1 Пасьля гэтага быў сьвяточны дзень жыдоўскі і Езус пайшоў у Ерузалім.
2 Ёсьць-жа ў Ерузаліме авечая саджалка, якая завецца па-гэбрайску Бэтэсда, маючая пяць прысенкаў.
3 У усіх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, зсохлых, якія выглядалі парушэньня вады.
4 Бо анёл Панскі зыходзіў час ад часу ў саджалку і варушылася вада; і хто першы ўходзіў у саджалку пасьля парушэньня вады, быў здаровы, на якую-б хваробу ён не хварэў.
5 Быў-жа там чалавек, які трыццаць восем гадоў быў у сваей хваробе.
6 Калі Езус убачыў яго ляжачага і пазнаў, што ён ужо многа часу хварэе, сказаў яму: Хочаш быць здаровым?
7 Адказаў яму хворы: Пане, я ня маю чалавека, каб ён, калі ўзварухнецца вада, апусьціў мяне ў саджалку; бо пакуль я дайду, іншы ўвойдзе перада мною.
8 Сказаў яму Езус: Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі.
9 І зараз-жа стаў здаровым той чалавек, і ўзяў ложа сваё, і хадзіў. А ў той дзень была субота.
10 Дык жыды казалі таму, што быў аздароўлены: Гэта-ж субота, ня можна табе насіць твайго ложа.
11 Адказаў ім: Хто мяне здаровым зрабіў, той мне сказаў: «Вазьмі ложа тваё і хадзі».
12 Дык спыталіся ў яго: Хто гэта той чалавек, каторы табе сказаў: «Вазьмі ложа тваё і хадзі»?
13 Той-жа, што стаў здаровым, ня ведаў, хто гэты быў, бо Езус адхіліўся ад грамады, якая была на месцы.
14 Потым знайшоў яго Езус у сьвятыні і сказаў яму: Вось ты стаў здаровым; ужо не грашы, каб ня здарылася з табою што горшае.
15 Пайшоў той чалавек і абвесьціў жыдом, што гэта быў Езус, каторы зрабіў яго здаровым.
16 Дзеля гэтага жыды прасьледавалі Езуса, што гэтае рабіў у суботу.
17 Езус-жа адказаў ім: Айцец мой аж дагэтуль дзеіць і я дзею.
18 Дык дзеля гэтага жыды яшчэ болей шукалі забіць яго, што ня толькі ламаў суботу, але і Бога называў сваім Айцом, чынячы сябе роўным Богу. Дык адказаў Езус і сказаў ім:
19 Сапраўды, сапраўды кажу вам, ня можа Сын ад сябе нічога чыніць, акрамя таго, што ўбачыць Айца чынячага; бо што-колечы ён чыніць, тое і Сын таксама чыніць.
20 Бо Айцец любіць Сына і паказвае яму ўсё, што сам чыніць; і большыя за гэтыя пакажа яму чыны, каб вы дзівіліся.
21 Бо як Айцец ускрашае ўмерлых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.
22 Бо Айцец ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,
23 каб усе паважалі Сына, як паважаюць Айца. Хто не паважае Сына, той не паважае Айца, каторы паслаў яго.
24 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што хто слухае слова майго і верыць таму, каторы паслаў мяне, той мае жыцьцё вечнае і ня прыйдзе на суд, але перайшоў ад сьмерці да жыцьця.
25 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што прыходзіць часіна, дый цяпер ёсьць, калі ўмерлыя пачуюць голас Сына Божага, і каторыя пачуюць, будуць жыць.
26 Бо як Айцец мае жыцьцё ў сабе самым, так даў і Сыну мець жыцьцё ў сабе самым;
27 і даў яму ўладу чыніць суд, бо ён ёсьць Сын чалавечы.
28 Ня дзівецеся з гэтага, бо прыходзіць часіна, у каторай усе, што ёсьць у магілах, пачуюць голас Сына Божага,
29 і выйдуць тыя, што добра чынілі, на ўскрашэньне жыцьця, а тыя, што дрэнна паступалі, на ўскрашэньне суду.
30 Не магу я сам ад сябе нічога чыніць. Як чую, так суджу, і суд мой ёсьць справядлівы, бо ня шукаю маей волі, але волі таго, хто паслаў мяне.
31 Калі я пасьведчаньне даю вам сам ад сабе, пасьведчаньне маё ня ёсьць праўдзівае.
