1 Як ўжо многія прыклалі руку скласці аповесць пра падзеі, што адбыліся ў нас,
2 як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і служкамі Слова,
3 вырашыў і я, дакладна даследаваўшы ўсё ад пачатку, напісаць па парадку пра іх табе, найшаноўнейшы Тэофіле,
4 каб ты пераканаўся ў непарушнасці тых слоў, у якіх ты быў настаўлены.
5 Быў у дні Ірада, іудзейскага цара, адзін святар імем Захарыя з Авіявай чарады, а жонка ў яго была з дачок Ааронавых. І імя ёй — Елісавета.
6 Былі ж яны абое праведныя перад Богам, ходзячы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і правілаў Гасподніх.
7 І не мелі дзіцяці, бо Елісавета была бясплодная, і абое яны былі на схіле сваіх гадоў.
8 І сталася: калі ў парадку свае чарады ён служыў перад Богам,
9 паводле звычаю святарства выпаў яму жэраб кадзіць, увайшоўшы ў храм Гасподні,
10 а ўсё мноства народу малілася з надворку ў гадзіну каджэння.
11 І паказаўся яму Анёл Гасподні, стоячы праваруч кадзільнага ахвярніка.
12 І Захарыя, убачыўшы, уразіўся і страх напаў на яго.
13 Але Анёл сказаў яму: Не бойся, Захарыя, бо твая просьба пачута. І твая жонка Елісавета народзіць табе сына, і назавеш яго імем Іаан.
14 І будзе табе радасць і весялосць, і многія нараджэнню яго ўсцешацца.
15 Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і не будзе піць ні віна, ні сікера і Святым Духам напоўніцца яшчэ ва ўлонні сваёй маці
16 і многіх з Ізраілевых сыноў далучыць да Госпада, іхняга Бога.
17 І ён будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліі, каб сэрцы бацькоў павярнуць да дзяцей, і непакорных да розуму праведных, каб падрыхтаваць Госпаду народ дасканалы.
18 І Захарыя сказаў Анёлу: Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і мая жонка на схіле сваіх дзён.
19 І ў адказ яму Анёл сказаў: Я Гаўрыіл, што перад Богам стаю, і пасланы гаварыць з табою і дабравесціць табе гэта;
20 і вось, ты будзеш маўчаць і не змажаш гаварыць да дня, калі збудзецца гэта, за тое, што ты не паверыў маім словам, якія спраўдзяцца ў свой час.
21 І народ чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён марудзіў у храме.
22 А, выйшаўшы, той не мог гаварыць з імі, і яны зрамзумелі, што ён бачыў з’явенне ў храме; а ён падаваў ім знакі і заставаўся нямы.
23 І сталася: калі скончыліся дні яго службы, ён пайшоў у свой дом.
24 Пасля ж гэтых дзён зачала яго жонка Елісавета і таілася пяць месяцаў, кажучы:
25 Так мне зрабіў Госпад ў дні, калі ласкава паглядзеў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей.
26 А ў шосты месяц быў пасланы ад Бога Анёл Гаўрыіл у Галілейскі горад пад назваю Назарэт,
27 да Дзевы, заручанай з чалавекам імем Іосіф, з дому Давідавага; а імя Дзевы — Марыям.
28 І [Анёл], увайшоўшы да Яе, сказаў: Радуйся, ласкаю адораная! Госпад з Табою! [Дабраславёная Ты між жанчын!]
29 Яна ж, [убачыўшы яго], збянтэжылася ад гэтага слова і разважала, што б гэта было за прывітанне.
30 І сказаў Ёй Анёл: Не бойся, Марыям, бо знайшла Ты ласку ў Бога.
31 І вось, Ты зачнеш ва ўлонні і народзіш Сына і назавеш Яго імем Ісус.
32 Ён будзе вялікі, і Сынам Усявышняга будзе названы, і дасць Яму Госпад Бог трон Давіда, Яго бацькі,
33 і будзе цараваць Ён над домам Іякава навекі, і Яго Царству не будзе канца.
34 А Марыям сказала Анёлу: Як будзе гэта, калі мужа не знаю?
35 І ў адказ Анёл сказаў Ёй: Святы Дух зыдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне цябе; таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым.
36 І вось, Елісавета, Твая сваяка, — і яна зачала сына ў сваёй старасці, і гэта шосты месяц у яе, якую называюць бясплоднай,
37 бо ў Бога няма ніводнага немажлівага слова.
38 І Марыям сказала: Вось, я — раба Гасподняя; няхай будзе Мне паводле твайго слова. — І Анёл адышоў ад Яе.
