Библия › Дзекуць-Малея › Да Ціта

Да Ціта

Паўла, раб Божы, Апостал жа Ісуса Хрыста, па ве́ры выбраных Божых і пазнаньню праўды, што водле багабойнасьці, у надзе́і ве́чнага жыцьця, якую прырок Бог, Які не ашуківае, перад ве́чнымі часамі, а ў свой час зьявіў Сваё слова ў пропаведзі, што даве́рана мне́ па загаду Збавіцеля нашага, Бога, — Ціту, праўдзіваму сыну па супольнай ве́ры: ласка, міласьць, мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага. Я пакінуў цябе́ ў Крыце дзеля таго, каб ты дакончыў недакончанае і паставіў па ўсіх ме́стах старшых, як я табе́ загадаў: калі хто беззаганны, муж аднае́ жонкі, дзяце́й ма́е ве́рных, недакара́ных за распусту або непакорлівасьць. Бо япіскап павінен быць беззаганны, як Божы Гаспадар дому, ня горды, не гняўлівы, ня п’яніца, не забіяка, не карысталюбны, але гасьцінны, любячы дабро, разважны, справядлівы, багабойны, паўзьдзе́ржлівы, каб дзяржаўся ве́рнага слова паводле навукі, каб мог і напамінаць у здаровай навуцы, і дакараць тых, што кажуць насупраць. Бо ёсьць многа і непакорных, і пустаслоўных, ашуканцаў, асабліва з абрэзаных, якім трэба затыкаць рот: яны цэлыя дамы́ разбураюць, навучаючы, чаго ня сьле́д, дзеля гане́бнае карысьці. Сказаў жа не́хта з іх, уласны іх прарок: Крыцяне заўсёды ілгуць, зьве́ры лютыя, чэравы ляны́я. Сьве́дчаньне гэтае праўдзівае. З гэтае прычыны дакарай іх строга, каб былі здаровыя ў ве́ры, не зважаючы на юдэйскія казкі і загады людзе́й, што адварачаюцца ад праўды. Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і няве́рных няма нічога чыстага, але апаганены і розум іх, і сумле́ньне. Яны кажуць, што ве́даюць Бога; а ўчынкамі выракаюцца, агідныя і непакорныя і няздольныя ні да якога добрага дзе́ла.

Ты-ж гавары тое, што гожа здаровай навуцы: каб старыкі былі цьвярозымі, чэснымі, разважнымі, здаровымі ве́рай, любоўю, цярплівасьцяй; каб старыя жанчыны адзяваліся, як гожа сьвятым, не абмаўлялі, не паддаваліся п’янству, вучылі на дабро, каб на розум наводзілі маладых, каб яны мужоў любілі і дзяце́й, былі разважнымі, чыстымі, гаспадарнымі, добрымі, пакорнымі сваім мужом, каб слова Божае не зьняважалася. Моладзь таксама ўгава́рвай быць разважнымі, у-ва ўсім даючы сябе́ за ўзор добрых дзе́л, у навуцы непарушнасьць, паважнасьць, слова здаровае, беззаганнае, каб супраціўнік быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць аб нас. Рабы́ каб слухаліся сваіх паноў, дагаджалі ім у-ва ўсім, не пярэчачы, каб ня кралі, але паказвалі ўсю до́брую ве́рнасьць, каб у-ва ўсім аздаблялі навуку Збавіцеля нашага Бога. Бо зьявілася ласка Божая, спаса́ючы ўсіх людзе́й, навучаючы нас, каб, адцураўшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьці сьве́ту, разважна, пра́ведна і багабойна жылі мы ў цяпе́рашнім веку, ждучы шчаснае надзе́і і зьяўле́ньня славы вялікага Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, Які даў Сябе́ за нас, каб вы́бавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе́ народ выбраны, рупны аб добрыя ўчынкі. Гэтае кажы, угава́рвай і дакара́й з усенькаю ўладаю, каб ніхто не вывышшаўся над табою.

Напамінай ім, каб былі паслухмянымі ды карыліся начальству і ўладам, гатовыя на ўсякі добры ўчынак, каб нікога не абмаўлялі, не сварыліся, але былі ціхімі і паказвалі ўсякую лагоднасьць да ўсіх людзе́й. Бо і мы былі калісь неразумнымі, непакорнымі, збаламучанымі, былі рабамі пажаданьняў і розных раскошаў, жылі ў злосьці і зайздрасьці, былі агіднымі, ненавідзелі адзін аднаго. Калі-ж зьявілася ласкавасьць і любоў да людзе́й Збавіцеля нашага, Бога, Ён выбавіў нас ня водле ўчынкаў пра́ведных, якія мы ўчынілі, а водле міласьці Свае́й, праз купе́лю адраджэньня і абнаўле́ньня Сьвятым Духам, Якога выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага, каб, апраўдаўшыся ласкай Яго, зрабіліся мы водле спадзяваньня насьле́днікамі жыцьця ве́чнага. Слова ве́рнае; і я жадаю, каб ты сцьвярджаў гэта, каб ве́раваўшыя ў Бога стараліся рупіцца аб добрыя ўчынкі: гэта добра і людзям карысна. Дурнога-ж змаганьня, і радаво́даў, і спрэчак, і сварак аб закон высьцерагайся, бо яны некарысныя і марныя. Гарэтыка чалаве́ка пасьля пе́ршага і другога нанамінаньня пакінь, ве́даючы, што гэтакі распусьціўся і грашы́ць, асуджаны сам сабою. Калі-ж прышлю да цябе́ Арце́ма, або Тыхіка, пастарайся прыйсьці да мяне́ ў Нікаполь; бо я пастанавіў пражыць там зіму. Дзіну законьніка і Апалёса пастарайся выправіць так, каб у іх ня было ні ў чым недастатку. Няхай і нашыя вучацца практыкава́цца ў добрых учынках дзеля пільных патрэбаў, каб ня былі бясплоднымі. Вітаюць цябе́ ўсе́, што са мною. Прывітай тых, што любяць нас у ве́ры. Ласка з усімі вамі. Амін.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.