2 Марыя намашчвае ногі Ісуса на вячэры ў Віфаніі. 4 За гэта дакарае Юда, скарбнік і злодзей. 7 Ісусава адповедзь за яе. 10 Лазара ўваскрошанага архісьвятары радзяцца забіць. 12 Ісус увайходзіць у Ерусалім. 18 Народ сустрачае. 20 Эльліны хочуць бачыць Ісуса. 25 Душу зьберагчы, ці загубіць. 28 Голас з неба. 37 Нявер'е народу. 42 Многія з начальнікаў паверылі, але не вызнаваліся дзеля фарысеяў. 44 Ісусава павучэньне для іх.
1 За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар умершы, якога Ён уваскрасіў.
2 Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа паслугоўвала; а Лазар-жа сярод іншых, сядзеў разам з Ім за сталом.
3 А Марыя, узяўшы фунт нардовага чыстага дарагога алею, памасьціла ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яго; і дом напоўніўся пахам духмянае масьці.
4 Тады адзін з вучняў Яго Юда Сыманаў Іскарыёт, які хацеў прадаць Яго, сказаў: —
5 Ці ня лепш было-б прадаць гэтае мірра за трыста дынараў і не раздаць убогім?
6 Сказаў-жа ён гэта не дзеля таго, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей; ён меў пры сабе скарбонку і насіў, што туды кідалі.
7 Ісус-жа сказаў: — ня турбуй яе; яна зьберагла гэта на дзень паховінаў Маіх.
8 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце пры сабе, Мяне-ж не заўсёды.
9 Шмат народу з юдэяў, даведаўшыся, што Ён там, прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мертвых.
10 Архісьвятары-ж пастанавілі забіць і Лазара.
11 Бо дзеля яго многія з юдэяў прыйходзілі і ўвервалі ў Ісуса.
12 На другі дзень грамады народу, што зыйшліся на сьвята, дачуліся, што Ісус ідзе ў Ерусалім.
13 І, набраўшы пальмовых ветак, выйшлі на спатканьне Яму, усклікаючы: — асанна! дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе! Кароль Ізраілеў!
14 Ісус-жа, знайшоў асьлё, сеў на яго, як напісана: —
15 Ня бойся, дачка Сыёну: вось, Кароль твой ідзе, седзячы на маладым асьляці.
16 Вучні Ягоныя сьпярша не разумелі гэтага, але калі ўславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што гэтак было напісана пра Яго, і гэтае ўчынілі Яму.
17 Народ-жа, які быў з Ім раней, сьветчыў, што Ён вызваў з гробу Лазара і ўваскрасіў яго.
18 Дзеля таго і спаткаў Яго народ, бо чуў, што Ён стварыў гэты цуд.
19 Фарысеі-ж гаварылі між сабою: — бачыце, нічога не парадзіш, увесь народ ідзе за Ім.
20 Сярод тых якія прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі і некаторыя эльліны.
21 Яны падыйшлі да Піліпа, які быў з Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: дабрадзею! мы хочам пабачыць Ісуса.
22 Піліп пайшоў і сказаў пра тое Андрэю; потым Піліп і Андрэй сказалі гэта Ісусу.
23 Ісус-жа ў адказ прамовіў да іх: — прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму:
24 Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, то застанецца адно, а калі замрэ, то дасьць багаты плён.
25 Хто зьберагае душу сваю, — загубіць яе, а хто не беражэ душы сваей на гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
26 Хто Мне служыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і слуга Мой будзе; а хто Мне служыць, ушануе яго і Айцец Мой.
27 Трывожыцца цяпер душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча! ухавай Мяне ад гэтай гадзіны; але-ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.
28 Ойча! праслаў імя Тваё! і зыйшоў з неба голас: — праславіў і яшчэ праслаўлю.
29 У народзе, які стаяў навокал, і чуў гэта, гаварылі: — гром загрымеў; а іншыя гаварылі: — ангел прамовіў да Яго.
30 Ісус у адказ сказаў: — не для Мяне гэты голас быў, а для вас.
31 Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь сьвету гэтага будзе выгнаны вон.
32 І калі Я ўзьнесены буду ад зямлі, усіх прыхілю да Сябе.
33 Гэтае гаварыў Ён каб даць разуменьне, якою сьмерцяй Ён памрэ.
34 Народ-жа адказаў Яму: — мы чулі з закону, што Хрыстос жыве вечна; як-жа Ты кажаш, што мае быць узьнесены Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?
35 І сказаў ім Ісус: — яшчэ на кароткі час Сьвятло з вамі; хадзеце, пакуль маеце Сьвятло, каб не агарнула вас цемра; а хто ходзіць у цьме, ня ведае куды йдзе.
36 Пакуль маеце Сьвятло, верце ў Сьвятло, каб сынамі Сьвятла сталіся. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і сукрыўся ад іх.
37 І хоць столькі цудаў стварыў перад імі, яны ня верылі ў Яго.
38 І вось спраўдзілася слова Ісайі прарока, які сказаў: — Госпадзе! хто паверыў таму, што пачулі ад нас, і сіла Гасподняя каму аб'явілася?
39 Дзеля таго не маглі яны ўверыць, што, як яшчэ сказаў Ісайя: —
40 Яны маюць засьлепленыя вочы, і зацьвярдзелыя сэрцы іхныя, каб ня бачаць вачыма і не ўразумець сэрцам, і не навярнуцца, каб Я ацаліў іх.
41 Гэта сказаў Ісайя, калі бачыў славу Яго і гаварыў пра Яго.
42 Аднака-жа многія з начальнікаў ўверылі ў Яго, але дзеля фарысеяў не вызнаваліся, каб ня быць адлучанымі ад сынагогі.
43 Бо ўпадабалі славу людзкую больш як славу Божую.
44 Ісус-жа, усклікнуўшы, гаварыў: — хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне.
45 І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
46 Я — Сьвятло, і прыйшоў у сьвет, каб кажны, хто ў Мяне верыць, не бытаваў у цемры.
47 І калі хто пачуе словы Мае і не паверыць, Я ня суджу яго, бо Я прыйшоў ня судзіць, але выбавіць яго.
48 Хто выракаецца Мяне і ня прыймае слоў Маіх, той мае судзьдзю сабе: слова, якое Я гавару, будзе судзьдзёю яму ў апошні дзень.
49 Бо не ад Сябе гавару Я, але ад Айца Майго, Ён паслаў Мяне і запавядаў, што гаварыць і што выглашаць.
50 І ведаю, што запавет Яго — гэта жыцьцё вечнае; і калі Я што гавару, то гавару так, як гаварыў Мне Айцец.
Зноскі:
5 ці ня лепш было-б прадаць гэтае — ці — чаму-б не прадаць гэтае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятое Евангельле Яна, 12 раздзел. Пераклад Міхася Міцкевіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.