Да Яўрэяў 1 глава

Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Пераклад праваслаўнай царквы → Комментарии Мартина Лютера

Пераклад праваслаўнай царквы

1 Бог, Які шмат разоў і многімі спосабамі здаўна прамаўляў да бацькоў нашых праз прарокаў,
2 у гэтыя апошнія дні прамовіў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога і вякі стварыў.
3 Ён, будучы ззяннем славы і адлюстраваннем істоты Яго і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, здзейсніўшы Сабою ачышчэнне грахоў нашых, сеў праваруч прастола велічы ў вы́шніх,
4 настолькі пераўзыходзячы ангелаў, наколькі выда́тнейшае за іх унасле́даваў імя́.
5 Бо каму з ангелаў калі-небудзь сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?
6 Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: «і няхай пакло́няцца Яму ўсе ангелы Божыя».
7 Пра ангелаў сказана: «Ты робіш ангеламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя вогненнае».
8 А пра Сына: «прастол Твой, Божа, у век веку; жазло́ царства Твайго — жазло справядлівасці.
9 Ты ўзлюбіў праведнасць і ўзненавідзеў беззаконне; таму пама́заў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх»;
10 і: «у пачатку Ты, Госпадзі, заснаваў зямлю, і нябёсы — справа рук Тваіх;
11 яны загінуць, а Ты застане́шся; і ўсе, як адзежа, састарацца,
12 і, як вопратку, згорнеш іх, і яны зме́няцца; а Ты — той самы, і гады́ Твае не скончацца».
13 Каму з ангелаў сказаў калі-небудзь Бог: «сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?
14 Хіба не ўсе яны — службовыя духі, пасла́ныя на служэнне дзеля тых, якія маюць унасле́даваць спасе́нне?


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.