1 Іакаў, раб Бога і Госпада Іісуса Хрыста, — двана́ццаці кале́нам, якія ў рассе́янні: ра́давацца.
2 За вялікую радасць прыма́йце, браты мае́, калі трапля́еце ў розныя спаку́сы,
3 ве́даючы, што выпрабава́нне вашай веры ўтвара́е цярплівасць;
4 цярплівасць жа павінна мець вынік даскана́лы, каб вы былí даскана́лымі і беззага́ннымі, не ма́ючы ні ў чым недахопу.
5 Калі ж каму з вас не хапа́е мудрасці, няхай про́сіць у Бога, Які дае ўсім шчодра і без папрокаў, — і будзе да́дзена яму́.
6 Але няхай просіць з вераю, ніколькі чым не сумнява́ючыся, бо хто сумнява́ецца, той падобны да марской хва́лі, якую вецер гоніць і шпурля́е;
7 няхай жа не спадзяе́цца такі чалавек атрыма́ць нешта ад Госпада.
8 Чалавек з раздво́енай душою — няўсто́йлівы на ўсіх шляха́х сваіх.
9 Няхай жа ганары́цца брат прынíжаны ўзвы́шанасцю сваёю,
10 а багаты — прынíжанасцю сваёю, бо ён знікне, як кве́цень на траве;
11 узышло́ спякотнае сонца і ссушы́ла траву, і кве́цень яе апа́ла, і хараство́ вы́гляду яе знікла; так і багаты на шляха́х сваіх звя́не.
12 Блажэ́нны чалавек, які вы́трывае спакусу, бо, прайшоўшы выпрабава́нне, ён атрыма́е вянец жыцця́, які паабяца́ў Гасподзь тым, хто лю́біць Яго.
13 Пры спакушэ́нні няхай ніхто не кажа: «Бог мяне спакуша́е»; таму што Бог не можа быць спаку́шаны злом, і Сам не спакуша́е нікога,
14 а кожны спакуша́ецца сваёю пажа́днасцю, якая яго прыва́блівае і зама́ньвае;
15 потым пажа́днасць, зача́ўшы, нараджа́е грэх, а ўчы́нены грэх нараджа́е смерць.
16 Не абма́нвайцеся, браты́ мае́ ўзлю́бленыя:
17 усякае добрае дая́нне і ўсякі даскана́лы дар сыходзіць звыш, ад Айца свяцíлаў, у Якога няма змяне́ння і нават це́ню пераме́нлівасці.
18 Ён пажада́ў і нарадзíў нас сло́вам ісціны, каб мы сталі нейкім пача́ткам Яго стварэ́нняў.
19 Дык вось, браты мае́ ўзлю́бленыя, няхай кожны чалавек будзе хуткі да слу́хання, няспе́шны да гаварэ́ння, няспе́шны да гневу,
20 бо гнеў чалавека не робіць яго праведным перад Богам.
21 Таму, адкла́ўшы ўсякую нечыстату́ і празме́рную зло́бу, лагодна прымíце пасе́янае слова, якое можа спасцí ду́шы вашы.
22 Будзьце ж выкана́ўцамі слова, а не толькі слухача́мі, якія ашу́кваюць саміх сябе.
23 Бо хто слу́хае слова і не выко́нвае, той падобны да чалавека, што разгляда́е ў люстэ́рку свой твар, які ма́е ад нараджэ́ння:
24 ён паглядзе́ў на сябе і адышо́ў — і адразу забыў, які ён.
25 Але хто спасцíгне закон даскана́лы — закон свабоды — і застане́цца ў ім, той, стаўшы не слухачо́м забы́ўлівым, а выкана́ўцам справы, блажэ́нны будзе ў дзе́йнасці сваёй.
26 Калі хто з вас думае, што ён набо́жны, і не стры́млівае свайго языка, а падма́нвае сэ́рца сваё, то набо́жнасць яго ма́рная.
27 Набо́жнасць чы́стая і беззага́нная перад Богам і Айцом — у тым, каб дагляда́ць сірот і ўдоў у го́ры іх і захо́ўваць сябе неапага́неным ад свету.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Саборнае Пасланне святога апостала Іакава, 1 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.