Библия › Дзекуць-Малея › 2 Іоана

Другое Іоана

Старшы — выбра́най пані і дзе́цям яе́, каторых я запраўды люблю, (і ня толькі я, але і ўсе́, што праўду пазналі), дзе́ля праўды, якая прабывае ў нас і будзе з намі наве́кі, няхай будзе з вамі ласка, зьмілаваньне, мір ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у праўдзе і любві! Я дужа ўце́шыўся, што знайшоў сярод дзяце́й тваіх такіх, што ходзяць у праўдзе паводле таго, як мы дасталі запаведзь ад Айца. І сягоньня прашу цябе́, пані, не як новую запаведзь пішучы табе́, але тую, што маем ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго. І тое ёсьць любоў, каб мы жылі паводле запаведзяў Яго. Гэта — тая запаведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб паводле яе́ хадзілі. Бо многа зводнікаў увайшло ў сьве́т, якія не вызнаваюць Ісуса Хрыста, што ў це́ле прыйшоў: гэткі чалаве́к ёсьць зводнік і антыхрыст. Глядзе́це за сабою, каб нам ня згубіць таго, над чым мы працавалі, але каб атрымаць поўную нагароду. Кожын, хто пераступае навуку Хрыстовую і не прабывае ў ёй, ня мае Бога; хто-ж прабывае ў навуцы Хрыстовай, той мае і Айца, і Сына. Хто прыходзіць да вас і ня прыносіць гэтае навукі, таго ня прымайце ў дом і ня вітайце яго; бо хто вітае яго, той прымае ўдзе́л у благіх учынках яго. Шмат маю пісаць да вас, але не хачу на папе́ры ды чарніламі, але спадзяюся прыйсьці да вас і гаварыць вуснамі ў вусны, каб радасьць вашая была поўная. Вітаюць цябе́ дзе́ці сястры твае́ выбра́нае. Амін.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.