Зноскі:
1 «На пачатку» г. зн. на пачатку ўсіх часаў, перад усім стварэньнем, інакш кажучы, «ў спрадвечнасьці», бо Слова Божае было ў Бога спрадвеку. «Слова» (па-грэцку Логос, па-лац. Вэрбум) азначае другую Асобу Найсьв. Тройцы, Сына Божага. Значыць, замест «слова» можна былоб сказаць: «На пачатку быў Сын Божы» і г. д. З гэтых і далейшых слоў відаць, што Сын Божы быў Богам, а не стварэньнем.
3 Хоць стварэньне сьвету было творам усіх Асобаў Божых, то асабліўшым спосабам прыпісваецца Слову Божаму.
4 Бог ня толькі стварыў усё праз Слова, але праз яго даў людзям жыцьцё духовае, надпрыроднае, вечнае, а праз веру асьвяціў іх сьвятлом надпрыродным.
5 «Цемра» азначае тут людзей злосных і грэшных, якія ня хочуць прыняць сьвятла Божага. Але гэтыя людзі ня могуць яго пагасіць («цемра яго не агарнула»).
6-7 Гутарка тут аб Яне Хрысьціцелю, каторы даў пасьведчаньне аб Хрыстусе.
9 «Праўдзівае сьвятло» гэта значыць Сын Божы, Слова. Гэтае сьвятло асьвячае кожнага чалавека праз ласку і навуку Божую.
11 «Да ўласнасьці» г. зн. да жыдоўскага народу, які ў сьв. Пісаньні часта завецца спадчынай Божай.
12 «Даў ім моц» г. зн. права, магчымасць стацца сынамі Божымі праз ласку і веру, а не праз паходжаньне ад Абрагама, як цьвярдзілі жыды.
13 Прынятым Сынам Божым чалавек стаецца (родзіцца) праз ласку ўсьвячаючую, а не праз чалавечае зьмяшаньне крыві і плоці.
14 «Слова сталася Целам» г. зн. адвечна існуючы Сын Божы ў часе прыняў навуку людзкую (якая ў сьв. Пісаньні завецца «целам»), стаўся чалавекам і жыў паміж людзей. Значыць, Хрыстус меў у сабе дзьве натуры: боскую і людзкую, якія былі злучаны ў аднэй Асобе Слова.
15 Гутарка тут аб Яне Хрысьціцелю, які сьведчыў, што Хрыстус, як Бог, існаваў раней за яго, бо ёсьць спрадвечны; аднак-жа як чалавек Хрыстус нарадзіўся па Яне і па Яне выступіў на публічнае навучаньне.
16 Хрыстус дае кожнаму чалавеку «ласку за ласкай» г. зн. цэлы чарод ласкаў і дараў; корміць яго сваей ласкай так, як вінаградны ўшчэп корміць сваім сокам галінкі.
17 Стары Закон ня меў сам з сябе ўсьвячаючай ласкі; такую ласку прынёс Хрыстус у Нов. Законе.
18 Ніводзін чалавек ня можа вачамі свайго цела аглядаць Бога, затым што Бог ёсьць істота духовая і не падпадае пад людзкі зрок.
«У ўлоньні Айца» гэта зн. што Сын Божы ёсьць у дасканальнай лучнасьці з Богам Айцом; дзеля гэтай лучнасьці ён нам выказаў тайніцы Божыя.
19 Жыды думалі, што Ян ёсьць Мэсыяшам, прадказаным прарокамі і дзеля гэтага паслалі да яго спытацца, хто ён?
21 Кніжнікі былі пракананы, што перад прыходам Хрыста зьявіцца Гальяш або нейкі прарок, затым і пытаюцца ў Яна, ці ён ня ёсьць Гальяш, або той прадказаны прарок. Сьв. Ян Хрысьц. ня кажа, што ён не прарок, а толькі кажа, што ён ня той прадказаны прарок.
25 Што ў часы Мэсыяша будзе хрост вадою на адпушчэньне грахоў, аб гэтым прадказвалі прарокі (Эз. 36:25; Захар 13:1).
26 Аб хросьце Яна гл. Мт. 3:6.
28 Бэтанія за Ярданам іншая ад Бэтаніі за Ерузалімам.
29 Сьв. Ян Хрысьц. паказаў Езуса народу ўжо пасьля хросту Езуса ў Ярдане і пасьля спакушаньня Езуса ад злога духа ў пустыні. Сьв. Ян называе яго Баранкам (баранчыкам) г. зн. ахвярай за грахі чалавецтва.
33 «Будзе хрысьціць Духам сьвятым» г. зн. моцай любові Божай, каторай крыніцай і давальнікам ёсьць Дух сьв. Гл. Мт. 3:11.
37 Гэты быў Андрэй і брат ягоны Ян, пазьнейшы эванэліст.
39 Дзесятая гадзіна — гэта наша чацьвертая па паўдні.
45 Філіп думаў, так як і іншыя людзі, што Езус ёсьць сынам Язэпа. Натанаэль (або інакш Баўтрамей) быў родам з Каны Галілейскай, блізка Назарэту.
48 У гэтых славах Езус выявіў Натанаэлю сваю боскую ўсёведу, бо прыпомніў яму нейкае таёмнае здарэньне, якое было ведамае толькі Натанаэлю і Богу.
51 Сынам чалавечым Хрыстус часта называў сябе, паказваючы гэтым, што ён ёсьць Мэсыяш, бо гэтак называў Мэсыяша прарок Даніла (Дан. 7:13-14).
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 1 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.