1 Іісус жа за шэсць дзён да Пасхі прыйшоў у Віфа́нію, дзе быў Лазар паме́рлы, якога Ён уваскрасíў з мёртвых.
2 І прыгатава́лі Яму вячэ́ру там, і Марфа прыслуго́ўвала, а Лазар быў адным з тых, што ўзляжа́лі з Ім.
3 Марыя ж, узяўшы фунт мíра з на́рду чыстага, шматкашто́ўнага, пама́зала ногі Іісусавы і вы́церла валаса́мі сваімі ногі Яго, і дом напоўніўся духмя́насцю мíра.
4 Тады кажа адзін з вучняў Яго, Іуда Сíманаў Іскарыёт, які меўся вы́даць Яго:
5 чаму гэтае мíра не прадалí за трыста дына́рыяў і не разда́лі ўбо́гім?
6 Сказаў жа ён гэта не таму, што клапацíўся пра ўбогіх, а таму, што быў зло́дзеем і, ма́ючы скарбо́нку, краў тое, што туды кла́лі.
7 Сказаў тады Іісус: пакінь яе, каб на дзень пахава́ння Майго яна захава́ла гэта,
8 таму што ўбогіх заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне не заўсёды ма́еце.
9 Даве́далася ж мноства народу з Іудзеяў, што Ён там, і папрыхо́дзілі не толькі дзе́ля Іісуса, але і каб паба́чыць Лазара, якога Ён уваскрасíў з мёртвых.
10 А першасвятары́ пастанавíлі і Лазара забіць,
11 бо многія з Іудзеяў дзе́ля яго прыхо́дзілі і ве́равалі ў Іісуса.
12 На другí дзень мноства людзей, якія прыйшлі на свята, пачуўшы, што Іісус ідзе ў Іерусалім,
13 узялí па́льмавыя галíны і вы́йшлі насу́страч Яму, і ўскліка́лі: Аса́нна! благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе, Цар Ізра́ілеў!
14 Іісус жа, знайшо́ўшы асляня́, сеў на яго, як напíсана:
15 «не бойся, дачка́ Сіёнава! вось Цар твой ідзе́, се́дзячы на малады́м асле́».
16 Гэтага спача́тку не зразуме́лі вучні Яго, а калі прасла́ўлены быў Іісус, тады яны ўспо́мнілі, што гэта было́ пра Яго напíсана і гэта зрабíлі Яму.
17 Народ жа, які быў з Ім раней, све́дчыў, што Ён вы́клікаў Лазара з магíлы і ўваскрасíў Яго з мёртвых;
18 таму і вы́йшаў насу́страч Яму народ, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.
19 А фарысеі гаварылі між сабою: бачыце, што нічога не дапамага́е? вось, увесь свет за Ім пайшоў.
20 Былí і некато́рыя э́ліны сярод тых, што прыйшлі, каб пакланíцца ў свята;
21 яны падышлí да Філіпа, які быў з Віфсаíды Галіле́йскай, і прасілі яго, ка́жучы: спада́р, мы хочам Іісуса бачыць.
22 Прыхо́дзіць Філіп і кажа пра гэта Андрэю; а потым Андрэй і Філіп кажуць Іісусу.
23 Іісус жа сказаў ім у адказ: надышо́ў час быць прасла́ўленым Сыну Чалавечаму;
24 праўду, праўду кажу вам: калі зерне пшанічнае, упа́ўшы ў зямлю́, не памрэ́, то яно застане́цца адно, а калі памрэ́, то бага́ты плён дасць;
25 хто лю́біць душу́ сваю, той загу́біць яе, а хто ненавíдзіць душу́ сваю ў све́це гэтым, той для жыцця́ ве́чнага захава́е яе;
26 калі хто Мне слу́жыць, няха́й ідзе́ ўслед за Мною; і дзе Я, там і слуга́ Мой будзе; і калі хто Мне слу́жыць, ушану́е яго Айцец Мой;
27 цяпер душа́ Мая ўстрыво́жана; і што́ Мне сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гадзíны гэтай! але дзе́ля гэтага Я прыйшо́ў, на гадзíну гэтую;
28 Ойча, прасла́ў імя́ Тваё! Прыйшо́ў тады голас з неба: і прасла́віў, і яшчэ прасла́ўлю.
29 Народ жа, які стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. Іншыя казалі: Ангел прамаўля́ў да Яго.
30 На гэта Іісус сказаў: не дзе́ля Мяне быў голас гэты, а дзе́ля вас;
31 цяпер суд све́ту гэтаму; цяпер князь свету гэтага вы́гнаны будзе вон;
32 і калі Я буду ўзне́сены ад зямлí, усіх прыцягну́ да Сябе.
33 Гэта Ён гаварыў, ука́зваючы, якою сме́рцю Ён ма́е паме́рці.
34 Адказаў Яму народ: мы чулі з закону, што Хрыстос застае́цца на ве́кі; дык як жа Ты кажаш, што ўзне́сены павíнен быць Сын Чалавечы? хто Гэты Сын Чалавечы?
35 Сказаў ім тады Іісус: яшчэ на малы́ час святло з вамі; хадзíце, паку́ль святло ма́еце, каб це́мра вас не агарну́ла; а хто ходзіць у це́мры, той не ведае, куды ідзе;
36 пакуль святло ма́еце, ве́руйце ў святло, каб стаць сына́мі святла. Прамовіў гэта Іісус і, адышоўшы, скры́ўся ад іх.
37 І хоць гэ́тулькі цудаў зрабіў Ён перад імі, яны не ве́равалі ў Яго,
38 каб збыло́ся слова Іса́іі прарока, які казаў: Госпадзі! хто паве́рыў пачу́таму ад нас, і рука Гасподняя каму адкры́лася?
39 З-за таго не маглі яны ве́раваць, што, як яшчэ сказаў Іса́ія:
40 Ён асляпíў вочы іх і скамянíў сэ́рцы іх, каб не бачылі вачы́ма і не разуме́лі сэ́рцам, і не звярну́ліся, каб Я ацалíў іх.
41 Гэта сказаў Іса́ія, калі бачыў славу Яго і гаварыў пра Яго.
42 Аднак жа і з начальнікаў многія ўве́равалі ў Яго, але з-за фарысеяў не прызнава́ліся, каб іх не адлучы́лі ад сінагогі,
43 бо яны ўзлюбíлі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
44 Іісус жа ўсклíкнуў і сказаў: хто ве́руе ў Мяне, не ў Мяне ве́руе, а ў Таго, Хто пасла́ў Мяне;
45 і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто пасла́ў Мяне;
46 Я — святло, у свет прыйшоў, каб кожны, хто ве́руе ў Мяне, не заста́ўся ў це́мры;
47 і калі хто пачу́е словы Мае́ і не паве́рыць, Я не суджу́ яго, бо Я прыйшоў не судзíць свет, а спасцí свет;
48 хто адвярга́е Мяне і не прыма́е слоў Маіх, ма́е суддзю́ сабе: слова, якое Я прамаўля́ў, яно будзе судзíць яго ў апошні дзень;
49 бо Я не ад Сябе прамаўля́ў, а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён Мне за́паведзь даў, што́ казаць і што́ прамаўля́ць;
50 і Я ведаю, што за́паведзь Яго ёсць жыццё вечнае; таму тое, што Я кажу, як сказаў Мне Айцец, так і кажу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Святое Евангелле паводле Іаана, 12 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.