Езус і самаранка
1 Калі Езус даведаўся, што фарысеі пачулі, як Ён збірае ўсё больш вучняў і хрысціць больш, чым Ян
2 (хоць сам Езус не хрысціў, а вучні Ягоныя),
3 Ён пакінуў Юдэю і зноў адышоў у Галілею.
4 А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
5 Ён прыйшоў у самарыйскі горад званы Сіхар, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, свайму сыну.
6 Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны.
7 Прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць».
8 Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы.
9 Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі.
10 Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе: “Дай мне піць”, то прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады».
11 Жанчына кажа Яму: «Пане, у Цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая?
12 Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?»
13 Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу.
14 А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае».
15 Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць».
16 Ён адказаў ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і вяртайся сюды».
17 Жанчына сказала ў адказ: «У мяне няма мужа». Адказаў ёй Езус: «Добра ты сказала, што ў цябе няма мужа.
18 Бо мела ты пяць мужоў, а той, каго цяпер маеш, не муж табе. Праўдзіва ты гэта сказала».
19 Жанчына кажа Яму: «Пане, я бачу, што Ты прарок.
20 Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца».
21 Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу.
22 Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў.
23 Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец.
24 Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе».
25 Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё».
26 Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».
27 У гэты момант прыйшлі вучні Ягоныя і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынай, аднак ніводзін не спытаўся: «Чаго Ты хочаш?» або: «Чаму Ты гаворыш з ёю?»
28 Тады жанчына пакінула свой збан і адышла ў горад, і казала людзям:
29 «Ідзіце, паглядзіце на чалавека, які расказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстус Ён?»
30 Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
31 Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш».
32 Але Ён сказаў ім: «Я маю для спажытку ежу, якой вы не ведаеце».
33 Тады вучні сказалі адзін аднаму: «Ці нехта прынёс Яму есці?»
34 Кажа ім Езус: «Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць Яго справу.
35 Ці ж не кажаце вы: “Яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво?” А Я кажу вам: падыміце вашыя вочы і паглядзіце на нівы, як пабялелі яны ўжо для жніва!
36 Жнец ужо атрымлівае плату і збірае плён для жыцця вечнага, каб разам цешыліся сейбіт і жнец.
37 Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: адзін сее, а другі жне.
38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі. Іншыя папрацавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю».
39 Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: «Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла».
40 Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні.
41 І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы Ягонаму слову.
42 А жанчыне казалі: «Мы верым ужо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!»
Езус у Галілеі
43 Праз два дні Езус выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею.
44 Бо сам Езус сведчыў, што прарок не мае пашаны на сваёй бацькаўшчыне.
45 Калі ж прыйшлі ў Галілею, то галілейцы прынялі Яго, убачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерузалеме на свята, бо і яны хадзілі на свята.
Аздараўленне сына прыдворнага
46 Так Езус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога хварэў сын у Кафарнауме.
47 Пачуўшы, што Езус прыбывае з Юдэі ў Галілею, ён пайшоў да Яго і прасіў прыйсці і вылечыць ягонага сына, які паміраў.
48 Езус жа сказаў яму: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце».
49 Прыдворны кажа Яму: «Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё».
50 Езус адказаў яму: «Ідзі, сын твой жывы». Чалавек паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў.
51 Калі быў яшчэ ў дарозе, слугі ягоныя сустрэлі яго і сказалі, што сын ягоны жыве.
52 Тады распытваў іх, у якую гадзіну яму палепшала? Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго».
53 Тады бацька зразумеў, што гэта была тая самая гадзіна, калі Езус сказаў яму: «Жыве сын твой». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны.
54 Гэта быў другі знак, які ўчыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.
Евангелле паводле святога Яна, 4 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.