Библия › Дзекуць-Малея › 3 Іоана

Трэцяе Іоана

Старшы — улюбленаму Гаю, каторага я люблю запраўды. Умілаваны! Малюся, каб ты быў здароў і пасьпяваў ува ўсім, як пасьпявае душа твая. Бо я дужа ўце́шыўся, калі прыйшлі браты і засьве́дчылі тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе. Для мяне́ няма большай радасьці, як чуць, што дзе́ці мае́ ходзяць у праўдзе. Улюблены! ты робіш ве́рнае, што робіш для братоў і для чужакоў, якія засьве́дчылі перад царквою тваю любоў; ты добра зробіш, калі адправіш іх, як трэба дзеля Бога, бо яны дзеля іме́ньня Яго пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад паганаў. Дык мы павінны прымаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе. Я напісаў царкве́; але Дыатрэф, што любіць у іх старшынстваваць, ня прымае нас. Дзеля гэтага, калі я прыду, то напомню пра ўчынкі, якія ён робіць, абмаўляючы нас благімі словамі; і, не здаволіваючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і не дае хочучым ды выганяе з царквы. Улюблены! не патурай ліху, але дабру. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць зло, ня бачыў Бога. Пра Зьмітра засьве́дчана ўсімі і самой праўдаю; сьве́дчым таксама і мы, і вы ве́даеце, што пасьве́дчаньне нашае праўдзівае. Шмат ме́ў я пісаць; але не хачу пісаць да цябе́ чарніламі і трысьцінай, але спадзяюся борзда пабачыць цябе́ і пагутарыць вуснамі ў вусны. Мір табе́! Вітаюць цябе́ сябры; прывітай сяброў паіме́нна.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.