Лявіт 21 глава

Кніга Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Комментарии Давида Стерна

Пераклад Антонія Бокуна

1 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гавары сьвятарам, сынам Аарона, і кажы ім: “Няхай не занечышчаецца сьвятар, дакранаючыся памёршага з народу свайго.
2 Толькі да блізкіх сваякоў, да бацькі свайго і маці сваёй, сына свайго і дачкі сваёй, і брата свайго,
3 і сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім незамужняя, можна яму [дакранацца і] занячысьціць сябе.
4 І няхай не занячысьціць сябе сьвятар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, бо было б гэта зьнявагаю.
5 Ня будуць яны стрыгчы галавы сваёй і ня будуць галіць краёў барады, і на целе сваім ня будуць рабіць нарэзаў.
6 Сьвятымі будуць яны перад Богам сваім і ня будуць паганіць імя Бога свайго, бо яны складаюць ахвяры агнявыя ГОСПАДУ, хлеб Богу свайму, таму мусяць яны быць сьвятымі.
7 Ня возьмуць яны за жонку распусьніцы або зьняслаўленай; ня возьмуць жанчыны, выгнанай мужам, бо яны пасьвячоныя для Бога свайго.
8 Будзеш уважаць яго за асьвячонага, бо ён складае хлеб Богу твайму. Няхай будзе ён сьвяты для цябе, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Які асьвячае вас.
9 Калі дачка сьвятара паганіць сябе распустаю і няславіць імя бацькі свайго, будзе яна спалена ў агні.
10 Сьвятар вялікі паміж братоў сваіх, галава якога была памазана алеем, і рукі якога напоўненыя [на сьвятарства], і які апрануты ў шаты сьвятыя, ня будзе распускаць валасоў сваіх і разьдзіраць шатаў сваіх,
11 і ня будзе ён набліжацца да ніводнага памёршага, ня можа ён занячысьціцца [нават] з прычыны бацькі свайго і маці.
12 Ня будзе ён выходзіць са сьвятыні і не апаганіць сьвятыню Бога свайго, бо ён памазаны алеем памазаньня для Бога свайго. Я — ГОСПАД.
13 За жонку возьме ён толькі дзяўчыну.
14 Ня возьме за жонку ані ўдавы, ані разьведзенай, ані зьняслаўленай, ані распусьніцы, але возьме за жонку дзяўчыну спасярод народу свайго.
15 І не зьняславіць ён насеньня свайго сярод народу свайго, бо Я — ГОСПАД, Які асьвячаю яго”».
16 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
17 «Прамоў да Аарона, кажучы: “Ніхто з насеньня твайго ў пакаленьнях іхніх, у якога на целе будзе загана, не павінен набліжацца, каб складаць ахвяру для Бога свайго.
18 Ніхто, у каго на целе загана, не павінен набліжацца, ані сьляпы, ані кульгавы, ані той, хто мае скалечаны твар, ані някшталтны,
19 ані той, хто мае зламаную нагу або зламаную руку,
20 ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані паршывы, ані той, хто мае пашкоджаныя яечкі.
21 Ніводзін чалавек з нашчадкаў Аарона сьвятара, у якога на целе загана, не павінен набліжацца, каб складаць ахвяру агнявую ГОСПАДУ; ён мае загану, не павінен ён набліжацца, каб складаць ахвяру хлеба для Бога свайго.
22 Але можа ён есьці хлеб Бога свайго як з [дароў] сьвятых, так і са сьвятога сьвятых.
23 Толькі ня будзе ён уваходзіць за заслону і ня будзе падыходзіць да ахвярніка, бо мае загану. Ня будзе ён паганіць сьвятыню Маю, бо Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх”».
24 І Майсей прамовіў гэта да Аарона, да сыноў ягоных і да ўсіх сыноў Ізраіля.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.