Лявіт 13 глава

Кніга Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Комментарии Скоуфилда

Пераклад Антонія Бокуна

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
2 «Калі ў чалавека на скуры цела ягонага зьявіцца пухліна, або лішай, або белая пляма, і будзе на скуры цела ягонага хвароба праказы, няхай прывядуць яго да Аарона сьвятара, або да аднаго з сыноў ягоных, сьвятароў.
3 І сьвятар агледзіць пляму на скуры, і калі валасы на пляме зьменяцца на белыя і пляма паглыбіцца на скуры цела, гэта хвароба праказы. Сьвятар агледзіць яго і прызнае яго нячыстым.
4 Але калі пляма на скуры цела яго белая, але ня ўглыбіўшыся ў цела, і валасы не пабялелыя, сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
5 У сёмы дзень сьвятар агледзіць яго. І вось, пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры, і адасобніць яго сьвятар яшчэ на сем дзён.
6 Пасьля сямі дзён сьвятар зноў агледзіць яго. І вось, пляма пацямнела і не пашырылася на скуры, і сьвятар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык няхай ён вымые адзеньне сваё і будзе чысты
7 А калі лішай пашырыўся па скуры пасьля таго, як ён стаў перад сьвятаром для праверкі, ён другі раз павінен стаць перад сьвятаром.
8 І сьвятар агледзіць яго, і вось, лішай пашырыўся на скуры, і сьвятар прызнае яго нячыстым; гэта праказа.
9 Калі на чалавеку выявіцца праказа, няхай прывядуць яго да сьвятара.
10 І сьвятар агледзіць яго, і вось, на скуры ягонай белая пухліна, і валасы [на ёй] белыя, і на пухліне жывое мяса.
11 Гэта застарэлая праказа на скуры цела яго, і сьвятар прызнае яго нячыстым, і адасобніць яго, бо ён нячысты.
12 Калі ж праказа расьцьвіце на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы сьвятара,
13 і ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, ён прызнае хворага чыстым, таму што ўсё [цела] перамянілася ў белае; ён чысты.
14 А ў дзень, калі выявіцца на ім жывое мяса, ён нячысты.
15 І ўбачыць сьвятар жывое мяса, і прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.
16 А калі жывое мяса станецца зноў белым, няхай ён прыйдзе да сьвятара.
17 І сьвятар агледзіць яго, і вось, плямы сталіся белымі, і сьвятар прызнае яго чыстым; ён чысты.
18 Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,
19 але на месцы скулы будзе белая пухліна, або белая пляма, або чырвоная, ён павінен паказацца сьвятару.
20 І сьвятар агледзіць яго і вось, тая пляма паглыблена адносна скуры і валасы на ёй пабялеўшыя, і сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, якая зацьвіла на скуле.
21 А калі сьвятар убачыць, што вось, няма белых валасоў, і што пляма не паглыблена адносна скуры, і што яна пацямнеўшы, сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
22 І калі яна, пашыраючыся, пашырыцца на скуры, сьвятар прызнае яго нячыстым. Бо гэта хвароба [праказы].
23 А калі пляма застанецца бяз зьмены і не пашырыцца, гэта шнар на скуле, і сьвятар прызнае яго чыстым.
24 Калі хто мае на целе сваім апёк скуры, і калі на той скуры зьявіцца чырвоная або белая пляма,
25 сьвятар агледзіць яго. І вось, валасы на пляме пабялеўшы, і пляма паглыблена адносна скуры, гэта праказа, якая зацьвіла на апёку. І сьвятар прызнае яго нячыстым; гэта хвароба праказы.
26 А калі сьвятар агледзіць яго, і вось, на пляме няма белых валасоў і яна не паглыблена адносна скуры, і яна пацямнеўшы, тады сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
27 У сёмы дзень сьвятар зноў агледзіць яго. Калі пляма, пашыраючыся, пашырылася на скуры, сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.
28 А калі пляма не пашырыцца на скуры, але пацямнее, гэта шнар ад апёку. Сьвятар прызнае яго чыстым, бо гэта шнар ад апёку.
29 Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе зьявіцца пляма,
30 няхай сьвятар агледзіць пляму, і калі яна паглыблена адносна скуры і валасы на ёй сталіся жоўтыя і ценькія, сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта паршывасьць, праказа галавы або барады.
31 А калі сьвятар агледзіць пляму паршывасьці, і вось, яна не паглыблена адносна скуры, і няма чорных валасоў на ёй, сьвятар адасобніць хворага на паршывасьць на сем дзён.
32 У сёмы дзень сьвятар агледзіць пляму, і вось, паршывасьць не пашырылася і на ёй няма жоўтых валасоў, і паршывасьць не паглыбілася адносна скуры.
