3 Жанчына ўзятае за чужаложства. 12 Ісус — Сьвятло ўсяму сьвету. 19 Фарысеі пытаюць пра Айца Яго. 34 Учынкі і выбаўленьне. 39 Дзеці Абрагама. 42 Дзеці Божыя. 44 Д'ябал ілжывы і душагубца ад пачатку. 56 Абрагам бачыць дзень Хрыста. 59 Юдэі хапаюцца за каменьні, каб пабіць Хрыста.
1 Ісус-жа адыйшоў на гару Аліўную.
2 Ураньні зноў прыйшоў у храм, і ўвесь народ ішоў да Яго; Ён сеў і навучаў іх.
3 І вось кніжнікі і фарысеі прывялі да Яго жанчыну, узятую за чужаложства, і паставілі яе пасяродку.
4 І сказалі Яму: — Вучыцель! гэтая жанчына злоўлена ў чужаложстве.
5 У законе-ж Майсей вялеў пабіваць гэткіх каменьнямі, а што Ты скажаш?
6 Гаварылі-ж гэта, каб спакусіць Яго сказаць такое, чым-бы маглі вінаваціць Яго; але Ісус, нахіліўшыся долу, вадзіў пальцам па зямлі, не зварачаючы на іх увагі.
7 Калі-ж яны прыставалі да Яго з пытаньнямі, адкланіўся і сказаў ім: — хто з вас ня мае на сабе грэху, няхай першы штурне ў яе каменем.
8 Ды зноў, нахіліўся долу і стаў пісаць пальцам па зямлі.
9 Яны-ж, пачуўшы гэтае, даткнутыя сумленьнем, павыйходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старэйшых і да апошніх; застаўся адзін Ісус і жанчына, якая стаяла пасяродку.
10 Ісус, узьняўшыся ад зямлі і ня бачачы нічога, апрача жанчыны, кажа ёй: — жанчына! дзе-ж твае асуджальнікі? ніхто не асудзіў цябе?
11 Яна адказала: — ніхто, Госпадзе; тады сказаў ёй Ісус: — і Я не асуджаю; ідзі і больш не грашы.
12 Зноў прамаўляў да іх Ісус, кажучы: — Я — сьвятло сьвету; хто пойдзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця.
13 Тады сказалі Яму фарысеі: — Ты Сам за Сябе сьветчыш, дык непраўдзівае сьвядоцтва Тваё.
14 Ісус-жа сказаў ім у адказ: — хоць Я і Сам за Сябе сьветчу, то сьвядоцтва Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды йду; вы-ж ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды йду.
15 Вы судзіце паводля цела, Я-ж ня суджу нікога.
16 А калі і суджу, то суд Мой справядлівы, бо не адзін Я суджу, але Я і Айцец Мой, Хто паслаў Мяне.
17 І ў законе вашым напісана, што сьветчаньне двух чалавек праўдзівае.
18 Я сьветчу Сам за Сябе, і сьветчыць за Мяне Айцец, Хто паслаў Мяне.
19 Тады сказалі Яму: — дзе ёсьць Твой Айцец? Ісус адказаў: — вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі-б вы ведалі Мяне, ведалі-б і Айца Майго.
20 Гэтыя словы гаварыў Ісус пры скарбніцы, навучаючы ў храме, і ніхто не памкнуўся узяць Яго, бо ня прыйшоў час Ягоны.
21 І яшчэ прамовіз да іх Ісус: — Я адыйходжу і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я йду, вы ня можаце туды прыйсьці.
22 Пры гэтым юдэі гаварылі: — хіба Ён заб'е Самаго Сябе, калі кажа: — куды Я йду, вы ня можаце прыйсьці.
23 І сказаў Ён ім: — вы з нізоў, Я-ж з вышыняў; вы з гэтага сьвету, Я ня з гэтага сьвету.
24 Дзеля таго і сказаў вам, — паўміраеце ў грахох вашых, — бо калі не паверыце, кім Я ёсьць, памраце ў грахох вашых.
25 Тады сказалі Яму: — Хто-ж Ты? Ісус сказаў ім: — Спрадвечны, як і кажу вам.
26 Многа маю гаварыць і судзіць пра вас, але Ён, Хто паслаў Мяне, Праўдзівым ёсьць, і што Я чуў ад Яго, тое гавару сьвету.
