1 Дык Езус на шэсьць дзён перад Пасхай прыйшоў у Бэтанію, дзе быў памёршы Лазар, каторага ўскрасіў Езус.
2 І там нагатовілі яму вячэру і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з сядзячых з ім за сталом.
3 Марыя-ж узяла фунт дарагога шпіканардовага алейку і намасьціла ногі Езуса, і выцерла ногі яго сваімі валасамі; і напоўнўся дом пахам алейку.
4 Дык сказаў адзін з вучняў ягоных, Юдаш Іскарыёт, каторы меў яго выдаць:
5 чаму гэтага алейку не прадалі за трыста дынараў і не далі ўбогім?
6 Ён-жа сказаў гэта не затым, што яму рупіла аб убогіх, але што быў злодзей і, маючы скарбонку, насіў тое, што кідалі.
7 Езус-жа сказаў: Астаў яе, каб яна захавала гэтае на дзень маіх паховін.
8 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою, а мяне не заўсёды маеце.
9 Дык даведалася вялікая грамада з жыдоў, што ён там ёсьць, і прыйшлі, ня толькі дзеля Езуса, але каб пабачыць Лазара, каторага ён ускрасіў з умерлых.
10 І надумаліся старшыя духоўныя, каб і Лазара забіць,
11 бо многія з жыдоў дзеля яго адыходзілі і верылі ў Езуса.
12 На заўтры-ж вялікая грамада, якая была прыйшоўшы на сьвяточны дзень, пачуўшы, што Езус прыйшоў у Ерузалім,
13 набралі пальмовых галінак і выйшлі насустрач яму і крычалі: Госанна, багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана, кароль Ізраіля!
14 І знайшоў Езус осьліка, і сеў на яго, як ёсьць напісана:
15 «Ня бойся, дачка Сыёнская! Вось кароль твой едзе, седзячы на жэрабяці асьліцы».
16 Вучні ягоны сьпярша не разумелі гэтага, але калі Езус быў праслаўлены, тады успомнілі яны, што гэта было напісана аб ім і што яны гэта зрабілі яму.
17 А грамада, якая была з ім, калі ён выклікаў Лазара з гробу і ўскрасіў яго з умерлых, давала пасьведчаньне;
18 затым і выйшла яму насустрэч грамада, што ён учыніў гэты знак.
19 Дык фарызэі гаварылі паміж сабою: Бачыце, што мы нічога не парадзім. Вось увесь сьвет пайшоў за ім.
20 Былі-ж некаторыя пагане з тых, што былі прыйшоўшы, каб аддаць паклон у дзень сьвяточны.
21 Дык яны падыйшлі да Філіпа, каторы быў з Бэтсайды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Пане, хочам бачыць Езуса.
22 Пайшоў Філіп і сказаў Андрэю; Андрэй ізноў і Філіп сказалі Езусу.
23 Езус-жа адказаў ім, кажучы: Прыйшла часіна, каб праслаўлены Сын чалавечы.
24 Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, яно само астанецца; а калі замрэ, прыносіць вялікі плод.
25 Хто любіць сваё жыцьцё, загубіць яго, а хто ненавідзіць жыцьцё сывё на гэтым сьвеце, той беражэ яго на жыцьцё вечнае.
26 Калі хто мне служыць, няхай ідзе за мною і дзе я ёсьць, там і слуга мой будзе; калі хто мне будзе служыць, таго ўшануе Айцец мой.
27 Цяпер душа мая ўстрывожана, і што мне сказаць? Ойчы, збаў мяне ад гэтай часіны! Але дзеля гэтага я прыйшоў на гэтую часіну.
28 Ойча, праслаў імя тваё! І прыйшоў з неба голас: І праславіў, і яшчэ праславіў.
29 Дык грамада, якая стаяла і чула, казала, што загрымела; другія казалі: Анёл гаварыў да яго.
30 Адказаў Езус і сказаў: Ня дзеля мяне прыйшоў гэты голас, але дзеля вас.
31 Цяпер ёсьць суд сьвету; цяпер князь гэтага сьвету будзе выкінуты проч.