32 Іншы ёсьць, хто дае пасьведчаньне аба мне, і я ведаю, што праўдзівае ёсьць пасьведчаньне, якое ён дае аба мне.
33 Вы пасылалі да Яна, і ён даў пасьведчаньне праўдзе.
34 Я-ж не ад чалавека бяру пасьведчаньне, але кажу гэтае, каб вы былі збаўлены.
35 Ён быў сьветачам, што гарэў і сьвяціў, а вы хацелі да часу пацешыцца ў ягоным сьвятле.
36 Але я маю пасьведчаньне большае за Янава; бо чыны, якія даў мне Айцец, каб даканаць іх, самыя чыны, якія я чыню, яны даюць пасьведчаньне аба мне, што Айцец паслаў мяне.
37 А Айцец, каторы паслаў мяне, ён сам даў сьведчаньне аба мне. І вы ані голасу яго ніколі ня чулі, ані вобліку яго ня бачылі;
38 і ня маеце слова яго ў вас прабываючага, бо таму, каторага ён паслаў, вы ня верыце.
39 Вы дасьледжваеце Пісаньні, бо думаеце ў іх мець жыцьцё вечнае, а гэта-ж яны даюць пасьведчаньне аба мне,
40 а вы ня хочаце прыйсьці да мяне, каб мець жыцьцё.
41 Славы ад людзей я не прымаю;
42 але я пазнаў вас, што міласьці Божай ня маеце ў сабе.
43 Я прыйшоў у імя Айца майго, а вы ня прымаеце мяне; калі другі прыйдзе ў імя сваё, вы таго прымеце.
44 Як-жа можаце верыць вы, каторыя прымаеце славу адзін ад другога, а славы, каторая ёсьць ад адзінага Бога, ня шукаеце?
45 Ня думайце, што я вас буду вінаваціць перад Айцом; ёсьць хто вас вінаваціць — Майсей, на каторага вы спадзеяцёся.
46 Бо калі-б вы верылі Майсею, пэўне-ж верылі і мне, бо аба мне ён пісаў.
47 Калі-ж вы ягоным пісаньням ня верыце, то як-жа паверыце маім славам?
Зноскі:
1 «Сьвяточны дзень» — гэта была Пасха.
2 У гэтай саджалцы купалі авечкі, празначаныя на ахвяру.
14 З гэтых слоў відаць, што тая доўгая хвароба была карай за грахі.
17 Бог дзеіць без перарыву, нават у дзень суботні, удзержываючы ўвесь сьвет у бытаваньні, ён-жа аздараўляе спосабам цудоўным і хворых. Разам з Айцом дзеіць і Сын, бо ён аднэй натуры з Айцом.
19 Сын Божы ня можа нічога чыніць без Айца (і Духа сьв.), таксама як Айцец (і Дух сьв.) ня могуць нічога чыніць бяз Сына, бо маюць адну супольную натуру, якая ёсьць жаралом іх дзеяньня.
22 Суд нявідомы над сьветам выконвае ўся сьв. Тройца, а суд відомы выконывае толькі Сын — як Бог і чалавек, вызначаны да гэтага сьв. Тройцай, як відомы судзьдзя ўсесьвету.
24 Хто верыць у Хрыста і жыве паводле ягоных прыказаньняў, той стане перад Хрыстом не як перад срогім судзьдзёю, але як перад міласьцівым Панам, каторы раздае нагароды.
25 Гутарка тут аб умерлых на душы праз сьмяротны грэх. Гэтыя ўмерлыя паўстануць да жыцьця пад дзеяньнем навукі і ласкі Божай. (У далейшых радкох (28 і 29) гутарка аб умерлых на целе).
27 «Сын чалавечы» значыць Мэсыяш.
30 Сам ад сябе Сын Божы нічога ня можа чыніць, але толькі разам з Айцом і Духам сьвятым.
32 Айцец нябесны даў пасьведчаньне праз голас з неба: «Гэта Сын мой мілы» і праз вусны Яна Хрысьціцеля.
33 Гл. Ян 1:19 і наст.
35 Фарызэі выдалі сьв. Яна Хрысьц. у рукі Гэрада Антыпы, бо пачаў вытыкаць ім іхную крывадушнасьць і нягоднасьць.
43 Фальшывых прарокаў жыды ня раз прыймалі, а праўдзівых прасьледавалі.
45 Хрыстус будзе іх судзьдзёю, а не абвініцелем.
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 5 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.