Паўтор Закону 13 глава

Кніга Паўторанага Закону
Пераклад Чарняўскага 2017 → Новый Библейский Комментарий

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Калі паўстане сярод цябе прарок або той, хто кажа, што ён бачыць сон, і дасць табе знак або цуд,
2 і споўніцца той цуд, што ён прадказаў, ды скажа табе снавідзец: “Пойдзем за іншымі багамі, якіх ты не ведаеш, і будзем ім служыць”,
3 то не слухай слоў такога прарока або снавідца, бо выпрабоўвае цябе Госпад, Бог ваш, каб даведацца, ці любіш ты Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй, ці не.
4 За Госпадам, Богам вашым, ідзіце і Яго бойцеся, і прыказанні Яго пільнуйце ды слухайце голасу Яго, Яму служыце і да Яго туліцеся.
5 Прарок жа той або выясніцель сноў хай будзе забіты, бо гаварыў, каб адвярнуць вас ад Госпада, Бога вашага, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай і вызваліў цябе з дому няволі, ды каб звесці цябе з той дарогі, якую табе загадаў Госпад, Бог твой; дык выкарані зло з асяроддзя твайго.
6 Калі б хацеў угаварыць цябе брат твой, сын маці тваёй, або сын твой, або дачка, або жонка, якая туліцца да цябе, або прыяцель, якога любіш як душу сваю, таемна кажучы: “Хадзем і будзем служыць багам чужым”, якіх ані ты не ведаеш, ані бацькі твае,
7 з багоў усіх тых народаў, якія вакол цябе, або зводдаль ад цябе ад аднаго канца зямлі да другога,
8 не слухай яго і не згаджайся з ім; і не слухай яго ды хай не пашкадуе яго вока тваё, каб злітавацца і ўхаваць яго,
9 але забі. Хай перш твая рука падымецца на яго, а потым кожны ўзніме руку:
10 укамянуй яго на смерць, бо хацеў адцягнуць цябе ад Госпада, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі,
11 каб увесь Ізраэль спалохаўся, чуючы гэта, і больш ніколі не чыніў падобную ліхоту ў асяроддзі сваім.
12 Калі пачуеш у адным з гарадоў тваіх, якія Госпад, Бог твой, дасць табе на пражыванне, як нехта кажа:
13 “Выйшлі з асяроддзя твайго сыны Бэліяла і адварочваюць жыхароў горада свайго, і кажуць: “Хадзем і будзем служыць чужым багам, якіх ты не ведаеш”, —
14 то распытай пільна і старанна правер праўдзівасць справы, і калі даведаешся, што праўду гавораць і што такая брыдота робіцца ў асяроддзі тваім,
15 то жыхароў гэтага горада выбі мечам і вынішчы яго, а таксама ўсё, што ў ім.
16 Усю ж здабычу з яго збяры на сярэдзіну плошчы яго і спалі разам з самім горадам, і такім чынам знішчы ўсё для Госпада, Бога твайго, і хай будзе ён вечна ў руінах, не адбудуецца больш.
17 І няхай не прыліпне да рукі тваёй нічога з таго праклятага, каб Госпад адвярнуўся ад абурэння гневу Свайго і злітаваўся над табой, і памножыў цябе, як прысягнуў бацькам тваім,
18 калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, пільнуючы ўсе прыказанні Яго, якія Я загадваю табе сёння, каб рабіў тое, што прыемна перад абліччам Госпада, Бога твайго.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.