Біблія » Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Іаана 5 Іаана 5 раздзел

1 Пасля гэтага было іудзейскае свята, і Ісус узышоў у Іерусалім.
2 А ў Іерусаліме каля Авечай брамы ёсць купальня, па-яўрэйску завецца Віфзафа13, якая мае пяць крытых хадоў.
3 У іх ляжала мноства хворых: сляпых, кульгавых, спаралізаваных, [што чакалі руху вады.
4 Бо Анёл Гасподні час ад часу сходзіў у купальню і хваляваў ваду; тады хто першы ўваходзіў пасля хвалявання вады, выздараўліваў, якой бы хваробаю ні быў апанаваны].
5 І быў там адзін чалавек, разбіты хваробаю трыццаць восем гадоў;
6 Ісус, убачыўшы, што той ляжыць, і даведаўшыся, што гэта з ім ужо доўгі час, пытаецца ў яго: Хочаш быць здаровым?
7 Хворы адказаў яму: Гаспадару, няма ў мяне чалавека, каб, калі ўсхвалюецца вада, апусціў мяне ў купальню; а калі я прыходжу, іншы раней за мяне сходзіць.
8 Кажа яму Ісус: Устань, вазьмі сваю пасцель і хадзі.
9 І адразу зрабіўся гэты чалавек здаровым, узяў сваю пасцель і пайшоў. А ў той дзень была субота.
10 Дык іудзеі казалі вылечанаму: Сёння субота, і не дазваляецца табе браць сваю пасцель.
11 Але ён адказаў ім: Хто зрабіў мяне здаровым, Той мне сказаў: «Вазьмі сваю пасцель і хадзі».
12 Яны спыталіся ў яго: Хто Той Чалавек, Які сказаў табе: «Вазьмі [сваю пасцель] і хадзі?»
13 Вылечаны ж не ведаў, Хто ён, бо Ісус аддаліўся ад натоўпу, што быў на тым месцы.
14 Пасля гэтага Ісус знайшоў яго ў святыні і сказаў яму: Вось ты выздаравеў, больш не грашы, каб не зрабілася табе чаго горшага.
15 Гэты чалавек пайшоў і расказаў іудзеям, што зрабіў яго здаровым Ісус.
16 І з-за гэтага іудзеі пачалі гнаць Ісуса [і шукалі Яго забіць], таму што Ён зрабіў гэта ў суботу.
17 Але [Ісус] адказаў ім: Мой Бацька дагэтуль працуе, і Я працую.
18 І вось з-за гэтага яшчэ больш шукалі іудзеі забіць Яго, бо Ён не толькі суботу парушыў, але і называў Бога Сваім Бацькам, робячы Сябе роўным Богу.
19 Ісус жа ў адказ сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын нічога рабіць Сам ад Сябе, калі не ўбачыць, што гэта робіць Бацька, бо што Той робіць, тое і Сын гэтак жа робіць.
20 Бо Бацька любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і пакажа Яму ўчынкі большыя за гэтыя, так што вы здзівіцеся.
21 Бо як Бацька ўваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.
22 Бо і не судзіць Бацька нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну,
23 каб усе шанавалі Сына, як шануюць Бацьку. Хто не шануе Сына, не шануе Бацьку, Які паслаў Яго.
24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае Маё слова і веруе ў Таго, Хто паслаў Мяне, мае вечнае жыццё і на суд не прыходзіць, але перайшоў са смерці ў жыццё.
25 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Надыходзіць гадзіна, і цяпер ёсць, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і тыя, што пачуюць, ажывуць.
26 Бо як Бацька мае жыццё ў Самім Сабе, так і Сыну Ён даў мець жыццё ў Самім Сабе.
27 І даў Яму ўладу [і] чыніць суд, бо Ён — Сын Чалавечы.
28 Не здзіўляйцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Яго,
29 і выйдуць тыя, што рабілі дабро, ва ўваскрэсенне жыцця, а тыя, што ліхое рабілі, ва ўваскрэсенне суду.
30 Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе; як Я чую, — так і суджу, і Мой суд справядлівы, бо не шукаю Маёй волі, а волі Таго, Хто14 паслаў Мяне.
31 Калі Я сведчу Сам пра Сябе, Маё сведчанне не праўдзівае;
32 ёсць іншы, Хто сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае пасведчанне, якім Ён сведчыць пра Мяне.
33 Вы пасылалі да Іаана, і ён засведчыў аб праўдзе;
34 Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі ўратаваныя.
35 Той быў светачам, што гарэў і свяціў, вы ж хацелі на кароткі час парадавацца ў яго святле.
36 Але Я маю сведчанне большае за Іаанава, бо справы, якія даў Мне Бацька, каб Я іх выканаў, самі гэтыя справы, якія раблю Я, сведчаць пра Мяне, што Мяне паслаў Бацька.
37 І Бацька, што паслаў Мяне, Сам засведчыў пра Мяне. Вы ні голасу Яго ніколі не чулі, ні Яго аблічча не бачылі,
38 і Яго слова не маеце, каб у вас заставалася, бо не верыце Таму, Каго Ён паслаў.
39 Вы даследуеце Пісанні, бо вы думаеце, што ў іх маеце вечнае жыццё; а яны сведчаць пра Мяне;
40 і не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
41 Славы ад людзей Я не прымаю,
42 але Я ведаю вас, што вы любові да Бога ў сабе не маеце.
43 Я прыйшоў у імя Майго Бацькі, і вы Мяне не прымаеце; калі іншы прыйдзе ў сваё імя, таго вы прымеце.
44 Як вы можаце ўвераваць, калі славу адзін ад аднаго прымаеце, а славы, што ад Бога Адзінага, не шукаеце?
45 Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Бацькам; ёсць абвінаваўца для вас — Маісей, на каго вы спадзяецеся.
46 Бо калі б вы верылі Маісею, веравалі б Мне; бо ён пісаў пра Мяне.
47 Калі ж яго пісанням не верыце, як паверыце Маім словам?

Зноскі:

2 13: Віфзафа — алейны дом. Але ў шмат якіх рукапісах стаіць назва Віфезда (дом міласэрнасці).
30 14: У некат. рукап.: Бацькі, Які.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Іаана, 5 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Іаана 5 раздзел в переводах:
Іаана 5 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Комментарии Джона Райла
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.