33 Тады [чалавек] паголіцца, але не абголіць месца паршывасьці, і сьвятар зноў адасобніць яго на сем дзён.
34 У сёмы дзень сьвятар агледзіць паршывасьць, і вось, паршывасьць не пашырылася і не паглыбілася адносна скуры, і сьвятар прызнае яго чыстым, і ён памые адзеньне сваё, і будзе чыстым.
35 А калі пасьля таго, як прызнаюць яго чыстым, пашыраючыся, пашырыцца паршывасьць на скуры,
36 сьвятар агледзіць яго. І вось, паршывасьць пашырылася на скуры, і ўжо ня будзе сьвятар шукаць жоўтых валасоў, бо [чалавек той] нячысты.
37 А калі ў вачах [сьвятара] застаецца паршывасьць [у сваім выглядзе], і вырас на ёй чорны волас, паршывасьць вылекаваная, ён чысты, і сьвятар прызнае яго чыстым.
38 Калі ў мужчыны або жанчыны зьявіцца на скуры цела іхняга шмат плямаў белых,
39 няхай агледзіць іх сьвятар. І вось, на скуры цела іхняга шмат плямаў белых. Гэта крапіўка, якая закрасавала на скуры; яны чыстыя.
40 Калі з чыёй галавы выпадуць валасы, ён лысы, і ён чысты.
41 і калі ў каго лоб палысее, ён лысы, і ён чысты.
42 Але калі на лысіне або палыселым чале зьявіцца пляма белая або чырвоная, гэта праказа, якая закрасавала на лысіне або палыселым чале.
43 І сьвятар агледзіць яго, і вось, у яго пухліна белая або чырвоная на лысіне або палыселым чале, падобная да праказы на скуры цела.
44 Гэта чалавек пракажоны, ён нячысты. Сьвятар прызнае яго нячыстым. У яго на галаве хвароба ягоная.
45 Пракажоны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзеньне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую, і будзе крычаць: “Нячысты, нячысты!”
46 Усе дні хваробы сваёй ён будзе нячыстым. Будзе жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае.
47 Калі на нейкім адзеньні зьявіцца хвароба праказы, ці на адзеньні ваўняным, ці на ільняным,
48 ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на нейкім вырабе скураным,
49 і калі зьявіцца пляма зелянявая або чырвоная на адзеньні або на скуры, на ўтоку або аснове, або на нейкім вырабе скураным, гэта хвароба праказы. Трэба паказаць гэта сьвятару.
50 Сьвятар агледзіць гэта і замкне [заражанае хваробай] на сем дзён.
51 У сёмы дзень агледзіць зноў хваробу, і калі яна пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на ўсім, што зроблена са скуры, гэта праказа ліхая; гэта [ўсё] нячыстае.
52 І ён спаліць гэтае адзеньне, ці аснову, ці ўток ільняны, ці ваўняны, ці выраб скураны, на якіх будзе гэтая хвароба, бо гэта праказа ліхая, яна павінна быць спалена агнём.
53 А калі сьвятар убачыць, што хвароба не пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на скураным вырабе,
54 тады сьвятар загадае вымыць рэч, на якой была хвароба, і замкне яе яшчэ на сем дзён.
55 І агледзіць яе сьвятар пасьля таго, як было вымытае [заражанае] хваробай, і вось, пляма не зьмянілася ў вачах ягоных, і пляма не пашырылася. Гэта нячыстае, спаліш яго ў агні, ці [рэч] заражаная з аднаго, ці з другога боку.
56 А калі сьвятар агледзіць яе, і вось, пасьля таго, як [рэч] была вымытая, пляма сталася сьвятлейшай, ён аддзярэ гэтае [месца] ад адзеньня, або скуры, або асновы, або ўтоку.
57 А калі хвароба зноў зьявіцца на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на вырабе скураным, і закрасуе, спаліш у агні тое, на чым ёсьць хвароба.
58 А тое адзеньне, або аснова, або ўток, або ўсякі выраб скураны, які ты вымыў і з якога зьнікла хвароба, няхай будзе вымыты паўторна, і будзе ён чысты.
59 Гэта закон адносна хваробы праказы на адзеньні ваўняным ці льняным, або на аснове, або на ўтоку, або на ўсялякім вырабе скураным, каб прызнаць іх чыстымі або нячыстымі».

Комментарии Скоуфилда

2 Проказа говорит о живущем в крови греке, который став явным, вызывает отвращение у окружающих; он неизлечим человеческими средствами. В применении к Божиему народу «грех» требует самоосуждения (1Кор 11:31); исповедания и очищения (1Ин 1:9).

3 В указаниях священникам относительно проверки язв прокаженных некоторые видят наставления относящиеся к внутрицерковной дисциплине. В результате этой ошибки было совершено в разное время немало напрасных жестокостей. Единственным и достаточным правилом для дисциплины служат наставления данные в Новом Завете.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.