Псальмы 55 псалом

Кніга Псальмаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Лингвистический. Роджерс

Пераклад Л. Дзекуць-Малея

1 Кіраўніку хору: на струнных. Навука Давідава.
2 Пачуй, о Божа, малітву маю і не хавайся ад маленьня майго!
3 Зваж на мяне і выслухай мяне; я стогну ў тузе і ўздыхаю
4 ад крыку ворага, ад уціску бязбожнікаў, бо беззаконьне наводзяць на мяне і заўзята змагаюцца са мною.
5 Сэрца трапеча ў-ва мне, і напаў на мяне жах сьмяротны;
6 страх і дрыжаньне найшло на мяне, і жах зьнімае мяне.
7 Дык я сказаў: О, каб мне крыльле, як галубінае! Паляцеў-бы тады й супакоіўся!
8 Так, паляцеў-бы далёка дый астаўся-б у пушчы. (Зэля)
9 Хутка-б схаваўся прад ветравым шалам, прад бурай!
10 Зьніштож іх, Госпадзе, расшчапі языкі ім, бо бачу я гвалты й сваркі ў месьце.
11 Дзень і ноч яны ходзяць па сьценах яго навакол, няшчасьце-ж ды гора ў сярэдзіне ў ім.
12 Пагібель у ім, ды мана і здрада з рынку яго ня зыходзяць.
13 Бо ня вораг мяне зьняважае, — гэта-б сьцярпеў я! — ня той, што мяне ненавідзіць, што прада мной надымаецца, — ад яго-б я схаваўся! —
14 — але ты, чалавеча, як я, прыяцелю мой і мне блізкі,
15 з кім мы вялі між сабой шчырыя гутаркі, з кім у Дом Божы хадзілі сярод натоўпу народнага.
16 Каб сьмерць напала на іх! Каб зыйшлі жывыя ў край сьмерці! бо злачынства ў іхніх дамох, у іх сэрцы.
17 Я-ж буду клікаць да Бога, і Госпад мяне успаможа.
18 Увечары й раніцай дый у палудзень я буду плакаць і галасіць, і Ён пачуе мой голас.
19 Ён збавіць душу маю й дасьць супакой ад тых, што падняліся супраць мяне; бо многа было проці мяне.
20 Пачуе Бог, і Прадвечны іх давядзе да пакорнасьці, бо ня было ў іх паправы, ды не баяліся Бога,
21 руку сваю падыймалі на тых, што з імі ў згодзе жылі, дый нарушалі ўгоду;
22 вусны ў іх гладкія, як тое масла, а ў сэрцы варожасьць; словы ў іх лагадней за аліву, яны-ж — мячы абнажоныя.
23 Пакінь бярэмя тваё на Госпада: Ён цябе забясьпечыць; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся пабожны.
24 Ты-ж, Божа, іх кінеш у найглыбейшыя ямы; тыя, што прагнуць крыві, ды здраднікі паловы сваіх дзён не дажывуць. А я на Цябе спадзяюся!


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.