ізноў пайшлі да сябе́. А Марыля стаяла звонку ля магілы, (і) плакала; як жа плакала, нахінулася ў магілу. І бачыць двух Ангелаў у белым (адзеньні), сядзяць адзін угаловах, а другі ўнагах, дзе ляжа́ла Цела Ісусава. І яны кажуць ёй: жанчына! чаго плачаш? яна адказвае ім: бо забралі Госпада майго, і ня ве́даю, дзе палажылі Яго. І, сказаўшы гэтае, абярнулася назад і бачыць, што стаіць Ісус, але ня пазна́ла, што гэта Ісус. Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Каго ты шукаеш? Яна, думаючы, што Ён — садоўнік, кажа Яму: пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе (ты) паклаў Яго, і я вазьму Яго. Ісус кажа ёй: Марыля! Яна, паўгляда́ўшыся, кажа Яму: Раббунí! што значыць Вучыцель! Ісус кажа ёй: ня дакранайся (да) Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшо́ў да Бацькі Майго, але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Бацькі Майго і Бацькі вашага, і (да) Бога Майго і Бога вашага. Марыля Магдаліна прыходзе, абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і (што) Ён гэта сказаў ёй. Быў жа вечар таго дня, першага дня тыдня, калі дзьверы (дому), дзе сабраліся вучні (Ягоныя), былі запёртыя ад страху (перад) жыдамі, прыйшоў Ісус і стануў пасярэдзіне і кажа ім: Мір вам! І, сказаўшы гэтае, паказаў ім (Свае) Рукі і Бок Свой. Узрадаваліся тады вучні, убачыўшы Госпада. Тады Ісус ізноў сказаў ім: Мір вам! Як паслаў Мяне Бацька (Мой), гэтак і Я пасылаю вас. І, сказаўшы гэтае, дыхнуў (на іх) і кажа ім: прыйміце Духа Сьвятога. Калі каму даруеце грахі, дараваныя будуць ім; калі на кім пакінеце, (на тым) застануцца. А Хама, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў зь імі, калі прыходзіў Ісус. Пагэтаму другія вучні казалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўба́чу на Руках Ягоных раны ад цьвіко́ў і ня ўткну пальца майго ў рану ад цьвіко́ў, і ня ўкладу́ рукі маёй у Бок Ягоны, ня паве́ру. І пасьля васьмі дзён ізноў былі ўнутры (дома) вучні Ягоныя, і Хама зь імі. Прыходзе Ісус, дзьверы (ж) былі запёртыя, і стануў пасярэдзіне, і сказаў: Мір вам! Потым кажа да Хамы: дай сюды палец твой і паглядзі Рукі Мае; і дай руку тваю, і ўкладзі (яе) у Бок Мой; і ня бу́дзь няве́ручым, але веручым. І адказаў Хама і сказаў Яму: Госпадзе мой і Божа мой! Ісус кажа яму: Хама, ты паверыў, бо ўбачыў Мяне; шчасьлівыя, што ня ба́чылі і паверылі. Сапраўды шмат і другіх Цудаў зрабіў Ісус перад вучнямі Сваімі, якія ня запíсаны ў кнізе гэтай; Але гэтыя запісаны, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, каб верачы, мелі Жыцьцё ў Імені Ягоным.
Пасьля гэтага ізноў зьявіў Сябе Ісус вучням (Сваім) ля мора Тыбэрыядзкага. Зьявіў (Сябе) вось як: былі разам Сымон Пётра і Хама, што завецца Блізьнюк, і Натанайла з Каны Галілейскай, і (сыны) Завядзея, і двое другіх з вучняў Ягоных. Сымон Пётра кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзем і мы з табою. Выйшлі і зараз увайшлі ў човен, і ня злавілі ў тую ноч нічога. Калі ж ужо настала раніца, Ісус стаяў на беразе, але вучні ня пазна́лі, што гэта Ісус. Тады Ісус кажа ім: дзеці! (ці) ня ма́еце якой-небудзь ядо́міны? Яны адказалі Яму: не. Ён жа сказаў ім: закіньце сетку па правы бок чаўна, і зловіце. Пагэтаму яны закінулі, ды ўжо ад мноства рыбы ня маглí яе выцягнуць. Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: Ён — Госпад. Сымон жа Пётра, пачуўшы, што Ён — Госпад, падпераза́ўся верхнім адзеньнем, бо быў у споднім, і кінуўся ў мора; а другія вучні прыплылі ў невялíкай лодцы, — бо ня далёка былі ад зямлí, але локцяў каля дзьвесьце, — цягнучы сетку з рыбай. Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць распаленае вугольле і рыбу, (што) ляжыць (на ім) і хлеб. Ісус кажа ім: прынясіце з тае рыбы, што вы цяпер злавілі. Сымон Пётра пайшоў і выцягнуў на зямлю сетку, поўную вялікіх рыбаў; (іх было) сто пяцьдзесят тры, і (ад) гэткага мноства сетка ня прарва́лася. Ісус кажа ім: ідзіце, сьнедайце. (З) вучняў жа ніхто ня адва́жыўся папытацца (ў) Яго: хто — Ты? ведаючы, што Ён ёсьць Госпад. Ісус жа прыходзіць і бярэ хлеб, і дае ім; таксама й рыбу. Гэта ўжо трэйці раз Ісус зьявіў Сябе Сваім вучням уваскрошаны зь мёртвых. Калі ж яны пасьнедалі, Ісус кажа Сымону Пётру: Сымон Ёнін, (ці) любіш ты Мяне больш, чым яны? (Пётра) кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. (Ісус) кажа яму: пасі ягняты Мае. Яшчэ кажа яму другі раз: Сымон Ёнін! (ці) любіш ты Мяне? (Пётра) кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. (Ісус) кажа яму: пасі авечкі Мае. Кажа яму трэйці раз: Сымон Ёнін! (ці) любіш ты Мяне? Пётра засмуціўся, што трэйці раз сказаў яму: (ці) любіш ты Мяне? і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе! Ісус кажа яму: пасі авечкі Мае! Праўду, Праўду кажу табе: калі ты быў малады, (дык) падпяра́зваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а як (ты) састарэеш, (то) выцягнеш рукі твае, і іншы цябе́ падперажэ і павядзе́, куды ня схо́чаш. Гэтае ж Ён сказаў, паказуючы, якой сьмерцяй (Пётра) уславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: ідзі за Мною. Пётра ж, аглянуўшыся, бачыць ідучага за (ім) вучня, якога любіў Ісус, ды які на вячэры прыпаў да грудзёў Ягоных і сказаў: Госпадзе! хто ён, што прадае Цябе? Убачыўшы яго, Пётра кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што? Ісус кажа яму: калі Я хачу яго пакінуць, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага? Ты йдзі за Мною! Дык пране́слася гэтае слова між братоў, што вучань гэны ня памрэ. Але Ісус ня сказа́ў яму, што (ён) ня памрэ, але: калі Я хачу яго пакінуць, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага? Гэты ёсьць той вучань, які сьведчыць аб гэтым і напісаў гэтае. І (мы) ведаем, што сьвядо́цтва яго́нае — праўдзівае. Таксама ёсьць і шмат іншага, што ўчыніў Ісус, якое, калі б было напісана пачаргова, (дык) я думаю, нават самому сьвету ня зьмясьцíць бы напісаных кнігаў. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020