1 Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
2 Нараніцы Ён ізноў прыйшоў у сьвятыню, і ўвесь народ ішоў да Яго. І, сеўшы, Ён вучыў іх.
3 Тут кніжнікі і фарысэі прыводзяць да Яго жанчыну, злоўленую на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
4 кажуць Яму: «Настаўнік, гэтая жанчына злоўленая на чужалостве.
5 Майсей жа ў Законе загадаў нам гэткіх каменаваць. А Ты што скажаш?»
6 Казалі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. А Ісус, нізка нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
7 Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: «Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе».
8 І, зноў нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
9 Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшыняў, аж да апошніх. І застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
10 Ісус выпрастаўся, і, ня бачачы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: «Жанчына! Дзе тыя, хто абвінавачваў цябе? Ніхто не асудзіў цябе?»
11 Яна сказала: «Ніхто, Госпадзе!» Ісус жа сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы».
12 Тады ізноў сказаў Ісус да іх, кажучы: «Я — сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця».
13 Тады фарысэі сказалі Яму: «Ты Сам пра Сябе сьведчыш, непраўдзівае сьведчаньне Тваё».
14 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, праўдзівае сьведчаньне Маё, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.
15 Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога.
16 А калі Я і суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які паслаў Мяне.
17 І ў Законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек праўдзівае.
18 Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне».
19 Тады сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Адказаў Ісус: «Вы ня ведаеце ані Мяне, ані Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».
20 Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі навучаў у сьвятыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная.
21 Зноў жа сказаў ім Ісус: «Я іду, і будзеце шукаць Мяне; і паўміраеце ў грэху вашым. Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце».
22 Юдэі ж казалі: «Ці не заб’е Ён Сябе Сам, бо кажа: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”?»
23 І сказаў Ён ім: «Вы — з нізу, а Я — з вышыні; вы — з гэтага сьвету, Я — ня з гэтага сьвету.
24 Таму сказаў Я вам, што вы паўміраеце ў грахах вашых; бо калі не паверыце, што гэта Я, паўміраеце ў грахах вашых».
25 Тады яны сказалі Яму: «Хто ж Ты?» І сказаў ім Ісус: «Адпачатны, як і кажу вам.
26 Шмат маю казаць пра вас і судзіць, але Той, Які паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету».
27 Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
28 Тады сказаў ім Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
29 І Той, Які паслаў Мяне, разам са Мною. Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму».
30 Калі ён гаварыў гэтае, многія паверылі ў Яго.
31 Тады сказаў Ісус Юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі застанецеся ў слове Маім, дык сапраўды вы — вучні Мае.
32 І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас».
33 Яму адказалі: «Мы — насеньне Абрагама і нікому ніколі не былі нявольнікамі. Як жа Ты кажаш: “Станецеся вольнымі”?».
34 Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху.
35 Але нявольнік не жыве ў доме вечна, сын застаецца вечна.
36 Дык вось, калі Сын вызваліць вас, праўдзіва станецеся вольнымі.
37 Ведаю, што вы — насеньне Абрагама, але вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо слова Маё не зьмяшчаецца ў вас.
38 Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага».
39 Яны адказалі і сказалі Яму: «Бацька наш — Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі дзеці Абрагама, дык рабілі б справы Абрагама.
40 А цяпер вы шукаеце, каб забіць Мяне, Чалавека, Які сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
41 Вы робіце справы бацькі вашага». Тады сказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя; аднаго Айца маем, Бога».
42 Ісус тады сказаў ім: «Калі б Бог быў ваш Айцец, дык вы любілі б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
43 Чаму вы не разумееце гаворкі Маёй? Бо ня можаце чуць слова Маё.
44 Ваш бацька — д’ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён — хлус і бацька хлусьні.
45 А калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне.
46 Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі ж Я кажу праўду, чаму вы ня верыце Мне?
47 Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога».
48 Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты — Самаранін і дэмана маеш?»
49 Адказаў Ісус: «Я дэмана ня маю, але Я шаную Айца Майго, а вы зьневажаеце Мяне.
50 Але Я не шукаю Сваёй славы; ёсьць Той, Хто шукае і судзіць.
51 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, ня ўбачыць сьмерці на вякі».
52 Тады сказалі Яму Юдэі: «Цяпер мы ведаем, што маеш дэмана. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто захавае слова Маё, не пакаштуе смерці на вякі.
53 Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр, і прарокі памерлі? Кім Ты Сябе робіш?»
54 Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе праслаўляю, дык слава Мая — нішто. Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён — Бог ваш.
55 І вы не спазналі Яго, а Я ведаю Яго, і калі скажу, што ня ведаю Яго, буду падобны да вас хлус. Але Я ведаю Яго і захоўваю слова Ягонае.
56 Абрагам, бацька ваш, рады быў бачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».
57 Тады сказалі Яму Юдэі: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»
58 Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш, чым Абрагам быў, Я ёсьць».
59 Узялі тады камяні, каб кінуць у Яго, але Ісус схаваўся і выйшаў са сьвятыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Яна, 8 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Яна 8 раздзел в переводах:
Яна 8 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Комментарии Джона Райла
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.