Чужаложніца
1 Езус пайшоў на Аліўную гару,
2 а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх.
3 Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужалостве і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
4 сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве.
5 У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?»
6 Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
7 Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень».
8 І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі.
9 Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.
10 Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?»
11 Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».
Езус — святло свету
12 І зноў прамовіў да іх Езус, кажучы: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця».
13 Тады фарысеі сказалі Яму: «Ты сам пра сябе сведчыш, таму сведчанне Тваё непраўдзівае».
14 Езус сказаў ім у адказ: «Нават калі Я сведчу сам пра сябе, сведчанне Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду. А вы не ведаеце, адкуль Я прыйшоў і куды іду.
15 Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога.
16 А калі Я і суджу, то суд Мой праўдзівы, таму што Я не адзін, але Я і Айцец, які паслаў Мяне.
17 І ў Законе вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае.
18 Я і сам сведчу пра сябе, і сведчыць пра Мяне Айцец, які паслаў Мяне».
19 Тады яны сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Езус адказаў: «Вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».
20 Гэтыя словы Езус сказаў каля скарбніцы, калі вучыў у святыні. І ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна.
Чарговае прадказанне адыходу
21 І зноў сказаў ім Езус: «Я адыходжу, а вы будзеце шукаць Мяне і памрэце ў граху вашым! Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці».
22 Тады юдэі сказалі: «Няўжо Ён заб’е самога сябе, што кажа: “Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці”»?
23 І сказаў ім: «Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету.
24 Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых. Бо калі не паверыце, што Я ёсць, памрэце ў грахах вашых».
25 Тады сказалі Яму: «Хто Ты?» Езус адказаў ім: «Але ж, навошта яшчэ кажу вам!
26 Шмат чаго маю казаць пра вас і судзіць, але той, хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое кажу свету».
27 Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
28 Тады сказаў ім Езус: «Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць і нічога не раблю ад сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу.
29 І той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца».
30 Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго.
Езус і Абрагам
31 Сказаў тады Езус юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі
32 і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас».
33 Тыя адказалі Яму: «Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому! Як жа Ты кажаш: “Вы станеце свабоднымі?”»
34 Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху.
35 А нявольнік не застаецца ў доме вечна — сын застаецца вечна.
36 Таму калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі.
37 Ведаю, што вы нашчадкі Абрагама, аднак шукаеце, як Мяне забіць, бо слова Майго няма ў вас.
38 Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, і вы робіце тое, што чулі ад айца».
39 Тыя сказалі Яму ў адказ: «Абрагам наш айцец». Езус сказаў ім: «Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама.
40 А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, які сказаў вам праўду, пачутую ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
41 Вы робіце ўчынкі айца вашага». Яны адказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя. Мы маем аднаго Айца — Бога!»
42 Езус сказаў ім: «Калі б Бог быў вашым айцом, вы б любілі Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу. Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
43 Чаму не разумееце мовы Маёй? Бо не можаце слухаць слова Майго.
44 Ваш айцец д’ябал, і вы хочаце выконваць жаданні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойцам ад пачатку і не выстаяў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён хлусіць, кажа ад сябе, бо ён ілгун і бацька хлусні.
45 А паколькі Я кажу праўду, не верыце Мне.
46 Хто з вас абвінаваціць Мяне ў граху? Калі кажу праўду, чаму не верыце Мне?
47 Хто ад Бога, той слухае Божыя словы. Вы не слухаеце, бо вы не ад Бога».
48 Тады юдэі сказалі Яму ў адказ: «Ці мы не маем рацыі, што Ты самаранін і апанаваны злым духам?»
49 Езус адказаў: «Я не апанаваны злым духам, а шаную Айца Майго, вы ж зневажаеце Мяне.
50 Я не шукаю сваёй славы. Ёсць той, хто яе шукае і хто судзіць.
51 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, той не ўбачыць смерці ніколі».
52 Тады юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: “Калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не пакаштуе смерці”.
53 Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр? Прарокі таксама памерлі! Кім Ты сябе робіш?»
54 Езус адказаў: «Калі Я сам сябе буду праслаўляць, то Мая слава — нішто. Але тым, хто праслаўляе Мяне, ёсць Айцец Мой, пра якога вы кажаце: “Ён — наш Бог!”
55 Вы Яго не ведаеце, а Я ведаю Яго. І калі б Я сказаў, што не ведаю Яго, Я буду ілгуном, падобным да вас. Але Я ведаю Яго і захоўваю Ягонае слова.
56 Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».
57 На гэта юдэі сказалі Яму: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»
58 Езус сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць».
59 Тады яны схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні.
Евангелле паводле святога Яна, 8 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.