Ярэміі 37 глава

Кніга прарока Ярэміі
Пераклад Антонія Бокуна → Толкования Августина

Пераклад Антонія Бокуна

1 І заваладарыў Сэдэкія, сын Ёсіі, замест Коніі, сына Егаякіма. Яго паставіў як валадара ў Юдзе Навухаданосар, валадар Бабілонскі.
2 Але ані ён, ані слугі ягоныя, ані народ зямлі гэтай ня слухалі словаў ГОСПАДА, якія Ён прамаўляў да іх праз рукі Ярэміі прарока.
3 І паслаў валадар Сэдэкія Егухаля, сына Шэлеміі, і Сафонію, сына Маасэі, сьвятара, да Ярэміі прарока, кажучы:
4 «Памаліся, прашу, за нас да ГОСПАДА, Бога нашага!» А Ярэмія [тады] хадзіў і выходзіў сярод народу і ня быў яшчэ ўкінуты ў вязьніцу.
5 І войска фараона выйшла з Эгіпту, і пачулі вестку пра гэта Халдэйцы, якія аблягалі Ерусалім, і адступілі ад Ерусаліму.
6 І было слова ад ГОСПАДА да Ярэміі прарока, кажучы:
7 «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Так скажаце валадару Юды, які паслаў вас да Мяне шукаць [параду]: “Вось, войска фараона сьпяшаецца вам на дапамогу. Яно вернецца ў зямлю сваю, у Эгіпет.
8 І вернуцца Халдэйцы, і будуць ваяваць супраць гораду гэтага, і здабудуць яго, і спаляць яго агнём”.
9 Гэта кажа ГОСПАД. Не ашуквайце душаў вашых, кажучы: “Адыходзячы, адыйдуць Халдэйцы!”, бо яны не адыйдуць [ад вас].
10 Нават калі б вы пабілі ўсё войска Халдэйцаў, якія ваююць з вамі, і засталіся б з іх [толькі] параненыя, і тады кожны з іх падымецца з намёту свайго, і яны спаляць горад гэты агнём».
11 І сталася, калі адступіла войска Халдэйцаў ад Ерусаліму ад аблічча войска фараона,
12 выйшаў Ярэмія з Ерусаліму, каб ісьці ў зямлю Бэн’яміна і там падзяліць [спадчыну] сярод народу.
13 І калі ён быў пры браме Бэн’яміна, быў там начальнік варты на імя Ірыя, сын Шэлеміі, сына Хананіі, і ён схапіў Ярэмію прарока, кажучы: «Ты пераходзіш да Халдэйцаў».
14 І сказаў Ярэмія: «Хлусьня! Я не пераходжу да Халдэйцаў!» Але той ня слухаў яго. І схапіў Ірыя Ярэмію, і завёў яго да князёў.
15 І разгневаліся князі на Ярэмію, і білі яго, і ўкінулі ў вязьніцу ў доме Ёнатана пісара, бо з яго зрабілі вязьніцу.
16 І зыйшоў Ярэмія ў лёх, у сутарэньні, і быў там шмат дзён.
17 І паслаў валадар Сэдэкія, і прывялі яго, і пытаўся ў яго валадар таемна ў доме сваім, і сказаў: «Ці ты маеш слова ад ГОСПАДА?» І сказаў Ярэмія: «Маю». І сказаў [далей]: «Ты будзеш выдадзены ў руку валадара Бабілонскага».
18 І сказаў Ярэмія валадару Сэдэкіі: «Чым саграшыў я перад табою, і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што ўкінулі мяне ў вязьніцу?
19 Дзе прарокі вашыя, якія прарочылі вам, кажучы: “Ня прыйдзе валадар Бабілонскі супраць вас і супраць зямлі гэтай”?
20 І цяпер паслухай, прашу, гаспадару мой, валадар! Няхай маленьне маё прыйдзе, прашу, перад аблічча тваё! Не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісара, і я не памру там».
21 І загадаў валадар Сэдэкія, і трымалі Ярэмію на панадворку вартоўні, і давалі яму штодзень па кавалку хлеба з вуліцы пекараў, пакуль ня скончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І заставаўся Ярэмія на панадворку вартоўні.

Толкования Августина

К этой главе нет комментариев.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.