Библия Міцкевіч Пераклад Міхася Міцкевіча

Яна, 10 Паводле Яна, 10 глава

1 Хрыстос бачыў у фарысея наймітаў, а не праўдзівых пастыраў. 11 Сябе-ж пастырам добрым паказвае. 19 Дзеля гэтага між юдэямі склокі паўстаюць. 31 І зноў набіраюць каменьня, каб каменаваць Яго. 39 Але Ісус адыйшоў ад рук іхных.
1 Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — хто не ўвайходзіць праз вароты на двор авечы, а пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік.
2 А хто ўвайходзіць праз вароты, той пастыр авечкам.
3 Яму прыбрамнік адчыняе, і авечкі слухаюць голасу яго; ён кліча авец сваіх паімённа і выводзіць іх.
4 І калі выведзе авечкі свае, ідзе перад імі, і авечкі йдуць за ім, бо ведаюць голас яго.
5 За чужым-жа ня пойдуць, але разбягуцца ад яго, бо ня знаюць чужога голасу.
6 Гэтую прыпавесць сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, пра што такое Ён гаварыў ім.
7 Таму Ісус зноў сказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Я — вароты для авец.
8 Усе, колькі іх прыйходзіла перада Мною — зладзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.
9 Я ёсьць дзьвярмі тымі: хто праз Мяне ўвойдзе, збавёны будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пажыву знойдзе.
10 Злодзей прыйходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць ці загубіць; Я прыйшоў, каб жыцьцё мелі, і ўдосталь мелі.
11 Я пастыр добры; добры пастыр жыцьцё сваё аддае за авечкі свае.
12 А найміт, хто ня пастыр, і авечкі яму не свае, бачачы, як урываецца воўк, пакідае авечкі і ўцякае, і воўк хапае іх і разганяе авечкі.
13 Найміт уцякае, бо найміт, і ня дбае пра авечкі.
14 Я — Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне.
15 Як Айцец Мяне знае, так і Я знаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі.
16 Маю Я і іншыя авечкі, ня з гэтага двара, і іх належыць Мне прывясьці, і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.
17 За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго.
18 Ніхто яго ад Мяне не адыйме, але Я Сам аддаю яго; і маю ўладу аддаць яго, і ўладу маю зноў прыняць яго; гэты запавет дастаў Я ад Айца Майго.
19 За гэтыя словы зноў узьнялася між юдэямі спрэчка.
20 Шматлікія з іх гаварылі: — Ён мае злыдуха і вар'юецца, што вы слухаеце Яго?
21 Іншыя-ж гаварылі: — словы гэтыя не апантанага; ці-ж можа злыдух адчыняць вочы сьляпому?
22 Было-ж тады ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма.
23 І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым.
24 Абступілі тут Яго юдэі, і кажуць Яму: — дакуль Ты будзеш марочыць нам душы? Калі Ты Хрыстос, дык скажы нам адкрыта.
25 Ісус адказаў ім: — Я сказаў вам, і ня верыце; учынкі, якія Я твару ў імя Айца Майго, сьветчаць за Мяне.
26 Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авец, як Я вам сказаў.
27 Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я знаю іх, і яны за Мною ідуць.
28 І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць павек, і ніхто ня вырве іх з рукі Маей.
29 Айцец Мой, Хто даў іх Мне, большы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго:
30 Я і Айцец — адзінства ёсьць.
31 Тады юдэі зноў хапіліся за камяньні, каб каменаваць Яго.
32 Ісус адказаў ім: — многа добрых чынаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за каторы-ж з гэтых чынаў хочаце пабіць Мяне камяньнямі.
33 І сказалі юдэі Яму ў адказ: — не за добрыя ўчынкі хочам каменаваць Цябе, але за блюзьнерства і за тое, што Ты — чалавек — выдаеш Сябе за Бога.
34 Ісус адказаў ім: — ці-ж не напісана ў законе вашым: — Я сказаў, вы богі.
35 Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было слова Божае — а Пісаньне ня можа быць парушанае, —
36 Дык як-жа Таму, Каго асьвяціў Айцец, вы кажаце — блюзьнерыш, — што Я сказаў: — Я Сын Божы?
37 Калі Я ня выконваю дзеяньняў Айца Майго, ня верце Мне.
38 Калі-ж выконваю, і ня верыце Мне, то верце ўчынкам Маім, каб пазналі і ўверылі, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.
39 Тады зноў намкнуліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхных.
40 І пайшоў зноў за Йардан, дзе раней хрысьціў Ян, і там застаўся.
41 І многія прыйшлі да Яго; і гаварылі, што Ян не стварыў ніякага цуду, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, бы праўдзівае.
42 І многія ўверылі ў Яго там.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Яна, 10 глава. Пераклад Міхася Міцкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Комментарии Джона Райла
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.