1 У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
2 Яно было ў пачатку ў Бога.
3 Усё праз Яго ўзнікла, і без Яго нічога не ўзнікла, што ўзнікла.
4 У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей;
5 і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
6 З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога, імя яму Іаан.
7 Ён прыйшоў для сведчання, каб засведчыць пра Святло, каб усе ўверавалі праз яго.
8 Ён не быў святлом, але быў пасланы, каб засведчыць пра Святло.
9 Гэта было Святло праўдзівае, Якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет.
10 У свеце Ён быў, і свет узнік праз Яго, але свет не пазнаў Яго.
11 Ён прыйшоў да сваіх, і свае не прынялі Яго.
12 А ўсім, хто прыняў Яго, Ён даў уладу стаць дзецьмі Божымі, тым, што веруюць у Яго імя,
13 якія не ад крыві, не ад жадання цела, не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
14 І Слова зрабілася целам і пасялілася ў нас. І мы ўбачылі Яго славу, славу як Адзінароднага ад Бацькі, — поўнае ласкі і праўды.
15 Іаан сведчыць пра Яго і, усклікваючы, кажа: Гэта быў Той, пра Каго я сказаў: «Той, Хто за мною ідзе, стаў перада мною, бо Ён быў раней за мяне».
16 Бо1 ад Яго паўнаты мы ўсе атрымалі, і ласку за ласкаю;
17 таму што закон быў дадзены праз Маісея, ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
18 Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын2, што ёсць ва ўлонні Бацькі, Той аб’явіў Яго.
19 І вось сведчанне Іаана, калі іудзеі паслалі да яго з Іерусаліма святароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: Хто ты?
20 І ён вызнаў і не адмовіўся, а вызнаў: Я не Хрыстос.
21 І яны спыталіся ў яго: Дык што? Ты Ілія? — І ён адказаў: Не. — Ці ты прарок? — І ён адказаў: Не.
22 Дык яны сказалі яму: Хто ты, каб нам даць адказ тым, хто паслаў нас? Што ты кажаш пра самога сябе?
23 Ён сказаў: Я вокліч прапаведніка ў пустэльні: «Выпрастайце дарогу Гасподнюю», як сказаў Ісаія-прарок.
24 А пасланыя былі з фарысеяў.
25 І яны спыталіся ў яго і сказалі яму: Што ж ты хрысціш, калі ты не Хрыстос, і не Ілія, і не прарок?
26 Адказаў ім Іаан, кажучы: Я хрышчу ў вадзе, [але] сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце,
27 Які за мною ідзе і Якому я не варты, каб развязаць раменьчык Яго сандаля.
28 Гэта адбылося ў Віфаніі3 за Іарданам, дзе Іаан хрысціў.
29 На другі дзень ён4 бачыць Ісуса, што да яго ідзе, і кажа: вось Ягнятка Божае, Якое бярэ на Сябе грэх свету.
30 Гэта Той, пра Каго я сказаў: «За мною ідзе Муж, Які стаў перада мною, бо Ён быў раней за мяне».
31 І я не ведаў Яго, але, каб Ён быў абвешчаны Ізраілю, — для гэтага я прыйшоў хрысціць у вадзе.
32 І Іаан засведчыў, кажучы: Я ўбачыў Духа, што сходзіў, як голуб, з неба, і Ён застаўся на Ім.
33 І я не ведаў Яго, але Той, Хто паслаў мяне хрысціць у вадзе, мне сказаў: «На Каго ўбачыш, што сходзіць Дух і застаецца на Ім, — гэта Той, Хто хрысціць Святым Духам».
34 І я ўбачыў і засведчыў, што Гэты — Сын Божы.
35 На другі дзень зноў стаяў Іаан і два з яго вучняў;
36 і, убачыўшы Ісуса, што праходзіў, ён кажа: Вось Ягнятка Божае.
37 І два вучні пачулі, як ён гэта сказаў і пайшлі ўслед за Ісусам.
38 А Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць услед, кажа ім: Што вы шукаеце? — Яны ж сказалі Яму: Равві (што ў перакладзе значыць «Настаўніку»), дзе Ты жывеш?
39 Ён кажа ім: Ідзіце і ўбачыце. — Дык яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго той дзень; было каля дзесятай гадзіны.
40 Андрэй, брат Сімана Пятра, быў адзін з двух, што пачулі гэта ад Іаана і пайшлі ўслед за Ім.
41 Ён знаходзіць спярша5 свайго брата Сімана і кажа яму: Мы знайшлі Месію (што ў перакладзе значыць: «Хрыстос»);
42 [і ён] прывёў яго да Ісуса. Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сіман, сын Іаанаў6, ты будзеш называцца Кіфа (што перакладаецца «Пётр»7).
43 На другі дзень Ён захацеў пайсці ў Галілею і знаходзіць Філіпа. І кажа яму Ісус: Ідзі ўслед за Мною.
44 А Філіп быў з Віфсаіды, з горада Андрэя і Пятра.
45 Філіп знаходзіць Нафанаіла і кажа яму: Мы знайшлі Таго, пра Каго напісаў Маісей у законе і прарокі, Ісуса, Іосіфавага сына, з Назарэта.
46 І Нафанаіл сказаў яму: Ці ж можа быць з Назарэта што добрае? — Філіп кажа яму: Прыйдзі і паглядзі.
47 Ісус убачыў Нафанаіла, што ішоў да Яго, і кажа пра яго: Вось сапраўды ізраільцянін, у якім няма хітрыкаў.
48 Нафанаіл кажа Яму: Адкуль Ты мяне ведаеш? — У адказ Ісус сказаў яму: Перш чым паклікаў цябе Філіп, калі ты быў пад фігавым дрэвам, Я бачыў цябе.
49 Нафанаіл адказаў Яму: Равві, Ты Сын Божы, Ты Цар Ізраілеў.
50 У адказ Ісус сказаў яму: Ты верыш, таму што я сказаў табе, што бачыў цябе пад фігавым дрэвам; болей за гэта пабачыш.
51 І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: [з гэтага часу] ўбачыце раскрытае неба і Анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сходзяць да Сына Чалавечага.
Зноскі:
16 1: У некат. рукап. І.
18 2: У некат. рукап. Бог.
28 3: У некат. рукап. У Віфары.
29 4: У некат. рукап. Іаан.
41 5: У некат. рукап. першы.
42 6: У некат. рукап.: Іонаў.
42 7: Па-гр.: кала, камень.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Евангелле паводле Іаана, 1 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014