Лукі 4 глава

Евангелле паводле святога Лукі
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Комментарии Скоуфилда

Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Выпрабаванне Езуса ў пустыні

1 Езус, напоўнены Духам Святым, вярнуўся з-над Ярдана, і вадзіў Яго Дух па пустыні
2 сорак дзён, а д’ябал выпрабоўваў Яго. І нічога не еў у тыя дні, а калі яны скончыліся, згаладаўся.
3 Тады д’ябал сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаў хлебам».
4 Езус адказаў яму: «Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек”».
5 Тады д’ябал павёў Яго і паказаў Яму ў імгненне ўсе валадарствы свету.
6 І сказаў Яму д’ябал: «Я дам Табе ўсю гэтую ўладу і славу іх, бо яна мне перададзена, і каму хачу, даю яе.
7 Калі Ты паклонішся мне, уся будзе Тваёй».
8 У адказ Езус сказаў яму: «Напісана: “Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць”».
9 Тады завёў Яго ў Ерузалем, паставіў на крыле святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз,
10 бо напісана:

“Анёлам сваім загадае пра Цябе,
каб ахоўвалі Цябе”

11

і: “Яны на руках панясуць Цябе,
каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень сваёй нагой”».

12 А Езус сказаў яму ў адказ: «Сказана: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».
13 Скончыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябал адступіў ад Яго да пары.
ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІ

Пачатак дзейнасці

14 Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы.
15 А Ён навучаў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
Езус у Назарэце

16 Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць.
17 Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:
18

«Дух Пана на Мне,
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,

19

каб абвясціць год ласкі Пана».

20 Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго.
21 І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі».
22 Усе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: «Ці ж не сын Юзафа гэта?»
23 А Ён сказаў ім: «Напэўна, скажаце мне такую прыказку: “Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме”».
24 І сказаў: «Сапраўды кажу вам: ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго.
25 Сапраўды кажу вам: шмат удоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было зачынена тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі.
26 І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай.
27 Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача сірыйца Наамана».
28 Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам
29 і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго.
30 Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў.
У сінагозе ў Кафарнауме

31 І прыйшоў у Кафарнаум, галілейскі горад, і навучаў іх у дні шабату.
32 І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, таму што слова Ягонае мела ўладу.
33 Быў у сінагозе чалавек, які меў нячыстага духа. Ён закрычаў моцным голасам:
34 «Ах! Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы».
35 Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» Тады злы дух кінуў яго на сярэдзіну і выйшаў з яго, нічым не нашкодзіўшы яму.
36 І здзіўленне ахапіла ўсіх, і казалі адзін аднаму: «Што гэта за слова, што з ўладаю і моцай Ён загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць?»
37 І разнеслася пагалоска пра Яго па ўсёй навакольнай мясцовасці.
Аздараўленні ў доме Пятра

38 Выйшаўшы з сінагогі, Езус увайшоў у дом Сымона. Цешчу Сымонаву ахапіла моцная гарачка. Таму прасілі Яго за яе.
39 Стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы, і тая пакінула яе. Адразу ўстаўшы, яна прыслужвала ім.
40 На захадзе сонца ўсе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Езуса. Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, аздараўляў іх.
41 З многіх таксама выходзілі з крыкам злыя духі і казалі: «Ты — Сын Божы». Але Ён забараняў і не дазваляў ім казаць, бо яны ведалі, што Ён Месія.
42 Калі настаў дзень, Езус выйшаў і адправіўся ў пустыннае месца. А людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі, каб не адыходзіў ад іх.
43 Але Ён сказаў ім: «Таксама іншым гарадам Мне трэба абвяшчаць Добрую Навіну пра Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы».
44 І прапаведаваў у сінагогах Юдэі.

Комментарии Скоуфилда

16 После начала Своего служения Господь посетил Назарет дважды. См. Мф 13:54−58; Мк 6:1−б.

19 Сравнение этого стиха с цитируемыми здесь из Исаии (61:1−2) лишний раз свидетельствует об исключительной точности Священного Писания. Иисус остановился на фразе «лето Господне благоприятное», подразумевая время Своего первого пришествия и начало периода благодати (Быт 3:15; Деян 1:11, примеч.); «день отмщения Божьего» относится ко Второму пришествию (Втор 30:3; Деян 1:11, примеч.) и к суду.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.