1 Нікадым прыйходзіць да Ісуса ўначы. 3 Пра Нараджэньне зузвыш. 14 Зьмей у пустыні ўзьняты. 16 Як узьлюбіў Бог сьвет. 23 Ян хрысьціць. 25 Спрэчка пра ачышчэньне. 27 Сьветчаньне Янава пра Ісуса. 36 Хто ўверыць, мае жыцьцё вечнае, а нявернікі ня ўбачаць жыцьця.
1 Быў чалавек з фарысеяў, на імя Нікадым, хтось з начальнікаў юдэйскіх.
2 Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: — Раўві, ведаем мы, што Ты вучыцель пасланы ад Бога, бо ніхто ня можа тварыць такіх цудаў, якія Ты творыш, калі Бог ня будзе з ім.
3 Ісус у адказ сказаў яму: — папраўдзе, папраўдзе кажу табе, калі хто ня родзіцца зузвыш, ня можа аглядаць Уладарства Божага.
4 Нікадым гаворыць да Яго: — як можа чалавек нарадзіцца ў старасьці? ці-ж можа ён зноў увайсьці ў улоньне маці свае ды адрадзіцца?
5 Ісус адказаў: — папраўдзе, папраўдзе кажу табе, калі хто ня родзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці у Ўладарства Божае.
6 Роджанае ад цела целам стаецца, а роджанае ад Духа стаецца духам.
7 Ня дзівіся, што сказаў Я табе — належыць вам нарадзіцца зузвыш.
8 Дух дзе хоча дыша, і голас яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыйходзіць і куды адыйходзіць; так бывае з кажным чалавекам, роджаным ад Духа.
9 Нікадым сказаў Яму ў адказ: — як-жа гэта можа быць?
10 Ісус у адказ сказаў яму: — ты вучыцель Ізраілеў і гэтага ня можаш зразумець?
11 Папраўдзе, папраўдзе кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьветчым пра тое, што бачылі, а вы сьветчаньня Нашага ня прыймаеце;
12 І калі пра зямное сказаў вам, і вы ня верыце, як-жа паверыце, калі буду гаварыць вам пра нябеснае?
13 І ніхто ня ўзыходзіў на неба, а толькі зыйшоўшы з неба Сын Чалавечы, Хто ёсьць у небе.
14 І як Майсей узьняў зьмяю ў пустыні, так належыць узьнесьціся Сыну Чалавечаму.
15 Каб усякі, хто ўверыў у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
16 Бо так узьлюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет праз Яго быў збавёны.
18 Хто верыць у Яго, той ня будзе асуджаны, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо ня ўверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19 Суд-жа паложаны на тым, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іхныя былі ліхія.
20 Бо кажны, хто творыць ліхое, ненавідзіць сьвятло, і ня йдзе да сьвятла, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны злыя.
21 А хто творыць у праўдзе, ідзе да сьвятла, каб выявіліся ўчынкі ягоныя, бо яны прад Богам учынены.
22 Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэйскую, і там жыў з імі і хрысьціў.
23 Ян-жа таксама хрысьціў у Эноне каля Саліму, дзе было шмат водаў; і людзі прыйходзілі і хрысьціліся.
24 Бо Ян ня быў яшчэ ўкінуты ў вязьніцу.
25 Тады ўзьнікла спрэчка між вучнямі Янавымі і юдэмі за ачышчэньне.
26 І прыйшлі яны да Яна і сказалі яму: — Той, Хто быў з табою за Йорданам, пра Каго ты сьветчыў, вось Ён хрысьціць, і ўсе йдуць да Яго.
27 Ян у адказ прамовіў: — нічога ня можа ўспрыняць чалавек, калі яму ня будзе дадзена з неба.
28 Вы самі сьветкамі мне ў тым, што я сказаў: — я ня Хрыстос, але я пасланы прад Ім.
29 Хто мае нявесту, той жаніх; а дружа яго, які стаіць пры ім і слухае яго, у радасьці цешыцца з голасу жаніха; гэтая вось радасьць мая споўнілася.
30 Яму належыць узрастаць, а мне малець.
31 Хто зузвыш прыйходзіць, той над усімі, а хто ад зямлі, зямным ёсьць і гаворыць па зямному. Хто з нябёсаў прыйходзіць, Той вышэй за ўсіх.
32 І што бачыў і чуў, пра тое сьветчыць; і ня прыймае ніхто сьветчаньня Ягонага.
33 А хто прыняў сьветчаньне Ягонае, гэтым сьцьвердзіў, што Бог ёсьць праўдзівы.
34 Той-жа, каго паслаў Бог, словы Божыя прамаўляе, бо ня мераю дае Бог Духа.
35 Айцец любіць Сына, і ўсё аддаў у рукі Ягоныя.
36 Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ня верыць у Сына, той ня ўбачыць жыцьця, але гнеў Божы застаецца на ім.

Примечания к тексту

1 можна гэбрейскіх, замест юдейскіх.
2 Раўві — ці — Раббі.
3 папраўдзе — ці — запраўды.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Яна, 3 глава. Пераклад Міхася Міцкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Комментарии Джона Райла
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.