2 Ісус Сам ня хрысьціў. 6 Утомлены ў дарозе, просіць піць у аднэй Самаранкі. 23 Праўдзівыя паклоньнікі. 26 Ісус абвяшчае Сябе Мессіяй. 32 Якое пажывеньне Ісусава. 40 Самаране ўверылі. 46 Сын начальніка аднаго ў Капернауме ацаляецца з нядугу.
1 Калі Ісусу стала ведама, што фарысеі дачуліся пра тое, што Ён здабывае вучняў і хрысьціць больш за Яна, —
2 Хоць-жа Ісус Сам ня хрысьціў, а вучні Ягоныя, —
3 Тады пакінуў Юдэю ды зноў пайшоў у Галілею.
4 Выпадала-ж Яму прайходзіць праз Самарыю.
5 І вось прыйходзіць Ён у места Самарыйскае, званае Сіхар, недалёка ад поля, якое даў Якуб сыну свайму Язэпу.
6 Там была студня Якубава. Ісус, утомлены з дарогі, сеў пры студні; было каля шостае гадзіны.
7 І прыйходзіць жанчына з Самарыі зачэрпаць вады; Ісус кажа ёй: — дай Мне напіцца.
8 Бо вучні-ж Ягоныя адыйшлі да места купіць ежы.
9 Жанчына Самаранка кажа Яму: — як гэта Ты, Сам Юдэй, просіш піць у мяне Самаранкі? то-ж юдэі ня маюць зносін з Самаранамі.
10 Ісус у адказ сказаў ёй: — каб ты ведала дар Божы, і Хто гэта кажа табе — дай Мне напіцца, — ты сама прасіла-б у Яго, і Ён даў-бы табе вады жывое.
11 Жанчына кажа Яму: — Госпадзе! Табе-ж і зачэрпаць нечым, а студня глыбокая, адкуль-жа ў Цябе вада жывая?
12 Няўжо Ты большы за айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню; і сам з яе піў, і дзеці яго, і набытак яго.
13 Ісус, адказваючы ёй, прамовіў: — кажны, хто п'е гэтую ваду, зноў піць захоча.
14 Хто-ж будзе піць ваду, якую Я дам яму, той ня будзе смагнуць ніколі; але вада, якую Я дам яму, станецца крыніцаю вады, якая цячэ ў жыцьцё вечнае.
15 Жанчына кажа Яму: — Госпадзе! дай мне гэтае вады, каб ня мець смагі і ня прыходзіць сюды чэрпаць.
16 Ісус гаворыць да яе: — пайдзі пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды.
17 Жанчына, адказваючы, сказала: — я ня маю мужа; Ісус сказаў ёй: — праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа.
18 Бо ў цябе было пяць мужоў; і той, якога тяпер маеш, ня муж табе, — гэта ты справядліва сказала.
19 І жанчына прамовіла да Яго: — Госпадзе! бачу, што Ты прарок.
20 Айцы нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерусаліме ёсьць месца, дзе павінны пакланяцца.
21 Ісус гаворыць да яе: — жанчына, вер Мне, што прыйходзіць пара, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу.
22 Вы кланяецеся таму, чаго ня знаеце; мы кланяемся знанаму нам, бо збаўленьне ад юдэяў.
23 Але надыйходзіць час, і ўжо настаў, калі праўдзівыя паклоньнікі пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо і Айцец гэткіх паклоньнікаў Яму шукае.
24 Дух ёсьць Бог, і хто пакланяюцца Яму, павінен пакланяцца ў духу і праўдзе.
25 Жанчына кажа Яму: — ведаю, што прыйдзе Мессія, называны Хрыстос; і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё.
26 Ісус-жа кажа ёй: — гэта Я, і вось з табою гавару.
27 У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што гаворыць з жанчынаю; але ніводзін ня спытаўся, — што пытаеш, альбо пра што гаворыш з ёю.
28 Жанчына-ж, пакінуўшы пасудзіну для вады, пайшла ў места, і гаворыць людзям:
29 — Пайдзеце паглядзеце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я ўчыніла; можа гэта ёсьць Хрыстос?
30 Яны выйшлі з места, і пайшлі да Яго.
31 Тымчасам вучні прасілі Яго, кажучы: — Раўві, еш!
32 Ён-жа сказаў ім: — Я маю ежу да пажывы, якой вы ня ведаеце.
33 Тады вучні размаўлялі між сабою: — ці ня прыносіў Яму хтось есьці?
34 Ісус-жа гаворыць ім: — пажыва Мая — спаўненьне ежа волі Таго, Хто паслаў Мяне, і даканчэньне дзела Яго.
35 Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніва; вось-жа кажу вам: узьнімеце вочы вашыя і гляньце на нівы спалавелыя і дасьпелыя да жніва.
36 І жнец дастае заплату і зьбірае плён у жыцьцё вечнае, дык і сявец і жнец узрадуюцца супольна.
37 У гэтым прыказка — адзін сее, іншы жне — спраўдтваецца.
38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў іхную працу.
39 І многа самаранаў з таго места ўверылі ў Яго, подля слоў жанчыны, якая сьветчыла, што Ён сказаў ёй усё, што яна ўчыніла.
40 І калі прыйшлі самаране да Яго, то прасілі Яго пабыць у іх; і Ён прабыў там два дні.
41 І яшчэ большы лік уверылі подля слова Ягонага.
42 А жанчыне тэй гаварылі: — ужо не дзеля тваіх слоў верым, бо самі чулі і даведаліся, што Ён запраўды Збавіцель сьвету Хрыстос.
43 Пасля-ж двух дзён Ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею.
44 Бо Сам Ісус сьветчыў, што прарок ня мае павагі на бацькаўшчыне сваёй.
45 Калі-ж прыйшоў у Галілею, то галілеяне прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што дзеяў у Ерусаліме пад часьвят, на якія і яны хадзілі.
46 І зноў прыйшоў Ісус у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. І быў там адзін начальнік прыдворны, у якога сын ляжаў хворы ў Капернауме;
47 Пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і маліў Яго прыйсьці ацаліць сына ягонага, які быў пры сьмерці.
48 Ісус сказаў яму: — вы ня ўверыце, калі не пабачыце знаменьняў і цудаў.
49 Начальнік-жа гаворыць Яму: — прыйдзі, Госпадзе, пакуль яшчэ не памёр сын мой.
50 І сказаў яму Ісус: — ідзі, сын твой здаровы; ён паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.
51 І яшчэ на дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і паведалі, кажучы: — сын твой здаровы.
52 Ён спытаўся ў іх, у якім часе яму стала лягчэй? яму сказалі: — учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго.
53 І даведаўся айцец, што гэта была тая самая гадзіна, у якую Ісус сказаў яму: — ідзі, твой сын здароў; і ўверыў сам і ўвесь дом яго.
54 Гэта яшчэ другі цуд стварыў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятое Евангельле Яна, 4 раздзел. Пераклад Міхася Міцкевіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.