Псальмы 105 псалом

Псальмы
Пераклад Антонія Бокуна → Толкования Августина

Пераклад Антонія Бокуна

1 Слаўце ГОСПАДА, клічце імя Ягонае! Паведамляйце між народамі пра дзеі Ягоныя!
2 Сьпявайце Яму, выслаўляйце Яго! Размаўляйце пра ўсе цудоўныя дзеі Ягоныя!
3 Хвалецеся імем Яго сьвятым! Няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць ГОСПАДА.
4 Шукайце ГОСПАДА і сілу Ягоную, шукайце аблічча Ягонае заўсёды!
5 Узгадвайце цудоўныя дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў, цуды Ягоныя і прысуды вуснаў Ягоных,
6 вы, насеньне Абрагама, слугі Ягонага, сыны Якуба, выбранца Ягонага!
7 Ён — ГОСПАД, Бог наш; над усёй зямлёй суды Ягоныя.
8 Ён памятае на вякі запавет Свой, слова, якое загадаў на тысячу пакаленьняў,
9 якое заключыў з Абрагамам, і прысягу Сваю Ісааку.
10 І паставіў Якубу як пастанову, Ізраілю — як запавет вечны,
11 кажучы: «Табе Я дам зямлю Ханаан, [пакладу] шнур спадчыны вашай»,
12 калі было ў іх людзей мала на лік, вельмі мала, калі яны жылі там
13 і пераходзілі ад народу да народу, ад [аднаго] валадарства да другога народу.
14 Не дазваляў Ён ніякаму чалавеку прыгнятаць іх, і караў дзеля іх валадароў,
15 [кажучы]: «Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце благога!»
16 І паклікаў Ён голад на зямлю, усякую падпору хлеба зламаў,
17 і паслаў перад абліччам іхнім чалавека, які быў прададзены як нявольнік, Язэпа.
18 Зашчамілі ў кайданы ногі ягоныя, жалезам сьціснулі душу ягоную
19 аж да часу, калі выйшла справа ягоная, слова ГОСПАДА ачысьціла яго.
20 Валадар паслаў, каб звольніць яго; той, што пануе над народамі, вызваліў яго,
21 паставіў яго гаспадаром над домам сваім і [чалавекам], што пануе над усім даброцьцем ягоным,
22 каб скіроўваў князёў ягоных паводле [рашэньня] душы сваёй, і старшыняў ягоных вучыў мудрасьці.
23 І прыйшоў Ізраіль у Эгіпет, і Якуб пасяліўся ў зямлі Хама.
24 І [Бог] зрабіў вельмі плодным народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за прыгнятальнікаў ягоных.
25 Зьмяніў сэрца іхняе, каб ненавідзелі народ Ягоны, каб змовіліся супраць слугаў Ягоных.
26 Ён паслаў Майсея, слугу Свайго, Аарона, якога выбраў Сабе.
27 Ён зьявіў праз іх знакі Свае і цуды Свае ў зямлі Хама.
28 Ён паслаў цемру, і зрабілася цёмна, і не маглі працівіцца слову Ягонаму.
29 Ён перамяніў воды іхнія ў кроў, і памерлі рыбы іхнія.
30 Напоўнілася зямля іхняя жабамі, нават у спальнях валадароў іхніх.
31 Сказаў, і наляцелі мухі і камары ў-ва ўсіх межах іхніх.
32 Ён даў ім [замест] дажджу град, полымя агню на зямлю іхнюю.
33 Пабіў вінаградныя лозы іхнія і дрэвы фігавыя, і паламаў дрэвы ў межах іхніх.
34 Сказаў, і прыйшла саранча, і хрушчоў безьліч,
35 і яны паелі ўсе расьліны ў зямлі іхняй, і паелі плады палёў іхніх.
36 Ён пабіў усіх першародных у зямлі іхняй, зачаткі ўсёй сілы іхняй.
37 А іх вывеў са срэбрам і золатам, і не было ў каленах іхніх нядужага.
38 Радаваўся Эгіпет з выхаду іхняга, бо ахапіў іх страх перад імі.
39 Ён хмару разгарнуў, як заслону, і агонь, каб ноч асьвятляць.
40 Зажадалі, і прывёў перапёлак, і хлебам нябесным насычаў іх.
41 Ён рашчапіў скалу, і лінулі воды, і ракой пацяклі па сухой [зямлі].
42 Бо Ён узгадаў слова сьвятое Сваё да Абрагама, слугі Свайго,
43 і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх — са сьпяваньнем.
44 І даў ім зямлю народаў, і набытак народаў успадкаемілі яны,
45 каб захоўвалі пастановы Ягоныя і законаў Ягоных трымаліся. Альлелюя!

Толкования Августина

К этой главе нет комментариев.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.