З Юдэі ў Галілею ісьці праз Самарыю было бліжэй.
9 Самаране прызнавалі толькі закон Майсея, а адкідалі прарокаў і розныя жыдоўскія рэлігійныя практыкі. Каб не хадзіць у Ерузалім, самаране збудавалі сабе сьвятыню на гарэ Гарызім, але жыды яе збурылі, чым выклікалі ў самаранаў яшчэ большую ненавісьць да сябе. Дзеля гэтай ненавісьці, жыды абміналі Самарыю і з самаранамі ня мелі ніякіх зносін. Затым і зьдзівілася самаранка, калі Езус папрасіў у яе піць.
10 У гутарцы з самаранкай Езус далей разьвівае важнасьць адраджэньня душы людзкое, аб чым ужо гаварыў з Мікодымам. Навука Хрыста і ласка Божая падобны да жывой, крынічнай вады: як крынічная вада адсьвяжае арганізм чалавечы і дае яму новыя сілы, так і навука Хрыста дае новую, Божую моц душы людзкой.
11 У Палестыне крынічную ваду, якая б'е з зямлі, называлі часта жывою вадою, адрозьніваючы яе ад дажджавой (стаячай) вады. Студня Якуба існуе і цяпер і мае 23 мэтры глыбіні.
12 Самаране, таксама як і жыды, уважалі сябе за патомкаў Якуба (Ізраіля) праз ягонага сына Язэпа. У сапраўднасьці былі яны народам мяшаным, паўсталым з астаткаў жыдоў і з насланых з Ассырыі паганаў.
17 Хрыстус загадывае самаранцы прывясьці мужа і адкрывае тайніцы яе душы.
20 Гара Гарызім была туж каля студні Якуба. Пазнаўшы ў Хрысьце прарока, самаранка хоча разьвязаць важнае жыцьцёвае пытаньне, дзе трэба пакланяцца Богу, у Ерузаліме, ці на гары Гарызім?
21 Хрыстус прадвяшчае паўсюдную чэсьць для Бога, ня прывязаную толькі да аднаго месца, як гэта было ў жыдоў ці самаранаў. Разам з гэтым езус прадказвае скасаваньне як жыдоўскага так і самаранскага культу.
23 У Новым Законе будуць скасаваны ахвяры з зьвярат, а новая ахвяра ня будзе прывязана да аднаго месца. Праўдзівыя паклоньнікі будуць славіць Бога пад тхненьнем Духа сьв. і праўды Божай, якую абвясьціў Хрыстус. Але гэтае слаўленьне Бога ў духу і праўдзе не выключае зьверхняй, вонкавай формы службы Божай як абраду і сьвятыні, бо і Хрыстус ужываў вонкавых формаў пры малітве (падаў на калені, загадываў маліцца супольна, устанавіў сакрамэнты і імшу сьв.). Словы «ў духу і праўдзе» Хрыстус проціўставіць абрадам і ахвярам жыдоўскім.
27 Вучні зьдзівіліся ня толькі дзеля таго, што Хрыстус гаварыў з чужой для іх самаранкай, але і дзеля таго, што вучыцелі Закону (раббі) пагарджалі жанчынамі і нават не гаварылі з імі публічна, а аб нейкім навучаньні жанчын і гутаркі ня было.
34 Як для кожнага чалавека яда ёсьць канечная і мілая, так для Хрыста міла навучаць і навярнуць людзей да Бога.
35 Хрыстус паказвае тут на жніво сэрцаў людзкіх, якія не дасьпелі на прыняцьце яго навукі нават паміж самаранаў.
36 Той, хто сее (Хрыстус), хоць і ня мае пацехі ў часе сяўбы, адно труды, аднак будзе цешыцца ў часе жніва з вучнямі сваімі, каторыя потым жалі плады навукі ягонай нават у Самарыі (Ап. Дз. 8:4-25).
38 Хрыстус працаваў, навучаючы жыдоў, а апосталы будуць хрысьціць тых, якія навернуцца праз навуку Хрыста.
42 Цяпер самаране прызналі, што Езус ёсьць збаўца сьвету, але другім разам яны яго не прынялі (гл. Лк. 9:51 і наст.).