Ёва 21 глава

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Толкования Августина

Пераклад Чарняўскага 2017

1 У адказ сказаў Ёў:
2 «Паслухайце, прашу, словы мае, і хай будуць яны вам на пацеху.
3 Цярпліва выслухайце мяне, а я буду гаварыць; і пасля слоў маіх будзеце смяяцца.
4 Ці ж мая прамова — супраць чалавека, што я заслужана не павінен быць нецярплівы?
5 Звярніце ўвагу на мяне і аслупянейце, і пакладзіце на вусны свае палец.
6 І я, калі ўзгадаю, палохаюся, і трымценне калоціць цела маё.
7 Чаму ж жывуць бязбожнікі, дажываюць да старасці і ўмацаваны багаццем?
8 Нашчадкі іх заўсёды перад імі, і дзеці іх — перад абліччам іх.
9 Дамы ў іх — бестурботныя і мірныя, і няма біча Божага над імі.
10 Цёлка ў іх пачынае ва ўлонні і не скідае, карова нараджае і не пазбаўляецца цяляці свайго.
11 Дзеці іх, як статак, выходзяць, і малыя іх радуюцца, гуляючы.
12 Яны трымаюць тымпан і цытру і весяляцца пры гуках труб,
13 праводзяць яны ў дабротах дні свае і ў адно імгненне сыходзяць у апраметную.
14 Яны казалі Богу: “Адыдзіся ад нас! Не хочам ведаць шляхоў Тваіх.
15 Хто такі Усемагутны, каб мы служылі Яму, і што нам за карысць, калі б мы памаліліся Яму?”
16 Няхай даброты іх у іх руках, але рада бязбожніка няхай будзе далёка ад мяне.
17 Ці часта згасае свяцільнік бязбожнікаў, і ці прыйдзе на іх згуба, і ці надасць Ён пакут [ім] у гневе Сваім?
18 Ці будуць яны, быццам саломінка перад ветрам і быццам попел, які разносіць віхура?
19 Ці захавае Бог для сыноў яго несправядлівасць яго? Хай аддасць Ён яму, каб ён ведаў.
20 Убачаць вочы яго пагібель сваю, і нап’ецца ён гневу Усемагутнага.
21 Бо што з дому яго патрэбна яму пасля яго, калі лік месяцаў яго спыніцца?
22 Ці ж хто навучыць Бога мудрасці, Таго, Хто судзіць нябёсы?
23 Адзін памірае ў сіле і здаровы, багаты і шчаслівы;
24 нутро яго поўнае тлушчу, а косці яго багатыя мозгам.
25 А іншы памірае ў горычы душы, без аніякага набытку;
26 ды аднак разам будуць яны спаць у парахне, і абодвух апануюць чэрві.
27 Добра зразумеў я думкі вашыя і ліхія намеры вашыя адносна мяне.
28 Бо вы кажаце: “Дзе дом князя, а дзе палаткі бязбожнікаў?”
29 Ці вы не пыталіся каго з падарожнікаў і ці не спазналі довадаў іх,
30 што ў дзень пагібелі ашчаджаецца ліхі і ў дзень гневу адводзіцца ўбок.
31 Хто пакажа яму з дакорам дарогу яго, і за тое, што ён зрабіў, хто аддасць яму?
32 Яго прывядуць да магілы і пры надгробку яго паставяць варту.
33 Салодкімі яму будуць груды зямлі, і за сабой ён цягне кожнага чалавека, і перад ім безліч.
34 Дык чаму ж вы надарма пацяшаеце мяне, калі ў адказе вашым застаецца падман?»

Толкования Августина

К этой главе нет комментариев.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.