27 Не разумелі, аднак, што гаварыў ім пра Айца.
28 Дзеля таго Ісус сказаў ім: — як узьнімеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што гэта Я, і што нічога не раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і гавару.
29 І Ён, паслаўшы Мяне, са Мною ёсьць, і не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што даспадобы Яму.
30 Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўверылі ў Яго.
31 І прамовіў Ісус да вернікаў Сваіх з юдэяў: — калі захаваецеся подля слоў Маіх, будзеце запраўднымі вучнямі Маімі.
32 І пазнаеце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі.
33 Яны-ж адказалі Яму: — мы дзеці Абрагама, і ніколі нікому ня былі паднявольнымі; як-жа Ты кажаш, — будзеце вольнымі?
34 Ісус адказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: кажны, хто грэшыць, ёсьць слуга грэху.
35 Але слуга ня бытуе ў доме павек; сын астаецца павек.
36 І вось калі Сын вызваліць вас, запраўды вольнымі будзеце.
37 Ведаю, што вы дзеці Абрагама; але-ж вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо словы Мае не ўмяшчаюцца ў вас.
38 Я гавару тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.
39 Яны ў адказ сказалі Яму: — айцец наш Абрагам; Ісус гаворыць ім: — калі-б вы былі дзеці Абрагама, то тварылі-б учынкі Абрагамавы.
40 А тымчасам вы стараецеся забіць Мяне — Чалавека, Які адкрыў вам праўду, якую Я пачуў ад Бога; Абрагам гэтага не рабіў.
41 Вы творыце ўчынкі айца вашага; на гэта сказалі Яму: — мы ня з блудадзеяньня роджаныя; Аднаго Айца маем — Бога.
42 І сказаў ім Ісус: — калі-б Бог быў Айцец ваш, то вы любілі-б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыйшоў; ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
43 Чаму вы не разумееце мовы Мае? бо ня можаце выслухаць слова Майго.
44 Вы д'ябала маеце за айца вашага, і замыслы айца вашага хочаце выконваць; ён быў душагубцам ад пачатку, і ня ўтрымаўся ў праўдзе, бо няма яе ў ім; калі гаворыць ілжу, ад сабе гаворыць, бо ён ілжывец і бацька ілжы.
45 І дзеля таго, калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне.
46 Хто з вас знойдзе ў Мяне грэх? калі-ж гавару праўду, чаму вы ня верыце Мне?
47 Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы-ж таму і ня слухаеце, што вы не ад Бога.
48 На гэта юдэі сказалі Яму: — ці-ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што злыдух у Табе?
49 Ісус адказаў ім: — у Мяне няма злыдуха, але Я паважаю Айца Майго; вы-ж зьневажаеце Мяне.
50 І ня шукаю Я славы Маёй; ёсьць, Хто шукае і судзіць.
51 Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — хто захаваецца подля слоў Маіх, не зазнае сьмерці павек.
52 Тады сказалі Яму юдэі: — цяпер мы пазналі, што маеш злыдуха: і Абрагам памёр і прарокі, а Ты гаворыш — хто захаваецца подля слоў Маіх, не зазнае сьмерці павек.
53 Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр, і за прарокі паўміралі? За Каго Ты Сябе ставіш?
54 Ісус адказаў: — калі Я Сам Сябе слаўлю, то слава Мая — нішто; Мяне ўслаўляе Айцец Мой, пра Каго вы кажаце, што Ён Бог ваш.
55 І вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго, і калі скажу, што ня знаю Яго, то буду падобны да вас ілжывец; але Я знаю Яго, і словы Яго выпаўняю.
56 Абрагам, айцец ваш, рад быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў і ўзрадаваўся.
57 На гэта юдэі сказалі Яму: Табе яшчэ няма пяцьдзесяці гадоў, — і Ты бачыў Абрагама?
58 Ісус сказаў ім: — папраўдзе кажу вам: перш чым Абрагам прыйшоў у жыцьце, — Я існую.
59 Тады хапіліся каменьні, каб кідаць у Яго, але Ісус сукрыўся і, прайшоўшы між іх, выйшаў з храму.

Примечания к тексту

58 Я існую — ці — Я ёсьць.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Яна, 8 глава. Пераклад Міхася Міцкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Комментарии Джона Райла
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.