1 Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў Ізраіля прарока (Із. 40:3): «Вось я пасылаю анёла майго перад воблікам тваім, каторы прыгатовіць дарогу тваю перад табою.
3 Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Пана, простымі рабеце сьцежкі яго».
4 Быў Ян у пустыні, хрысьцячы і абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэньне грахоў.
5 І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы і былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.
6 І быў Ян адзеты ў вярблюдаву шэрсьць і скураны пояс каля паясьніцы ягонай, і еў саранчу і лясны мёд. І вясьціў, кажучы:
7 Ідзе за мною мацнейшы за мяне, катораму я ня варт схіліўшыся разьвязаць рамень абутку яго.
8 Я вас хрысьціў вадою, але ён будзе вас хрысьціць Духам Сьвятым.
9 І сталася, у тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
10 І зараз выйшаўшы з вады, убачыў адчыненае неба і Духа, як галуба, зыходзячага і прабываючага на ім.
11 І стаўся голас з неба: Ты ёсьць Сын мой мілы, у табе мне да ўспадобы.
12 І зараз Дух вывеў яго ў пустыню.
13 І быў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушваны д’яблам і быў з зьвярамі, і анёлы паслугавалі яму.
14 Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію каралеўства Божага
15 і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася каралеўства Божае, пакутуйце і верце эванэліі.
16 І праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, бо былі рыбакамі.
17 І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною і зраблю вас, што вы станецеся рыбакамі людзей.
18 І яны, зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.
19 І адыйшоўшы трохі аддтуль, убачыў Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, яны-ж парадкавалі сеці ў лодцы,
20 і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў лодцы з наймітамі, пайшлі за ім.
21 І ўвайшлі ў Капарнаум: і зараз-жа ў суботу ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх.
22 І дзівіліся з навукі яго, бо ён вучыў іх, як маючы ўладу, а не як кніжнікі.
23 У быў у іхнай бажніцы чалавек, у каторым быў нячысты дух, і закрычаў,
24 кажучы: Што табе да нас, Езусе Назарэнскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю, хто ты ёсьць, Сьвяты Божы!
25 І прыгразіў яму Езус, кажучы: Замоўкні і выйдзі з чалавека!
26 І страсануўшы яго і закрычаўшы вялікім голасам, дух нячысты выйшаў з яго.
27 І зьдзівіліся ўсе, так што пыталіся паміж сабою, кажучы: Што гэта такое? Што гэта за навука новая, што ён з уладай нават духам нячыстым загадывае і слухаюць яго?
28 І зараз разыйшлася слава аб ім па ўсей краіне Галілейскай.
29 І зараз, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя з Якубам
30 А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы і зараз кажуць яму аб ей.
31 І падыйшоўшы, падняў яе, узяўшы яе за руку, і зараз-жа пакінула яе гарачка, і паслугавала ім.
32 Калі-ж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі да яго ўсіх нядужых і маючых д’ябэльства,
33 і быў сабраўшыся ўвесь горад каля дзьвярэй.
34 І аздаравіў многіх, каторыя былі мучаны рознымі хваробамі, і выганяў многа д’яблаў, і не пазваляў ім гаварыць, бо яны яго зналі.
35 І вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся.
36 І пайшоў за ім Сымон і тыя, што з ім былі.
37 І калі знайшлі яго, сказалі яму «што ўсе цябе шукаюць».
38 І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі і гарады, каб і там мне навучаць, бо я на гэтае прыйшоў.
39 І быў навучаючы ў іхных бажніцах і ва ўсей Галілеі і выганяў д’яблаў.
40 І прыйшоў да яго пракажаны, просячы яго, і ўпаўшы на калені сказаў яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
41 Езус-жа, зжаліўся над ім, працягнуў руку сваю і, дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны.
42 І калі сказаў, зараз-жа адыйшла ад яго праказа і быў ачышчаны.
43 І прыгразіў яму і зараз-жа адправіў яго
44 і сказаў яму: Глядзі, нікому не кажы, але ідзі пакажыся старшаму сьвятару і ахвяруй за сваё ачышчэньне, што загадаў Майсей на пасьведчаньне ім.
45 Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог увайсьці ў горад, але прабываў на старане ў пустынных мясцох, і сходзіліся да яго адусюль.