39 І, устаўшы, Марыям у тыя дні пайшла з паспешлівасцю ў горную мясцовасць, у горад Іуды,
40 і ўвайшла ў Захарыеў дом і прывітала Елісавету.
41 І сталася: калі пачула Елісавета Марыіна прывітанне, падскочыла дзіцятка ў яе ўлонні, і Елісавета напоўнілася Святым Духам,
42 і ўсклікнула моцным голасам і сказала: Дабраславёная Ты між жанчын і дабраславёны плод Твайго ўлоння!
43 І адкуль мне гэта, каб Маці майго Госпада прыйшла да мяне?
44 Бо вось, калі дайшоў голас Твайго прывітання да маіх вушэй, падскочыла ад радасці дзіцятка ў маім ўлонні,
45 і шчаслівая Тая, якая паверыла, што спраўдзіцца сказанае ёй ад Госпада!
46 І Марыям сказала: Мая душа ўзвялічвае Госпада,
47 і ўзрадаваўся Мой дух у Богу, Майму Збаўцу,
48 таму што глянуў Ён на паніжэнне Свае Рабы. Бо вось з гэтага часу будуць дабраслаўляць мяне ў се пакаленні;
49 бо Магутны стварыў Мне вялікае. І святое Яго імя;
50 і Яго міласэрнасць — на пакаленні і пакаленні тых, што Яго баяцца.
51 Ён стварыў сілу Сваёю рукою; рассеяў ганарлівых думкамі сэрца іх;
52 скінуў уладароў з тронаў і ўзвысіў пакорлівых,
53 галодных насыціў дабром, а багатых адаслаў ні з чым.
54 Ён прыйшоў на дапамогу Ізраілю, Свайму слузе, памятаючы пра міласэрнасць, —
55 як сказаў Ён нашым бацькам, — Аўрааму і яго патомкам.
56 Заставалася ж Марыям з ёю месяцаў са тры і вярнулася ў Свой дом.
57 А Елісавеце надышоў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
58 І яе суседзі і сваякі пачулі, што ўзвялічыў Госпад Сваю міласэрнасць да яе, і цешыліся з ёю.
59 І сталася: у восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіцятка, і хацелі яго назваць імем яго бацькі, Захарыем.
60 Але яго маці сказала ў адказ: Не, а будзе названы ён Іаанам.
61 І сказалі ёй: Нікога няма ў тваёй радні, хто называўся б гэтым імем.
62 І пыталіся знакамі ў яго бацькі, як ён хацеў бы, каб назвалі яго.
63 І ён, папрасіўшы дошчачку, напісаў, паведамляючы: «Яго імя — Іаана». І ўсе здзівіліся..
64 І зараз жа раскрыліся яго вусны і ажыў язык яго, і ён загаварыў, дабраславячы Бога.
65 І ахапіў страх усіх, што жылі навокал іх, і па ўсёй горнай Іудзеі расказвалі пра ўсё гэта.
66 І ўсе, што чулі, бралі сабе да сэрца, кажучы: Кім жа будзе гэтае дзіцятка? — Бо і рука Гасподняя была з ім.
67 І яго бацька Захарыя напоўніўся Святым Духам і прарочыў, кажучы:
68 Дабраславёны Госпад, Бог Ізраілеў, што наведаў Свой народ і даў яму вызваленне,
69 і падняў нам рог выратавання ў доме Давіда, Свайго слугі, —
70 як сказаў ад веку вуснамі Сваіх святых прарокаў, —
71 што ўратуе нас ад нашых ворагаў і ад рукі ўсіх ненавіснікаў нашых,
72 створыць міласэрнасць нашым бацькам і ўспомніць Свой святы запавет,
73 клятву, якой пакляўся нашаму бацьку Аўрааму, што дасць нам,
74 бясстрашна, выбавіўшы з рукі ворагаў, служыць Яму
75 ў святасці і праведнасці перад Ім ва ўсе нашы дні1.
76 І ты, дзіцятка, будзеш звацца прарокам Ўсявышняга, бо ты пойдзеш перад [абліччам] Госпада, каб падрыхтаваць Яму дарогі,
77 каб даць Яго народу пазнаць выратаванее ў адпушчэнні іх грахоў,
78 праз сардэчную міласэрнасць нашага Бога, у якой наведае2 нас Усход з вышыні,
79 каб даць святло тым, што сядзяць у цемры і смяротным цені, і скіраваць нашы ногі на дарогу міру.
80 Хлопчык жа рос і ўмацоўвася духам, і быў ён у пустэльнях да дня свайго з’яўлення перад Ізраілем.

Зноскі:

75 1: У некат. рукап.: дні нашага жыцця.
78 2: У некат. рукап.: наведаў.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Лукі, 1 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукі 1 раздзел в переводах:
Лукі 1 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.