Павал, раб Бога і Апостал Ісуса Хрыста, па веры і пазнаньню праўды і адносна багабойнасьці — належу да выбраных Богам, дзеля надзеі на жыцьцё вечнае, якое паабяцаў праўдзівы Бог спрадвеку; а ў Свой час зьявіў Слова Сваё ў пропаведзі, якая была даверана мне па загаду Збавіцеля нашага Бога, — Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: Багадаць, міласэрнасьць, Мір ад Бога Бацькі і Госпада Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага. Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты ўпара́дкаваў тое, што яшчэ няўпара́дкаванае, і паставіў па (усіх) местах ста́ршых, як я табе загадаў: калі хто бяззаганны, адзінай жонкі муж, які дзяцей мае веручых, якія ня абвінавачваюцца ў распусьце альбо няпаслухмянасьці. Бо япіскап павінен быць бяззаганным, як Божы домакіраўнік: ня хванабэрыстым, ня гняўлівым, ня п’яніцай, ня задзірлівым, ня сквапным да нажывы, але гасьцінным, які любіць дабро, разважным, справядлівым, багабойным, устрымлівым, які прытрымліваецца вучэньня вернага слова, каб ён быў дуж і настаўляць у здаровым вучэньні і супраціўцаў дакараць. Бо ёсьць шмат і няпакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных, якім трэба закрываць рот: яны цэлыя дамы разбураюць, навучаючы, чаму ня сьлед дзеля ганебнай карысьлівасьці. Сказаў жа нехта зь іх самых, іхны прарок: «крыцяне — заўсёды ілгуны, лютыя зьвяры, лянівыя вантробы». Сьведчаньне гэтае праўдзівае. Дзеля гэтага дакарай іх строга, каб яны былí здаровымі ў веры, ня зважаючы на жыдоўскія байкі і прыказаньні чалавекаў, што адварочваюцца ад праўды. Для чыстых усё чыстае, а для няверучых нішто ня чыстае, але апаганены іхны розум і сумленьне. Яны кажуць, што ведаюць Бога, а ўчынкамі выракаюцца, будучы абрыднымі і няпакорлівымі і ня здатныя ні на які добры ўчынак.
Ты ж кажы тое, што адпавядае здароваму вучэньню: каб старыкі былі духова цьвярозымі, пава́жнымі, разважлівымі, здаровымі ў веры, любові, цярплівасьці; старым жанчынам таксама паводзіць сябе адпаведна сьвятасьці, ня быць паклёпніцамі, каб ня паддаваліся п’янству, каб вучылі дабру, — каб настаўлялі маладых (жанчын): кахаць мужоў, любіць дзяцей, быць разважнымі, чыстымі, каб клапаціліся пра дом, былі добрымі, каб карыліся сваім мужом, (і ўсё дзеля таго), каб Слова Бога ня было зьняважаемым. Юнакоў таксама ўгаворвай быць разважнымі. Ва ўсім сам будзь узорам добрых учынкаў: у навуцы — чысьціню, сьвятасьць, няпашкоджанасьць, слова здаровае, бяззаганнае, каб супрацівец быў пасаромлены, ня маючы нічога благога сказаць пра вас. Рабоў (настаўляй) быць паслухмянымі сваім гаспадаром ва ўсім і дагаджаць ім ня пярэчачы, ня красьці, але праяўляць усю добрую вернасьць, каб яны ва ўсім аздаблялі вучэньне Збавіцеля вашага Бога. Бо зьяўлена багадаць Бога, выратавальная для ўсіх людзей, якая вучыць нас, каб адкінуўшы бязбожнасьць і сьвецкія пажадлівасьці, разважна, праведна і багабойна пражылі мы ў цяперашнім веку, чакаючы шчасьлівай надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, Які аддаў сябе за нас, каб адкупіць нас ад усялякага бяззаконьня і каб ачысьціць Сабе народ асаблівы, руплівы да добрых учынкаў. Гэтае кажы, угаворвай і дакарай з усёй уладаю, каб ніхто ня вывышаўся над табою.
Напамінай ім, каб яны прыслухоўваліся і падпарадкоўваліся начальствам і ўладам і былí гатовымі на ўсякі добры ўчынак, каб нікога ня абмаўлялі, каб былí ня сварлівымі, каб былí справядлівымі, каб праяўлялі поўную ціхасьць перад усімі людзьмі. Бо былí не́калі і мы няразумнымі, няпаслухмянымі, заблукаўшымі, былí рабамі юрлівасьцяў і розных асалодаў, жывучы ў злосьці і зайздрасьці, былí агіднымі, нянавідзілі адзін аднаго. Калі ж былі зьяўлены Багадаць і чалавекалюбства Збавіцеля нашага Бога, ня дзеля ўчынкаў праведнасьці, якія мы ўчынілі, але паводля Сваёй міласэрнасьці збавіў Ён нас праз купелю адраджэньня і абнаўленьня Сьвятым Духам, Якога Ён шчодра выліў на нас праз Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага, каб мы, апраўданыя Ягонай Багадацьцю, сталіся спадкаемцамі жыцьця вечнага паводля надзеі (нашай). Слова гэта вернае; таму я хачу, каб ты настойліва гэта сьцьвярджаў: каб тыя, што паверылі ў Бога, рупіліся быць дбайнымі ў добрых учынках, — гэта добра і карысна людзям. Дурных жа спрэчак пра радаводы, а таксама спрэчак і сварак адносна Закону, пазьбягай; бо яны бяскарысныя і марныя. Гарэтыка чалавека пасьля першага і другога папярэджаньня пазьбягай, ведаючы, што гэтакі ўпаў у лжэвучэньне і грэшыць і сам наклікае на сябе суд. Калі пашлю да цябе Арцёма ці Цíхіка, пасьпяшайся прыйсьці да мяне ў Нікаполь, бо я вырашыў там перазімаваць. Дзіну законьніка і Апалёса парупся выправіць у дарогу так, каб у іх ні ў чым ня было нястачы. Хай вучацца таксама і нашыя практыкавацца ў добрых учынках дзеля (задавальненьня) няабходных патрэбаў, каб ня былí яны бясплоднымі. Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Прывітай тых, хто любіць нас у веры. Багадаць са ўсімі вамі. Амін.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020