Библия › Дзекуць-Малея › 2 да Цімахвея
Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, водле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце́ Ісусе, — Цімахве́ю, умілаванаму сыну: ласка, міласьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага. Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумле́ньнем, што безперастанку ўспамінаю аб табе́ ў малітвах маіх уначы і ўдзе́нь, жадаючы бачыць цябе́, помнячы аб сьлёзах тваіх, каб мне́ напоўніцца радасьцяй, успамінаючы некрывадушную ве́ру тваю, якая ране́й жыла ў бабцы тваёй Ляідзе і ў матцы тваёй Яўніцы; дый я пэўны, што і ў табе́. Дзеля гэтае прычыны напамінаю табе́, каб падаграваў дар Божы, які ёсьць у табе́ праз узлажэньне рук маіх, бо даў нам Бог ня духа страху, але сілы й любві і мудрасьці. Дык ня стыдайся сьве́дчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ані мяне́, вязьня Яго; але цярпі муку разам з Эвангельлем водле сілы Бога, што вы́бавіў нас і паклікаў прызваньнем сьвятым, ня водле ўчынкаў нашых, але водле пастановы Свае́й і ласкі, да́дзенае нам у Хрысьце́ Ісусе перад ве́чнымі часамі, а цяпе́р вы́яўленае праз зьяўле́ньне Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, што зьнішчыў сьме́рць і асьвяціў жыцьцё і нятле́ннасьць праз Эвангельле, для якога я пастаўлены за прапаве́дніка і Апостала ды вучыцеля паганаў. З гэтае прычыны я і цярплю гэтае; але не саромлюся, бо ве́даю, у Каго я ўве́раваў, і пэўны, што Ён дуж захаваць залог мой на гэны дзе́нь. Дзяржыся прыкладу здаровых слоў, што ты чуў ад мяне́, у ве́ры й любві, што ў Хрысьце́ Ісусе. Хавай добры залог Духам Сьвятым, што жыве́ ў нас. Ты ве́даеш тое, што адвярнуліся ад мяне́ ўсе́, што ў Азіі, між імі Фігел і Гармаге́н. Няхай дасьць Госпад міласьць дому Анісіфара, бо ён часта прымаў мяне́ і ня стыдаўся путаў маіх, але як быў у Рыме, з вялікай рупнасьцяй шукаў мяне і знайшоў. Няхай дасьць яму Госпад знайсьці міласьць у Госпада ў гэны дзе́нь; а колькі ён служыў мне́ у Эфэсе, ты ле́пей ве́даеш.
Дык ты, сын мой, узмацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце́ Ісусе, і, што чуў ад мяне́ пры многіх сьве́дках, тое перадай ве́рным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць. Дык цярпі мукі, як добры жаўне́р Ісуса Хрыста. Ніводзін жаўне́р ня зьвязвае сябе́ справамі жыцьцёвымі, каб дагадзіць начальніку войска. Калі-ж хто і змагаецца, не дастане вянка́, калі будзе баро́цца незаконна. Трэба, каб зямляроб, які працуе, пе́ршы спробаваў пладоў. Разуме́й, што́ кажу. Няхай жа дасьць табе́ Госпад разуме́ньне ў-ва ўсім. Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста, з насе́ньня Давідавага, што ўскрос із мёртвых водле Эвангельля майго, у якім цярплю мукі аж да путаў, як ліхадзе́й, але слова Божага не́льга закаваць. Дзеля гэтага я ўсё цярплю для выбраных, каб і яны здабылі збаўле́ньне, што ў Хрысьце Ісусе з ве́чнаю славаю. Ве́рнае слова: бо калі мы з Ім паме́рлі, дык з Ім і жыць будзем; калі мучымся, дык з Ім і цары́ць будзем; калі адцураемся, і Ён адцураецца ад нас; калі мы няве́рныя, ён ве́рным астае́цца, бо ад сябе́ адрачыся ня Можа. Гэтае напамінай, сьве́дчучы перад Госпадам не спрача́цца, што зусім не карысна, а на няшчасьце для слухаючых. Старайся паставіць сябе́ годным перад Богам, работнікам беззаганным, правільна пераказваючы слова праўды. Ад нягоднага марнаслоўя ўхіляйся; бо яны яшчэ бале́й будуць памнажаць бязбожнасьць. І слова іх, як гангрэна, ме́ціме корм. Гэтакія Гімэнэй і Філе́т, якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўскрасе́ньне ўжо было, і пераварача́юць у некаторых ве́ру. Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы гэтакую пячаць: пазнаў Госпад Сваіх; і: няхай адступіцца ад няпраўды кожны, хто імя Госпада называе. А ў вялікім доме ёсьць пасудзіны ня толькі залатыя і сярэбраныя, але і драўляныя і гліняныя; і адны ў чэсьці, другія — ня ў чэсьці. Дык, калі хто ачысьціцца ад гэтага, той будзе судзінаю ў чэсьці, асьвянчонаю і карыснаю Валадару, прыгатаванаю на кожнае добрае дзе́ла. Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а дзяржыся праўды, ве́ры, любві, міру з прызываючымі Госпада ад чыстага сэрца. Ад дурнога і ненавуковага змаганьня ўхіляйся, ве́даючы, што яно родзіць сваркі; рабу-ж Госпадаву ня сьле́д сварыцца, але быць ве́тлым да ўсіх, навучаючым, лагодным, у ціхасьці навучаць супраціўнікаў, ці ня дасьць ім Бог пакаяньня дзеля пазнаньня праўды, каб яны вызваліліся з се́ці д’ябла, што жыўцом улавіў іх пад сваю волю.
