1 Яшчэ час мукі ня прыйшоў, дзеля гэтага Езус высьцерагаецца ворагаў, якія хацелі яго забіць.
2 Сьвята Шатроў (Кучак) жыды абходзілі на памятку прабываньня ў пустыні пасьля выхаду з Эгіпту і апекі Божай над імі ў той час.
3 Гэта былі стрэчныя браты па матцы Езуса (Гл. Мт. 12:46). Тут гутарка аб тых вучнях, што былі ў Юдэі і Ерузаліме.
5 «Браты» Езуса ня верылі ў яго, бо і яны думалі аб зямным і магутным валадарстве Мэсыяша, а гэтай магутнасьці і пышнасьці зямнога валадара яны ў Хрысьце ня бачылі.
6 «Часам сваім» (або «сваей часінай») Хрыстус называе часта сваю муку і сьмерць, праз якую ўзыйшоў да сваей хвалы. А «час» ягоных братоў быў заўсёды гатовы, бо яны ня патрабавалі баяцца мукаў і прасьледу з боку гэтага сьвету, бо мелі такія самыя зямныя паняцьці аб Мэсыяшу, як і сьвет.
8 Яўна Езус не пайшоў тады, але, як гэта відаць з 10 радка, пайшоў потым «якбыццам у скрытнасьці», неафіцыяльна.
11 Ворагі шукаюць Хрыста, хочучы яго ўзяць. Але Хрыстус, астаўшыся ў Галілеі на нейкі час, у першы дзень Шатроў яшчэ ня быў у Ерузаліме.
14 Значыць, прайшло ўжо ад пачатку сьвят якія 3-4 дні.
17 Значыць, трэба жыць добра, паводле прыказаньняў Божых, а тады чалавек можа лёгка праканацца, ці навука Езуса ёсьць Божая.
18 Хто прыносіць і пашырае сваю навуку, той шукае сваей карысьці і славы, а наадварот, хто шукае славы Божае (як Езус), той дае доказ, што Бог яго паслаў.
19 Хрыстус ганіць тут фарызэяў, якія ўмелі абыходзіць і пераіначваць права Майсея (Гл. Мт. 15:3-9), пры гэтым прыпамінае ім 5 прыказаньне Закону: «Не забівай».
20 Народ нічога ня ведаў аб намеры старшых забіць Езуса.
21 Хрыстус прыпамінае тут аздараўленьне спаралізаванага пры саджалцы Бэтэзда (Ян 5:2-18), якое адбылося ў суботу і выклікала вялікі гнеў у кніжнікаў і старшых жыдоўскіх. Хрыстус у далейшых славах бароніцца ад закідаў ламаньня суботы, паклікаючыся на факт абразаньня, якое жыды выконвалі і ў суботу.
27 Рабіны навучалі, што Мэсыяш зьявіцца раптам і ягонае паходжаньне будзе няведамае; дык народ, ведаючы, што Езус паходзіць з Назарэту, сумневаўся ў яго Божым пасланстве.
31 Просты народ, да якога памылковыя паняцьці рабінаў мала даходзілі, верыць у Хрыста, гледзячы на яго многія цуды.
32 Старшыя хацелі ўзяць Езуса без народу і чакалі зручнай часіны, дзеля гэтага Езус мог яшчэ праз нейкі час свабодна навучаць.
34 Езус, ведаючы аб загадзе старшых узяць яго, адказвае, што па яго сьмерці жыды будуць хацець Мэсыяша, але ён будзе ў Айца свайго ў небе, куды дайсьці яны ня змогуць, бо адкінулі Хрыста.
35 Тут жыды насьмяхаюцца з Хрыста, бо яны былі пракананы, што не Мэсыяш пойдзе да паганаў, але паганы прыйдуць да яго. Значыць, паводле жыдоў, калі Езус пойдзе да паганаў, дык ён не праўдзівы Мэсыяш!
37 Езус кажа, што ён ёсьць крыніцай жыцьця.
38 «З нутра» г. зн. з душы і сэрца чалавека. Хто верыць у Хрыста, той заспакоіць ня толькі свае жаданьні духовага шчасьця, але станецца яшчэ для іншых крыніцай ласкі, шчасьця і багаславенства.
39 Праз прыняцьце Духа Сьв. апосталы і вучні Хрыстовы сталіся для іншых рэкамі жывое вады г. зн. ласкаў Божых.
42 Аб тым, што езус паходзіў з роду Давіда, жыды ня ведалі.
52 Гэтыя словы жыдоў былі нязгодны з праўдай, бо ведаем, што прарок Ёна паходзіў з Галілеі.