Библия › Дзекуць-Малея › Да Філімона
Паўла, вязень Ісуса Хрыста, і Цімахве́й, брат, — Філімону, нашаму ўмілаванаму і супрацоўніку, і Анфіі, умілаванай, і Архіпу, таварышу нашаму ў барацьбе́, і дамовай царкве́ твае́й: Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякую Богу майму, заўсёды ўспамінаючы аб табе́ ў малітвах маіх, чуючы аб любві твае́й і ве́ры, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых, каб супольнасьць ве́ры твае́й аказалася чыннай у пазнаньні ўсякага дабра, якое ў вас у Хрысьце́ Ісусе. Бо вялікую ма́ем радасьць і паце́ху ў любві твае́й, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых. Дзеля гэтага, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу прыказваць табе́, што трэба, праз любоў ле́пей прашу я, як гэты Паўла стары, цяпе́р-жа вязень Ісуса Хрыста. Прашу цябе́ за сына майго Анісіма, якога я спарадзіў у путах маіх, што быў калісь бескарысны для цябе́, а цяпе́р карысны табе́ і мне́, якога я адаслаў, ты-ж яго, як маё сэрца, прымі. Хаце́ў я яго пры сабе́ трымаць, каб ён заме́ст цябе́ паслужыў мне́ ў путах за Эвангельле, але без твае́ згоды нічога не хаце́ў зрабіць, каб дабро твае́ ня з прынукі было, а з добрае волі. Бо можа ён дзеля таго на час адлучыўся, каб табе́ прыняць яго назаўсёды, ужо не як слугу, але вышэй за слугу, як брата ўмілаванага, асабліва для мяне́, а тым бале́й для цябе́ — і па це́лу, і ў Госпадзе. Дык, калі маеш мяне́ за супольніка, прымі яго, як мяне́. Калі-ж ён чым скрыўдзіў цябе́, або вінен, лічы гэтае на мне́. Я, Паўла, напісаў мае́ю рукою: я аддам; каб не казаць табе́, што ты і самым сабою мне́ вінны. Гэтак, браце, дай мне́ скарыстацца ад цябе́ ў Госпадзе; супакой мне́ сэрца ў Госпадзе. Спадзяючыся на паслухмянасьць тваю, я напісаў да цябе́, ве́даючы, што ты зро́біш і бале́й, чым кажу. А разам прыгатуй для мяне́ і гаспо́ду; бо спадзяюся, што малітвамі вашымі буду вам падараваны. Вітае цябе́ Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Хрыста Ісуса, Марка, Арыстарх, Дымас, Лука, супрацоўнікі маі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.