Уваскрашэнне Лазара

1 Быў нейкі хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты.
2 Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. Яе брат Лазар быў хворы.
3 Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы».
4 Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе».
5 Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара.
6 Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся.
7 Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю».
8 Вучні ж сказалі Яму: «Раббі, яшчэ нядаўна юдэі хацелі каменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?»
9 Езус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што бачыць святло гэтага свету.
10 А калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла».
11 Сказаў так, і пасля гэтага кажа ім: «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго».
12 Вучні Яго сказалі: «Пане, калі заснуў, то выздаравее».
13 Хоць Езус казаў пра яго смерць, вучні думалі, што Ён гаворыць пра звычайны сон.
14 Тады Езус проста сказаў ім: «Лазар памёр.
15 І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго».
16 Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці разам з Ім!»
17 Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.
18 Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў.
19 Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце.
20 Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома.
21 Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!
22 Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе».
23 Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой».
24 Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень».
25 Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць.
26 А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?»
27 Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».
28 Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: «Настаўнік тут, Ён кліча цябе».
29 Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго.
30 Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта.
31 Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць.
32 Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!»
33 Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?»
34 Яны адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі».
35 Езус заплакаў.
36 Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!»
37 А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
38 Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.
39 Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!»
40 Езус сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень.
41 А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
42 Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне».
43 І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!»
44 І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць».
Прысуд Сінэдрыёна

45 Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.
46 А некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Езус.
47 Тады першасвятары і фарысеі сабралі Сінэдрыён і казалі: «Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат знакаў?
48 Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне, і знішчаць месца нашае і наш народ!»
49 Адзін жа з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: «Вы нічога не разумееце і не думаеце,
50 што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не каб увесь народ загінуў!»
51 А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але, будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ,
52 і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно.
53 З гэтага дня вырашылі забіць Яго.
54 Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у краіну каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі.
Набліжэнне Пасхі

55 Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца.
56 Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: «Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?»
57 А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб схапіць Яго.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Яна, 11 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Комментарии Джона Райла
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.