Ве́дай жа тое, што ў апошнія дні прыйдуць цяжкія часы. Бо будуць людзі самалюбнымі, срэбралюбцамі, пышнымі, гордымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацьком, няўдзячнымі, бязбожнымі, няпрыязьлівымі, нязгодлівымі, абмоўцамі, непаўстрыманымі, жорсткімі, нялюбячымі дабра, здрайцамі, напастлівымі, надзьмутымі, будуць больш любіць раскошу, чым Бога, маючы выгляд багабойнасьці, сілы-ж Яго выракшыся. Ад гэтакіх ухіляйся. Бо з гэткіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і зводзяць жанок, абцяжоных грахамі, кіраваных усялякай пажадлівасьцяй, што заўсёды вучацца ды ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды. Як Яньні і Ямбр спраціўляліся Майсе́ю, гэтак і яны спраціўляюцца праўдзе, людзі з папсаваным розумам, не́вукі ў ве́ры. Але яны ня шмат пасьпявацімуць: бо дурасьць іх выкрыецца перад усімі, як гэта і здарылася з гэнымі. А ты пайшоў за мной у навуцы, у жыцьці, станоўкасьці, вялікадушнасьці, ве́ры, любві, цярплівасьці, у перасьле́даваньнях, муках, што здарыліся мне́ ў Антыохіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьле́даваньні я перанёс, із усіх вызваліў мяне́ Госпад. Дый усе́, што жадаюць жыць багабойна ў Хрысьце́ Ісусе, перасьле́даваны будуць. Людзі-ж нягодныя і чарадзе́і пасьпявацімуць у зьле́, баламуцячы і баламучаныя. А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе́ даве́рана, ве́даючы, кім ты навучаны; дый ты з дзяцінства ве́даеш сьвятое пісаньне, што́ зрабіць цябе́ можа мудрым на збаўле́ньне ве́раю, што ў Хрысьце́ Ісусе. Усе́нькае пісаньне натхнёна Богам і карысна дзеля навукі, дзеля дакору, дзеля папраўле́ньня, дзеля ўзгадаваньня ў праведнасьці, каб дасканалым быў чалаве́к Божы, на ўсякае добрае дзе́ла гатовым.
Дык сьве́дчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у зьяўле́ньні Сваім і ў царстве Сваім: прапаведуй слова, настаівай у час і ня ў час, дакарай, пагражай, малі з усе́нькай доўгацярплівасьцяй і навучаньнем, бо будзе час, калі здаровае навукі прымаць ня будуць, але водле свайго пажаданьня будуць выбіраць сабе́ вучыцялёў, ла́шчаныя па слыху, і ад праўды слых адве́рнуць, і зьве́рнуцца да казак. Але ты будзь чуйны ў-ва ўсім, цярпі і гора, рабі дзе́ла дабраве́шчаньня, служэньне твае́ выпаўняй. Бо мяне́ ўжо на жэртву прыгатавалі, і час майго адыходу настаў. Бароўся я добрай барацьбой, бе́г закончыў, ве́ру захаваў; наастатак гатовіцца мне́ вянок праўды, які дасьць мне́ Госпад, праведны Судзьдзя, у гэны дзе́нь; і ня толькі мне́, але і ўсім, што зьяўленьне Яго палюбілі. Пастарайся хутка прыйсьці да мяне́. Бо Дымас пакінуў мяне́, палюбіўшы цяпе́рашні ве́к, дый пайшоў у Фесалоніку; Крыске́нт — у Галятыю; Ціт — у Дальматыю; адзін Лукаш са мною. Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне́ патрэбны для служэньня, Тыхіка-ж я паслаў у Эфэс. Плашч, што пакінуў я ў Троадзе у Карпы, ідучы, прынясі, дый кнігі, асабліва скураныя. Аляксандра, ме́днік, шмат зрабіў мне́ благога. Няхай дасьць яму Госпад водле ўчынкаў Яго! Сьцеражыся яго і ты, бо ён ве́льмі працівіцца нашым словам. Пры першым маім адказе нікога ня было са мною, але ўсе́ мяне́ пакінулі. Няхай ня будзе ім палічана! Госпад жа стануў перада мною і ўмацаваў мяне́, каб пропаведзь праз мяне́ забясьпе́чана была, ды каб і пачулі яе́ ўсе́ пагане; і я вызваліўся з ільвінае ляпы. І вызваліць мяне́ Госпад ад усякага ліхога дзе́ла і спасе́ для Свайго Нябе́снага Царства. Яму слава на ве́кі вякоў. Амін. Прывітай Прыскіллу і Акілу і дом Анісіфараў. Эраст астаўся ў Карыньце; Трахіма-ж я пакінуў хворага ў Міле́це. Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе́ Яўвул і Пуд, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе́ браты. Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.