Біблія » Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Лукі 1 Паводле Лукі 1 раздзел

1 Паколькі многія ўжо спрабавалі ўдакладніць аповед пра падзеі, якія ў нас адбыліся,
2 як пераказалі нам тыя, што ад пачатку самі бачылі і былі паслугачамі Слова,
3 таксама і я, старанна разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, годны Тэафіле,
4 каб ты пераканаўся ў праўдзівасці слоў, у якіх ты быў навучаны.
5 У дні Ірада, цара Юдэі, жыў адзін святар на імя Захарыя, з Абіявай чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Лізавета.
6 Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе пастановы і прыказанні Госпадавы.
7 Ды не мелі сына, бо Лізавета была няплоднай, а абое былі ўжо на схіле дзён сваіх.
8 І сталася, калі ён адбываў службу святарскую перад Богам у сваёй чарзе,
9 па жэрабі, як была традыцыя ў святароў, выпала яму ўвайсці ў святыню Госпадаву для каджэння,
10 а ўсё мноства народа ў час каджэння малілася звонку.
11 І з’явіўся перад ім Анёл Госпадаў, стоячы па правым баку ахвярніка каджэння,
12 дык Захарыя стрывожыўся, бачачы гэта, ды вялікі страх ахапіў яго.
13 Тады Анёл прамовіў да яго: «Не бойся, Захарыя, бо пачута маленне тваё, вось жа, жонка твая Лізавета народзіць табе сына, і назавеш яго Янам.
14 Ён будзе табе радасцю і пацехай, ды многія будуць радавацца з яго нараджэння.
15 Ён будзе вялікім на віду Госпада, і не будзе піць віна і сіцэры, ды яшчэ ад улоння маці будзе напоўнены Духам Святым,
16 і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іх.
17 І пройдзе перад Ім у духу і магутнасці Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а непаслухмяных — да мудрасці справядлівых, каб падгатаваць Госпаду народ падрыхтаваны».
18 І сказаў Захарыя Анёлу: «З чаго я магу гэта ведаць? Бо я стары, і жонка мая на схіле дзён сваіх».
19 І, адказваючы, сказаў яму Анёл: «Я — Габрыэль, што стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе гэтую радасную вестку.
20 І вось, ты будзеш нямым ды не будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта здзейсніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».
21 І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга бавіцца ў святыні.
22 Выйшаўшы, ён не мог да іх прамаўляць, дык пазналі, што ён бачыў з’яву ў святыні. А ён даваў ім знакі і застаўся нямым.
23 І сталася, калі скончыліся дні службы яго, ён вярнуўся ў дом свой.
24 А праз некалькі дзён жонка яго, Лізавета, пачала дзіця; і пяць месяцаў хавалася, кажучы:
25 «Гэта ўчыніў мне Госпад у дні, у якія зірнуў на мяне, каб зняць ганьбу маю сярод людзей».
26 А ў шосты месяц быў пасланы Богам Анёл Габрыэль у горад у Галілеі, званы Назарэт,
27 да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
28 Увайшоўшы да Яе, Анёл прывітаў: «Прывітана будзь, ласкі поўная [, дабраславёная Ты між жанчынамі], Госпад з Табою».
29 А Яна стрывожылася словам яго і думала, што гэта за прывітанне такое?
30 І гаворыць Ёй Анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога.
31 І вось, пачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.
32 Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы, і дасць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго;
33 і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца».
34 Марыя ж сказала Анёлу: «Як гэта можа стацца, калі Я мужа не спазнала?»
35 І, адказваючы, Анёл сказаў Ёй: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Той, што з Цябе народзіцца, Святым назавецца, Сынам Божым.
36 І вось сваячка Твая, Лізавета, і яна пачала дзіця ў старасці сваёй, і ўжо шосты месяц у той, якую завуць няплоднай,
37 бо ў Бога не бывае немагчымым ніводнае слова».
38 Марыя ж сказала: «Вось жа, Я — служка Госпадава, хай Мне станецца паводле твайго слова». І Анёл адышоў ад Яе.
39 У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла паспешліва ў горы, у горад Юды.
40 І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Лізавету.
41 І, калі Лізавета пачула прывітанне Марыі, зварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і Дух Святы напоўніў Лізавету,
42 і ўсклікнула яна моцным голасам, кажучы: «Дабраславёная Ты між жанчынамі, і дабраславёны плод улоння Твайго.
43 А скуль жа мне гэта, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?
44 Вось, як толькі загучаў голас прывітання Твайго ў вушах маіх, зварухнулася з радасцю дзіцятка ў маім улонні.
45 І шчасная Тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада».
46 І сказала Марыя: «Узвялічвае душа Мая Госпада,
47 і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім,
48 бо зірнуў Ён на пакорлівасць служкі Сваёй. Вось, адгэтуль шчаснай называць Мяне будуць усе роды,
49 бо зрабіў Мне вялікае Магутны, і святое імя Яго,
50 і міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне тым, што баяцца Яго.
51 Выявіў магутнасць рукі Сваёй, разагнаў пыхлівых у намеры сэрца свайго,
52 спіхнуў моцных з пасада і ўзвысіў пакорлівых;
53 галодных насыціў даброццем, а багацеяў адправіў ні з чым.
54 Прытуліў Ізраэля, паслугача Свайго, памятаючы на міласэрнасць,
55 як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам яго навечна».
56 Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў Свой дом.
57 А Лізавеце настаў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына.
58 Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што ўзвялічыў Госпад у ёй Сваю міласэрнасць, радаваліся разам з ёю.
59 І сталася: у восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлопчыка ды назваць яго імем бацькі яго, Захарыем.
60 І, адказваючы, маці яго сказала: «Ніякім чынам, але будзе названы Ян».
61 І сказалі ёй: «У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем».
62 Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго.
63 А той запатрабаваў табліцы і напісаў словамі: «Ян імя яго». Дык здзівіліся ўсе.
64 А ў гэты момант раскрыліся вусны яго ды развязаўся язык яго і стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога.
65 Дык ахапіў страх усіх іх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разнесліся словы пра ўсё гэта.
66 А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: «Кім жа будзе гэта дзіця?» Бо рука Госпадава была з ім.
67 І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Святым, праракаваў гэтыя словы:
68 «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ Свой,
69 і падняў рог збаўлення нашага ў доме Давіда, паслугача Свайго,
70 як прадказаў вуснамі святых прарокаў Сваіх, якія жылі ад [пачатку] вякоў,
71 збаўленне ад ворагаў нашых ды з рук тых, што ненавідзяць нас;
72 каб учыніць міласэрнасць бацькам нашым, помнячы святы запавет Свой,
73 і прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
74 каб без страху, свабодныя ад рук ворагаў, служылі Яму
75 ў святасці і справядлівасці перад Ім ва ўсе дні нашы.
76 І ты, дзіця, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад абліччам Госпада, рыхтаваць дарогі Яму,
77 каб даць народу Яго навуку збаўлення ў адпушчэнні грахоў іх
78 праз міласэрнасць бязмежную Бога нашага, у якой Ён наведаў нас, сыходзячы з вышыняў,
79 каб асвяціць тых, што сядзяць у поцемках і ў засені смерці, каб накіраваць ногі нашы на шлях супакою».
80 А дзіця расло і ўзмацоўвалася ў духу, і заставалася ў пустыні аж да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Лукі, 1 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2012.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукі 1 раздзел в переводах:
Лукі 1 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.