Біблія » Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Тобіі 1 Кніга Тобіі 1 раздзел

1 Кніга размоў Тобіі, сына Табіэля, сына Ананіэля, сына Адуэля, сына Габаэля, сына Рафаэля, сына Рагуэля з нашчадкаў Азіэля, з пакалення Нэфталі,
2 якога павялі ў няволю ў дні Салманасара, цара Асірыйскага, з Тэсбы горада, які знаходзіцца направа ад Кадэс-Нэфталі ў верхняй Галілеі, ніжэй Асора па-за дарогай на захад з левага боку Пэгора.
3 Я, Табіэль, ва ўсе дні жыцця свайго хадзіў шляхамі праўды і справядлівасці, і многа міласціны даваў братам маім і народу майму, якія разам са мной пайшлі ў няволю ў край асірыйцаў, у Нініву.
4 І калі быў яшчэ ў краіне маёй, у зямлі Ізраэля, ды калі быў яшчэ малады, усё пакаленне Нэфталі, бацькі майго, адступіла ад дому Давіда, прабацькі майго, ды ад горада Ерузаліма, які выбраны быў з усіх пакаленняў Ізраэля і была пасвячона святыня, дзе прабывае Бог, і яна была пабудавана ў ім, каб ускладалі ахвяры ўсе пакаленні Ізраэля, на ўсе вечныя пакаленні.
5 Усе мае браты і ўвесь дом Нэфталі, бацькі майго, ускладалі ахвяры цяляці, якога зрабіў Ерабаам, цар Ізраэля, у Дане ды на ўсіх гарах Галілеі.
6 Я, аднак, адзін хадзіў часта ў Ерузалім у дні святочныя, як ёсць прадпісана для ўсяго Ізраэля ў вечным загадзе; заносіў я ў Ерузалім пяршыні фруктаў і звяроў, і дзесяціны буйной і дробнай жывёлы, і першую воўну авечак,
7 і даваў гэта святарам, сынам Аарона, на ахвярнік, і сынам Леві, паслугуючым у Ерузаліме, даваў дзесяціны са збожжа, і віна, і аліўкавага алею, а таксама з дрэва граната, і з іншых дрэў пладовых; і другую дзесяціну плаціў я грашыма шэсць гадоў, і хадзіў, і штогод складваў гэта ў Ерузаліме.
8 І гэта даваў я сіротам, і ўдовам, і празэлітам, якія належалі да сыноў Ізраэля; прыносіў і даваў ім трэці год, і елі мы гэта па загадзе, які быў напісаны ў законе Майсеевым, і прыказаннях, якія дала Дэбора, маці бацькі майго Ананіэля, прабацькі нашага, бо бацька пакінуў мяне сіратою і памёр.
9 І калі стаў я мужчынам, узяў за жонку Ганну, якая паходзіла з нашай бацькаўшчыны, і ад яе нарадзіў я сына, і яму даў імя Тобія.
10 І калі трапіў я ў няволю ў Асірыю, куды мяне завялі, пайшоў у Нініву; і ўсе мае браты і тыя, хто быў з майго роду, елі стравы паганскія,
11 а я бярог душу маю, каб не есці ежы паганаў.
12 І таму што памятаў я пра Бога майго ўсёю душою маёй,
13 Узвышні даў мне ласку і спагаднасць у Салманасара, і я быў у яго нарыхтоўшчыкам усяго, што мела карысць;
14 і я хадзіў у Мідыю, аж пакуль не дайшоў, і аддаў на захаванне Габаэлю, брату Габрыі, у Рагэсе ў Мідыі дзесяць талентаў срэбра.
15 Калі ж памёр Салманасар і цараваў замест яго сын яго Санхэрыб, дарогі Мідыі сталі небяспечнымі, і я ўжо не мог падарожнічаць у Мідыю.
16 І ў дні Салманасара даваў я часта міласціну братам маім, што былі з майго народа.
17 Хлеб свой даваў я тым, хто галадаў, і адзенне голым, і калі бачыў памерлага і кінутага за муры Нінівы з майго народа, — хаваў яго.
18 І калі каго цар Санхэрыб забіваў, калі хто вяртаўся з Юдэі, куды ўцёк у днях суда, які спаўняў на ім Цар Неба за плявузгі, якімі плявузгаў, — бо са злосці сваёй забіў ён шмат сыноў Ізраэля, — я ўпотай забіраў іх целы і хаваў; і Санхэрыб шукаў іх, і не знайшоў іх.
19 І адзін з жыхароў Нінівы пайшоў і сказаў цару пра мяне, што гэта я іх хаваю, і я мусіў таіцца, а калі даведаўся, што цар пра мяне ведае і мяне шукае, каб мяне забіць, я тады забаяўся і ўцёк.
20 І разграбілі ўсю маю маёмасць, і не засталося мне нічога, што не пайшло б у скарб цара, апрача маёй жонкі Ганны і майго сына Тобіі.
21 І не прайшло сарака дзён, як забілі яго два сыны яго ды ўцяклі ў горы Арарат; і замест яго цараваў сын яго Асархадон, і ён паставіў Ахікара, сына брата майго Анаэля, наглядчыкам над усімі падаткамі ў сваім царстве; і меў ён уладу над усім краем.
22 Тады Ахікар заступіўся за мяне, і я вярнуўся ў Нініву. Ахікар жа быў у Санхэрыба, цара Асірыйскага, наглядчыкам над віначэрпамі, і сачыў за пярсцёнкам з пячаццю; і Асархадон паставіў яго, каб быў скарбнікам і зборшчыкам падаткаў. Быў бо ён з маіх братоў і з майго роду.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Тобіі, 1 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2012.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.