32 А я, калі буду падняты ад зямлі, усё пацягну да сябе.
33 Гэтае-ж ён казаў, паказваючы, якою сьмерцяй меў памерці.
34 Адказала яму грамада: Мы чулі з закону, што Хрыстус трывае навекі, якжа-ж ты кажаш: «Трэба, каб быў падняты Сын чалавечы?» Хто гэты Сын чалавечы?
35 І сказаў езус: яшчэ на кароткі час ёсьць сьвятло паміж вамі. Хадзеце, пакуль маеце сьвятло, каб вас цемра не агарнула; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе.
36 Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб вы былі сынамі сьвятла. Гэтае сказаў Езус і адыйшоў і скрыўся ад іх.
37 Хоць-жа гэтулькі ўчыніў перад імі знакаў, яны ня верылі ў яго;
38 каб споўнілася воля Ізаія, прарока (Із. 53:1), якую ён сказаў: «Пане, хто паверыў чутаму ад нас і рука Пана, каму яна аб’яўлена?
39 Дзеля таго не маглі верыць, што яшчэ сказаў Ізаій (Із. 6:9-10):
40 «Асьляпіў вочы іх і зрабіў цьвёрдым сэрца іх, каб ня відзелі вачыма і не разумелі сэрцам, і навярнуліся, і я аздаравіў-бы іх».
41 Гэтае сказаў Ізаій, калі відзеў славу яго і гаварыў аб ім.
42 Аднак-жа і з старшых многія ўверылі ў яго, але дзеля фарызэяў не прызнаваліся, каб ня быць выкінутымі з бажніцы.
43 Бо ўзьлюбілі славу людзкую болей, чым славу Божую.
44 Езус-жа заклікаў і казаў: Хто верыць у мяне, ён ня ў мяне верыць, але ў таго, каторы паслаў мяне,
45 і хто мяне бачыць, бачыць таго, каторы паслаў мяне.
46 Я, сьвятло, прыйшоў на сьвет, каб кожны, хто верыць у мяне, не прабываў у цемры.
47 І калі-б хто прабываў у цемры. І калі-б хто пачуў словы мае і не бярог, я ня суджу яго; бо я ня прыйшоў, каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет.
48 Хто пагарджае мною і ня прыймае слоў маіх, хто-б яго судзіў: мова, якую я гаварыў, яна будзе судзіць яго ў апошні дзень.
49 Бо я не з самога сябе гаварыў, але Айцец, каторы паслаў мяне, ён мне даў загад, што я маю казаць і што гаварыць.
50 І я ведаю, што загад ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што я гавару, гавару так, як сказаў мне Айцец.
Зноскі:
2 Нагатовілі вячэру ў доме Сымона Пракажанага (Мт. 26:6).
6 Юдаш насіў ахвяры, якія людзі давалі для Езуса і ягоных вучняў. З гэтых ахвяр Юдаш браў для сябе.
13 Гл. Мт. 21:9.
20 Паганамі называліся ў сьв. Пісаньні такжа людзі, якія не паходзілі з Ізраільскага народу, але прынялі Майсеевы Закон — або цалком (прозэліты), або часткова. Такія людзі прыходзілі ў Ерузалім, каб разам з жыдамі сьвяткаваць Пасху і іншыя сьвята.
24 Адно зерне, кінутае ў ральлю, прыносіць многа зярнят, таксама і Езус праз сьмерць сваю прынёс для ўсіх вялікі плод збаўленьня.
25 Гл. Мт. 10:39.
35 Хрыстус называе тут сябе сьвятлом і кажа, што ўжо коратка будзе паміж людзьмі. Цемра азначае тут крывадушнасьць людзкую і грэх.
36 Ведаючы аб намерах старшых, каб узяць яго, Езус нанач выходзіць з Ерузаліму і начуе або ў Бэтаніі, або на Аліўнай гарэ, бо часіна мукі ягонай яшчэ ня прыйшла.
47 Першы раз прыйшоўшы на гэты сьвет, Хрыстус ня судзіў сьвету, але збавіў яго. На суд прыйдзе другі раз, пры канцы сьвету.
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 12 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.